Мае чытацкія вынікі 2013 года

Настальгічны ўспамін з дзяцінства. Сваякі час ад часу кажуць мне: «Чытай больш, бо потым часу не будзе». Зразумела, тады ім не верыў. Але чым далей, тым больш упэўніваюся ў слушнасці гэтай думкі.

Больш за ўсё чытаў у школьныя, ліцэйскія і студэнцкія часы. У аспіранцкія гады замест мастацкай літаратуры давялося чытаць безліч навуковых выданняў. А яшчэ шмат літаратурнай макулатуры. Цяпер атрымліваецца чытацкі «кактэйль»: матэрыялы сайтаў, газет, тоўстых літаратурных часопісаў, выданні па мастацтву…

На шчасце, крыху часу застаецца і для мастацкай літаратуры. Якія крытэрыі для яе выбару? Іх тры.

Першы звязаны з тым, што я не вучыўся на філфаку або журфаку. А на гістфаку літаратуру не праходзілі. Таму пакрысе імкнуся прачытаць класіку, якую мае аднагодкі прачыталі ў студэнцкія гады.

Другі крытэрый — жаданне адсочваць беларускі літаратурны працэсу. Таму імкнуся не прапускаць кнігі лепшых айчынных пісьменнікаў. Хоць атрымліваецца так сабе :)

А трэці крытэрый — халява :) Калі хтосьці прапануе нейкую добрую кніжку, пра якую даўно чуў, грэх гэтым не скарыстацца.

Дарэчы, забыўся напісаць, што ўжо гадоў пяць вяду спіс прачытаных кніг і твораў. Спярша выкарыстоўваў такі прынцып для дысертацыі. Потым перанёс яго на мастацкую літаратуру. Таму магу дакладна сказаць: у гэтым годзе прачытаў 43 кніг або твораў. Але далёка не ўсе з іх годныя.

Такім чынам, якія лепшыя кнігі, прачытаныя сёлета?

Да сусветнай класікі магу аднесці «Шагрэневую скуру» Бальзака, «Машеньку» Набокава, «Фрэкен Жулі» Стрындберга і аповесці Даўлатава.

З твораў беларускіх пісьменнікаў — «Авантуры Пранціша Вырвіча» Рублеўскай і «Три дамы в поисках любви и смерти» Алены Паповай, з творцаў мінулай эпохі — «Чацвёртае вымярэнне» Аляксея Карпюка.

Нарэшце, сённяшняя «халява» — «Советская литература» Дзмітрыя Быкава, «Сталин» Радзінскага, раманы Майн Рыда (раней я іх амаль не чытаў), кніга Васіля Катаняна пра Лілю Брык і ўспаміны Валянціны Якімовіч пра Анатоля Сыса.

Наогул, слабавата атрымалася. Буду выпраўляцца ў наступным годзе :)