Адзін час мне здавалася, што кожны культурны сучаснік ведае значэнне слова “нон-фікшн”. Якое ж было маё здзіўленне, калі высветлілася, што нават тыя, хто пішуць літаратурныя агляды, не заўсёды разумеюць сэнс тэрміна! Таму нагадваю – да літараратуры non-fiction адносяць дакументалістыку, мемуары, хронікі, крытычную і навуковую літаратуру. Карацей усё, што трымаецца не на выдумцы, а на дакументах і фактах. Больш за тое, нават невялікія дадумванні пазбаўляюць non-fiction усякай каштоўнасці. Бо сеюць сумнеў у сапраўднасці ўсяго матэрыяла.
Неаднойчы мела магчымасць пераканацца ва ўсеагульнай цікавасці да жанру non-fiction за мяжой, дзе іншым разам здаецца, што ён больш папулярны за белетрыстыку. У беларусаў жа не так проста нават адшукаць чалавека, з якім можна пагаварыць пра гэтую з’яву. Адным з нямногіх дасведчаных з’яўляецца Дзяніс Марціновіч, малады гісторык і літаратуразнаўца, які апошнім часам не проста плённа працуе з дакументамі, але і робіць цікавыя назіранні над выклікамі сучаснага літаратурнага працэсу. Так у артыкуле “Як стварыць літаратурную біяграфію”, Марціновіч разважае над праблемай разрыву паміж грунтоўна напісанымі літаратуразнаўчымі даследаваннямі, непадрыхтаванай да іх чытацкай аўдыторыі і амаль поўнай адсутнасцю папулярных біяграфій пра жыццё літаратурных класікаў.
Але гумар беларускай літаратурнай сітуацыі ў тым, што ратаванне тапельцаў – заўсёды справа саміх тапельцаў. Таму, акрэсліўшы праблему, Марціновічу даводзіцца яе і вырашаць, а менавіта ствараць гэтыя самыя папулярныя біяграфіі. Кніга Дзяніса Марціновіча “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча”, якая выйшла ў 2014 годзе – другая кніга даследчыка. І гэта той рэдкі выпадак, калі новае дапоўненае выданне з’яўляецца не з волі і прыхамаці аўтара, а выклікана з’яўленнем абсалютна новых матэрыялаў і попытам сярод чытачоў (кніга “Донжуанскі спіс” Караткевіча” разыйшлася ў адначассе).
Цікавасць да кніг Дзяніса Марціновіча – цалкам зразумелая. Па-першае, у нас сапраўды татальная адсутнасць цікавых біяграфій выбітных людзей, жанру вельмі папулярнага сярод людзей старэйшага ўзросту, якія, мажліва, з’яўляюцца адзіным і апошнім цяпер пакаленнем чытачоў. Па-другое, Караткевіч – рэальна любімы пісьменнік, чыя творчасць паўплывала не толькі на адносіны да беларускага слова, але, у многіх выпадках, і на станаўленне нацыянальнай свядомасці. Выкажу крамольную думку – для таго, каб стаць сапраўды культавым, пісьменніку не хапае толькі аднаго – цікавай грунтоўнай біяграфіі, напісанай таленавітым аўтарам. Але для таго, каб такая кніга была створана, трэба прарабіць яшчэ шмат працы – сабраць у адно факты пісьменніцкага жыцця. Марціновіч ў сваёй кнізе прадставіў процьму цікавых дакументаў, датычных жыцця Караткевіча, але ўсе яны, так ці іначай звязаныя толькі з адной тэмай – тэмай жанчын у жыцці класіка. І іншым разам гэта напружвае, бо хочацца ўдакладнення тых ці іншых момантаў жыцця пісьменніка.
Вось, напрыклад, у кнізе ёсць успамін аднакласніцы жонкі Караткевіча, датычны іх першых гадоў у шлюбе: “Калі яны сышліся, то па сутнасці жылі на Валіну зарплату і знаходзіліся ў вельмі складанай фінансавай сітуацыі. З намі працаваў Сцяпан М., які быў у адной кампаніі з Караткевічам. Распавядаў, як іх цягалі ў КДБ, спрабуючы прыпісаць удзел у нацыяналістычнай арганізацыі. Калі ён сустракаў у калідорах КДБ Караткевіча або кагосьці іншага, то іх ставілі тварам да сцяны, каб не маглі выпадкова ўбачыць адзін аднаго і перакінуцца словам. Сам М. доўгі час не мог нідзе ўладкавацца (хоць з’яўляўся кандыдатам мастацтвазнаўства), пазней працаваў у Кніжнай палаце”. (с. 107) Безумоўна, абставіны гэтай справы пра ўдзел у нацыяналістычнай арганізацыі, выглядаюць на парадак больш цікавымі, чым некаторыя эпізоды стасункаў Уладзіміра Караткевіча з жанчынамі. Таму хацелася б нейкага каментара – што гэта была за справа. Беларускія інтэлектуалы старэйшага веку больш-менш абазнаныя, пра якія падзеі ідзе гаворка, а для маладзейшых – гэта суцэльная белая пляма ў гісторыі!
Магчыма, каментароў патрабуюць і лісты Караткевіча Ераніму Стулпану, дзе ён крайне негатыўна ацэньвае Элія Бялюціна, які ў 1962-м годзе выступіў арганізатарам выстаўкі авангардыстаў на Манежы. Марціновіч робіць заўвагу: “Відаць, Караткевіч намякае на прызнанне мастаком сваіх памылак…”
Але прыведзеная Марціновічам цытата выглядае такой шматслойнай, што, прызнацца, цяжка зразумець, пра якія канкрэтна памылкі ідзе размова. “И Элий Белютин какая сволочь! Какой низкопробный скот, если слухи о нём верны (в чем я не сомневаюсь)! А говорят, что “создали ему условия” и теперь он переучивает. Ладно, я сам не понимаю, как можно ставить “левое искусство” выше всех, быть нетерпимым (я бы нетерпимым только к “фотографистам” был – это дрянь), отрицать всё остальное. Но уж если учил, какой надо быть низкопробной пакостью, чтоб за пару дней согласиться. Да и у какой такой собаки глаза отдолжив, он будет смотреть, «убежденный человек». (с. 78)
Выстава авангардыстаў, яе разгон, ацэнка Хрушчова – усё гэта факты даволі вядомыя, а вось пра тое, што Элій Бялюцін нейкім чынам удаў сваіх вучняў, цяпер мала хто ведае. Таму невялікі каментар быў бы да месца. Хоць трэба сказаць, што трохкутнік Бялюцін – Молева – Караткевіч, выпісаны ў кнізе Марціновіча вельмі ярка, цалкам у адпаведнасці і з тым месцам, якое займалі гэтыя людзі ў жыцці і сэрцы класіка, і суадносна з яркасцю і выбітнасцю іх творчых постацяў.
Наракаючы на адсутнасць падрабязных каментароў да асобных дакументаў, варта ўсё ж адзначыць, што гэта прынцыповая пазіцыя аўтара, выкліканая, перш за ўсё яго імкненнем да чысціні жанру “нон-фікшн”. Свае творчыя прынцыпы Марціновіч неаднаразова акрэслівае: і ў навукова-публіцыстычных артыкулах, якія складаюць другі раздзел кнігі “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча”, і ў першым раздзеле “Донжуанскі спіс” Караткевіча”. У прынцыпе навуковая і чалавечая пазіцыя Марціновіча выглядае правільнай, як выглядаюць слушнымі яго аргументы: “Калі весці гаворку пра гэтых асоб, існуе рэальная небяспека збіцца з танальнасці, абранай у кнізе, і перайсці да разгляду выключна багатага асабістага жыцця пісьменніка. З аднаго боку, асобныя лісты з пэўнымі звесткамі, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісы ЦНБ, часам не падпісаныя. З другога – не хочацца выкарыстоўваць і друкаваць спрэчныя звесткі”. (с. 94)
Наогул кніга Д. Марціновіча “Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча” выбітная не толькі сваімі надзвычай багатымі і малавядомымі – нават даследчыкам! – матэрыяламі. Прыемна ўражвае сама чысціня абранага аўтарам жанру. З аднаго боку, ён дбае пра праверанасць і праўдзівасць крыніц, як сапраўдны навуковец. З другога – не баіцца пісаць нармальнай “чытэльнай мовай”, якая, безумоўна, спадабаецца тым, хто возьме кнігу ў рукі. Асабліва цікава назіраць за праявамі аўтарскай адказнасці ў тэксце першага раздзела. Так, вельмі часта малады даследчык пачынае свае сказы з увядзення: “Я думаю…”. Тут бачыцца і імкненне не хавацца за чужыя імёны, і жаданне пазбавіць тэкст навукападабенства. Што казаць, маладыя даследчыкі часта спрабуюць здавацца больш грунтоўнымі і сур’ёзнымі, чым яны ёсць.
Дзяніс Марціновіч – іншы. Чытаеш яго тэксты і разумееш, што цікавіць яго адно – праўда, праўда і толькі праўда. І гэтае імкненне аўтара – не схлусіць, не перакруціць, не пакрыўдзіць – робіць кнігу не толькі выдатным узорам жанру, але і ўзорам гуманнасці ў літаратуры. Той самай гуманнасці, пра якую мы часта гаворым, але рэдка карыстаемся.
Кісліцына Ганна Дакументы і факты // сайт bookster.by
Арыгінал артыкула можна прачытаць тут.