Газета «Звязда». 94 гады з намі

Якая газета выходзіць амаль без перапынкаў вось ужо 94 гады? У гонар якога выдання ў 2005 годзе ў Мінску названы праспект? Мяркую, чытач ужо здагадаўся, што гаворка ідзе пра газету «Звязда».


Лагатып з сайта выдання www.zvyazda.minsk.by

Як пачыналася гісторыя «Звязды»? Чаму яе журналісты не саромеліся перадрукоўваць чужыя матэрыялы? Якім чынам беларускамоўная газета мае ў загалоўку рускае слова? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні

Пачатак выдання
У пачатку ліпеня 1917 года ў асяроддзі бальшавікоў ўжо хадзілі размовы пра неабходнасці выдання ўласнай газеты. Але падзеі ў Петраградзе, калі Часовы ўрад часова перамог сваіх супернікаў і ліквідаваў двоеўладдзе, а таксама некаторыя тэхнічныя цяжкасці адклалі справу на больш доўгі тэрмін. Напрыклад, Прэзідыум Мінскага савета дазволіў друкаваць газету ва ўласнай друкарні. Але дазвол быў аспрэчаны меньшавікамі і эсэрамі, таму давялося шукаць прыватную ўстанову.

Першы нумар штодзённай газеты “Звезда”, якая выходзіла на рускай мове выйшаў у Мінску 27 ліпеня (8 жніўня па новаму стылю) 1917 года накладам 3000 асобнікаў. Спярша газета выдавалася як орган Мінскага камітэта Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (бальшавікоў) — РСДРП(б), а пасля Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б).

Рэдакцыя размясцілася ў пакоі бальшавіцкай фракцыі (вуліца Петраградская, 6 — зараз гэта вуліца Ленінградская, якая злучае вуліцу Свярдлова і Прывакзальную плошчу), а экспедыцыя, якая займалася распаўсюджваннем выдання – у мандатнай камісіі савета (Мінскі савет размяшчаўся ў будынку № 2 на вуліцы Юр’еўская. Зараз яна не існуе. Раней праходзіла паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Інтэрнацыянальнай, ад вуліцы Леніна да вуліцы Янкі Купалы).

Рэдактарам выдання прызначылі Аляксандра Мяснікова (па іншых звестках – Міхаіла Фрунзэ і Мяснікова). Але ў любым выпадку, такое прызначэнне мела фармальны характар, паколькі канкрэтную працу за галоўнага рэдактара рабілі іншыя. Газету фактычна выпускалі тры чалавекі: Вільгельм Кнорын (афіцыйна ён узначальваў аддзел унутранага і зарубежнага агляду, а таксама працаваў адказным сакратаром), яго памочнік Алібегаў і сакратар рэдакцыі малады юрыст, прысяжны павераны Галкін, якія актыўна карысталіся «нажніцамі» (творча пераапрацоўвалі або проста перапісвалі асобныя матэрыялы з цэнтральных газет). Але гэта з’ява была распаўсюджана нядоўга, бо неўзабаве (у канцы ліпеня) бальшавіцкія цэнтральныя газеты былі закрыты па загаду Часовага ўрада.

У новых умовах газеце даводзілася самой выпрацоўваць свой курс. «Звезда» пісала аб пераследаваннях бальшавікоў у Петраградзе і на фронце, выступала супраць Часовага ўрада, але вызначанай палітычнай лініі ў яе не было. Да планаў Уладзіміра Леніна па захопу ўлады кіраўніцтва «Звезды» ставілася даволі скептычна. Бальшавікам даводзілася працаваць у складаных мясцовых умовах, дзе значная ўлада належала мясцовай ваеннай адміністрацыі, якая магла зачыніць газету. Менавіта гэтым было выклікана з’яўленне ў «Звездзе» патрыятычных артыкулаў, у якіх усхвалялася мужнасць салдат на фронце. Яны пісаліся часцей за ўсё Кнорыным, які хацеў выратаваць газету. Але гэта не дапамагло. 23 жніўня камісар Часовага ўрада Жданаў, які спаслаўся на загад камандуючага Заходнім фронтам, выдаў загад аб закрыцці «Звезды». Яе друкарня была канфіскавана.

Не серп, а «Молот»
15-18 верасня (28 верасня – 1 кастрычніка) 1917 г. у Мінску прайшла Першая Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РСДРП(б). На ёй Вільгельм Кнорын быў зацверджаны галоўным рэдактарам газеты «Молот». Паводле словаў самой рэдакцыі, новае выданне з’яўлялася працягам закрытай «Звезды». Газета паспела выдаць 18 нумароў, пасля чаго 6 кастрычніка была таксама закрыта. Да гэтага прывёў рапарт камандуючага Заходнім фронтам генерала Балуева Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. Балуеў пісаў, што «Молот» вылівае цэлыя патокі бруду на вышэйшы камандны склад і афіцэрства». Адначасова вярхоўнае камандаванне абвінавачвалася ў зацягванні вайны з мэтай задушэння дэмакратыі. Балуеў прывёў шмат цытат з «Молота» і запатрабаваў распараджэння аб закрыцці газеты і рэквізіцыі тыпаграфіі, паколькі «характар дзейнасці «Молота» трэба прызнаць безумоўна шкодным у чыста ваенных адносінах». Газета, на думку генерала, адмоўна дзейнічала на армію. Неўзабаве «Молот» быў закрыты. Але паколькі звесткі пра загад паступілі загадзя, бальшавікам атрымалася затрымаць яго дзеянне на некалькі гадзін. За гэты час гатовы набор быў перавезены з прыватнай друкарні Данцыга, дзе рыхтавалася газета, у друкарню Мінскага Савета. Там выйшаў апошні нумар «Молота».

Ад «Буревестника» да «Звязды»
На Другой абласной канферэнцыі, што прайшла 5-7 кастрычніка, было вырашана выдаваць замест «Молота» новую газету пад назвай «Буревестник». Яна стала выходзіць з 8 кастрычніка. Галоўным рэдактарам застаўся Кнорын. Пы гэтым традыцыі выкарыстання «нажніц» захоўваліся: «бальшавіцкая прэса (…) перадрукоўвала (…) артыкулы з газеты “Рабочы шлях”», якая «замяніла петраградскую “Праўду”, што была зачынена пасля ліпеньскіх падзей. (…) “Рабочы шлях” у Мінску нельга было атрымаць. Сувязь з цэнтрам яшчэ пагоршылася, акрамя таго цалкам развалілася пошта. (…) Бальшавікі неяк ухітраліся атрымліваць адзін-два нумара “Рабочага шляху”. У іх тады друкаваліся лісты Леніна. “Молот”, а потым “Буревестник” гэтыя лісты перадрукоўвалі. Ленін тады адкрыта пісаў пра паўстанне, час для якога, на яго думку, ужо наступіў. Такая пазіцыя знаходзілася ў яўнай супярэчнасці з палітыкай бальшавікоў Заходняй вобласці».

Раніцай 25 кастрычніка “Буревестник” выйшаў з наступным заклікам на першай старонцы: “Нам трэба закончыць рабаўніцкую вайну, прапанаваўшы дэмакратычны мір! Нам трэба адмяніць правы памешчыкаў на зямлю і перадаць без выкупу ўсю зямлю сялянскім камітэтам! Нам трэба знішчыць голад, перамагчы разруху і паставіць працоўны кантроль над вытворчасцю і размеркаваннем! Нам трэба даць усім народам Расіі права вольнага пабудовы свайго жыцця. Але для таго, каб ажыццявіць усё гэта, неабходна першым чынам вырваць уладу ў карнілаўцаў і перадаць яе Саветам працоўных, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Таму наша першае патрабаванне: “Уся ўлада Саветам!”. У той жа дзень у Петраградзе пачалася Кастрычнікая рэвалюцыя.

А 1 лістапада 1917 года выданне вярнулася да сваёй першапачатковай назвы. «Сёння мы звяртаемся да сваёй першапачатковай назвы, да нашай “Звезды”. З яе мы пачыналі сваю цяжкую працу ў заходнім краі і з ёю разам у гэтыя адказныя дні пойдзем да поўнай перамогі…» – сцвярджалася ў перадавым артыкуле газеты за той дзень.

Наперадзе «Звязду» яшчэ чакаў пераезд ў Смаленск у 1918-м, вяртанне ў Мінск у першыя дні студзеня 1919-га, кароткачасовая праца ў Вільні ў тым жа годзе. Зноў Смаленск і, нарэшце, з 1920-га года — Мінск. Зрэшты, гэта ўжо іншая гісторыя.

Але ж так і не прагучаў адказ, чаму газета мае назву «Звязда»? Дакладнага адказу ў мяне няма, але прапаную сваю версію. Газета пачынала выдавацца на рускай мове (таму ў тэксце ўсюды ідзе назва «Звезда»). З 1925 года яна выходзіла на беларускай і рускай мовах. Толькі ў 1927-ым перайшла на родную мову. Але паколькі да таго часу стала старэйшым і, галоўнае, вядучым партыйным выданнем, своеасаблівым брэндам, назву вырашылі пакінуць. А зараз яна ўжо прыжылася. Чытаем жа мы ў Багдановіча «цвяток Радзімы, васілька».

Газета «Звязда». 94 гады з намі: 10 комментариев

  1. адзіная газэта ў краіне на беларускай мове, але на жаль дзяржаўная

  2. затое журналісты сапраўдныя там працуюць, цікавыя артыкулы заўжды

  3. название, конечно, дикое. Что за варварство — писать русские слова белорусскими буквами?

  4. Ну ладна, газета, а з якога так цягнік называецца? Вось таксама заўжды цікава было. Дарэчы, супрацоўнікі «Звязды» блытана распавядаюць пра калядную звязду, якая менавіта «звяздой» і называлася. Але бальшавіцкі СМІ з назвай у гонар каляднай атрыбутыкі — гэта проста настолькі феерычная недарэчнасць, што можна і паверыць)

  5. дзякуй за гісторыю, дзякуй за добрыя каментары.
    Дарэчы, мы, супрацоўнікі,не былатемся з назвай Проста нам безумоўна не хочацца переварочваць гісторыю, але і жыць з «бальшавічкім» мінулым таксама не вельмі прыемна. а калядная звяўда -нармальнае! тлумачэнне. Беларускае. бо ўсе, хто працуе ў газеце, паважаюць сваю мову.

  6. Дзякуй!
    Прыемна, што нават супрацоўнікі газеты нас чытаюць:))

  7. Дзяніс, дзякуй за гэты тэкст! Я з задавальненнем працытавала яго на сваёй старонцы ў facebook.com/medwedeolga
    А вас запрашаю далучыцца да нашага святкавання на праспекце Звязды і да групы: http://vk.com/event41271792

  8. Дзякуй вялікі!
    Калі атрымаецца, будзе цікава паўдзельнічаць.
    А ў групе я ўжо даўно :)

Комментарии запрещены.