Сны пра бацьку

На закрыцці міжнароднага форума “ТЕАРТ” паказалі спектакль “Тата”, апошнюю прэм’еру Купалаўскага тэатра.


Фота з сайта тэатра kupalauski.by

Адна п’еса, два пераклады
Былы вайсковец Аляксандр (у розных складах Раман Падаляка або Сяргей Рудэня) вяртаецца пасля смерці бацькі (Генадзь Аўсяннікаў) у родны дом. Ягоныя сёстры хочуць прадаць будынак, але галоўны герой супраць. Ён спрабуе разабрацца, ці любіў яго бацька, які нават пасля смерці прыходзіць да сына ў снах.

Прачытаўшы завязку сюжэта, у тэатралаў, якія часта наведваюць фестываль, не можа не ўзнікнуць адчування дэжавю. Сапраўды, летась падчас “ТЕАРТа” п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага паказаў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Але адрозненняў паміж спектаклямі нашмат больш, чым падабенства.

Першае з іх чыста вонкавае – і выяўляецца ў назве (на афішы РТБД арыгінальная назва п’есы – “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”). Як ні дзіўна, існуюць і два пераклады з рускай мовы. Спецыяльна для Купалаўскага Ірына Герасімовіч наноў перастварыла тэкст Багаслаўскага, які гучыць па-беларуску цалкам натуральна. Праўда, паміж арыгіналам і новым перакладам існуе кардынальнае адрозненне: з тэксту знікла сцэна, у якой душа медыума Альберта (Ігар Дзянісаў, Вячаслаў Паўлюць) перабіралася ў цела Аляксандра. У РТБД гэтая сцэна надала пастаноўцы адценне містычнасці (Багаслаўскага нездарма называюць “магічным рэалістам”). У Купалаўскім такое рашэнне прывяло да двух наступстваў. Прыватнага (вобраз Альберта выконвае чыста механічныя функцыі) і агульнага, калі адсутнасць містыкі безальтэрнатыўна накіроўвае спектакль у рэчышча псіхалагічнага тэатра.

На першы погляд такое рашэнне цалкам выйгрышнае, бо менавіта вернасць тэатру перажывання калісьці прынесла Купалаўскаму агульнасаюзнае прызнанне. Але такі падыход патрабуе як надзвычай грунтоўнай працы рэжысёра з акцёрамі, так і ўвагі да дробязяў, якія ствараюць агульную атмасферу.

Чаму сын не разумее бацьку?
З трох прэм’ерных паказаў “Таты” давялося пабываць на двух. Спадзяваўся бачыць два склады, але ў другі раз купалаўцы ператасавалі акцёрскую калоду. Таму ў некаторых ролях убачыў розных выканаўцаў, а ў іншых – тых самых. Але вынік ад гэтага не змяняецца. Лічыць гэтыя ролі сваёй акцёрскай удачай могуць нямногія. Сярод тых, хто трымае марку, – народныя артысты Генадзь Аўсяннікаў і Арнольд Памазан. У сцэне на пачатку спектакля, калі Дзмітрыч размаўляе з Юрасікам, акцёры літаральна купаюцца ў ролі і маладзеюць на вачах. Калі для Памазана роля застаецца эпізадычнай, то Аўсяннікаў стварае глыбокі вобраз народнага філосафа. Свой высокі выканаўчы клас пацвярджае Зоя Белахвосцік. Яе Наталля (старэйшая сястра Аляксандра), паводзіць сябе стрымана і з пачуццём самапавагі. Цяжка здагадацца, што ў Канадзе, адкуль яна прыехала на радзіму, гераіня ледзь зводзіць канцы з канцамі. Згаданыя выканаўцы дэманструюць узровень старога добрага Купалаўскага.

Але планку, узятую імі, падтрымліваюць не ўсе. Прычыны розныя. У кулуарах лічаць, што рэжысёр Кацярына Аверкава не надавала выканаўцам патрэбнай увагі. Паколькі сам не быў таму сведкам, сцвярджаць не буду. Прывяду літаральна адзін прыклад, дзе адлюстроўваюцца адносіны паміж бацькам і сынам.

У пастаноўцы РТБД Максім Брагінец, што выконваў ролю Аляксандра, здолеў стварыць вобраз былога вайскоўца, упартага, катэгарычнага, нервовага, які, як ні парадаксальна, у нечым застаецца падлеткам. Адчувалася, што ў ягоных стасунках з бацькам была доўгая перадгісторыя, дзе хапала і непаразуменняў, і канфліктаў. А значыць, такія адносіны мелі ўласную ўнутраную драматургію.

У абодвух паказах “Таты” дуэта паміж бацькам і сынам пакуль не склалася. Прычым прычына тут у абодвух маладых акцёрах. У характары героя Сяргея Рудэні дамінуе адна якасць – душэўная мяккасць. У астатнім ён успрымаецца як чалавек без біяграфіі. Што да Рамана Падалякі, то ўзнікае ўражанне, што акцёр дагэтуль знаходзіцца пад уплывам і ўдзеяннем сваёй ролі Густава-Конрада ў знакамітай пастаноўцы “Дзядоў”. Гледзячы на абодвух Аляксандраў, адразу робіцца відавочным: бацька любіць такіх сыноў, якімі б яны ні былі. Таму ніякай інтрыгі, драматургічнага нерва і канфлікту няма.

Не спрыяюць выканаўцам і асобныя элементы сцэнаграфіі, створаныя Барысам Герлаванам. Напрыклад, героі неаднаразова кажуць пра старую хату. Але мэбля выглядае цалкам новай. Ложак дык увогуле зроблены зусім нядаўна, нібыта пад замову ў “Пінскдрэве” (у старых хатах такая мэбля не стаяла). Каля рукамыйніка аднекуль бярэцца вадкае мыла. Але Аляксандр пераехаў у хату зусім нядаўна. Няўжо ім карыстаўся стары Дзмітрыч? Блішчыць і зусім новым выглядае і вядро ад калодзежа (а ў пастаноўцы РТБД яно было старым). Нібыта дробязі, але ўсе яны ствараюць агульную атмасферу.

Тэхнічныя “ноў-хаў”
Пастаноўка РТБД, паказаная год таму, атрымалася камернай, пры мінімуме дэкарацый. Дзякуючы новым тэхнічным магчымасцям п’еса Багаслаўскага набыла ў Купалаўскім размах. І ў гэтым, як мне падаецца, адна з галоўных супярэчнасцяў новага спектакля. Не сакрэт, што калі калектыў праходзіць праз грунтоўнае тэхнічнае пераабсталяванне сцэны, кіраўніцтва пастановачнай часткі нагадвае падлетка, якому хочацца як мага хутчэй праверыць усе функцыі любімай цацкі. Але актыўнае выкарыстанне механізмаў больш дарэчы ў спектаклях, у якіх патрабуецца маштаб, размах, вонкавая эфектнасць (тут варта згадаць оперу “Набука” ў Нацыянальным тэатры і балета, дзе такі падыход цалкам апраўданы).

У спектаклі “Тата” на сцэне ўсталявана некалькі відэаэкранаў. Рэжысёр Кацярына Аверкава імкнулася адлюстраваць на іх, як галоўны герой “бачыць і адчувае тое, што адбываецца вакол”. Гэтая ідэя спрацавала, бо кадры калодзежа, сада, галін дрэў, якія хістаюцца ад ветру, дапамаглі перадаць атмасферу бацькоўскай хаты. А вось радыёкіраваныя модулі выглядаюць дарэчы толькі ў двух эпізодах. Першы раз, калі Аляксандр даведвацца пра жаданне сясцёр прадаць хату. Тады модулі разыходзяцца, нібы тэктанічныя пліты. Адчуванне, нібы на зямлі адбыўся раскол. У іншым эпізодзе прадметы інтэр’еру (ложак, камод) нібыта выплываюць на сцэну. Іх можна інтэрпрэтаваць як сімвалы, што жывуць у свядомасці героя.

На жаль, ва ўсіх астатніх сцэнах тэхнічныя навінкі толькі перашкаджаюць дзеянню і ствараюць адчуванне безупыннай мітусні. Напрыклад, калі галоўны героі прыбірае на могілках, помнікі пачынаюць рухацца па коле. Але, напэўна, не варта блытаць Багаслаўскага з Гогалем, а “Тату” – з “Віем”. Бо ў выніку замест філасофскай гісторыі атрымліваецца сюжэт пра тое, як у айчынную вёску прыйшоў тэхналагічны прагрэс.

Вучыцца далей?
Летась прэм’ера “Шэпту” ў РТБД адбылася ў межах менавіта беларускай праграмы “ТЕАРТа”, дзе пакуль адчуваецца меншы ажыятаж публікі. Цяпер пастаноўка “Таты” завяршыла міжнародную праграму, у якой сёлета саліравалі такія зоркі еўрапейскай рэжысуры, як Алвіс Херманіс і Канстанцін Багамолаў, Міндаўгас Карбаўскіс і Оскарас Каршуновас. Узнікае лагічнае пытанне: ці апраўданая такая рызыка? Мяркую, што так. Зразумела, уключэнне “Таты” ў праграму – у нечым аванс калектыву і рэжысёру, імкненне прыцягнуць да прэм’еры большую ўвагу. А таксама, як ні дзіўна, спроба прымусіць самі тэатры паглядзець на сябе збоку. Параўнанне беларускай і замежнай прадукцыі на “ТЕАРТе” пакуль не на нашую карысць. А значыць, застаецца глядзець, уважліва вывучаць чужыя поспехі і… вучыцца.

Арыгінал апублікаваны на сайце «Будзьма беларусамі!».