Рэцэпты для беларускай гістарычнай прозы

Гістарычная літаратура заўсёды была ў пашане ў нашых суседзяў – як на Захадзе, так і на Усходзе. Прычым, пісьменнікаў, якія аддавалі перавагу гістарычнаму жанру, высока ацэньваў як чужыя, так і свае. Дастаткова згадаць, што палякі Генрых Сянкевіч і Уладзіслаў Рэймант (аўтар рамана «Апошні сейм Рэчы Паспалітай», дзеянне якога адбываецца ў 1793 годзе ў Гродна) сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па літаратуры (адпаведна, у 1905 і 1924 гадах), а ў Польшчы ў гонар загінуўшых герояў «Трылогіі» Сянкевіча нават заказвалі памінальныя службы. Што тычыцца Расіі, дык тут за прыкладамі далёка хадзіць не трэба: гістарычныя дэтэктывы нашага сучасніка Барыса Акуніна, дзеянне якіх адбываецца ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, ужо даўно зрабіліся бестселерамі, а іх аўтар – даволі багатым чалавекам. Дастаткова сказаць, што пачатковы наклад адной з апошніх кніг пісьменніка – «Нефрытавых пацерак» – склаў 500 тысяч, і гэта толькі пачатак! На падставе і польскіх і расійскіх раманаў паспяхова здымаецца кіно (згадаем бліскучыя экранізацыі твораў Сянкевіча рэжысёрам Ежы Гофманам; твораў Акуніна з так званага «фандорынскага цыкла»: «Азазэль», «Турэцкі гамбіт» і «Стацкі саветнік»), іх героі без перабольшвання з’яўляюцца нацыянальнымі сімваламі.

Тое можна ўбачыць у суседзяў. А паміж імі, паміж Польшчай і Расіяй, паміж польскай і рускай гістарычнымі літаратурамі – гістарычная літаратура беларуская, з усімі яе перавагамі і недахопамі. Песімісту яна нагадае “змрочны лес”, у якім ён, нібы герой “Боскай камедыі” Дантэ, пражыўшы дагэтуль колькі гадоў пад манаполіяй расійскай гістарычнай літаратуры савецкага перыяду, апынуўся “пасярэдзіне жыцця зямнога”, “не згледзеўшы, куды вядзе дарога”. Аптымісту, у сваю чаргу, яна нагадае прамень святла ў цёмным царстве, бо, у любым выпадку, жанр гістарычных прозы не зведаў у поўнай ступені ўсіх наступстваў крызісу, што паступова ахапіў айчынную літаратуру напрыканцы мінулага стагоддзя.

Прыгледзеўшыся, можна ўбачыць рэалістычныя моманты ў абодвух супрацьлеглых поглядах. Сапраўды, касмічных накладаў савецкага часу нам ужо ніколі не дасягнуць. Ды і ўвогуле, ці зможа калі-небудзь 10-мільённая Беларусь выпускаць кніжныя навінкі 500-тысячнымі тыражамі? Пытанне рытарычнае. Але разам з тым, на гістарычную прозу, у адрозненні, напрыклад, ад прозы вясковай, якая аднойчы, у далёкай будучыні можа проста знікнуць, калі знікнуць апошнія вясковыя жыхары ў традыцыйным, усходнеславянскім разуменні гэтага слова, заўсёды будзе існаваць стабільны попыт, які можа толькі павялічвацца ў выпадку павелічэння цікавасці да яе грамадства.

Але як жа зрабіць так, каб яркае, жыццясцвярджальнае сонечнае святло нарэшце з’явілася ў канцы літаратурнага тунэля, сцены якога асвятляюцца толькі свечкамі, што трымае ў сваіх руках купка пісьменнікаў, якія працуюць у гістарычным жанры? Што варта і трэба змяніць, каб не беларуская гістарычная літаратура з надзеяй і лёгкай зайздрасцю глядзела на суседзяў, а іх гістарычныя літаратуры, нібы спадарожнікі, арынтаваліся на нашу літаратурную гістарычную планету? Наступныя разважанні аўтара ёсць спроба адказаць на гэтыя пытанні.

Чаго, на першы погляд, не хапае нашай гістарычнай літаратуры? Можа падацца, што дакладнасці. Нездарма ў рэцэнзіях прафесійных гісторыкаў на творы гістарычнага жанру заўсёды выкарыстоўваецца адна і тая ж схема. Спачатку словы пахвалы і ўдзячнасці за тое, што пісьменнік узяў на сябе адказнасць асвятліць мала вывучаны, цёмны перыяд гісторыі. Потым адзначаецца шэраг станоўчых рыс твора: добра паказаны галоўныя героі, якія змагаюцца і жывуць не дзеля сябе, а дзеля Айчыны; збольшага перададзена атмасфера часу… Хоць потым спрактыкаванае вока рэцэнзента ўсё роўна знаходзіць пэўныя неістотныя хібы, якіх можна было пазбегнуць – павінен прачытаць пісьменнік паміж радкоў – калі б аўтар прачытаў перад напісаннем твора адпаведную манаграфію, якая (па абсалютна выпадковаму супадзенню) напісана самім рэцэнзентам. У канцы чытач прачытае пра тое, што, нягледзячы на асобныя недахопы, твор чытаецца цікава і абавязкова будзе запатрабаваны чытачамі.

Але перад фіналам усіх чакае яшчэ адзін абзац, дзе з навуковай пунктуальнасцю, матэматычнай выверанасцю і звычайнай чытацкай з’едлівасцю чытачам і аўтарам патлумачаць, што падзеі, пра якія піша аўтар, адбыліся, напрыклад, не ў 1671, а ў 1672 годзе; што адзін з гістарычных персанажаў ну ніяк не мог з’явіцца на старонках рамана, бо ўжо дзесяцігоддзе таму адышоў да прабацькоў; ды і горад, у якім адбываюцца падзеі, у разглядаемы час быў яшчэ не горадам, а звычайным невялікім паселішчам, якому трэба было праіснаваць яшчэ стагоддзе да атрымання Магдэбургскага права.

Зрэшты, усё залежыць і ад асабістага стаўлення рэцэнзента да аўтара і яго твора. Хрэстаматыйным прыкладам вышэй сказанага з’яўляецца творчасць Уладзіміра Караткевіча, у якой можна сустрэць звычай дзядзькавання (выхаванне шляхціча ў сялянскай сям’і), перанесенае на некалькі стагоддзяў наперад. Прызнаемся шчыра, не быў бы Караткевіч – Караткевічам, добра б яму дасталася ад нашай крытыкі!

Але то памылкі, якія не надта ўплываюць на характар твора і толькі служаць аўтарскай задуме. Ды і акрамя Караткевіча, ніхто з беларускіх пісьменнікаў на такіх дробязях не трапляўся. А вось у нашых суседзяў усё нашмат больш сур’ёзна. Так, Барыс Акунін (у раманах «Стацкі саветнік», «Каранацыя»…) наўмысна назваў брата расійскага імператара Аляксандра ІІІ не Сяргеем Аляксандравічам, а Сімяонам Аляксандравічам, што дало падставу для больш вольнага абыходжання з гістарычным матэрыялам. І нічога, публіка ніяк не адрэагавала. Хто ведаў сапраўднае імя вялікага князя – здагадаліся самі, таму, хто не ведаў, было ўсё роўна. На Захадзе пайшлі яшчэ далей. Напрыклад, Генрых Сянкевіч у сваім знакамітым рамане «Агнём і мячом» пераўтварыў Іярэмія Вішнявецкага, якога гісторыкі лічылі недальнабачным самадурам, у таленавітага палітыка і дыпламата. Той з чытачоў, хто акрамя рамана пабачыў і экранізацыю Ежы Гофмана, пагодзіцца, што такія трактоўкі стала ўваходзяць у свядомасць. Але Бог з ім, з Вішнявецкім! Усё нашмат горш, калі са звычайнага чалавека робяць сімвал забойства і нянавісці. Хто з чытачоў Шэкспіра, асабліва пасля прэм’еры «Макбета» ў Купалаўскім тэатры, скажа хоць слова ў абарону галоўнага героя? Між тым перыяд кіравання сапраўднага Макбета, які, дарэчы, у сярэдзіне ХІ стагоддзя доўжыўся семнаццаць гадоў, лічыўся часам росквіту Шатландыі. Ды і карону Макбет захапіў хоць і сілай, але не шляхам каварнага забойства, а ў часе грамадзянскай вайны.

Таму ў аспекце гістарычнай дакладнасці беларуская гістарычная літаратура (у пэўнай ступені і сваёй маладосцю, і сваёй не па ўзросту традыцыйнасцю) дасць фору шэрагу літаратурам.

Але не дакладнасць з’яўляецца каралевай балю ў гістарычнай літаратуры. Трэба, каб творы чыталіся за адну ноч, каб сюжэт трымаў ад першай да апошняй старонкі. Карацей кажучы, для гістарычных твораў вельмі важныя, а часам і неабходныя такія літаратурныя вартасці, як моцны сюжэт, інтрыга, дынаміка разгортвання падзей. Але хто будзе сцвярджаць у дачыненні да нашых пісьменнікаў адваротнае?! У гэтым аспекце мы таксама не саступаем сваім канкурэнтам.

Разам з тым, паміж беларускай, з аднаго, і польскай і рускай гістарычнымі літаратурамі, з другога боку, ёсць і адрозненні, што вызначаюць іх ў пэўную субардынацыю, якая, на жаль, не заўсёды на нашу карысць.

…Якія сілы кіруюць героямі гістарычных раманаў? Што прымушае іх здзейсняць цуды і змагацца з ворагамі? Гэта можа быць каханне, сяброўства, асабістыя перакананні. Але ў большасці гістарычных твораў усе ўчынкі здзяйсняюцца з-за любові да Радзімы. Усе героі падзяляюцца на станоўчых і адмоўных – па тым, адпавядаюць ці не адпавядаюць іх дзеянні нацыянальнай ідэі.

Як жа гэта праяўляецца на гістарычнай літаратуры у кожнай з трох разглядаемых намі краін? Героі Генрыха Сянкевіча – Валадыеўскі, Заглоба, Кміціц, Скшэтускі – здзяйсняюць свае подзвігі і пры гэтым застаюцца жывымі, захоўваючы вернасць Айчыне, царкве, каралю і прыўкраснай пані. Да культу жанчыны, які з’яўляецца агульным для ўсіх твораў прыгодніцкага характару, мы яшчэ вернемся. А пакуль што адзначым для сябе пераемнасць польскага светаўспрымання: Польскае каралеўства – Рэч Паспалітая – другая Рэч Паспалітая, што існавала паміж дзвюма сусветнымі войнамі – Рэч Паспалітая трэцяя, пасля чаго варта ставіць шматкроп’е, а лепш – кропку, бо ў трэцяй Рэчы Паспалітай палякі жывуць і зараз. І што змянілася з таго часу? Амаль нічога! Усё засталося – Польшча, палякі, каталіцкая вера, асоба караля (цяпер кіраўніка дзяржавы). Маленькі паляк, што адкрые ў наш час кнігу Сянкевіча, падпішацца пад кожным яе словам, поўным любові да сваёй краіны.

Галоўнага героя Барыса Акуніна – Эраста Пятровіча Фандорына – неўзабаве будзе ведаць усё насельніцтва 1/6 частцы зямной паверхні. І я б асцерагаўся кпіць і з аўтара, і з героя, як робяць гэта асобныя крытыкі, называючы іх звычайнымі вінцікамі ўсемагутнай камерцыйнай літаратуры. Сянкевіча можна таксама абвінаваціць у гэткіх жа грахах, асабліва калі прыгадаць, што ўсе тры рамана яго “Трылогіі” (“Агнём і мячом”, “Патоп”, “Пан Валадыеўскі”) напісаны па адной і той жа схеме: тры галоўныя персанажы – “рыцар”, ролю якога па чарзе выконваюць Скшэтускі, Кміціц і Валадыеўскі, чароўная “пані” і “анты-герой – нехрысціянін”, нарэшце ў фінале нас чакае абавязовае вяселле рыцара і прыгажуні. Але хто з чытачоў звяртае на такія моманты ўвагу?!

А папулярнасць Фандорына з’явілася дзякуючы руху зусім іншых механізмаў свядомасці, выкліканых, зноў-такі нацыянальнай ідэяй. Сам Акунін казаў у адным з інтэрв’ю, што Фандорын па тэрміналогіі Канфуцыя – “высакародны муж”, для якога галоўным у жыцці з’яўляецца «абавязак перад… унутраным голасам, або перад Богам, калі ён веруючы чалавек”. Акрамя таго, Фандорын, на думку Акуніна, “аб’ядноўвае… тры гістарычныя тыпы – рускага інтэлігента, брытанскага джэнтэльмена і японскага самурая”, у кожнага з якіх ён бярэ самае лепшае. І што ў рэшце рэшт атрымліваецца? Вернасць Айчыне – ёсць, сваім маральным перакананням, веры (слова «царква» ў дадзеным кантэксце будзе недакладным) – ёсць. Амаль тое, што і ў Сянкевіча. Поўнай вернасці цару (асабліва Мікалаю ІІ) няма – у раманах добра бачна, куды ідзе Расія.

Ёсць вернасць каханню да жанчыны, гэта патрабуе асобнай гаворкі. Калі шчыры хрысціянін Сянкевіч дараваў кожнаму “рыцару” адзін ідэал, адно каханне, за якое той на працягу рамана паспяхова змагаўся, дык Акунін пайшоў іншым шляхам. У першай кнізе “фандорынскага цыкла” (“Азазэль”) ворагі забіваюць нявесту Фандорына, у “Алмазнай калясніцы” (перадапошняй па часу напісання, але другой па часу разгортвання падзей) герой перажывае трагічнае каханне, пасля чаго больш не можа па-сапраўднаму кахаць. Пасля гэтага ва ўсіх наступных кнігах не будзе галоўных гераінь – будуць толькі празрыстыя цені, любімыя жанчыны галоўнага героя, ніводная з якіх не зможа закрануць таемныя струны фандорынскага сэрца. І толькі у “Алмазнай калясніцы” Эрасту Пятровічу зноў дазволяць жыць і кахаць…

І зноў-такі, дзейнасць Фандорына, яго жыццё і яго пошукі варта разглядаць, улічваючы яго светапогляд, вернасць яго Расіі – а да таго часу Русі, Маскоўскаму княству, Вялікаму Маскоўскаму княству, Маскоўскаму царству, Расійскаму царству, Расійскай імперыі, нават сённяшняй Расіі, дзе, згодна Акуніну, бываюць фандорынскія спадчыннікі.

Героі Сянкевіча будуць падаўляць казацкае паўстанне на Украіне, будуць тапіць яго ў крыві, нават спачуваючы пры гэтым паўстанцам. Пры гэтым яны перакананыя, што казакі робяць замах не на іх, яны робяць замах, на грамадскі лад, на мілую іх сэрцу Рэч Паспалітую. Таму перыпетыі, звязаныя з выкраданнем злодзеямі-нехрысціянамі галоўных гераінь, толькі падкрэсліваюць непатрэбнасць неспакою, войнаў, паўстанняў… Герой Б.Акуніна будзе ўдзельнічаць у разгроме народніцкіх тэрарыстычных гурткоў, нават усведамляючы шчырасць сваіх праціўнікаў і іх частковую слушнасць іх поглядаў. У існаванні гэтых гурткоў ён убачыць замах не на сябе, а на Расійскую імперыю.

Таму за героямі Сянкевіча будзе стаяць вялікая Польшча, усе пакаленні польскіх дзяржаўнікаў і патрыётаў. Таму за героем Акуніна будзе стаяць вялікая Расія. Таму чытачы абедвюх краін будуць чытаць і любіць такія творы.

А што ў такім выпадку адбываецца ў нас? Ці стаяць за героямі беларускай гісторыі іх прашчуры? Відаць, якраз гэты настрой адчуваў у сваім рамане “Пагоня на Грунвальд” Кастусь Тарасаў, калі пісаў, што “пазіраючы ў неба, Вітаўт быў упэўнены, што і Кейстут, і Гедымін, і Міндоўг зараз сабраліся сюды і лунаюць над полем бітвы і незямной сваёй сілай гасяць дух немцаў, мацуюць сэрцы сваіх. Не могуць у такі слаўны дзень не з’явіцца, прапусціць урачыстасць, якая чакалася стагоддзямі, не ўбачыць помсты за крыжовыя паходы, за вогнішчы, кроў, пакуты сваіх народаў. Тут дзяды, тут яны ўсе да аднаго, дапамагаюць яму, у кожнага ёсць свая злая памяць на крыжакоў, вось яны носяцца, мільгаюць сярод сцягоў, мячоў, стрэл, чаканаў, кордаў, сярод крыкаў, гулу, бразгату, грому бітвы”.

Несумненна, што такі настрой мог перажываць Вітаўт, які адчуваў духоўную еднасць са сваімі прашчурамі-ліцвінамі. Але ці адчуваюць цяпер такую еднасць сучасныя беларускія чытачы? На жаль, далёка не ўсе. І гэта не дзіўна. Калі на ўзроўні факталогіі, на разумовым узроўні мы даўно ўсвядомілі, што ВКЛ – не чужая нам дзяржава, што яе жыхары – нашы далёкія прашчуры, дык людзей, далёкіх ад гісторыі ў сваім паўсядзённым жыцці, у гэтым пераканаць няпроста. І таму калі героі Г.Сянкевіча могуць думаць пра Польшчу, а герой Б.Акуніна – пра Расію, дык Ефрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, князь Вячка і Вітаўт думаць пра Беларусь не могуць проста таму, што тады такой назвы не існавала. Першыя тры героі могуць думаць пра Полаччыну, пра сваё княства, Вітаўт – пра ВКЛ, але для большасці жыхароў Беларусі гэта не адно і тое ж.

Калі нацыя адчувае сваю еднасць з мінулымі стагоддзямі, дык з гэтага і вынікае яе ўяўленне пра “залатое стагоддзе”. Для палякаў падобнаму паняццю з пэўнай доляй умоўнасці адпавядае час, у якім жывуць героі “Трылогіі” (дакладней, толькі яго пачатак, бо польскі ідэал дзяржаўнага ладу быў істотна пашкоджаны спачатку казацкімі паўстаннямі, а потым войнамі з Расіяй і Швецыяй). Для рускіх, нягледзячы на духоўны застой («Победоносцев над Россией простер совиные крыла»), залатым (зноў-такі, з пэўнай умоўнасцю) можна назваць канец ХІХ стагоддзя, калі Расійская імперыя атрымала найбольшае тэрытарыяльнае пашырэнне за ўвесь перыяд свайго існавання. Дзякуючы саманазвам абедзвюх нацый, якія не змяняліся доўгі час і трывала ўмацаваліся ў свядомасці, пэўнай гістарычнай настальгіі па далёкіх часах, узроўню цывілізацыйнай амбіцыёзнасці абодвух народаў, а таксама выкліканай усімі гэтымі фактарамі абвостранай гістарычнай памяці палякі і рускія без цяжкасцяў асэнсоўваюць сваю непарушную сувязь з тым «залатым часам» і працуюць, змагаюцца, жывуць для новага непазбежнага перыяду росквіту.

Што тычыцца нашага краю, дык позняе замацаванне ў свядомасці назвы “Беларусь”, павольнае фарміраванне нацыі і поўнай адсутнасці ў навейшы час цывілізацыйнай амбіцыёзнасці прывяло да таго, што “залатое стагоддзе” асацыіруецца ў большасці беларусаў з кіраваннем П.Машэрава ў 60-80-ыя гады ХХ стагоддзя, якое яшчэ наўрад ці можа стаць фонам для гістарычных твораў.

…Увогуле ў беларускай гістарычнай літаратуры адной з магістральных была і застаецца тэма паўстання К.Каліноўскага. Бо менавіта тады пачынаецца рух “за сябе”, за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, а не працягваецца курс на аднаўленне Рэчы Паспалітай. Можа таму дзейнасць Т.Касцюшкі, які выступаў пад апошнімі лозунгамі, толькі параўнальна нядаўна зацікавіла айчынных празаікаў, у прыватнасці Я.Конева, а падзеі 1863 года знайшлі сваё адлюстраванне ў прозе У.Караткевіча, А.Наварыча, Л.Рублеўскай і шэрагу твораў іншых аўтараў.

Але зварот і да асоб рэвалюцыянераў, і да іншых вызваленчых паўстанняў і рухаў хавае ў сабе пэўную небяспеку. І вось чаму. Галоўны герой кожнага гістарычнага твора, падпарадкаванага служэнню нацыянальнай ідэі, проста абавязаны служыць ёй, гэтай ідэі, і з’яўляцца яе носьбітам. Ідэя – неўміручая, героі, на жаль – не заўсёды. Але падыход да гэтага пытання ў разглядаемых намі літаратурах розны. Напрыклад, Барыс Акунін казаў, што “дапамог свайму герою толькі ў адным – зрабіў яго надзвычай удачлівым. Звычайна чалавек такога, як ён, складу, доўга не жыве. Набор высакародных рысаў істотна ўскладняе выжыванне”. Такое ж шанцаванне характэрна і для герояў Сянкевіча.

А што мы бачым у асобных творах беларускіх пісьменнікаў? Герой рамана Вітаўта Чаропкі «Храм без Бога» Мацей Кузьміч, губляе каханую і бачыць крах сваіх задумаў. Кастусь Тарасаў адпраўляе на смерць двух галоўных герояў згаданага вышэй рамана «Пагоня на Грунвальд» Андрэя Ільініча і Юрыя, якія раней вярнуліся жывымі з Грунвальдскай бітвы. Прычым, Юрыя забіваюць у Чэхіі, а Ільініча – у час міжусобнай барацьбы ў ВКЛ, гэта значыць, не родную зямлю абаранялі яны ў той момант, а сталі разменнымі пешкамі ў чужой гульні. Гераіня рамана Алеся Наварыча «Літоўскі воўк» Аксана пасля паражэння паўстання 1863 года пытаецца ў сябе: «Няўжо няма нічога іншага, як змірыцца з такім жыццём, жыць, проста жыць?».

Нельга сумнявацца, што канцоўка ўсіх трох таленавіта напісаных твораў ёсць асабістая пазіцыя аўтараў, якія такім чынам паказваюць, як нечакана ці, наадварот, звыкла, можа лёс змяніць жыццё людзей ва ўсе часы. У дачыненні да двух першых твораў можна прыгадаць і той момант, што ў сярэднявеччы жыццё простага чалавека, нават шляхціца, ва ўмовах бясконцых войнаў і сутычак высока не ацэньвалася. Сапраўды, «быў час, быў век, была эпоха…».

Але чаму тады Мацько і Збышка, героі рамана Сянкевіча “Крыжакі” і адначасова сучаснікі герояў К.Тарасава (бо размова ідзе пра адны і тыя ж падзеі) дажылі да глыбокай старасці? А «Збышка ў росквіце сілаў дачакаўся той шчаслівай хвіліны, калі ў адны вароты выязджаў з Мальбарга са слязамі на вачах магістр крыжакоў, а ў другія на чале войска ўязджаў польскі ваявода, каб імем караля і каралеўства прыняць пад сваю ўладу горад і ўвесь край да сівых хваляў Балтыкі» (менавіта тады адбылося канчатковае падпарадкаванне Тэўтонскага ордэна Польшчы)? Пасля прачытання «Крыжакоў» чытач убачыць, што змаганне з крыжакамі вялося не дарма і Польшча атрымала доўгачаканы выхад да мора. А якія думкі напаткаюць чытача «Пагоні на Грунвальд» пасля смерці галоўных герояў? Цалкам магчыма, што яны будуць сугучныя Эклезіясту, які сцвярджаў, што «усё марнасць». Дык навошта тады была барацьба? Няўжо ў гэтым у чарговы раз адлюстроўваецца трагічнае светаўспрыманне беларускіх пісьменнікаў і трагічнае светаўспрыманне народа, чыю ментальнасць адлюстроўвае пісьменнік?

Я не буду сцвярджаць, што паспяховасць героя – абавязковая ўмова для кожнага пісьменніка. Хтосьці справядліва нагадае Овада з аднайменнага рамана Э.Войніч, чыя смерць прымушала маладых рамантыкаў прыносіць клятвы аб вечным змаганні з прыгнятальнікамі. Але ў Овада, як ні дзіўна гэта гучыць, не было выбару. Ён мог ці быць італьянскім патрыётам, ці не быць ім. Хаця б таму, што Італію з трох бакоў амываюць марскія хвалі, а на поўначы хаваюць ад усяго свету Альпы. Калі ж сур’ёзна, дык самасвядомасць італьянцаў ужо ў ХІХ стагоддзі была такой высокай, што кожны юнак не мог нават думаць пра далучэнне да вызваленчага руху ў суседзяў – замест удзелу ў руху італьянскім. У нас бывалі адваротныя выпадкі. У канцы ХІХ стагоддзя малады юнак, якога клікалі Юзаф Пілсудскі, лічыў сябе беларусам. Праз пэўны час ён стаў палякам і спрычыніўся да аднаўлення незалежнасці Польшчы і станаўлення другой Рэчы Паспалітай. Мы не можам асуджаць яго за тое, што ён далучыўся да пераможцаў. Але колькі талентаў страціла Беларусь такім чынам?

У наш прагматычны час пасля эпохі грамадскіх узрушэнняў падобныя выпадкі не адзінкавыя. Беларусаў трэба прываблівасць беларускасцю і героі-пераможцы лепш за ўсё падыходзяць для гэтай справы. Бо сваё стаўленне да герояў чытач аўтаматычна перанясе на ідэю, за якую яны змагаюцца. Перамогуць героі – раней ці пазней пераможа ідэя. А значыць чытач падсвядома зробіць крок насустрач гэтай ідэі.

Але тут паўстае пытанне: як жа пакінуць герояў пераможцамі, калі некалькі стагоддзяў запар беларусы па чарзе страчвалі ўсё што мелі, а да ХХ стагоддзя нават не мелі сваёй дзяржавы? Можна разглядзець некалькі магчымых шляхоў.

Першы шлях прапанаваў Ягор Конеў у сваім рамане «Амерыканская адысея Тадэвуша Касцюшкі», які прысвечаны перыяду знаходжання галоўнага героя ў Амерыцы, дзе Касцюшка, змагаючыся за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній, дапамог каланістам атрымаць над англічанамі шэраг перамог. Такім чынам, праводзіцца думка пра тое, што поспехам перашкаджаюць не героі, якія, нібыта не здольныя перамагаць, а часовыя і часавыя абставіны, якія з цягам часу могуць змяніцца.

Другі шлях актыўна прапагандуе ў сваёй творчасці Людміла Рублеўская, у прыватнасці, у паралельным рамане «Золата забытых магіл» і аповесці «Пярсцёнак апошняга імператара». Дзеянне ў іх адбываецца паралельна ў мінулым часе і ў цяперашнім, і нават калі продкі па нейкіх абставінах церпяць часовае паражэнне, дык іх нашчадкі абавязкова выправяць сітуацыю і будуць з аптымізмам глядзець у будучыню. Таму нават звыклая, абсалютна не гераічная канцоўка «Пярсцёнка апошняга імператара», у якой чытачы даведваюцца, што ранейшы праціўнік беларушчыны «прыйшоў у бібліятэку, на краязнаўчы гурток», разам са сваім сябрам «прывалок два магільныя крыжы васемнаццатага стагоддзя», а «цяпер у экспедыцыю… папрасіўся», дае падставу для аптымізму.

Трэці шлях самы нязвыклы і адначасова няпросты. Бо залежыць ён не ад асобных аўтараў, а ад нас саміх – ад чытачоў. Усе ведаюць, што кожны момант жыцця, кожнае імгненне – гэта ўжо гісторыя. Калі-небудзь наш з вамі час таксама стане тэмай гістарычных апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Пісьменнікі, зразумела, – вялікія фантазёры. Але яны абапіраюцца на факты і могуць дадумаць толькі тое, чаго не ведаюць, або не ўяўляюць дакладна. А якія толькі дробязі не фіксуе наш час! Перамог, як і шчасця, ніколі не бывае замала. Таму давайце перамагаць! А потым на пыльных сцяжынках далёкіх планет беларускай мінуўшчыны нашчадкі ўбачаць нашы сляды…

Дзяніс Марціновіч Пераможцы і пераможаныя. Рэцэпты для беларускай гістарычнай прозы// Маладосць. 2008. № 3. С. 125-130.

Рэцэпты для беларускай гістарычнай прозы: 2 комментария

  1. Нязгодзен ,что ў малодога Овода- Артура не было выбару.ён жа быў англічанін, аб сваіх італьянскіх каранях ён спачаткуне ведаў. Як гістарычнаму раманісту я адаю первагу Леанду Дайнек. Аўвогулеартыкул добры,сваечосовы.

  2. Так, Леанід Дайнека класны! :) Я таксама ў дзяцінстве зачытваўся яго раманамі «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды».

Комментарии запрещены.