Тры тэндэнцыі айчыннай прозы

Сярод беларускіх літаратурных часопісаў вядучымі (поруч з “Дзеясловам” і “Вераснем”) з’яўляюцца “Полымя”, “Маладосць” і “Нёман”, якія выдаюцца дзяржавай. Аналіз празаічных твораў, што друкаваліся на іх старонках з пачатку 2011 года, дазваляе вылучыць тры відавочныя тэндэнцыі, уласцівыя ім.


Фота з сайта www.budzma.org

Неабходныя тлумачэнні
У штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” здаўна існавала традыцыя: рабіць агляды трох названых выданняў. Пэўны крытык (у розныя часы Наталля Якавенка, Лада Алейнік, Ціхан Чарнякевіч, Янка Лайкоў) прадстаўляў на адной газетнай старонцы творы трох часопісаў. У ідэале аўтар павінен быў убачыць агульныя тэндэнцыі. Але малая прастора, адведзеная для публікацыі, часам прыводзіла да разгляду некалькіх твораў і пераліку ўсіх астатніх (каб, барані Божа, не пакрыўдзіць нікога з аўтараў).

Напрыканцы 2010 года Ціхан Чарнякевіч, тагачасны рэдактар аддзела крытыкі, прапанаваў новую ідэю. Агляды сталі рабіць ён, Алеся Лапіцкая і аўтар гэтых радкоў (потым Ціхана замяніла Соф’я Марозава, яшчэ пазней – Алена Карп). Першы крытык аналізаваў пэўны твор з “Полымя”, другі – з “Маладосці”, трэці – з “Нёмана”. У наступным месяцы кожны браў сабе іншае выданне. Атрымліваецца, кожнаму рэцэнзенту трапляў кожны трэці нумар аднаго і таго ж часопіса.

За два з паловай гады мне давялося зрабіць больш за 30 аглядаў. Два з іх было прысвечана паэзіі. Адзін сцісла прадстаўляў усе публікацыі нумара. У астатніх 30 акцэнт быў зроблены на прозу. Таму нарадзілася ідэя прааналізаваць публікацыі і на іх аснове сфармуляваць тэндэнцыі, уласцівыя айчыннай прозе апошніх гадоў.

Змены ў іерархіі жанраў
Публікацыі апошніх гадоў пацвярджаюць змены, якія адбыліся з празаічнымі жанрамі. Дакладней, з іх разуменнем і успрыняццем як творцамі, так і чытачамі. Тое, што нашыя папярэднікі называлі мініяцюрай, шмат у якіх пісьменнікаў зрабілася апавяданнем. У сваю чаргу апавяданне ў іх пераўтварылася ў аповесць, аповесць – у раман. Апошні жанр у старым класічным разуменні слова амаль знік. Асобныя творцы, якія пазіцыянуюць свае творы ў жанры рамана (напрыклад, “Папялішча” Надзеі Статкевіч, надрукаванае ў № 5 – 7 “Маладосці” за 2011 год, або “Развітальнае рэха” Алеся Макоўскага, што выйшла ў № 7 – 8 сёлетняга “Полымя”), у рэальнасці адлюстроўваюць структуру і жанравыя асаблівасці аповесці. Часам назіраецца сітуацыя, калі аповесць распадаецца на шэраг апавяданняў (“Страчанае шчасце” Васіля Гігевіча – красавіцкі нумар “Полымя” за 2011 год). Таму “найвышэйшым” жанрам беларускай літаратуры, безумоўна, стала аповесць. Чаму?

Перш за ўсё, напісанне рамана – вышэйшы пілатаж, якім валодаюць не усе. У дадатак, у Беларусі амаль няма пісьменнікаў, якія жывуць за кошт ганарараў. Іх творы з’яўляюцца ў паўзах паміж заняткамі асноўнай прафесіяй, а раман патрабуе, як мінімум, некалькі гадоў працы. І далёка не кожны гатовы ахвяраваць вольным часам (ды яшчэ і за невялікую матэрыяльную ўзнагароду). Акрамя таго, змянілася ўспрыманне чытачоў. Яны ўсё часцей аддаюць перавагу невялікім па памеры творам і не гатовыя бегчы на вялікія дыстанцыі.

Стабільнасць, або мінімум новых імёнаў
Якую заўгодна нацыянальную літаратуру можна параўнаць з сістэмай. У беларускім выпадку – яна дастаткова замкнёная і самадастатковая. Але кожнай сістэме патрабуецца перыядычнае ўліванне “свежай крыві”. А вось з гэтым дастаткова складана. Наўмысна пералічу аповесці, якія ў разглядаемых нумарах зрабіліся асабіста для мяне літаратурнымі падзеямі. Па іроніі лёсу, усе яны з’явіліся на старонках “Нёмана”. Гэта “…И нет пути чужого” Уладзіміра Саламахі (люты – сакавік 2011 г.), “Высокий берег” Уладзіміра Сцяпана (жнівень 2011 г.; абедзве публікацыі – пераклад з беларускай мовы) і “Три дамы в поисках любви и смерти” Алены Паповай (красавік 2013 г.).

Крыху ў меншай ступені тэрмін “літаратурная падзея” ўласцівы аповесці Анатоля Казлова “Абганяючы сны” (“Маладосць”, снежань 2011 г.). Напісаны на годным узроўні, твор ў нечым працягвае ранейшыя здабыткі аўтара. Сярод апавяданняў вылучу “«Монолит» Веры” Святланы Кражавай (“Нёман”, май 2011 г.) і “Радасці і пакуты чужога сэрца” Раісы Баравіковай (“Полымя”, май 2012 г.). Але для ўдзельнікаў літаратурнага працэсу ўсё імёны (магчыма, акрамя С. Кражавай) добра вядомыя.

Працэс “набівання гузакоў”
На першы погляд, параўнаўча невысокі ўзровень прозы, напісанай пачынаючымі аўтарамі, характэрны для ўсіх часоў. Такія творцы апрыёры мусяць “набіць гузакоў”, каб авалодаць майстэрствам. Але для беларускіх рэалій характэрныя дзве праблемы.

Першая – маладым часам цяжка прабіцца на старонкі “дарослых” часопісаў. “Нёман” з’яўляецца адзіным дзяржаўным літаратурным выданнем, які прадстаўляе рускамоўную літаратуру. “Полымя” як выданне з даўнімі традыцыямі міжволі робіць акцэнт на сталых аўтарах. Адзінае выключэнне – “Маладосць”. Але тут таксама існуе праблема.

У свой час у Беларусі выходзіў двухмоўны часопіс “Першацвет”, дзе моладзь і нават дэбютанты сталага веку на практыцы праходзілі школу маладых пісьменнікаў. А потым лепшыя з творцаў маглі, напрыклад, дэбютаваць у “Маладосці”. Потым “Першацвет” закрылі. У выніку яго патэнцыйныя аўтары грукаюцца адразу ў маладосцеўскія “дзверы”. Зусім не друкаваць іх нельга, бо варыянтаў для публікацыі не так і шмат. Але большасць дэбютаў, якія адбываюцца на старонках “Маладосці”, з’яўляюцца шмат у чым авансам для маладых аўтараў, што крыху зніжае агульны ўзровень выдання.

Сярод прозы, напісанай маладымі, магу адзначыць аповесць Алёны Беланожкі “Чамадан з кракадзілавай скуры” (№ 7 – 10 “Маладосці” за 2012 г.), а таксама цыкл эсэ Алены Мальчэўскай (“Нёман”), у якіх яна прадстаўляе айчынныя жывапісныя творы. У лепшых з эсэ (напрыклад, “Письмо из Макондо” – кастрычніцкі нумар “Нёмана” за 2012 г.) аўтар набліжаецца на прозы надзвычай высокага ўзроўню. Шкада, што такіх прыкладаў няшмат.

***
Зразумела, вылучаныя тэндэнцыі апрыёры не могуць быць цалкам аб’ектыўнымі. Перш за ўсё, названыя часопісы прадстаўляюць толькі пэўны сегмент літаратуры. Прачытаць усе празаічныя творы, што былі змешчаны ў разглядаемых нумарах немагчыма. Да таго ж, часам размінаўся з некалькімі цікавымі творцамі (напрыклад, проза Андрэя Федарэнкі некалькі разоў друкавалася ў нумарах, якія аналізавалі калегі). Але, на мой суб’ектыўны погляд, акрэсленыя тэндэнцыі ў нечым можна распаўсюдзіць і на ўсю беларускую прозу. У большай ці меншай ступені – вырашаць чытачам.

Арыгінал артыкула можна прачытаць тут.