«Ён проста ў вечнасці знайшоў начлег»

Грамадскасць урачыста адзначыла 56-ыя ўгодкі са дня смерці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. На Вайсковых могілках у Мінску адбылося ўскладанне кветак да помніку паэта.

Калі паглядзець на ступень увагі нашчадкаў да пісьменніцкай спадчыны, дык песняру тут, безумоўна, належыць адно з першых, пачэсных месцаў. Акрамя мастацкай значнасці самой яго творчасці, істотную ролю адыгрывае самаахвярная праца шэрагу даследчыкаў, якія гуртуюцца вакол Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Менавіта супрацоўнікі ўстановы на чале з яго дырэктарам Зінаідай Камароўскай сталі ініцыятарамі штогадовай традыцыйнай акцыі ўшанавання памяці паэта.

Пасля ўскладання вянка Міхасем Міцкевічам, сынам песняра, і літаратуразнаўцам Міхасем Мушынскім, а іншымі прысутнымі – кветак да помніка Коласа, адбыўся невялікі мінтынг. Зінаіда Камароўская, якая вяла рэй, па чарзе прадставіла словы старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасю Пазнякову, старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталлі Аўдзеевай, паэтам Міколу Маляўка і Навуму Гальпяровічу, былому шматгадоваму старшыні аддзела культура Стаўцоўбскага райвыканкама Анатолю Грэкаву, Міхасю Міцкевічу і Міхасю Мушынскаму.

З вуснаў Камароўскай і сына пісьменніка гучалі вершы самога Коласа, ад Міхася Пазнякова і Міколы Маляўкі – вершаваныя прысячэнні. “Ён проста ў вечнасці знайшоў начлег…” – менавіта гэты радок з верша Міколы Маляўкі настроіў прысутных на самотна-светлы лад.

Анатоль Грэкаў распавёў прысутным пра цэлую праграму мерапрыемстваў ушанавання памяці Я.Коласа, якія праводзяцца цяпер і плануюцца на перспектыву. Як вядома, на Стаўбцоўскай зямлі ладзяцца два фэсты: “Сымон-музыка” (для юных музыкантаў) і “Альбуцкая крынічка” (выканаўцаў беларускай песні). У планах – завяршэнне працы над драўляным комплексам скульптур “Шлях Коласа”, сцяжыны валуноў у Альбуці, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, а таксама трох помнікаў: самому песняру на тэрыторыі музея, Я.Коласу і Я.Купале ў Смольні, дзе адбылася іх першая сустрэча, і дзядзьку Антосю ў Стоўбцах. Галоўнай жа падзей стане стварэнне апякунскай рады для падтрымкі дзейнасці літаратурна-мемарыяльнага музея.

Напрыканцы Міхась Мушынскі нагадаў, што ўжо пачалася падрыхтоўка да святкаванне 130-гадовага юбілея з дня нараджэння Я.Коласа, і заклікаў да сумеснай працы. Тым больш, што да гэтага юбілея засталося ўсяго два гады.

Літаратура і мастацтва. 2010. 20 жніўня. № 33. С. 2.

«Ён проста ў вечнасці знайшоў начлег»: 1 комментарий

Комментарии запрещены.