Зорка Купалаўскага. Марыя Захарэвіч

Чаму народная артыстка Марыя Захарэвіч адмаўляецца прадаваць дом на ўскрайку Мядзеля? Што актрыса запісвае ва ўласным дзённіку? Хто ў ХVІІ стагоддзі стаў пачынальнікам іх роду? На гэтыя і іншыя пытанні зорка Беларускага нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы адказала “Народнай Волі”.

www.medvedev-photo.com

Марыя Георгіеўна, калі я ўпершыню патэлефанаваў вам з просьбай пра інтэрв’ю, вы былі на Мядзельшчыне. Народная артыстка Беларусі мае там загарадны дом?

– Якое там! Звычайную хату. Падчас вайны ў нас згарэла паўвёскі. Мы туляліся па хатах: жылі то ў свайго дзядулі, то ў знаёмых. А потым бацька ўзяўся будаваць сваё жыллё. Зразумела, часам арганізоўвалі талаку. Але ўсё ж такі хата амаль уся зроблена рукамі бацькі: кожны цвік, кожнае абчэсанае бервянцо, бэлькі, якія я нічым не закрываю і не ўпрыгожваю – усё, як было. Часам мне задаюць пытанне: калі будзеце прадаваць хату? У мяне нават думкі такой няма. Ні-ко-лі!

Але ж у халодны час цяжкавата жыць у далёкай вёсцы?

– Зараз нашы Навасёлкі ўжо не вёска. Раней у двух ці трох кіламетрах ад яе знаходзіўся Мядзель, куды я хадзіла ў школу. Цяпер вёска ўвайшла ў склад горада. Але я заўсёды пытаюся: “Гэта аўтобус у Навасёлкі?”

Так, у такі час, калі халодна, жыць у хаце складана. Трэба самой нацяпліць, падрыхтаваць дровы. Мяне гэта не палохае. Ды і кажуць: бацькоўская хата грэе і без цяпла. Хоць мы і прызвычаіліся да больш камфортных умоў… Цяпер я ў Навасёлкі толькі прыязджаю. У савецкія часы была адваротная сітуацыя. Тады народныя артысты кожны год атрымлівалі бясплатныя пуцёўкі ў любы санаторый. Але за ўвесь час я з’ездзіла ўсяго разы два, калі ўжо зусім змаглася. У астатнія гады даглядала маму. А вось бацька ў сваёй хаце доўга не пражыў…
Дарэчы, тады мне вельмі дапамог Уладзімір Караткевіч. Пасля смерці бацькі ён прыязджаў да мяне ў вёску. Пазней пісаў мне лісты ў бальніцу, калі я трапіла ў аварыю. З Уладзімірам Сямёнавічам звязаны яшчэ адзін успамін. У 1966 годзе ён прыйшоў да нас у госці. Прынёс сыну каляровыя алоўкі і намаляваў яму вершніка.

Вось хто быў адным з настаўнікаў Андрэя Захарэвіча, акцёра Тэатра імя Горкага! А вы сочыце за творчасцю сына?

– Стараюся глядзець усе спектаклі ў Рускім, у якіх ён заняты. Ролі Андрэя я не абмяркоўваю: мне ўсё падабаецца (смяецца). А вось мае ролі ён разбірае. У асноўным яму падабаецца, але нешта можа падказаць. Зрэшты, Андрэй мае права: ён такі скрупулёзны, дасціпны, капае ўглыбіню. Яго дачка, мая ўнучка, нядаўна нарадзіла сына – майго праўнука.

Вы дапамагалі свайму сыну як акцёру?

– Не, абсалютна. Ды і калі было? Уяві: калі ў Андрэя быў выпускны, я з’ехала з тэатрам на гастролі ў Адэсу. І ў Тэатральна-мастацкі інстытут ён паступаў без мяне, быў з маёй маці (сваёй бабуляй). Усё з-за работы. А ты кажаш “тэатр”…
Пасля вайны, калі я хадзіла ў сёмы клас, вяла дзённік. У нашай сям’і меўся школьны сшытак. У ім рабіў запісы мой бацька, а праз некалькі старонак – я сама. Той дзённік – адна з самых дарагіх для мяне рэчаў. Па ім можна прасачыць, якую цяжкую работу рабілі людзі пасля вайны. Кожны дзень або праз дзень я занатоўвала: “зжала столькі сотак”, “рвала лён”, “падмятала ля малатарні”, “вазілі снапы”. А на адной са старонак напісана: “Заўтра ў школу”. Так я выхоўвалася: ніводнай вольнай гадзіны! Відаць, таму такая дурная і вырасла (смяецца). Праца, праца, праца. Я ж дома не бывала. Усё бягом! У мяне заканчвалася рэпетыцыя, я бягом на радыё да мікрафона. Ці на тэлебачанне. Заканчваюцца запіс ці здымкі, а я хвалююся, бо спазняюся на спектакль. А трэба ж яшчэ ў магазін забегчы… Так нельга! Нікому гэта не трэба…

А цяпер вы ведзяце дзённікі?

– Вяду. Хоць нікому раней пра тое не казала. Друкаваць іх не гатова. Гэта занадта асабістае, для памяці. Запісы звязаны з мамай, з маімі прыездамі ў вёску, з яркімі сустрэчамі, з падарожжамі. Магу запісаць нейкія словы, якія мяне ўразілі. Хоць, вядома, запісваю не ўсё. Гэта ж не літаратурны твор.

У адным з інтэрв’ю вы казалі: “Калі чалавек старэе, ён вельмі часта робіцца незаўважным для навакольных”.

– Гэта словы не мае, а маёй гераіні Нэці са спектакля “Я не пакіну цябе”, што дзесяць гадоў ішоў у Купалаўскім тэатры. Але мы з Наталляй Гайдай выпускалі той спектакль з цяжкасцямі. Сцэнаграфія і касцюмы былі з розных пастановак (як кажуць акцёры – “на падборы”). Мы ўвесь спектакль прарэпеціравалі ў маленькай грымёрцы (хоць пазней зразумелі, што рэпетыцыі былі нам нават на карысць). Пасля прагляду спектакля мастацкай радай стаяла цішыня. А потым усе адзін за адным выказаліся: спектакль павінен ісці на вялікай сцэне. Большага падарунка нам не трэба было!

Я бачыў гэтую пастаноўку. Поспех сярод гледачоў быў ашаламляльны!

– Так, на кожнай прэм’еры былі кветкі, падарункі. Нешта закранула душу гледачоў у гэтым спектаклі: ён расказваў пра жанчын сталага ўзросту, якія ў цяжкія хвіліны свайго жыцця дапамагаюць адна адной, і адзінота ўжо не так палохае. Нездарма арыгінальная п’еса называлася так: “Інструкцыя па выжыванні для оld-лэдзі”. Дагэтуль людзі ходзяць і пытаюцца: ці не будзеце вы яшчэ яе іграць?

У спектаклі “Я не пакіну цябе” вы выступалі не толькі як актрыса, але і як рэжысёр.

– Я сябе так не называла. Але было вялікае жаданне, і я паставіла яшчэ тры спектаклі як майстар-класы ў Маладзечне (там знаходзіцца Мінскі абласны драматычны тэатр). Зараз я ўспамінаю паездкі ў Маладзечна як нейкі нерэальны сон. Здавалася б, нашто мне было столькі год прачынацца ў сем гадзін раніцы, ехаць на электрычцы ў любое надвор’е? Але ездзіла, хадзіла – настолькі мне хацелася нешта зрабіць, таму не звяртала ўвагі на побытавыя дробязі. Вярталася дадому ў 8 гадзін вечара. А іншы раз не вярталася. Начавала ў гасцініцы, часам у кагосьці з акцёраў, іншы раз у грымёрцы. І мяне гэта не хвалявала! Цяпер, думаю, ці праўда гэта? (Смяецца.)

Давайце вернемся да выказвання вашай гераіні – пра “незаўважнасць для навакольных”.

– У асноўным я з ёй згодна. Ніхто не хоча доўга затрымлівацца, асабліва вакол старых, нямоглых. А вось для мяне было падарункам, калі я прыязджала ў вёску і ішла ў нейкую хату, дзе жыла старая жанчына. Нават зараз люблю прыйсці да суседкі і пагаварыць пра даўнейшае.

Раней я не цікавілася маімі продкамі. Не да таго! Хутчэй у горад ляцець. Ролі, ролі, ролі! Пасля з’явіліся нейкія мазгі, хоць і мала (смяецца). Дык хоць распытала ў старэйшых, якімі былі мае дзядуля і бабуля. Як праходзіла вяселле бацькоў? Дзякуючы майму суседу, археолагу Міхасю Чарняўскаму (ён таксама паходзіў з Мядзельскага раёна), я ведаю сваіх продкаў з ХVII стагоддзя. Тады жыў нейкі Захарый, нашчадкі якога сталі Захарэвічамі.

Ваш голас, які дзесяцігоддзямі гучаў па радыё, даўно стаў легендарным. Дазволю сабе просты прыклад. Калі здымаў тэкст нашай гутаркі з дыктафона, сваякі адразу вас пазналі.

– На радыё мне ўтульна, хораша, бо там я магу раскрыць сваю душу. Нават цяпер, у далёкіх вёсачках, мяне пазнаюць па голасе праз дзясяткі гадоў. Для мяне гэта самы вялікі падарунак. Не заўсёды ў тэатры атрымаеш ролю, якая цябе хвалюе. Хоць мне нельга наракаць: аб многіх ролях, якія я іграла, можна было толькі марыць. А радыё давала магчымасць яшчэ шырэй раскрыць свой творчы патэнцыял.

Дарэчы, радыё падаравала мне “брата” (смяецца). Колькі гадоў таму я прачытала па канале “Культура” Беларускага радыё кнігу Янкі Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля”. Неўзабаве ён мне пазваніў і кажа: “Марыя, я табе вельмі ўдзячны за тое, як ты праспявала маю кнігу. Яна мне вельмі дарагая. Можна, я буду называць цябе сястрой?” “Які падарунак, Янка! – адказала я. – А можна я буду называць цябе братам?” Мы з Сіпаковым, калі стэлефаноўваліся, называлі адзін аднаго “сястра” і “брат”. Як шкада, што яго ўжо няма.

Чым зараз занята народная артыстка Марыя Захарэвіч?

– Іграю ў Купалаўскім тэатры. Зараз у мяне тры ролі: у спектаклях “Паўлінка”, “Не мой” і “Лістапад. Андэрсен”. Шмат запрашаюць бібліятэкі, іншыя ўстановы культуры. Для мяне такія выступленні надзвычай важныя. Як, напрыклад, мае паездкі ў складзе навукова-творчай экспедыцыі “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня. За 22 гады – сотні сустрэч з людзьмі. Магчымасць пачуць людзей, і каб яны пачулі тваё слова. Каб мы разам маліліся за нашу Беларусь.

Зараз з настальгіяй узгадваю вечары ў Доме літаратара, на якіх прысутнічалі ўсе пісьменнікі. Цяпер вядучыя выходзяць на сцэну са шпаргалкай і могуць падглядваць. Тады гэта не было прынята. І мы ўсё вучылі на памяць. Напрыклад, трэба было на адзін вечар вывучыць “Ліст з палону” Аркадзя Куляшова. Або фрагмент прозы Васіля Быкава (на яго юбілейным вечары я чытала фінал “Жураўлінага крыку”). Але адзін з самых яскравых успамінаў звязаны з выступленнем на Мамаевым кургане. На сустрэчы ветэранаў Сталінградскай бітвы мяне запрасілі прычытаць “Пісьмо маці”. Пасля выступлення мяне расшукаў легендарны Юрый Левітан, пацалаваў руку і сказаў самыя высокія словы. Як гэта можна забыць?

А ў вольны час чытаю. Прычым даўно не купляю кнігі: столькі ўсяго надарылі (смяецца). Сёння вось чытала “Венеру, або Як я быў прыгоннікам” Алеся Адамовіча (гэту кнігу мне падарыла дачка Адамовіча). Ды і з класікі не ўсё перачытана. Дарэчы, на кожным выступленні я кажу гледачам: спадзяюся, што пасля нашай сустрэчы вы адкрыеце кнігі па беларускай літаратуры. Гэта вялікі скарб! Наогул, мне здаецца, няма лепшай літаратуры ў свеце за нашу беларускую.

Фінал нашай размовы нагадвае сюжэт з нейкага кіно. Я запытваю ў Марыі Георгіеўны пра планы, звязаныя з Купалаўскім. І раптам у калідоры (мы гутарым на адной з утульных купалаўскіх канап) з’яўляецца Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік тэатра.

– Мікалай Мікалаевіч, – тут жа звяртаецца да яго Марыя Захарэвіч. – Гутару з “Народнай Воляй”. Я сказала, што мая мара – падрыхтаваць годную кампазіцыю паводле твораў беларускіх паэтаў, якая ішла б на новай сцэне Купалаўскага.

– Я ўжо гаварыў з Аляксандрам Падабедам (заслужаны артыст Беларусі, зорка Купалаўскага): збіраем групу людзей, – адказвае Пінігін.
Значыцца, калі ўсё атрымаецца, чытачы “Народнай Волі” і ўсе аматары тэатра змогуць убачыць Марыю Захарэвіч на сцэне падчас новай прэм’еры Купалаўскага.

Зорка Купалаўскага // Народная Воля. 2016. 5 студзеня. № 1. С. 6.
Арыгінал публікацыі можна прачытаць тут.