Віктар Шалкевіч: «Акцёр можа гандляваць толькі сабой»

25 руж ад шыкоўнай бландзінкі і праца на Гаіці, аўкцыён як спектакль і секс у турме.  Пра ўсё гэта бард Віктар Шалкевіч расказаў у эксклюзіўным інтэрв’ю “Народнай Волі”.

 

– Электронная энцыклапедыя “Вікіпедыя” характарызуе Віктара Шалкевіча як “барда, акцёра, паэта і шоумена”. Як вы ўсё паспяваеце? 

– Мой жыццёвы прынцып – займацца ўсім, што цікава. А мне цікава ўсё! Таму, калі нешта адно прыбраць (выкананне бардаўскіх песень або працу акцёра), маё жыццё не будзе такім поўным. Праўда, у свой час мама прыгаворвала (ці то жартам, ці то ўсур’ёз): “Сынку, у цябе лёгкі хлеб”. Не ведаю, наколькі ён лёгкі. Але я вырас у мястэчку, дзе ў чатыры-пяць гадоў даводзілася пасвіць гусей, пазней – браць у рукі касу, хадзіць за плугам… Калі згадваеш, што даводзілася рабіць (ставіць сена ў капіцу або стог, прывозіць яго зімой, выкідваць і раскідваць гной), праца інтэлектуальная, вядома, здаецца лягчэйшай за фізічную.

– Вы пачыналі кар’еру як акцёр Гродзенскага драматычнага тэатра. А чаму адтуль сышлі? 

– У 1980-х гадах у нашай краіне чамусьці вельмі лёгка зараблялі сабе на хлеб людзі, якія прыязджалі з іншых рэгіёнаў. А “тутэйшыя” былі сціплыя, не высоўваліся. Калі мы былі маладыя, нам казалі: “Сядзіце і чакайце. Прыйдуць рэжысёры і звернуць на вас увагу”. Але тыя прыходзілі і звярталі ўвагу зусім на іншых. У 1985 годзе мастацкім кіраўніком тэатра стаў Ігар Сяргеевіч Пятроўскі, рэжысёр з Расіі. Ён прывёз з сабой акцёраў і ставіў спектаклі для іх. А наша моладзь выходзіла ў эпізодах або іграла ў казках. Пятроўскі разам з іншымі начальнікамі вылучыў у дэпутаты аднаго з Саветаў (гарадскога або нават Вярхоўнага) “свайго” чалавека. Мы, моладзь, вырашылі нейкім чынам адстойваць уласныя правы і прапанавалі іншую кандыдатуру. Здарыўся канфлікт, Пятроўскі пачаў на нас ціснуць. Я зразумеў, што жыцця мне не будзе, і вырашыў сысці.

– Жадання прычыніцца да палітыкі больш не ўзнікала?

– Я заўсёды люблю вынік. У палітыцы ты можаш сядзець у апазіцыі 15 гадоў, можаш – усё жыццё і нічога не дасягнеш. З кожным годам будзеш
дэградзіраваць і ў выніку сап’ешся. У акцёрскай прафесіі ўсё прасцей. Выйшаў на сцэну: калі сыграў добра – табе папляскалі і прынеслі кветкі, сыграў дрэнна – нічога не атрымаеш. У жыцці я толькі аднойчы быў старшынёй прафкама. Калі б мяне цягнула ў палітыку, мы б з вамі размаўлялі ў іншым кабінеце (смяецца).

– Тры гады выкладання ў Гродзенскім культасветвучылішчы – страчаны час?

– Наадварот, вельмі цікавы перыяд! Уявіце, у мяне на курсе вучыліся 14 дзяўчат і адзін хлопец! Усе – будучыя кіраўнікі аматарскіх тэатраў. Дзе вы знойдзеце п’есу, у якой 14 жаночых роляў і адна мужчынская? Даводзілася выкручвацца, іграць самому, запрашаць іншых педагогаў. Пазней дзяўчаты, з якімі дагэтуль кантактую, падарылі нататнік, у якім запісалі мае любімыя выразы. Высвятляецца, што я іх называў “тумбами прикроватными”, “легкими бетономешалками”, “французскими булками”…

– Дзяўчаты не крыўдзіліся?

– Не, што вы, мы вельмі адзін аднаго любілі! Згадваю рэжысёра Барыса Уторава, нашага педагога ў Тэатральна-мастацкім інстытуце. Калі трэба было настроіць студэнтаў на працу, ён крычаў сваю любімую фразу: “Я же не жеребец, чтобы всех вас оплодотворять!” Гэта лічылася нармальным. Тое ж самае назіралася і ў нас. Калі стаў працаваць педагогам, зразумеў Уторава. Я выступаў у ролі жарабца, які прымушаў студэнтак нешта вучыць, запамінаць малюнак ролі.

– А раманы са студэнткамі круцілі?

– Адносіны былі вельмі цёплыя, але да раманаў справа не даходзіла. Перш за ўсё я педагог. Калі ў вучылішчы нешта адбываецца, усе ўсё пра ўсіх ведаюць. Таму лепей было адразу паставіць нармальную сценку перад такімі стасункамі. А самае галоўнае, я ўжо быў жанаты, расла дачка.

– Аднак, думаю, вам грэх скардзіцца на адсутнасць жаночай увагі?

– Калі на сцэну выходзіць шыкоўная бландзінка і прыносіць табе 25 руж, гэта пра нешта гаворыць (усміхаецца).

– А дома не даводзіцца тлумачыць, ад каго ружы?

– А якая розніца? Прынеслі і прынеслі (смяецца). Канешне, прыемна, калі на банкеты прыходзяць не самыя простыя людзі (узроўню намеснікаў міністра) і кажуць: “Я вашы песні слухаў, а цяпер слухае мая дачка”.

– Вернемся да вучылішча. Чаму вы сышлі з гэтага дзявочага раю?

– У нас раптам адзін за адным пачалі паміраць выкладчыкі-мужыкі. Прычым зусім не старыя, пяцідзесяцігадовыя. Адзін наогул памёр падчас заняткаў. “Хуткая” дзве гадзіны змагалася за яго жыццё, але так і не выратавала. І я зразумеў, што трэба звальваць. У Гродна якраз прыехаў рэжысёр Мікалай Андрэеў, які прапанаваў мне перайсці ў лялечны тэатр. Згодна з дыпломам (а ён мае сімвалічны нумар 1937) я – “акцёр драматычнага тэатра і кіно”. Але абсалютна не камплексую. Лялечны тэатр больш мабільны. Да таго ж драматычны акцёр можа гандляваць толькі сабой. Выйсці, правільна або няправільна расказаць тэкст. А паспрабуй узяць у руку ляльку, зрабіць, каб яна гуляла або круцілася. Гэта надзвычай цікавая прафесія! Мы ставілі спектаклі не толькі для дзяцей, але і для дарослых (“Тутэйшыя” Купалы, творы Метэрлінка, Мрожэка). Гэта пайшло мне толькі на карысць.

– Але на сайце Гродзенскага лялечнага тэатра вашай персанальнай старонкі няма. Дзякуй трэба сказаць “добразычліўцам”?

– У 2000-я, калі фінансавыя справы пайшлі зусім дрэнна, вырашыў, што буду працаваць у тэатры не дзеля грошай, а дзеля задавальнення і асалоды. Цяпер працую ўсяго на палову стаўкі, зарабляю ўсюды патроху: кіно, тэатр, праводжу як вядучы самыя розныя мерапрыемствы. Аднойчы кампанія, з якой супрацоўнічаў, выйграла тэндар на правядзенне семінара, што ладзіла для сваіх супрацоўнікаў швейцарская кампанія Nestle. Яны сабралі жыхароў былога СССР, пагрузілі на тры самалёты, якія выляталі з Франкфурта, Мадрыда і Парыжа, і адправілі на востраў Гаіці ў Дамініканскую Рэспубліку. Нібы ў раю апынуўся. Прачынаюся ў шэсць гадзін раніцы, а за акном лётаюць жоўтыя папугаі з чорнымі дзюбамі. Прайшла трапічная залева, і чутно, як вада ўсмоктваецца ў пясок. Па пляжы ходзяць абсалютна ашалелыя супрацоўніцы Nestle з умоўнага Новасібірска і не могуць зразумець, куды яны трапілі (смяецца).

– У іншую цывілізацыю…

– Так, прычым гэта цывілізацыя кардынальна адрозніваецца ад еўрапейскай. Прывяду вам іншы прыклад. Доўгі час я ездзіў ва Уроцлаў на фестываль “Дыялог”, які праходзіў раз у два гады. Аднойчы туды прыехаў бразільскі тэатр, які паказваў спектакль у будынку вроцлаўскай турмы. Я перад пачаткам прадстаўлення пазнаёміўся з яе начальнікам. Той кажа мне: “Хутка будзем святкаваць 100-гадовы юбілей турмы”. Запытваю: “Хтосьці збягаў ад вас? “Не, – адказвае ён. – Не сурочце. Мне два гады да пенсіі засталося”.

Бразільцы паказвалі спектакль паводле біблейскага “Апакаліпсісу”. Галоўны герой праходзіў па ўсіх колах пекла. Уявіце: глядач заходзіць у камеру, а літаральна перад ім гвалцяць актрысу. Прычым не імітуючы, а ў сапраўднасці (праўда, у прэзерватывах). А ў паветры – пах каноплі. Дарэчы, вязні, якія сядзелі ў турме, удзельнічалі ў спектаклі. Самае смешнае адбылося потым. Тэатр ад’ехаў, а праз два месяцы ў турме адбыўся бунт. Карацей кажучы, наглядзеліся жыцця, у якім секс і наркотыкі… У нас такое ўявіць абсалютна немагчыма.

– Бард і акцёр Віктар Шалкевічвядомы таксама і як вядучы аўкцыёнаў…

– У 1990-я гады ў Беларусь прыйшла Міжнародная фінансавая карпарацыя, якая рэкамендавала праводзіць малую прыватызацыю. У Гродне за яе правядзенне адказваў мой добры знаёмы, які прапанаваў мне паўдзельнічаць у правядзенні аўкцыёнаў. Паехаў у Брэст, дзе пачыналася прыватызацыя, паглядзеў, як што, і вырашыў, што магу зрабіць лепш. Па іроніі лёсу, у Гродне аўкцыёны праходзілі ў памяшканні лялечнага тэатра, куды прадаваліся квіткі. Зала была заўжды запоўнена. Аднойчы пасля аўкцыёну да мяне падышла жанчына і кажа: “Малады чалавек, я ўсё жыццё хадзіла ў тэатр, але такога прыгожага спектакля яшчэ не бачыла” (смяецца). Потым малая прыватызацыя дабралася да сталіцы. У Гродна прыехалі спецыялісты з Мінскага гарвыканкама, паглядзелі на мяне і запрасілі да супрацоўніцтва.

Часам аўкцыён цягнецца па дзве гадзіны. Трэба, каб усё прайшло на адным дыханні і людзі не стаміліся. Дзеля гэтага трэба выкласціся на 100 працэнтаў. Мой прыяцель, які аднойчы прыйшоў на аўкцыён, сказаў: “Шалкевіч, а навошта табе тэатр? Тут жа кожны дзень спектакль…”

– Дык, можа, таму вы і не пераходзіце на сталую працу ў Купалаўскі?

– Позна ўжо. Цяжка ў 56 гадоў нешта змяняць у жыцці. Зрэшты, кожны марыць, каб праспяваць тры ўласныя песні ў “Местачковым кабарэ”… Вы ж глядзелі гэты спектакль?

– Глядзеў і быў расчараваны. Звычайны канцэрт ды яшчэ без аніякай сувязі паміж нумарамі.  

– Кабарэ – з’ява міжваеннага часу. Тады рэстарацыі са спецыяльнай шоу-праграмай існавалі па ўсёй Еўропе. Праўда, усё рабілася ў іншай, меншай зале, у якой людзі сядзелі за столікамі. А паміж нумарамі маглі выпіваць і закусваць. Калі б на спектаклі атмасфера была камерная, эфект атрымаўся б зусім іншы. А так гледачоў пасадзілі ў вялікую залу і прымусілі глядзець. Зрэшты, я бачу кабарэ так, а Мікалай Пінігін (галоўны рэжысёр Купалаўскага. Аўт.) – па-іншаму.

– Перад якой аўдыторыяй вам як барду прасцей выступаць?

– Выступаў і ў Беларусі, і за мяжой. Аднойчы ў Празе граў сумесны канцэрт разам з сенатарам Сватаплукам Карасекам. Ён таксама з’яўляецца бардам, а сенатарам стаў пасля “аксамітнай рэвалюцыі”. Калі выступаў у Калінінградзе, расчаравалі некаторыя беларусы замежжа. Зразумеў, што там Беларусь успрымаюць як ідэалізаваны, блакітны і сінявокі край.

– Вы бачыце сярод сучасных бардаў сваіх паслядоўнікаў?

– Калі б заўважыў такога барда, як сам, з задавальненнем перадаў бы яму “палаючы факел”. Тады б супакоіўся і ведаў, што гэты чалавек працягне нейкія традыцыі. Але творцаў нараджае эпоха. У 1990-я гады з’явіліся Андрэй Мельнікаў, Кася Камоцкая, Зміцер Бартосік. Тое, што я бачу на фестывалях бардаўскай песні, мяне абсалютна не задавальняе. Трэба слухаць розную музыку, але заўсёды заставацца самім сабой. Калісьці на мяне моцна паўплываў польскі бард-рамантык Марэк Грэхута. Шмат слухаў Боба Дзілана. Вельмі падабаецца Гэры Брукер і яго гурт Procol Harum. З рускіх выканаўцаў – Аляксандр Вярцінскі і Пётр Лешчанка (апошняга замардавалі румынскія бальшавікі ў 1954-м). А моладзь наслухаецца Земфіры і пачынае яе капіраваць.

– Што натхняе вас на стварэнне песень?

– На жаль, калі ў грамадстве нічога не адбываецца, натхняе змена надвор’я (смяецца). Часам жыццёвыя з’явы настолькі кідаюцца ў вочы, што іх немагчыма не заўважыць. Напрыклад, іду раніцай па сваім спальным раёне. Насустрач –
кабеціна ў дарагім футры, якая, саромеючыся, хавае ад мяне бутэльку. Так нарадзілася песня “Жанчына з бутэлькаю піва ў руцэ”. Іншая гісторыя з цыганамі. Колькі гадоў таму яны атабарыліся на сталічным вакзале і спынялі людзей пытаннем “Можно к вам обратиться?”. Неўзабаве яны мяне запомнілі і не чапалі. Дык я здзекаваўся: падыходзіў да іх сам і запытваў, чаму не звяртаюцца. Потым сустрэў гэтых цыганоў у Польшчы, на станцыі “Варшава-Усходняя”. Як яны туды трапілі, не ведаю. Урэшце пасля стасункаў з цыганамі нарадзілася песня “Балада пра Славянскі базар”. Калі сур’ёзна, калі ў грамадстве нічога не адбываецца, усё залежыць ад таго, што чалавек назапасіў унутры сябе. Ёсць песні, якія я пачаў пісаць напрыканцы ХХ стагоддзя і дагэтуль не скончыў. Некаторыя “дабіраюцца” лі-
таральна па слову. Для канцэрта, які адбудзецца заўтра, 14 лютага, у Палацы культуры імя Шарко, я напісаў чатыры новыя песні. Прыходзьце!

Віктар Шалкевіч: «Акцёр можа гандляваць толькі сабой» // Народная Воля. 2015. 13 лютага.