Навукова-папулярны стыль, інтрыгоўная тэма, легендарны галоўны герой, вялікія цытаты з вершаў… Здаецца, кніга Дзяніса Марціновіча «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча» павінна прывабіць кожнага, хто калі-небудзь з захапленнем гартаў творы вядомага пісьменніка.
У параўнанні са сваім папярэднікам —«“Донжуанскім спісам” Караткевіча» —новае выданне вырасла на 50 старонак і атрымала цікавае афармленне. Кнігу аздобілі фотаздымкі Раісы Ахматавай,Ніны Молевай, Валянціны Караткевічі іншых жанчын, якія, верагодна, мелі блізкія стасункі з пісьменнікам. У другім раздзеле «Калі прыйдзе беларускі Андрэ Маруа?» з’явілася пяць новых тэкстаў, прысвечаных творчасці Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, сучасных беларускіх аўтараў. Аб’яднаныя пад адной вокладкай «Донжуанскі спіс» і роздумы пра новыя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры — выдатная магчымасць нагадаць
шырокаму колу чытачоў пра існаванне сучасных пісьменнікаў і іх разнапланавыя мастацкія пошукі.
У прадмове Д. Марціновіч з удзячнасцю пералічвае больш за дзясятак рэцэнзій на кнігу-папярэдніцу, а таксама тлумачыць
мэтазгоднасць складання і разгадвання «Донжуанскага спісу» розных пісьменнікаў. Такое даследаванне «прыцягвае ўвагу да асобы аўтара, дапамагае высветліць прататыпы герояў у празаічных і паэтычных творах. Удакладніць, хто натхняў паэта на стварэнне таго ці іншага шэдэўра. Пазнаёміць чытачоў з лёсамі жанчын, якіх кахаў пэўны творца».
Кнігі Дзяніса Марціновіча — пачатак ладавання галерэі лёсаў тых жанчын, якія былі побач з беларускімі пісьменнікамі. Вядома, пра жонак айчынных класікаў часта згадваюць дзеці і сябры сям’і, але
цікавых таямніц застаецца нямала… Варта спадзявацца, што «“Донжуанскі спіс” Караткевіча» будзе перавыдадзены яшчэ неаднойчы, а на паліцах бібліятэкі кнігарняў з’явяцца навукова-папулярныя выданні іншых аўтараў, прысвечаныя значным постацям нашай літаратуры
Натавец Я. Cherches la femme // Літаратура і мастацтва. 2015. 4 верасня. № 35. С. 6.