«Як жыць – дык жыць для Беларусі…»

9 жніўня 2010 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння выдатнай беларускай паэтэсы Ларысы Геніюш.


Яе лёс быў пакручастым і цяжкім, постаць – нязвыклая для літаратурнага працэсу другой паловы стагоддзя. Часавая дыстанцыя дае магчымасць убачыць яе асобу на адлегласці і ацаніць зробленае для Беларусі.

Біяграфія творцы часам дапамагае, а часам і перашкаджае ацаніць яго належным чынам. Дапамога, бадай, праяўляецца ў насычанасці жыццёвых падзей, якія паўстаюць выспамі ў бязмежным акіяне лёсу. Калі ўлічыць, што біяграфіі шэрагу паэтаў багатыя на ўнутранае жыццё, але бедныя на яе знешнія праявы (нараджэнне – вучоба – праца ў часопісе ці газеце – публікацыі зборнікаў вершаў), неабазнанаму чытачу часам цяжка ідэнтыфікаваць паэта, выдзяліць яго з арміі творчых работнікаў.

Лёс Ларысы Геніюш быў надзвычай багаты падзеямі. Нараджэнне на Гродзеншчыне, польская школа, замуства, жыццё ў Празе, спроба выкарыстаць паэтэсу ў палітычнай барацьбе. А далей – атрыманне чэхаславацкага грамадзянства, яго пазбаўленне, дэпартацыя ў СССР, прысуд у 25 гадоў, лагер, вызваленне, жыццё ў Зэльве пад наглядам, выхад некалькіх кніг. Падзей хопіць не на адно жыццё.

Цяжкасці заключаюцца ў тым, што любая праява грамадска-палітычнага і культурнага жыцця СССР з’яўлялася палітыкай. Таму кожны яго актыўны ўдзельнік адначасова трапляў у катэгорыю палітыкаў з усімі наступствамі. Нават цяпер складваецца ўражанне, што ацэнка творчасці паэтэсы Ларысы Геніюш наўпрост залежыць ад палітычных пераканняў аўтара матэрыяла. Падтрымлівае ён ідэалы Беларускай народнай рэспублікі, з абурэннем успрымае спробы дзяржавы ў савецкія часы кантраляваць літаратурны працэс – Геніюш становіцца талентам і ледзь не геніям. Крытычна ўспрымае дзейнасць любых прадстаўнікоў беларускай эміграцыі – паэтэса становіцца ўсяго толькі штандартам пэўных сілаў, якія выкарыстоўваюць Геніюш як сімвал. То бок пераважная большасць ацэньвае погляды Ларысы Геніюш як грамадскага дзеяча, а не як паэтэсу. Але нам цікавая яна менавіта як творца.

На першы погляд, Геніюш напісала не так ўжо шмат. У 2000 годзе том яе творчых набыткаў выйшаў у “Беларускім кнігазборы”, найбольш поўная на сённяшні момант спадчына сабрана ў двухтомніку (гаворка пра яго чакае ніжэй). Ды толькі гэта і ёсць адзнака сапраўднасці: у адзінак (як Рыгора Барадуліна) колькасць не ўплывае на якасць. Калісьці Юрый Нагібін заўважыў, што “паэт, няздольны напісаць па-цютчаўскі сціслы верш, перастае быць богам, ён можа застацца толькі прафесіяналам высокай маркі”.

А Геніюш была болей, чым прафесіянал. Яе талент быў дадзены Богам, і кожны верш нараджаўся, як кропля смалы на ствале дрэва. З-пад яе пяра выходзіла і лірыка (“Спатканне”, “Ноч”, “Вясна”, “Дзявочае сэрца”), вершы для дзяцей, якія склалі зборнікі “Казкі для Міхаські” і “Добрай раніцы, Алесь”. Але галоўным лейтматывам яе творчасці заўсёды заставалася Беларусь, чый лёс, здаецца, значыў для Геніюш нават болей, чым каханне:

Не скажу, што ты рана загінуў,
не пажалюся людзям, ні Богу!
Для каханае нашай Радзімы
Й найдарожшых ахвяр не замнога.

Радзіма выступала для паэтэсы алтаром (“***Маці мая славянская”). Служэнне назалежнай Беларусі было яе верай. Таму не дзіўна, што людзей, якія так не лічылі, Геніюш увогуле не прызнавала. А яны не прызнавалі яе.

Непрыманне паэтэсай савецкага ладу жыцця выявілася і ў пазіцыі, на якой яна стаяла ад вызвалення з лагеру ў 1956-ым і да самай смерці ў 1983-ым. Ларыса Антонаўна адмовілася прымаць савецкае грамадзянства, так і не ўступіла ў Саюз пісьменнікаў. І гэта ў тых ўмовах, калі іншыя пісьменнікі, што прайшлі праз лагерныя пакуты (У.Дубоўка, С.Грахоўскі) імкнуліся вярнуцца ў літаратурнае жыццё, выдаваць зборнікі вершаў, перакладаў, жыць і дыхаць як звычайныя людзі. Хтосьці бачыць ва ўчынках Геніюш праяву грамадзянскай мужнасці, хтосьці – вернасць ідэалам маладосці. І сапраўды, Геніюш, бадай, не магла паводзіць сябе іначай:

Змагацца – дык шчыра, на поўны ўздым.
Памерці – дык горда, за волю і славу.
Калі пакахаць, то пачуццем такім,
Каб шэрую землю расплавіць на лаву!

Але будзеш шчырымі, у сваёй бескампраміснасці Геніюш часам не зважала на тых, хто вагаецца. Нават старонкі “Споведзі” Лырыса заканчвае досыць катэгарычным мерканнем, адрасаваным свайму мужу: “Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасці тут, на Поўначы… Якое, чалавек, шчасце, калі ўсё тут на падмане, на трупах і патрэбная барацьба!”. Нават на сямейных фотаздымках, зробленых у Зэльве пасля вяртання з лагера, відаць, хто ў сям’і з’яўляўся галоўным; муж Ларысы Антонаўны, Янка Геніюш глядзіць у аб’ектыў стомленымі вачыма, а яна з усмешкай, душэўнай трываласцю і ўпартасцю ўглядаецца ў вочы нашчадкаў. Сам насам з сабой, перад Богам, да якога паэтэса часта звяртаецца ў сваіх творах, асабліва ў “Споведзі”, яна магла дзяліцца сумненнямі, перад людзьмі – заставацца прыкладам непахіснасці духу.

І ўсё ж, чаму менавіта Ларыса Геніюш засталася сярод буйнейшых асоб нацыянальнай літаратуры? Што спрыяла яе ўзыходжанню на Парнас? Адказаць на гэта пытанне паспрабую словамі Максіма Танка, выказанымі з нагоды зусім іншых творцаў: “Казімір Сваяк, Вінцук Адважны, іншыя – гэта была група ксяндзоў-беларусаў, якія займаліся то публіцыстыкай, то святым пісаннем, то пісаннем вершаў. Але ўзровень гэтай літаратуры нават заходнебеларускай крытыцы не дазваляў рабіць з іх вялікіх літаратурных дзеячаў. Яны былі добрымі прапаведнікамі нацыянальнай ідэі, але іх творы не дараслі да самой гэтай ідэі, былі ніжэйшыя за яе”.

Вось яна падказка! Творчасць Ларысы Геніюш жывілася, грунтавалася на нацыянальнай ідэі. А ў савецкія часы яе галоўным носьбітам. Так лічыць значная частка сённяшняга грамадства. Але ў сваіх лепшых вершах паэтэса перарасла просталінейны падыход да самой нацыянальнай ідэі. Заклікі да барацьбы і змагання часта ператвараюць паэтаў у публіцыстаў, што па сутнасці падразае ім крылы і назаўсёды пакідае ў сваім часе. Геніюш жа узнялася ад публіцыстычных заклікаў да глыбокіх параўнанняў, абагульненняў, сімвалічных вобразаў. Памятаеце “Зуброў”?

Непрыгожыя, барадатыя,
З нетраў пушчы ідуць зубры,
На плячох – вехі-грывы кудлатыя
І цяжкія нясуць гарбы (…)
Ўсе прыходзілі, ўсе іх нішчылі, –
Ад чужынца дабра не пачуць,
А яны грамадою нялічанай
Страпянуцца і зноў жывуць. (…)

Сваёй творчасцю Ларыса Геніюш ўзняла беларускую ідэю да ўзроўню высокай паэзіі.
Вершы паэтэсы пачалі вяртацца да чытачоў пасля яе смерці, пачынаючы з канца 1980-ых гадоў: паступова, у літаратурнай палеміцы, з тлумачэннем мастацкай вартасці яе спадчыны. З’явіліся публікацыі ў перыёдыцы, у 1990 годзе “Маладосць” надрукавала яе “Споведзь”. У школьную праграму былі ўключаны асобныя яе творы. Напрыклад, знакамітае чатырохрадкоўе паэтэсы, у якім яна, па сутнасці, выяўляла сваё творчае крэда:

Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А без яе – зусім не жыць.

У наш час змянілася ацэнка грамадствам шэрагу падзей мінулага. Цяпер, калі з боку гістарычнай навукі прызнана роля БНР ў станаўленні нацыянальнай дзяржаўнасці, а таксама даказана, што паэтэса ніякім чынам не супрацоўнічала з нямецка-фашысцкім рэжымам – і нават выклікалася на допыты ў гестапа за тое, што не згадвала ў паэтычных творах асобу Гітлера, – можна больш разважліва аналізаваць менавіта мастацкую вартасць творчасці Ларысы Геніюш.

Несумненна, у гэтым будзе спрыяць яе двухтомнік, выдадзены ў мінскімі выдавецтве “Лімарыус”. Першы том склалі вершы і паэмы. Прычым, 74 з іх знойдзены ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі навук і друкуюцца ўпершыню. У другі том увайшлі проза і творы эпісталярнага жанру.

У свой час даследчык Мікола Мікуліч выдаў кнігу “Максім Танк на скразняках стагоддзя”. Агульнавядома, што Ларыса Геніюш, паслядоўная прыхільніца нацыянальнай ідэі і незалежнай Беларусі, і Максім Танк, які шчыра верыў у камуністычныя ідэалы і быў афіцыйна прызнаным паэтам, сябравалі і перапісваліся. Таму і ў дачыненні на Ларысы Геніюш можна сказаць, што яна не проста на скразняках: яна была ў эпіцэнтры бур, што праносіліся над беларускай зямлёй у ХХ стагоддзі. Тым не менш, выстаяла, засталася ў вершах і прозе. Пісьменніца не магла жыць без Беларусі. Зараз жа несумненна адно: Беларусь таксама не можа жыць без Ларысы Геніюш.

“Як жыць – дык жыць для Беларусі…” // Літаратура і мастацтва. 2010. 13 жніўня.