Веламаршрут: з Шабаноў у Каралішчавічы – могілкі кранаў, сядзіба пад парніком і “самаходныя” надмагільныя пліты

Праект “Менскі велашпацыр” больш за год ладзіць аглядныя велаэкскурсіі. Учора велашпацырысты паехалі з Шабаноў у Каралішчавічы, легендарную вёску ў Мінскім раёне ў 5 кіламетрах ад сталіцы.

Удзельнікі экскурсіі збіраюцца ў Шабанах, ля мемарыяльнага комплексу “Трансцянец”, які адкрыўся месяц таму. Падчас вайны ў Трасцянцы было знішчана звыш 206 тысяч чалавек (па ліку ахвяр гэта чацвёрты канцлагер у Еўропе і першы на прасторах былога СССР). “Вароты памяці” – 10-метровая бронзавая скульптура, створаная Канстанцінам Касцючэнка, – бачна здалёк. Фігуры вязняў фашысцкага канцлагера пераплецены з дротам і створкамі варот – вырвацца з палону амаль немагчыма. Уздоўж алеі, якая вядзе да “Варот”, усталяваны гранітныя пліты. На іх інфармацыя, дзе на тэрыторыі Беларусі ў часы вайны былі знішчаны людзі.

Экскурсавод Таццяна Гайдук расказвае пра маршрут і тлумачыць правілы экскурсіі: ехаць адзін за адным, трымаць дыстанцыю ў некалькі метраў, злазіць з ровараў на пешаходных пераходах (іх сустракаецца ўсяго два). Дарэчы, Таццяна вязе экскурсію літаральна дадому: яна нарадзілася ў Каралішчавічах, а яе продкі жывуць у вёсцы з ХVІІІ стагоддзя.

Дарога да Каралішчавіч займае прыкладна 20 хвілін. Мы едзем па вуліцы Сяліцкага праз прамысловую зону. Тратуары пераважна заасфальтаваныя. Бардзюры – невысокія, асаблівых пад’ёмаў і спускаў не назіраецца. Па баках бачны прамысловыя прадпрыемствы.

Галоўная “разынка” – могілкі будаўнічых кранаў (туды іх звозілі з усяго горада). Праўда, стаяць з іх толькі два. Усе астатнія ляжаць на зямлі.

Каралішчавічы вядомы з 1569 года (якраз тады ВКЛ аб’ядналася з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую). Існуюць два народныя тлумачэнні, адкуль паходзіць такая назва. Згодна першай, тут калісьці жыла жанчына з імем Караліна. Згодна другой, нейкі кароль. У пачатку ХVІІІ стагоддзя Каралішчавічы разам з вёскамі Лошыца і Трасцянец набыў Іосіф Прушынскі – прадстаўнік знакамітага шляхецкага роду, які паходзіць з польскага Падляшша (іншая галіна гэтага роду паходзіць з Беларусі). Бабуля экскурсавода расказвала ёй легенду, згодна якой Прушынскія прывезлі з Падляшша чатыры сям’і. Адна з іх – продкі Таццяны, якія працавалі швеямі. Гэтыя чатыры прозвішчы часта сустракаюцца на надмагільных плітах і помніках мясцовых могілак.

Гэты будынак звязаны са знакамітым паэтам Язэпам Пушчай (гаворка пра яго пазней). Па адных звестках, на гэтым месцы стаяў дом, дзе ён нарадзіўся. Па другіх, паэт нарадзіўся менавіта ў гэтым будынку. Дарэчы, у памяшканні цяперашняга магазіна нават захавалася печка, якая сведчыць: раней тут жылі людзі. Але ніякай шыльды пра Пушчу няма. Яшчэ адна вядомая ўраджэнка вёскі –  Ганна Цюндзявіцкая (аўтар легендарнага гаспадарчага дапаможніка “Літоўская гаспадыня”, які выйшаў у 1848 годзе).

Руіны, што бачныя на фотаздымку, – рэшткі гаспадарчых пабудоў, якія засталіся ад сядзібы Прушынскіх. Колькі гадоў таму іх абнеслі плотам. Зрэшты, гэта не перашкаджае ўсім ахвотным правяраць цэглу на трываласць. Да будынка прымацавана шыльда: ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таццяна мяркуе, што з’явілася шыльда дзякуючы Юрыю Жыгамонту, вядучаму праграмы “Падарожжы дылетанта”. “Зімой ён рабіў невялікі рэпартаж пра Каралішчавічы, – расказвае Таццяна. – Вясной праводжу экскурсію. Расказваю пра будынак і звыкла кажу: “На жаль, шыльды няма”. Паварочваюся, а яна ўжо на месцы. Відаць, яе ўстанавілі пасля паказу перадачы”.

Сядзіба Прушынскіх была пабудавана ў 1776 годзе. Згарэла ў 1989 годзе. Цяперашнія гаспадары набылі гэты ўчастак у 1990-я гады і нікога не пускаюць на сваю тэрыторыю. Як прызнаецца наш экскурсавод, яна была на месцы былой сядзібы толькі аднойчы. Ад жытла Прушынскіх засталіся падмуркі і лёхі. Рэшткі сядзібы закрыты парніком, які паставілі клапатлівыя гаспадары.

Сям’я Прушынскіх пабудавала ў сваіх уладаннях шэсць касцёлаў. Адным з іх быў Касцёл Апекі Маці Божай (1785 г.). Там знаходзіўся досыць прыгожы алтар, выкананы ў тэхніцы ракако. Пасля паўстання 1830 года касцёл перабудавалі, перад ім з’явілася драўляная званіца і гатычныя вежы. На касцёльным аргане іграў кампазітар Станіслаў Манюшка. Дарэчы, на фотаздымку тых часоў ужо бачна лістоўніца – гэта дрэва захавалася дагэтуль!

Пасля ўсталявання савецкай улады касцёл разбурылі. З яго рэштак у 1920-я гады сабралі новы будынак, у якім пачаў дзейнічаць клуб. Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці мясцовыя жыхары безвынікова спрабавалі вярнуць будынак бажніцы. У 2003 годзе памёр загадчык установы, пасля чаго клуб прыйшоў у запусценне, а мясцовыя п’янствавалі ў ім. Пазалетась будынак аддалі вернікам. Цяпер у ім кожную нядзелю ладзяцца набажэнствы. А ў мінскіх касцёлах збіраюць грошы на аднаўленне будынка.

Каля касцёла знаходзіліся могілкі, якія, на жаль, не захаваліся. Ля храма засталіся толькі некалькі надмагільных пліт (адна з іх – на фотаздымку). Як кажа экскурсавод, кожны год яны мяняюць сваё месцазнаходжанне. Іх знаходзяць у розных месцах ля царквы. Праўда, не зразумела, хто і навошта пераносіць іх з месца на месца. Асобныя пахвальныя камяні можна ўбачыць літаральна на вуліцы, дзе яны ляжаць, нікому не патрэбныя. Частка камянёў цяпер знаходзіцца ў фундаментах вясковых дамоў (а ў гаспадарках – рэчы з дому Прушынскіх і з касцёла). Зрэшты, як сказаў адзін з удзельнікаў экскурсіі, мясцовыя жыхары рабілі так “усюды і заўжды”. Маўляў, дзе яшчэ знойдзеш добра апрацаваны камень?

У Каралішчавічах ёсць двое могілак – старыя і новыя. На першых сустракаюцца пахаванні сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Але, магчыма, існуюць і больш даўнія магілы, бо  ніякіх даследаванняў не праводзілася. У асноўным тут хавалі каталікоў. Як кажа Таццяна, праваслаўныя з’явіліся ў вёсцы толькі ў гады незалежнасці. Могілкі без перабольшвання знаходзяцца ў жахлівым стане. Фактычна яны ператвараюцца ў лес. Магільныя камяні знікаюць у зямлі. Адна з прычын – у вёсцы засталося толькі дзесяць карэнных жыхароў. Менавіта яны даглядаюць магілы сваякоў (таму гэтыя помнікі знаходзяцца ў годным стане). Астатнія жыхары вёскі прыехалі з іншых населеных пунктаў або ўспрымаюць дамы як лецішчы. Да таго ж мясцовае начальства не зацікаўлена ў ахове могілак. Два гады таму знікла агароджа, і аднавіць яе ніхто не імкнецца.

Куды лепш выглядаюць новыя могілкі. Дарэчы, пахаванні маюць сваю асаблівасць. Вёска ўмоўна дзеліцца на дзве часткі. Дык вось, чалавека хавалі так, каб ён нібыта бачыў тую частку, дзе ён жыў.

Самая вядомае пахаванне –  магіла паэта Язэпа Пушчы. У 1930-я гады ён быў адным з заснавальнікаў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. У 1930-я Пушчу абвінавацілі ў прыналежнасці ад міфічнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”, арыштавалі і адправілі ў ГУЛАГ. Пасля вызвалення жыў ва Уладзімірскай вобласці і толькі ў 1958-м вярнуўся разам з сям’ёй у Беларусь. У вёсцы ходзіць легенда, што яго не пускалі на Радзіму з-за верша “Тыран”, які быў накіраваны супраць Сталіна, хоць у інтэрнэце такі тэкст не знайсці. Мясцовыя краязнаўцы спрабавалі перайменаваць цэнтральную вуліцу вёскі ў вуліцу Язэпа Пушчы, але пакуль няўдала. Разам з паэтам пахавана яго жонка, побач – дачка, якая памерла вясной мінулага года.

У планах – пашырыць маршрут экскурсіі і ўключыць туды наведванне Дома адпачынку “На ростанях”, які размяшчаецца ў суседнім пасёлку Прывольны (10 кіламетраў ад Мінска). Пасля вайны да 1980-х там дзейнічаў  Дом творчасці “Каралішчавічы”, дзе адпачывалі і пісалі свае творы Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і іншыя класікі беларускай літаратуры.

Экскурсія заканчваецца там, дзе і пачыналася, – ля мемарыялу “Трасцянец”. “Кажуць, што праз некалькі гадоў Каралішчавічы будуць уключаны ў тэрыторыю Мінска, –  кажа Таццяна Гайдук. – Але навошта? Такое незвычайнае месца павінна захоўвацца. Гэта сапраўдная “разынка” Міншчыны”. “Менскі велашпацыр” плануе зрабіць гэты маршрут рэгулярным.

Арыгінал публікацыі можна прачытаць тут.