Топ-5 скандалаў у беларускай літаратуры

Які штраф мусіла выплаціць Святлана Алексіевіч? За што ў Мінску была спаленая кніга Ларысы Геніюш? Чым шакавала спецыялістаў кніга пра Янку Купалу, што выйшла ў серыі “ЖЗЛ”? “Будзьма” выбрала пяць скандальных старонак у гісторыі айчыннай літаратуры.

 

Еўдакія Лось спальвае кнігу Ларысы Геніюш

“Ёсць чалавек – ёсць праблема, няма чалавека – няма праблемы”, – казаў Іосіф Сталін у рамане Анатоля Рыбакова “Дзеці Арбату”. Бадай, гэткай жа логікай кіраваліся сярэднявечная інквізіцыя, супрацоўнікі НКУС, фашысты, якія імкнуліся знішчыць увесь наклад пэўнага выдання. Але часам знішчэнне кнігі было актам публічнай нязгоды або задавальненнем амбіцый пэўнага чалавека. Напрыклад, на мяжы 1960-1970-х паэтка Еўдакія Лось спаліла зборнік Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, выдадзены падчас Другой сусветнай вайны ў Празе. Як мяркуе літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч, “Лось убачыла ў Геніюш моцную канкурэнтку сабе. А Еўдакія Якаўлеўна прэтэндавала на ролю першай паэткі Беларусі. (…) Канстанцыя Буйло ўжо была старая і жыла далёка, у Маскве. Маладой Жэняй Янішчыц Лось спрабавала апекавацца, паляпваць яе па плячы. Рая Баравікова таксама толькі на літаратурную сцяжыну выходзіла. І вось з’яўляецца імя, выходзіць у Мінску выдатная кніга “Невадам з Нёмана”. Такі ўчынак не змяніў літаратурную іерархію. Ларыса Геніюш і пасля смерці застаецца адным з сімвалаў беларускай паэзіі. А вось Еўдакію Лось ведаюць хутчэй даследчыкі літаратуры.

 

Алег Лойка публікуе спрэчную біяграфію Янкі Купалы

 

У беларускай літаратуры амаль адсутнічаюць папулярныя біяграфіі класікаў, па якіх можна вывучаць не толькі іх творчасць, але і жыццё. Адно з выключэнняў – даследаванне Алега Лойкі. У 1982 годзе кніга “Янка Купала” з’явілася па-руску ў прэстыжнай маскоўскай серыі “ЖЗЛ”. Праз год выйшла яго беларускамоўная кніга – раман-эсэ “Як агонь, як вада”.

У чытачоў твор выклікаў неймаверную цікавасць і захапленне сваім псіхалагізмам і захоплена-рамантычным ракурсам успрымання асобы Янкі Купалы і яго творчасці. А вось спецыялісты схапіліся за галаву. Браты Луцкевічы ў кнізе атрымалі імёны Лапкевічаў, Ластоўскі стаў Ласоўскім. Дзейнасць гэтых выбітных прадстаўнікоў нацыянальнага руху трактавалася адмоўна. Абураная Зоська Верас нават спаліла раман.

Як пісаў паэт Міхась Скобла, Алег Лойка ведаў пра тое аўтадафэ. “Вогнішча ў Панарскім лесе (там стаяла хата Зоські Верас) не давала яму спакою да канца дзён, яно і прымусіла ўрэшце перапісаць раман. Пасля дапрацоўкі ён павялічыўся на сто старонак, а ягоным героям былі вернутыя іх сапраўдныя прозвішчы”.

На жаль, апроч кнігі Лойкі іншых папулярных біяграфій так і не з’явілася (адно з нешматлікіх выключэнняў – дакументальнае даследаванне Сяргея Шапрана, прысвечанае асобе Васіля Быкава). Але пры магчымым перавыданні “Як агонь, як вада” ўсё роўна патрабуе шматстаронкавых каментарыяў.

 

На Святлану Алексіевіч падаюць у суд

У 1989-м СССР нарэшце вывеў свае войскі з Афганістана. У гэтым жа годзе на паліцах кнігарняў з’явілася кніга Святланы Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”. Але не ўсе маглі ўспрымаць вайну без гераічнай рэтушы: у 1993 годзе ў судзе Цэнтральнага раёна горада Мінска пачаўся працэс супраць Алексіевіч. Як пісала “Літаратурная газета”, “былы “афганец”, цяпер інвалід, сцвярджае, што С. Алексіевіч напісала пра тую вайну і пра яго асабіста няпраўду, узвяла паклёп. Таму павінная публічна папрасіць прабачэння, а зняважаны салдацкі гонар кампенсаваць сумай у 50 тысяч рублёў. Маці загінулага афіцэра разышлася з пісьменніцай ў ацэнках савецкага патрыятызму і яго ролі ў выхаванні маладога пакалення”.

У зале кіпелі такія жарсці, што давялося нават запрашаць міліцыю. Урэшце быў вынесены наступны прысуд: газета “Комсомольская правда”, дзе друкаваліся ўрыўкі з кнігі, мусіла апублікаваць абвяржэнне. Позва маці афіцэра была адхіленая. Пры гэтым Алексіевіч мусіла выплаціць 4 тысячы беларускіх рублёў (напрыканцы 1993 года даляр афіцыйна каштаваў амаль сем тысяч). Гэта былі кампенсацыя расходаў па дзяржпошліне, якую выплаціў “афганец”, а таксама дзяржпошліна ў даход дзяржавы. Зрэшты, згадаем легендарную фразу, якую сказала Ганна Ахматава (у дачыненні да гісторыі з Іосіфам Бродскім): “Якую біяграфію робяць нашаму рыжаму!”.

 

Сяргей Дубавец ставіць крыж на ўсёй беларускай савецкай літаратуры

http://lit-bel.org/assets/images/siabry/Dubaviec_Siarhiej_171.jpgУ 1997 годзе на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” з’явілася правакацыйнае эсэ Сяргея Дубаўца “Ружовы туман”. Назва тэксту тлумачылася проста: так называлася апавяданне Васіля Быкава. Паводле сюжэту, савецкія партызаны падрабілі нямецкія прадуктовыя карткі і адправілі з імі ў краму глуханямога селяніна (прычым дазволілі ўзяць сабе частку прадуктаў). Той да глыбокай старасці адчуваў да партызан удзячнасць. Хоць у рэальнасці яны выпрабоўвалі на ім тыя карткі. “Гэты стан Быкаў i назваў ружовым туманам маны, – пісаў Дубавец. – Мне ж бачыцца за гэтай метафарай увесь беларускі савецкі і постсавецкі культурны, ды і сацыяльна-палітычны кантэкст”. Па-сутнасці, крытык паставіў крыж на творчасці нават самых прызнаных пісьменнікаў: “Нічога не вылушчыш з кнiг Броўкi, Глебкi i нават яшчэ блiзкiх Мележа, Танка, Шамякiна. Там паўсюль ёсць або няпраўда, або метастазы сатанізму, ачалавечвання бесчалавечнасцi”.

Зрэшты, хутчэй за ўсё эсэ стала своеасаблівай правакацыяй. У пацверджанне гэтай думкі крытык Маргарыта Аляшкевіч цытуе іншае эсэ Дубаўца, “Энігма” (1993), у якім сцвярджалася: “Танк – не ад д’ябла. У ім не знойдзеш нічога прынцыпова нездаровага. (…) Паэт узроўню Купалы й Багдановіча”. У выніку дыскусія пра “ружовы туман” стала адной з самых яркіх культурных падзей канца 1990-х.

 

Альгерд Бахарэвіч называе Янку Купалу “Каянам Лупакам”

http://www.makpaper.com/images/Alhierd-schwarz-weiss-2012.jpgУ 2011 годзе на сайце Радыё Свабода з’явіўся тэкст пісьменніка Альгерда Бахарэвіча “Цёмнае мінулае Каяна Лупакі” (як частка цыклу “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча”). Як напісаў Бахарэвіч, пасля няўдалай спробы самазабойства “Купала выпарыўся (…) са свету сапраўднай літаратуры, не раўнуючы газ праз дзірку ў абалонцы. На апошнім дзесяцігоддзі свайго жыцця. Не перастаючы пісаць, друкавацца і лічыцца паэтам”. Маўляў, замест яго з’явіўся іншы чалавек – Каян Лупака (Бахарэвіч пераставіў месцамі склады ў імені і прозвішчы). Пачаўся скандал, які хутка перайшоў у рэчышча асабістых прэтэнзій. Як пісаў літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч, пісьменнік “перагнуў этычную палку, ён даў агідную мянушку добраму чалавеку”. З іншага боку, яго апаненты таксама не стрымлівалі сябе (кшталту таго, што творцу параўноўвалі з сумнавядомым крытыкам 1930-х гадоў Лукашам Бэндэ). Зразумела, баталіі скончыліся нічым. Але грамадскі розгалас толькі прыцягнуў дадатковую ўвагу як да біяграфіі паэта, так і да асобы самога Бахарэвіча.

Арыгінал апублікаваны тут.