Мае сустрэчы з Сяргеем Грахоўскім

Хто такі Сяргей Грахоўскі? Спярша адкажу цытатай з беларускай «Вікіпедыі»:

Сяргей Грахоўскі (1913-2002) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Быў двойчы беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС, першы раз у 1936 г. і сасланы на 10 год, потым яшчэ раз у 1949 г. У 1955 г. быў рэабілітаваны. Асноўны перыяд творчасці прыпаў на гады жыцця ўжо пасля абедзвюх ссылак. Дакументальныя аповесці «Зона маўчання», «З воўчым білетам», «Такія сінія снягі» з’яўляюцца беларускімі аналагамі «Архіпеляг ГУЛАГ» А.Салжаніцына.


Сяргей Грахоўскі ў 1983 годзе.
Фота з сайта http://www.grahouski.org

Менавіта з такім чалавекам мне пашанцавала некакалькі разоў сустрэцца незадоўга да яго смерці.

“Я з табою у сусвеце імчуся”. Сустрэчы з Сяргеем Грахоўскім

Мая першая, пакуль яшчэ завочная сустрэча з пісьменнікам адбылася летам 2000 года. У спісе літаратуры на лета сярод некалькі іншых сучасных творцаў я ўбачыў прозвішча дагэтуль невядомага мне аўтара – С. Грахоўскага, а таксама яго кнігу – “Споведзь”. Прачытаў, а дакладней “праглынуў” яе за два дні. Акрамя вершаў, у кніге былі змешчаны дзве аповесці з “сібірскай трылогіі”: “Зона маўчання” (успаміны пісьменніка пра час яго знаходжання ў ГУЛАГу) і “Такія сінія снягі” (аповед пра ссылку ў Сібіры ў 1949-1955 гадах). У 1953-м С.Грахоўскага вызвалілі з ссылкі без зняцця судзімасці і толькі ў 1955-м рэабілітавалі). Паколькі “Споведзь” была датавана 1990 годам, дык трэцюю, а калі па храналогіі, дык другую аповесць, “З воўчым білетам”, што распавядала пра тры гады працы С.Грахоўскага настаўнікам на Случчыне ў перапынку паміж двума сібірскімі тэрмінамі, давялося прачытаць ужо ў томе “Кнігазбора”.

У кожнага пакалення свая рэакцыя на творы і падзеі, што ўзноўленыя ў іх. Шоку ў мяне не было: да таго я часу я шмат чаго прачытаў пра сталінскія рэпрэсіі, ды і “Адзін дзень з жыцця Івана Дзянісавіча” (які, дарэчы, і стаў своеасаблівым адкрыццём першага вострава архіпелага ГУЛАГ) быў перад тым прачытаны. Цяпер нават цяжка сказаць, чым так захапіла “Споведзь”. І нават ведаючы, што галоўны герой, у рэшце рэшт застанецца жывым (нехта павінен быў напісаць кнігу!), усё роўна перажываў за яго, як за роднага і блізкага чалавека. Можа, гэта і ёсць прыкмета сапраўднай літаратуры?

Калі я ўпершыню сустрэўся з Сяргеем Грахоўскім летам 2002 года, пісьменніку пайшоў ужо 90-ы год. І таму толькі па фотаздымках я магу ўяўляць, як выглядаў ён маладым. Ужо потым, пасля яго смерці, у мяне чамусьці узнікла дзіўная асацыяцыя паміж ім і героем “Дзікага палявання караля Стаха” Андрэем Беларэцкім. Герой Караткевіча, “чалавек дзевяноста шасці год”, сцвярджаў, “што доўгія гады лёс дае звычайна дурням, каб яны напоўнілі разумовы недахоп багатым вопытам. Ну што ж, я жадаў быць дурным удвая і пражыць яшчэ столькі, бо я дапытлівы суб’ект. Столькі цікавага адбудзецца на зямлі ў наступныя дзевяноста шэсць год!”.

І цяпер узгадваючы тую, першую сустрэчу, мне прыгадваюцца розныя маленькія дэталі. Напрыклад тое, што доўгія гады, акрамя, мо, апошняга (гэта значыць, да 88 гадоў!) пісьменнік рэгулярна, пры любым надвор’і рабіў зарадку ў двары свайго дома. Сяргей Іванавіч таксама любіў пад час прагулак гутарыць пра жыццё са сваім суседам (дарэчы, у апошняга захоўваўся шэраг рукапісаў пісьменніка. Магчыма, частка з іх увайшла ў “Выбранае”, выдадзенае ў серыі «Беларускі кнігазбор»).

Можа, прага жыцця, якая заўсёды перапаўняла пісьменніка, і дазволілі яму пражыць столькі? А можа лёс, адчуваючы перад ім віну, нібыта кампенсаваў Сяргею Іванавічу гады, выкінутыя з жыцця?

…Сяргей Іванавіч жыў у самым цэнтры Мінска, каля плошчы Якуба Коласа. Даволі хутка знайшлі яго дом, праўда, у пад’езд, які выходзіў ва ўнутраны дворык, доўга трапіць не маглі, перашкаджаў кодавы замок. На шчасце, з пад’езда хтосьці выходзіў, і гэта вызваліла нас ад доўгага чакання.

Дзверы адчыніла дачка пісьменніка. Сказала пра нас свайму бацьку і запрасіла прайсці ў ягоны кабінет. Што адразу кінулася ў вочы, дык гэта кнігі. Шафа з імі займала ці не ўсю сцяну. Некаторыя кнігі закрытыя здымкамі, дзе Сяргей Іванавіч, і малады, і больш паважнага ўзросту, сфатаграфаваны разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Гаспадар кабінета падняўся, каб павітацца з намі.

Размова не была доўгай. Мы аддалі аўтару калектыўны зборнік, дзе быў надрукаваны яго твор, пацікавіліся ягоным здароўем, задалі шэраг пытанні пра літаратуру. Сяргей Іванавіч адказваў, але тыя адказы даваліся яму цяжка. Відаць, ён у большай ступені хацеў паслухаць нас, даведацца, чым жыве цяперашняя моладзь. Бо, як казаў сам пісьменнік, “амаль усе мае сябры ўжо адыйшлі ў іншы свет”. Развіталіся з ім недзе праз паўгадзіны, але з жаданнем прыйсці сюды яшчэ.

У гэтым нам дапамагла памылка, або простая няўважлівасць. У кнізе “Шчыра, як на духу…”, дзе былі змешчаны аўтабіяграфіі вядомых людзей, мы прачыталі пра тое, што 24 лістапада — дзень нараджэння Сяргея Іванавіча. Як жа не павіншаваць такога чалавека? Вядома, калі б мы зазірнулі ў энцыклапедыю, дык убачылі, што нарадзіўся Сяргей Грахоўскі 25 верасня 1913 года. Але не ведаючы, ўпэўнена ішлі па знаёмым адрасе.

У літаратурных творах неаднойчы сустракаў выказванне, маўляў, герой за невялікі адмежак часу пастарэў гадоў на дзесяць. Збольшага, яно ўспрымалася менавіта як мастацкі прыём. Гледзячы ў твар Сяргея Іванавіча, зразумеў, што такія словы не трэба прыдумваць. З часу нашай першай сустрэчы пісьменніку стала істотна горш. Сяргей Іванавіч рэзка пастарэў. Тыя гады, што ён імкнуўся схаваць ад людзей і ад сябе, раптоўна акрэсліліся рэзкімі дакладнымі штрыхамі. Чамусьці згадаліся старонкі “Вайны і міру”, момант хваробы князя Андрэя, калі ён, здаецца, яшчэ быў жывым, а, мабыць, ужо крыху бачыў тое, што зямныя людзі бачыць не павінны.

Наша сустрэча адбылася ў нядзелю, а ў пятніцу, за два дні перад гэтым, як казаў Сяргей Іванавіч, “ён ледзь не памёр”. Ён вельмі дрэнна чуў і бачыў, але нашая зноў-такі кароткая размова з ім размова, яго рэплікі пра тое, што ці не адзіны ў Мінску чалавек, які бачыў жывога Купалу, што ёсць у яго творчасці і такое, за што яму сорамна (С.Грахоўскі меў на ўвазе асобныя творы па так званай ленінскай тэматыцы), — усе тыя ўспаміны нібы надавалі яму жыццёвую сілу. Яму відавочна было прыемна, што сучасная моладзь ім цікавіцца. Дарэчы, менавіта тады мой сябра зрабіў фотаздымак, які потым увайшоў ва ўзгаданы том “Кнігазбору”.

Яшчэ адна, трэцяя і апошняя сустрэча з Сяргеем Іванавічам Грахоўскім адбылася 4 снежня 2002 года. Пісьменнік выглядаў лепей, чым у мінулы раз, але да канца ён так і не акрыяў. І ўсё ж надзея сапраўды памірае апошняй. Таму ад шчырага сэрца і пажадалі Сяргею Іванавічу здароўя. Вельмі хацелася б сустрэцца з ім спачатку на 90-годдзі пісьменніка, а потым – дай Божа! – і на стогадовым юбілеі. Рэальнасць аказалася больш сумнай. Літаральна праз тыдзень, раніцай 12 снежня даведаліся, што напярэдадні Сяргей Іванавіч памёр.


Мемарыяльная дошка ў гонар С.Грахоўскага ў цэнтральным скверы Глуска. Фота Р.Тычыны з сайта www.glusk.rxfly.net

Думаецца, што роля С.Грахоўскага як паэта, а асабліва як празаіка ў нашай літаратуры да канца яшчэ не ўсвядомленая. Веру, што рана ці позна яго аўтабіяграфічныя аповесці абавязкова будуць у школьных праграмах. Павінны быць! Бо і цяпер з кніг псеўдавучоных і псеўдапубліцыстаў расце і шырыцца імклівы паток тэзісаў пра тое, што “рэпрэсій не было”, “рэпрэсіравалі толькі некаторых і каго трэба”, “не крыўдзіце Сталіна, ён стварыў вялікую краіну!”.

Звычайна творцаў дзеляць на тых, хто нібыта адстае ад часу, ідзе ў нагу з ім, імкліва вырываецца наперад. Сяргей Грахоўскі паспеў пабыць ва ўсіх трох іпастасях. Спачатку ён, калі яшчэ быў маладым, крочыў ў нагу з рэвалюцыйным часам. Потым яго, як і іншых, абвінавацілі ў тым, што ён не паспявае ісці за ім, і адлучылі ад літаратуры на дзесяцігоддзі. Таму і першая кніжка Сяргея Іванавіча, якую ён нам паказваў, са шматзначнай назвай “Дзень нараджэння” выйшла толькі ў 1950-я гады. І ўсё ж ён змог распавесці праўду пра жахлівыя 1930-50-я гады. І гэтым вырваўся наперад і апярэдзіў свой час. Цяпер ужо назаўсёды…

На адну з першых сустрэч з пісьменнікам узяў з сабою ўважліва прачытаную “Споведзь” С.Грахоўскага. Аўтограф аўтара на тытульным лісце, з пажаданнем “доўгай і шчаслівай памяці і светлай будучыні”, быў і застаецца для мяне напамінам пра Сяргея Іванавіча, пра нашы сустрэчы. І юнацкім, максімалісцкім жаданнем спраўдзіць яго пажаданні і надзеі.


Сяргей Грахоўскі падпісвае мне сваю кнігу «Споведзь».
Фота з сайта Фота з сайта http://www.grahouski.org

“Я з табою у сусвеце імчуся”. Сустрэчы з Сяргеем Грахоўскім// Літаратура і мастацтва. 2007. 12 кастрычніка. № 41. С. 15.

Рэкамендую чытачам сайт, прысвечаны лёсу Сяргея Грахоўскага і яго творчасці.

Мае сустрэчы з Сяргеем Грахоўскім: 2 комментария

  1. Дзяніс! У мяне, как уласніка сайта С.Грахоўскага (www.grahouski.org),прозьба — змясціце , калі ласка, адрас сайта

  2. Калі ласка! З задавальненнем змясціў.

    Дзякуй за сайт і фотаздымкі! Калі дадаваў матэрыял на блог, фота ў інтэрнэце амаль адсутнічалі. А тут такая шыкоўная калекцыя!

Комментарии запрещены.