Не зачапіла: пра мюзікл «Шалом алейхем!»

Рэцэнзія аўтарытэтнага музыказнаўцы Вольгі Брылон, прысвечаная спектаклю “Шалом алейхем! Мір вам, людзі!” (апошняй прэм’еры Музычнага тэатра) называецца “Галоўнае — зачапіла…”. Цяжка не згадзіцца, што шыкоўны тэкст Рыгора Горына і музыка Алега Хадоскі абумовілі касавы поспех пастаноўкі. Але мае агульныя ўражанні атрымаліся супрацьлеглыя. Не зачапіла зусім!


Фота з сайта www.musicaltheatre.by

У праграмцы сцвярджаецца, што асновай спектакля выступіла “літаратурная кампазіцыя Міхаіла Кавальчыка паводле аповесці “Тэўе-малочнік” Шалом Алейхэма. Як слушна заўважыла В.Брылон, мюзікл грунтуецца на п’есе Горына “Памінальная малітва”. Як ні дзіўна, гэта акалічнасць зраібілася адной з самых істотных праблем пастаноўкі.

Не сакрэт, што акцёры Музычнага нячаста сустракаюцца з драматургіяй, у якой ёсць трагічныя падзеі, а не ў тысяча першы раз увасабляюцца разнастайныя адценні любоўных перажыванняў. За апошнія гады адным з нешматлікіх выключэнняў была “Вестсайдская гісторыя”. Такім жа тэкстам з’яўляецца п’еса Горына.

У свой час Марына Давыдава, адзін з самых аўтарытэтных расійскіх крытыкаў, ахарактарызавала драматургічную спадчыну Горына на прыкладзе “Блазна Балакірава”, яго апошняга твора: “П’еса (…) валодае усімі горынскімі вартасцямі і недахопамі. У ёй перамяшаны лірыка, фарс і абсурд, а мінулае дапамагае асэнсаваць сучаснасць. У ёй, згодна, традыцыям, рускай літаратуры, маленькі чалавек выглядае больш прывабна за дзяржаўных мужоў, (…). У ёй ёсць шмат сказаў, якія разыдуцца на цытаты, і цудоўных сцэн, у якіх ёсць што сыграць акцёрам. У ёй няма аднаго – драматургічнага адзінства, бо драматургам з вялікай літары пісьменнік-сатырык усё ж не быў”.

Што атрымалася ў Музычным? Звышдасціпны, але ўсё-такі рыхлы па драматургіі горынскі тэкст, разлічаны на акцёраў драматычнага тэатра, пайшоў на сцэне амаль без зменаў (напрыклад, захавалася абсалютна інтэрмедыйная сцэна з бабуляй Цэйтл). Гэта ператварыла пастаноўку ў сапраўдны марафон, які зацягнуўся больш, чым на тры гадзіны.

Артысты Музычнага былі вымушаны іграць на “тэрыторыі” драматычнага тэатра. Вельмі сакавіта інтэрпрэтавалі свае ролі Кацярына Дзегцярова і асабліва Лідзія Кузьміцкая, якія ўвасаблялі Голду, жонку Тэўе. Як заўсёды на ўзроўні знаходзіўся Дзяніс Нямцоў (студэнт Перчык). Высокі ўзровень акцёрскай ігры прадэманстравалі Наталля Гайда (сваха Ента) і Дзмітрый Якубовіч (Менахем), годна глядзелася ў эпізодах моладзь.

Але высокая планка, узнятай папярэднімі выканаўцамі гэтых роляў, скарылася не ўсім. Цяжка сказаць, хто тут больш вінаваты: акцёры, якія, магчыма, не пачулі рэжысёра, або рэжысёр, які належным чынам не дапрацаваў з выканаўцамі. Каб не зазіраць далёка, згадаю спектакль “Памінальная малітва”, які ішоў у Купалаўскім яшчэ да рэканструкцыі. Які глыбокія вобразы стваралі Аўгуст Мілаванаў, што выконваў ролю Тэўе, Мікалай Кірычэнка (мяснік Лэйзэр)!

Вярнуся да прэм’еры ў Музычным. Цалкам згаджуся з ацэнкай працы Аляксандра Асіпца, пра якога В.Брылон піша, што ён “пакуль яшчэ толькі ўжываецца ў ролю Тэўе”. Але тое ж можна сказаць і пра Антона Заянчкоўскага! Яго Тэўе – зусім не яўрэй, а тыповы рускі мужык. А з-за такой інтэрпрэтацыі шмат у чым знікае атмасфера яўрэйскага мястэчка. Яна адчуваецца толькі ў музыцы, але не праз шэраг акцёрскіх вобразаў. Калі пачынаюцца сцэны, пабудаваныя выключна на дыялогах, спектакль пачынае элементарна “правісаць”. Да таго ж рэжысёр па-сутнасці не прапанаваў уласнага прычытання тэксту, а добрасумленна рушыў за Горыным.

Больш выйгрышна выглядалі музычныя нумары. Але ж яны былі разлічаны на мюзікл з уласным лібрэта, а не горынскі тэкст. Напрыклад, надзвычай лірычным выглядае дуэт Голды і Тэўе. Але гэта лінія ў п’есе раскрыта вельмі слаба. Таму дуэт выглядае нібы з іншай оперы.

Такім жа супярэчлівым выглядае і ўвесь спектакль. У сацыяльных сетках сустрэў цікавае параўнанне пастаноўкі з пінжаком Мотла, пашытым з розных кавалкаў. Знешне ён выглядаў прывабна. Але як толькі яго паспрабавалі апрануць, парваўся. Зрэшты, як сказала Голда, “чалавек стараўся, значыцца, скажы дзякуй!”.

Не зачапіла…// Культура. 2015. 25 студзеня. № 4. С. 8.
P.S. Тры сказы, вылучаныя курсівам у апошнім абзацы, не трапілі ў папяровы варыянт газеты.