Ад “Ямы” да Брадвея

Апошнім часам рэпертуарныя калектывы надзвычай рэдка выпраўляюцца на гастролі. Ды і прывозяць у лепшым выпадку адзін-два спектаклі. Таму сітуацыя, калі паказы працягваюцца амаль месяц, выключная. За апошні час Свярдлоўская музкамедыя, адзін з найбольш аўтарытэтных музычных тэатраў постсавецкай прасторы, прыехала у Мінск ужо ў другі раз (папярэдні — у 2012-м). Такім чынам, у два “прыёма” было паказана дзесяць мюзіклаў, чатыры аперэты, па адной камедыі і канцэртнай праграмы (некаторыя спектаклі прыязджалі ў Мінск двойчы). Іх прагляд дазволіў скласці дастаткова поўнае ўяўленне пра рэпертуар калектыву.

Скрыпач«Скрыпач на даху»


Гонар Свярлодскай музкамедыі – мюзіклы. Сярод сусветных прэм’ер вылучаюцца дзве пастаноўкі, створаныя адным трыа: кампазітарам Сяргеем Дрэзніным, рэжысёрам Нінай Чусавай і дырыжорам Барысам Надэльманам. Гаворка пра “Кацярыну Вялікую” і “Яму”. Іх мастацкі вынік падаўся мне шмат у чым  супрацьлеглым. “Кацярына Вялікая”, нягледзячы на дзве “Залатыя маскі” (Паўлу Каплевічу за “Лепшую працу мастака па касцюмах у музычным тэатры” і Марыі Віненковай за “Лепшую жаночую ролю ў аперэце / мюзікле”)  яшчэ падчас першых гастроляў трупы расчароўвала сваёй стракатасцю, імперскім духам і нават пашлаватасцю — якасці, зусім не ўласцівыя іншым спектаклям гэтага калектыву.

 
А вось “Яма”, створаная па матывах аднайменнай аповесці Купрына, кранае: гісторыя жанчын, якія воляю абставін сталі паненкамі лёгкіх паводзін, паказана надзвычай далікатна і тактоўна. Не ў апошнюю чаргу, дзякуючы лібрэта Міхаіла Барценева: фактычна дом распусты на Ямской нагадвае кабарэ. Атмасфера агульнай весялосці моцна кантрастуе з індывідуальнымі драмамі гераінь. Іх лёсы паказаны праз лаканічныя карціны. Адзначу стыльныя пераходы паміж сюжэтамі: на суперзаслоне ўзнікаюць застаўкі, нібы публіка глядзіць нямое кіно. Адна са сцэн ўвогуле вырашана праз кінаэпізод. Можна зразумець нават пэўную кліпавасць “Ямы”: шалман становіцца сімвалам грамадства, што імкліва ляціць у бездань. Нездарма фінальная сцэна нагадвае пір падчас чумы. Памінкі па адной ў гераінь ператвараюцца ў пажар. Але ніхто не кідаецца на дапамогу: героі дома застаюцца для грамадства людзьмі ніжэйшага гатунку.

Прыкладам ліцэнзійнай пастаноўкі з’яўляецца “Скрыпач на даху” Джэры Бока, пастаўлены з дазволу брадвейскіх праваўладальнікаў. Галоўны рэжысёр калектыву Кірыл Стрэжнеў удала стварае атмасферу тыповага яўрэйскага мястэчка. У “Скрыпачы…” хапае годных акцёрскіх работ (хаця б згадаць Тэўе – Анатоля Бродскага), але літаральна ўсе выканаўцы ствараюць вельмі роўны акцёрскі ансамбль (што асабліва кантрастуе з мінскай пастаноўкай “Шалом Алейхем”, у якой пануе неабгрунтаваны індывідуалізм). Музычны і драматычныя складнікі — у лібрэта дастаткова шмат дыялогаў — знаходзяцца ў мюзікле ў поўнай гармоніі. Фігура скрыпача на даху надае пастаноўцы элегічны, філасофскі настрой. Скрыпач нібы ўвасабляе анёла, што ведае будучыню і аплаквае лёс Анатаўкі.

Неадназначныя мастацкія ўражанні пакінуў мюзікл “Пунсовыя ветразі”. Шыкоўная музыка Максіма Дунаеўскага і трывалая драматургічная аснова (лібрэта Міхаіла Барценева і Андрэя Усачова) увайшлі у супярэчнасць з рэжысурай  Стрэжнева. Магчыма, ён усяляк імкнуўся кантраставаць Асоль і яе бацьку сквапным і бездухоўным жыхарам прыморскай вёскі. Але такі падыход адразу рашуча падзяліў герояў на “добрых” і “дрэнных”. Апошнія былі вырашаны празмерна карыкатурна. Абсалютна не склаўся любоўны трохкутнік галоўных герояў і Хіна Менерса, сына галоўнага нягодніка. Кудысьці знікла і грынаўская рамантыка. Таму з’яўленне Грэя, на жаль, атрымалася абсалютна прадказальным.

 
Калі падсумаваць уражанні, відавочна, што Свярдлоўская музкамедыя – адзін з прыкладаў таго, як музычны тэатр мусіць развівацца і фарміраваць рэпертуар. Блокі пастановак адрасаваныя пэўнай аўдыторыі: увасабленні класічнай аперэты – аматарам традыцыяналізму; спектакль-канцэрт “Парк савецкага перыяду” – тым, хто настальгуе па часах СССР;. www.сіліконавая дурніца.nеt – моладзі, а “Яма” – музычным эстэтам, а шэраг іншых мюзіклаў – усім адразу. Таксама важна, што ў тэатра ёсць свае візітоўкі – сусветныя прэм’еры . Іх пастаноўкі робяць Свярдлоўскую музкамедыю пазнавальнай на ўсё постсавецкай прасторы.

Ад «Ямы» да Брадвея // Мастацтва. 2015. № 9. С. 12.