Сучасная літаратура. Таццяна Барысік

Першае знаёмства з апавяданнямі Таццяны Барысік, што ўвайшлі ў зборнік “Жанчына і леапард” (серыя “Кнігарня пісьменніка”), выклікае надзею, што перад намі — доўгачаканы гумарыстычна-іранічны погляд на сучасную беларускую вёску. Бо “вясковая літаратура” — адзін з “кітоў”, на якім трымалася прыгожае пісьменства да нядаўняга часу, — досыць доўга была сур’ёзнай і ў нечым нават змрочнай (згадаем хоць бы творы Андрэя Федарэнкі “Вёска” і “Бляха”).


Зразумела, што казаць пра сучаснае жыццё вёскі ў такой стылістыцы да бясконцасці немагчыма. Такі верны рэалістычнай манеры падыход не ў апошнюю чаргу тлумачыўся надзеяй аўтараў, што і начальства, і вяскоўцы задумаюцца. Але першыя пісьменнікаў не чуюць, а другіх ужо амаль не засталося: сваёй малалікасцю вяскоўцы нагадваюць пасажыраў карабля, які пацярпеў крушэнне паблізу пустыннага вострава. “На суседавай лаўцы ў чаканні аўталаўкі было як ніколі людна і весела, — іранічна піша Таццяна Барысік. — Мала таго, што паў-Забалаці сабралася: тры бабы і глухаваты дзед Васіль, ды яшчэ забудзькаўская дачніца прывалаклася”.

Нездарма адзін з герояў пісьменніцы ўпэўнены: “Дзень пажылога чалавека — свята культавае ў нашых мясцінах”. Таму апавяданням уласцівая амаль поўная адсутнасць асабістых канфліктаў паміж героямі. Нешматлікія выключэнні маюць камічны характар. Напрыклад, спроба Грышкі Быка атрымаць халяўную выпіўку і закуску за здохлага казла выклікае абурэнне Мані (апавяданне “Казліная помста”). Наогул у творах Таццяны Барысік сарказм і іронія паяднаныя. На літаратурнай карце з’яўляецца вёска Вялікія Пацукі, чые жыхары цягнуць з малітоўнага дома гуманітарныя транты. Шашлыкоў у вяскоўцаў хапае на “поўны тазік”. Адзін з жыхароў ужо пайшоў “на свой хлеб”: ён “адсядзеў тры гады. Цяпер ляжыць у абласной псіхбальніцы — інваліднасць зрабіць сабе хоча”. Чым не “поствясковая літаратура”, якая непазбежна прыйдзе на змену “вясковай”? Чым не праявы камічнасці, якія прыходзяць на змену эпасу? Але смех у апавяданнях усё ж гучыць праз слёзы. Так, дзяліць вяскоўцам няма чаго. Але галоўны канфлікт кнігі “Жанчына і леапард” разгортваецца паміж вяскоўцамі і часам, бязлітасным да вёскі і ладу жыцця, які там пануе.

Прычым відавочна, што людзі гэтае супрацьстаянне прайгралі. Асобныя няўдалыя спробы змагання (настаўніца Вольга Іванаўна ў апавяданні “Па наезджанай каляіне” імкнецца знайсці час на творчасць) толькі падкрэсліваюць яго бессэнсоўнасць. У найлепшым выпадку мары герояў тычацца гарадскога матэрыяльнага дабрабыту (у апавяданні “Прыступка да поспеху” паэт Віталь Мурашоў збіраецца ажаніцца з дачкою дырэктара аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада). Але астатнія героі нават не імкнуцца вырвацца са звыклага асяроддзя. Таму пры ўсёй разнастайнасці характараў, якія сустракаюцца на старонках апавяданняў, тыповы герой Таццяны Барысік — сталы чалавек, які выжывае, а часам дажывае свой век — і не спадзяецца на змены да лепшага. Абурэння ў іх няма, таму ўсё ўспрымаецца як мае быць. Алена Гаўрыльчык (апавяданне “Жанчына і леапард”) марыць у будучым жыцці стаць леапардам (“…Ён у зграі не жыве. Ляжыць на галіне дрэва над сцежкай, кудой антылопы на вадапой ідуць, і палюе сабе сваю здабычу”). Адэлька (апавяданне “Вянок цыбулі”) на старасці гадоў дзівіцца магчымасці наесціся ўдосталь мяса, не баючыся, што яго адбяруць п’яныя сваякі або іх сабутэльнікі.

Калі і чаму чалавек прайграў супрацьстаянне часу? Прамога адказу на гэта пытанне няма. Падзеі апавяданняў маглі разгортвацца ў другой палове 1990-х, у нулявых або ў сучасных нам дзясятых. Дэградацыя вёскі канстатуецца яе з’ява, бо супрацьстаянне вяскоўцаў з часам дый з грамадствам мела месца раней, “за саветамі”. Той перыяд згадваецца вяскоўцамі калі не як “залаты век”, дык прынамсі як найлепшыя часы жыцця. Тады, як кажуць, дрэвы былі вялікімі, а самі героі — маладымі. “У 89-м годзе мяне абралі старшынёй цэхкама. Дэфіцыты дзялілі. Штаны з лаўсану, касцюмы спартыўныя. А колькі штучных елак зялёных і бліскучых я прывалок дадому і прадаў налева!” — з захапленнем згадвае ўласнае мінулае п’яніца Сцяпан Маліноўскі і лічыць тыя падзеі “найлепшым момантам у сваім жыцці”.

Але нават гэтая цытата сведчыць, што ўжо тады дзяржаўныя гаспадаркі пачалі пакрысе развальвацца, а вяскоўцы дэградаваць. А ў 1990-я дэградацыя толькі пашырылася. “Зачынілі ферму — грошай не стала зусім, — разважае Валя Чацвяртушка, гераіня апавядання “На Каляды”, — магчымасці выручыць паўлітру якога пойла на камбікорм ці зерне таксама”. Як бачна, алкаголь выступае ў якасці грашовага эквіваленту. Нездарма ў гэтым жа апавяданні канстатуецца: “За спірт усё рабілася, касілася і кармілася”. Любка, гераіня таго ж апавядання, крадзе ў цёткі грошы, якія тая адклала на ўласнае пахаванне. “Усё адно інфляцыя з’есць”, — разважае жанчына. Працэс калядавання, намаляваны Таццянай Барысік, выглядае як пародыя на гэты абрад. Кожны з яго ўдзельнікаў мае свае прагматычныя мэты (знайсці жаніха або выпіць). Цэласны погляд на зборнік “Жанчына і леапард” стварае адчуванне агульнай маральнай і эканамічнай катастрофы, што напаткала вясковую цывілізацыю, якая імкліва набліжаецца да свайго знікнення.

З усеагульнай дэградацыяй (як матэрыяльнай, так і маральнай) кантрастуюць падзеі і героі апавядання “Маленства пад горку кацілася”. Бадай, гэта самы аптымістычны з разгляданых твораў Таццяны Барысік. Яго героі — дзеці (апавядальніку споўнілася дзесяць гадоў, астатнім прыкладна столькі ж: “год туды-сюды”). Вядома, для кагосьці з іх вёска — гэта страчаны рай, адкуль яны пры канцы лета вяртаюцца ў горад. Але для мясцовых жыхароў страчаным раем успрымаецца іх уласнае дзяцінства. Хутчэй за ўсё, усе сталыя героі цешыліся ва ўласным дзяцінстве такімі ж марамі і зведалі тыя ж ілюзіі.

Дык у чым выйсце з сітуацыі, якая напаткала беларускую вёску? Адзін з адказаў можна знайсці ў разважаннях Іванавіча па мянушцы Свіны Татка — фермера, які нечакана з’явіўся ў вёсцы. Характэрна, што ён, прышлы чалавек, вымушаны прыняць правілы гульні: “спірт і ферма побач сталі асноўным сакрэтам поспеху яго гаспадаркі” (бо мясцовыя п’яніцы куплялі ў Іванавіча спірт і мянялі яго на зерне і камбікорм). Але “як зачынілі ферму, дык халяўнае зерне за паўлітру больш ніхто не прыносіў”. Паводзіны Іванавіча паказваюць, што чужыя людзі ў вёсцы не прыжываюцца, асяроддзе закансервавалася і супрацьстаіць якім заўгодна зменам.

На думку Свінога Таткі, “мясцовыя п’яніцы хоць гной з хлява выкінуць ці вады нацягаюць. А гэтыя (гаворка пра гасцей з горада — Д. М.)... Ні рабіць, ні піць не ўмеюць. Паі, кармі і іх дзяцей, і блядзей іхніх (…). Вымерлі людзі, як маманты — і п’яныя, і цвярозыя…” Па сутнасці, гаворка ідзе пра дэградацыю нацыі як працэс, які ўжо прайшоў кропку невяртання. Атрымліваецца, што выйсця няма.

Другі адказ дае пяцікласніца Наташа, гераіня апавядання “Падарунак для Дзеда Мароза”, якая замест традыцыйных дзіцячых вершыкаў пра “шишки да иголки” чытае багдановічаўскую “Пагоню”. На думку пісьменніцы, вёску можа выратаваць зварот да ўласных каранёў і традыцый (хоць у перадачы гэтых думак публіцыстычныя інтанацыі пераважаюць над уласна мастацкімі). Але асаблівага эфекту выступленне пяцікласніцы не мела. “У жыцці мястэчка, на жаль, асабліва нічога не змянілася”. Таму не здзіўлюся, калі пасталелая Наташа праз гады з’ездзе на вучобу ў Мінск або ў адну з еўрапейскіх сталіц. Бо яе слухачам хораша і ў роднай хаце. Усё, што за яе межамі, іх не цікавіць.

Арыгінал публікацыі можна прачытаць тут.