Мой 2015 год

Мінулы год запомніцца мне адразу чатырма важнымі падзеямі.

З Новым годам

1) Шлюб
2) Абарона кандыдацкай дысертацыі
3) Атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі
4) (Не)канчатковы сыход з навукі

З трыма першымі пунктамі ўсё зразумела. Што тычыцца чацвёртага, дык ужо падчас навучання ў аспірантуры да мяне нарэшце дайшло: ніякіх перспектыў няма. Але вельмі хацелася паставіць эфектную кропку, каб потым не шкадаваць пра марна згублены час. Ад самой гісторыі я не адмаўляюся. Але вяртацца ў беларускую афіцыйную навуку жадання няма.

Што яшчэ?
На жаль , у гэтым годзе падарожжаў за мяжу было няшмат. Упершыню трапіў у Дрэздэн, Уроцлаў і Смаленск, таксама быў у Берліне і (традыцыйна) Вільні. Куды больш падарожнічаў па Беларусі: Нясвіж, Брэст, Гародня, Глубокае, упершыню трапіў у Ваўкавыск, Мосар і ў Бярэзінскі запаведнік. Дарэчы, у Гародні прайшла прэзентацыя маёй кнігі пра Караткевіча.

Пра кнігі, якія я прачытаў у гэтым годзе, я ўжо пісаў. Што тычыцца тэатра, дык я эвалюцыяную ў вельмі небяспечным накірунку – усё больш станаўлюся тэатральным снобам, які чакае невядома чаго… Таму ўсё менш спектакляў, якія радуюць. З мінскіх прэм’ер 2015 года я мяне вельмі парадавалі “Ілюзіі”, “Сон у летнюю ноч”, “Птушкі”, «Царская нявеста» і “Другая сусветная”. Калі б не было фестываляў, перастаў бы хадзіць у тэатр))

Затое ў мінулым годзе я шмат пісаў як журналіст. Вельмі шмат. Адкрыў для сябе новыя выданні (было прыемна дэбютаваць на tut.by) і, што цікава, новыя тэмы. Калі б некалькі гадоў таму мне сказалі, што я буду пісаць не толькі пра культуру, але і пра крымінальныя здарэнні, не паверыў бы)) Не скажу, што я адкрываю ў такіх тэкстах Амерыку. Але, прынамсі, для мяне такія тэмы вельмі пашыраюць далягляд. Хоць, зразумела, культура прываблівае. Таму цудоўна, што журналістыка дазваляе кантактаваць з такой колькасцю цікавых людзей. Дарэчы, тут мне вельмі дапамагла вандроўка, якую ладзіў Цэнтр імя Йоханеса Раў: дзякуючы ёй у мяне стала яшчэ больш добрых знаёмых у Германіі, Расіі, Украіне.

Усіх з наступіўшым Новым годам! Каб жыццё віравала ў самым лепшым сэнсе гэтага слова! Каб новы, 2016 быў не менш цікавы за папярэдні! Каб мары здзяйсняліся! І, вядома, усім шчасця!