Пра свае чытацкія захапленні і любімых аўтараў расказвае гісторык, кнігавыдавец, заснавальнік серыі “Неизвестная история” Анатоль Тарас.
З пісьменнікаў, якія найбольш на мяне паўплывалі ў дзяцінстве і юнацтве, назаву Марка Твэна, Джэка Лондана і Аляксея Мікалаевіча Талстога. З айчынных аўтараў найбольш уразілі Уладзімір Караткевіч (асабліва яго дэтэктыўныя аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорны замак Альшанскі”) і Адам Міцкевіч, творы якога “Пан Тадэвуш” і “Дзяды” чытаў у перакладзе на беларускую мову. Наогул, памяць у мяне была заўсёды добрая. Тое, што мне цікава, памятаю ўсё жыццё. Таму мае любімыя творы заўсёды са мной. Напрыклад, “Гіпербалойд інжынера Гарына” А. Талстога магу расказаць з дакладнасцю амаль да кожнага радка.
Шмат чытаў да 30-гадовага ўзросту. А потым мастацкая літаратура пачала адыходзіць на другі план. З пачатку 1990-х гадоў наогул перастаў яе чытаць, бо жыццё навокал падаецца мне больш цікавым за фантазіі пісьменнікаў. Акрамя таго заняўся ўласнай творчасцю. Зараз з’яўляўюся аўтарам больш за 80 кніг па самай разнастайнай тэматыцы: гісторыі, псіхалогіі, ваеннай тэхніцы, баявых мастацтвах. Рэдагую і іншых аўтараў. Таму акрамя гэтых кніг, а таксама неабходных выданнў па спецыяльнасці не чытаю нічога.
Дзяніс Марціновіч “Гіпербалойд інжынера Гарына” на памяць// Кніжны свет. 2011. 21 студзеня. С. 1.
Тэкст поўнага інтэрв’ю з Анатолем Тарасам можна будзе прачытаць у бліжэйшым нумары газеты «Літаратура і мастацтва» (28 студзеня 2011 года).