“Другая сусветная” з аркестрам і танцамі

У Купалаўскім тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Другая сусветная”.


Буду шчырым перад чытачамі: на прэм’еру гэтага спектакля я накіроўваўся з вялікім скепсісам. Прычын было багата. За апошнія гады, калі не дзесяцігоддзе, не памятаю, каб спектакль, прысвечаны падзеям вайны, стрэліў у дзясятку (“Дажыць да прэм’еры” ў РТБД – выключэнне). Паўплывала асоба аўтара песень (пра Марка Мермана было вядома толькі тое, што ён скончыў філфак БДУ і цяпер жыве ў амерыканскім Пітсбургу, штат Пенсільванія). Нарэшце, выбраны Мікалаем Пінігіным жанр – спектакль-канцэрт. Перад вачыма стаяла “Местачковае кабарэ” (у 2012-м рэжысёр ажыццявіў пастаноўку з падобнай структурай). На практыцы “Кабарэ” ператварылася ў звычайны канцэрт, у якім адсутнічалі ўсялякія сувязі і пераходы паміж нумарамі. Калі ўлічыць, што вакальныя дадзеныя большасці купалаўцаў непараўнальныя з салістамі Опернага або Музычнага, можна здагадацца пра канчатковы вынік. Упершыню на маёй памяці партэр Купалаўскага на прэм’еры ззяў прагаламі (магчыма, паўплываў і пачатак сезона лецішчаў).

На шчасце, магу шчыра прызнацца ў сваёй памылцы, а тэатралаў заклікаю завітаць на чарговы паказ “Другой сусветнай”. Новая пастаноўка Купалаўскага атрымалася і “стрэліла”. Больш за тое: выкажу думку, магчыма, крамольную для прыхільнікаў Мікалая Пінігіна: з усіх яго спектакляў, пастаўленых пасля прыходу ў тэатр у якасці мастацкага кіраўніка, “Другая сусветная” асабіста мяне натхніла найбольш.

Упершыню па-руску
Як жа дасягнуты такі вынік? Перш за ўсё, тэкстамі вельмі высокага ўзроўню. Дарэчы, песні выконваюцца на мове арыгіналу – па-руску. Гэта першы спектакль у рэпертуары Купалаўскага, у якім дамінуе рускае мова. Калі гаворка ідзе пра падзеі вайны, мы прызвычаіліся: са сцэны прагучаць бяспройгрышныя хіты савецкага часу – ад “Довоенного вальса” (“Год сорок первый, начало июня…”) да “Дня Победы” (“Этот День Победы порохом пропах // Это праздник с сединою на висках”). Найлепшыя тэксты Мермана не саступаюць ім. Савецкія хіты адлюстроўвалі падзеі менавіта Вялікай Айчыннай вайны, настроі і пачуцці людзей, якія ваявалі на савецка-германскім фронце. Марк Мерман нарэшце вядзе гаворку менавіта пра Другую сусветную вайну. “Савецкі Саюз узяў на сябе асноўны цяжар вайны, – кажа са сцэны актрыса Вікторыя Чаўлытка. – Але гэта была Другая сусветная вайна. Гэта была глабальная катастрофа. Пра гэта наш спектакль”.

Акрэсленай мэце адпавядае агульная кампазіцыя, у якой адчуваецца ўнутраная логіка. Адной з першых гучыць песня “Дваюрадная мова” ў выкананні Алены Сідаравай. Гаворка пра Польшчу (другую Рэч Паспалітую) і пра пачатак Другой сусветнай вайны ў 1939-м. У канцы спектакля гучаць песні пра лёс Саламона Міхоэлса (забітага ў Мінску ў 1948 годзе), пра людзей, якія зрабіліся калекамі, пра пасляваеннае аднаўленне Мінска. Такім чынам, кола замыкаецца. А ў цэнтры пастаноўкі знаходзяць адлюстраванне самыя розныя па настроі і гучанні падзеі Другой сусветнай.

Перш за ўсё тэрыторыя ваенных дзеянняў у творах Мермана ахоплівае Усходнюю і Заходнюю Еўропу, Афрыку (песня “Эль-Аламейн” прысвечаная вырашальнай бітве, што адбылася на поўначы кантынента паміж саюзнікамі і немцамі), а таксама Паўночную Амерыку (герой кампазіцыі “Стары ў Заходнім Бронксе” згадвае мінулае). Дзейныя асобы песень – Саламон Міхоэлс і Уінстан Чэрчыль, Лені Рыфеншталь і Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, Любоў Арлова і Леанід Уцёсаў. Такім чынам у пастаноўцы знікае ранейшы вузкі і ў нечым ідэалагізаваны падыход, пры якім вайна трактавалася выключна як падзея з савецкай гісторыі. Тут, наадварот, узнікае адчуванне судакранання з агульнасусветным змаганнем. Гэта не вузканацыянальны, а агульнацывілізацыйны погляд на вайну. Ён дапаўняецца ўдала падабранай кінахронікай і плакатамі часоў Другой сусветнай (мастак-пастаноўшчык – Барыс Герлаван, стваральнік відэакантэнту – Сяргей Тарасюк). Гэтыя складнікі дапамагаюць перадаць агульную атмасферу ваенных гадоў. А таксама наўпрост рэалізуе на практыцы ідэю асветніцтва – адзін з ключавых пунктаў пінігінскай праграмы, які паслядоўна ўвасабляўся ў “Тэатры Уршулі Радзівіл”, “Местачковым кабарэ” і “Пане Тадэвушу”. Прычым гэтым разам – найбольш паспяхова і па-мастацку пераканаўча.

Ракурс – аўтарская песня
Яшчэ адна істотная рыса – унутраная адпаведнасць паміж характарам акцёра і песнямі, якія ён выконвае. Паўтаруся: амаль ніхто з купалаўцаў не мае прафесійнай вакальнай адукацыі. У 2012-м гэта паўплывала на вынік “Местачковага кабарэ”. Бо выкананне тых кампазіцый патрабавала спеўнага ўзроўню, дасягнуць якога ў драматычным тэатры вельмі складана. А вось творы, якія гучаць у “Другой сусветнай”, у нечым можна аднесці да праяў аўтарскай песні. Нагадаю, апошняй уласцівае дамінаванне тэксту і сэнсу, які ён увасабляе, а не музыкі. Сапраўды, паэт Марк Мерман пераўзыходзіць кампазітара з такім жа прозвішчам. Праўда, дзякуючы бліскучай аранжыроўцы нумароў, якую ажыццявіў кампазітар Уладзімір Кур’ян (а выканаў аркестр тэатра, што знаходзіўся на сцэне), гэтая акалічнасць не так кідаецца ў вочы.

Выкананне ўзораў аўтарскай песні не патрабуе бездакорнага вакалу. Так, пры іх існаванні агульны ўзровень спектакля-канцэрта атрымаўся б яшчэ больш высокім. Сцвярджаю так на падставе выступлення Юліі Шпілеўскай (песня “Аркестр Леаніда Уцёсава”). Кантраст паміж Шпілеўскай, якая ў свой час атрымала адукацыю як артыстка музычнага тэатра, і іншымі выканаўцамі адчувальны, але не надта кідаецца ў вочы. Наадварот, купалаўцы атрымліваюць мажлівасць прадэманстраваць уласныя акцёрскія здольнасці. Усходнія, ісламскія матывы адчуваюцца ў выкананні Паўлам Харланчуком песні “Аль-Аламейн”. Яго спевы часам нагадваюць крык, што гучыць над пустыняй з вышыні мінарэта. Песня “Штрафныя душы”, якую ўвасабляе Ігар Сігоў, наогул нагадвае перадсмяротны хрып салдата, асуджанага на смерць. Зоя Белахвосцік, перад тым як выканаць песню “Памяці Саламона Міхоэлса”, расказвае, як знакамітага артыста за некалькі дзён да смерці запрасіў у госці яе дзядуля Глеб Глебаў, славуты купалавец. Яе спевы ствараюць атмасферу трагедыі – як асобнай сям’і, так і ўсёй краіны.

Наогул, на ўзроўні былі ўсе іншыя артысты (з тых, каго не называў раней, – Ганна Хітрык, Віктар Манаеў, Марта Голубева, Валянціна Гарцуева, Святлана Анікей, Аляксандр Казела). Дарэчы, на спектакль заяўлены ўсяго адзін склад (толькі песня “Светлы шлях” мае двух выканаўцаў – Зою Белахвосцік і Генадзя Гарбука).

На агульны поспех паўплываў шэраг прадуманых мізансцэн, простых, але характэрных дэталяў. Вось Алена Сідарава выходзіць на сцэну з валізкай. Бо яна эмігрантка, якая мусіць пакінуць Польшчу, заваяваную немцамі. Або Павел Харланчук высыпае з кішэняў пясок. Магчыма, ягоны герой быў засыпаны ім пры выбуху.

Спектакль “Другая сусветная”, ненавязлівы і не дыдактычны, пераконвае, што нават у пачатку ХХІ стагоддзя можна нечакана і па-новаму адлюстраваць падзеі Другой сусветнай вайны. І музыкай, і паэтычным словам.

Арыгінал публікацыі можна прачытаць на сайце «Будзьма беларусамі!».