Кілер для чыноўніка

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля «Кантракт» паводле Франсіса Вэбера.


Фота з сайта www.nv-online.info

Ральф стаіць ля акна гатэля ў адным з невялікіх французскіх гарадоў. Неўзабаве па вуліцы павінен праехаць картэж з надзвычай уплывовай асобай з Парыжа.
Магчыма, дзяржаўным чыноўнікам, бо пры яго з’яўленні загучыць афіцыйны гімн краіны «Марсельеза», а на вуліцы вывесяць сцягі. Ральф – прафесійны кілер, які заключыў кантракт, а таму павінен забіць гэтага чалавека. Але памылкова ў гэты ж нумар засяляюць хранічнага няўдачніка Франсуа Піньёна, якога кінула жонка.

Так пачынаецца спектакль «Кантракт», які паставілі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Аднайменная п’еса — камедыя, якую напісаў драматург Франсіс Вэбер. У Купалаўскім ідзе ягоная «Вячэра з прыдуркам». Па п’есах Вэбера знятыя фільмы «Няўдачлівыя», «Цацка», «Уцекачы», «Зануда» (апошні якраз па «Кантракце»).

У версіі рэжысёра Аляксандра Гарцуева звычайная камедыя становішчаў ператварылася ў фарс. Фэлікс (Аляксей Дабравольскі), памагаты Ральфа, — пародыя на тупога гангстара, у якога пры першай небяспецы пачынаюць калаціцца рукі. Доктар Вольф (Дзяніс Паршын) сам нагадвае пацыента-вар’ята. Ральф (Максім Брагінец) хутка губляе сваю ўраўнаважнасць і ўпадае ў істэрыкі. Франсуа (Сяргей Шымко) – няўдачнік у квадраце, смешны і часам нават кранальны ў сваёй пасрэднасці.

Чаго бракуе спектаклю, дык гэта французскай лёгкасці. Дый сам фарс месцамі атрымліваецца цяжкаватым, здаецца просталінейным і нават празмерным.

Зрэшты, тут існуе свая логіка. На Захадзе палітычныя падзеі даўно сталі часткай паўсядзённага жыцця, на якія можна не звяртаць увагу або ставіцца да іх з лёгкім гумарам. Таму там можа з’явіцца або «Кантракт» або п’еса, прысвечаная прыгодам памочніка прэм’ер-міністра («№13»). А на постсавецкай прасторы з улады не жартуюць. Таму пры ўсім фарсавым настроі, які пануе ў «Кантракце», яго героі ў глыбіні душы застаюцца вельмі сур’ёзнымі.

Наступныя паказы пройдуць 30 сакавіка (нядзеля), 1, 2 і 22 красавіка (панядзелак, аўтарак, аўторак).

Арыгінал апублікаваны на сайце газеты «Наша ніва».