Тры пытанні да Тэатра юнага гледача

Часам цікава завітаць у тэатр не на прэм’еру, а на шараговы прагляд спектакля, убачыць, як успрымаюць яго не крытыкі ды дасведчаныя тэатралы, а звычайная публіка. “Міхалава зямля” (сцэнічны варыянт ТЮГа паводле паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”) ідзе на сцэне два гады. Паколькі пра спектакль «Культура» пісала, дазволю сабе літаральна некалькі пазітыўных уражанняў.


Малады Якуб Колас

Чарговы раз пераканаўся, што “Новая зямля” — твор геніяльны. Як знаёма і памкненне здабыць сваю зямлю, і паездка ў Вільню (тады як на іншую планету, цяпер — на шопінг), і наіўнае стаўленне вяскоўцаў да горада, і бюракратызм чыноўнікаў… Цудоўна іграюць акцёры: Мікалай Лявончык (Міхал) і Іван Шрубейка (Антось), якія натуральна ўвасабляюць вобразы сялян з паэмы, а таксама іншых дзеючых асоб. На маю думку, некаторым акцёрам Купалаўскага тэатра, якія іграюць у “Пане Тадэвушы”, было б нядрэнна ў іх павучыцца. Нарэшце, нельга не адзначыць цудоўную інсцэніроўку Уладзіміра Савіцкага, мастацкага кіраўніка тэатра.

Бянтэжыць некалькі іншых пытанняў, датычных, па вялікім рахунку, амаль кожнага айчыннага тэатра. Першае. У афішы ТЮГа ёсць з дзясятак спектакляў, якія ідуць вечарам і разлічаны на “дарослую” аўдыторыю (старшых школьнікаў, студэнтаў — словам, больш шырокага гледача). За апошні час бачыў амаль усе з іх. І кожны раз назіраў адну і тую ж карціну: уласна “дарослых” у зале зусім няшмат. Астатнія — дзеці са школ і гімназій, якіх прывялі класныя кіраўнікі. Як тэатр збіраецца прывабліваць на “сур’ёзныя” спектаклі менавіта дарослых? Зразумела, супрацоўнікі ТЮГа могуць нагадаць, што ў іх пакуль няма свайго будынка. Але што кардынальна зменіцца, калі тэатр вернецца ў родныя сцены? Што перашкаджае тэатралам прыходзіць у Дом літаратара, які знаходзіцца не на ўскраіне, а ў цэнтры горада? Як зрабіць так, каб ТЮГ успрымалі сур’ёзна менавіта дарослыя гледачы? Калі разглядаць “Міхалаву зямлю”, дык яе аўдыторыя — патэнцыйна падрыхтаваная, абазнаная ў літаратуры. Якім чынам тэатр збіраецца “прасоўваць” акурат для іх такі спектакль?

Пытанне другое. На спектаклі прысутнічалі дзеці прыкладна 6 — 8 класаў (падалося, што сярод іх былі нават пяцікласнікі). “Міхалава зямля” была разлічана на аўдыторыю пачынаючы з 14 гадоў (прыкладна — з 7 класа). Нібыта, мэтавая аўдыторыя. На жаль, пераважнай большасці прысутных глядзець спектакль было нецікава. Дзеці ажывіліся і слухалі ўважліва толькі ў двух эпізодах: першы раз — калі ішла гаворка пра ваўка, які праваліўся пад лёд, а другі — калі Антось ехаў “зайцам” у Вільню. Гэта значыць, там, дзе адчувалася сувязь з жыццём, блізкім ім. Нічога дзіўнага тут няма! У такім ўзросце дзеці далёкія ад рэалій мінулага стагоддзя і не разумеюць, навошта героям зямля. Калі я выходзіў з тэатра пасля спектакля, побач з будынкам Дома літаратараў стаялі дзве групкі гледачоў. Настаўнікі тлумачылі вучням, што на пачатку ХХ стагоддзя ў беларусаў меліся вялікія сем’і; пытанне было ў тым, каб пракарміць дзяцей, таму зямлі не хапала. Цікава, а чаму гэта нельга было патлумачыць да пачатку спектакля? Але вучні тых класаў яшчэ могуць прыйсці ў ТЮГ. Астатнія ж, хто хутка крочыў да метро, верагодна, туды больш не вернуцца. Уражанні ад беларускай літаратуры і Якуба Коласа ў іх застануцца не лепшыя. Можа, варта збіраць дзяцей да пачатку спектакля і яшчэ ў школе тлумачыць ім асобныя рэаліі твора, якія могуць быць незразумелымі? Ці не раяць такое распаўсюджвальнікі білетаў настаўнікам? Можа, і тым самым распаўсюджвальнікам варта арыентавацца менавіта на вучняў старэйшага ўзросту? Ці можа на тое паўплываць тэатр? Дарэчы, “Новую зямлю” праходзяць у школе ў 9 класе. І тут ёсць пэўная логіка.

Пытанне трэцяе. Я трапіў на паказ “Міхалавай зямлі” ў мінулую пятніцу, цёплым красавіцкім вечарам. Зала была запоўнена прыкладна напалову. Але ці не занадта сур’ёзны спектакль перад выхаднымі днямі? Так, у ідэале, глядач павінен прыстасоўвацца да раскладу спектакляў, каб убачыць патрэбную пастаноўку. Але ў рэальнасці, з надыходам цёплага сезона, многія сем’і з’язджаюць за горад — у вёску, на лецішча. Нічога зрабіць з гэтым нельга. Таму шэраг тэатраў радзей паказвае спектаклі ў пятніцу — нядзелю.

Зразумела, цяпер прыярытэтная задача для ТЮГа — вяртанне ў родны будынак. Але калі яно адбудзецца, варта задумацца над акрэсленымі пытаннямі. Бо з тэатральнага далягляду яны нікуды не знікнуць…

Тры пытанні пасля спектакля// Культура. 2014. 3 мая. № 18. С. 4.