«Пан Тадэвуш» у Купалаўскім: першае ўражанне

У Купалаўскім тэатры адбылася прэм’ера пастаноўкі «Пан Тадэвуш». Адразу ж пасля спектакля напісаў для «Нашай нівы» свае першыя ўражанні.


Геніяльная паэма Адама Міцкевіча ўпершыню ўвасоблена на беларускай сцэне. У пастаноўцы дамінуе патрыятычны настрой. Але крыўдна, што герб «Пагоня» ўрэшце быў прыбраны з дэкарацый.

У эпізодзе, дзе ён мусіў з’явіцца на сцэне, героі размахваюць трыма сцягамі. На адным з іх польскі герб. На другім, калі не памыляюся, герб Гарадзенскай губерні. Трэці ідэнтыфікаваць не ўдалося. Магчыма, дапамогуць чытачы.

Уражвае пачатак спектакля. «Забранзавелы» Паэт (Павел Харланчук), да якога завітвае Дзяўчына-эмігрантка (Валянціна Гарцуева), літаральна на вачах нараджаецца наноў і думкамі пераносіцца ў любую Літву.

Але ў «Пану Тадэвушу» спрактыкаваны глядач можа пабачыць шмат і мінусаў. Першы — статыка. Дынамічнасць дзеяння забяспечваецца галоўным чынам… кадрамі з фільма Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш».

Другая загана — схематызм. У спектаклі занятыя найлепшыя акцёры Купалаўскага тэатра. Але рэжысёр не дае ім аніякай магчымасці для самавыяўлення. У выніку на сцэне знаходзяцца не жывыя людзі, а носьбіты пэўнай рысы характару.

Калі казаць пра трэці мінус, дык пры поўнай статыцы і слабой распрацоўцы мізансцэнаў «Пан Тадэвуш» момантамі ператвараецца ў звычайнае дэкламаванне паэмы. Часам дастаткова нуднае.

Можа быць, уся справа ў жанры паэмы, які цяжка пераносіцца на сцэну? Але ўвасабленне «Дзядоў» таго ж Міцкевіча, што ажыццявіў Тэатр Ч, сведчыць пра адваротнае.

Мяркую, што найвышэйшая планка, узятая Пінігіным у «Тутэйшых», «Сымону-музыку» і «Пінскай шляхце», засталася непераадоленай.

Арыгінал можна прачытаць тут. У блог я дадаў толькі той тэкст, які належыць мне.