Прапаную чытачам артыкул Паліны Скурко, які я рыхтаваў да друку ў «ЛіМе».
КНІГАЗБОРЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА
ХVІ стагоддзе – рэвалюцыйны час у нашай гісторыі: карэнна змяняецца культурнае сацыяльнае, рэлігійнае жыццё. Упэўнена заяўляе пра сябе кнігадрукаванне. Дзеці шляхты выязджаюць на вучобу за мяжу, прывозяць адтуль… не, не жонак – кнігі! З Заходняй Еўропы прыходзіць мода на веды і чытанне. Яшчэ нядаўна кніга была рэдкасцю – і вось ужо для кожнага адукаванага шляхціца было справай гонару мець дома куфар з кнігамі.
Аматар кнігі барысаўскі стараста Януш Радзівіл (1579-1620)
Малітоўнік з партрэтам канцлера
Паколькі кніга ў ХVІ стагоддзі – рэч дарагая, то велічыня хатняга кнігазбору дэманстравала не толькі адукаванасць, але і на капітал яго ўласніка. Самая ранняя з вядомых нам хатніх бібліятэк – кнігазбор у Геранёнах, які належаў роду Гаштольдаў, самаму багатаму ў ВКЛ першай паловы ХVІ стагоддзя. Вядома, што ў 1510 г. кніжніца магнатаў налічвала 71 кнігу. Амаль дзве траціны з іх напісаны на лаціне. Гэта навуковыя трактаты, траўнікі, басні Эзопа, гісторыі пра Трою, Аляксандра Македонскага, “Гісторыя іўдзейскай вайны” Іосіфа Флавія. Яшчэ траціна кніг – кірылічныя рукапісы.
Адзін з асобнікаў сваёй бібліятэкі (малітоўнік, ілюмінаваны геніяльным кракаўскім мастаком Станіславам Самастжэльцам) Альбрэхт Гаштольд падарыў Жыгімонту Старому. Цікава, што ў выглядзе аднаго са старцаў, якія прыйшлі пакланіцца Марыі і Ісусу, адлюстраваны вялікі князь, а ў іншай сцэне “ўдзельнічае” сам замоўнік – канцлер Гаштольд.
Сын апошняга, Станіслаў, узяў шлюб з Барбарай Радзівіл, але памёр ужо праз пяць гадоў. Паколькі дзяцей у пары не было, маёмасць, а разам з ёй і бібліятэка адышла да вялікага князя Жыгімонта Старога, які перадаў яе сыну, Жыгімонту Аўгусту.
Радзівілы: сын супраць бацькі
Менавіта род Барбары, пасля выгасання Гаштольдаў, стаў самым значным і заможным у ВКЛ. Да сваіх кніг князі ставіліся гэтак жа беражліва, як да іншай маёмасці – і да 1651 году каталог нясвіжскай бібліятэкі ўжо ўключаў у сябе 743 назвы. Найбольш было рэлігійных выданняў. Мікалай Радзівіл Чорны, брат Барбары, з’яўляўся адданым кальвіністам і фундаваў дзве друкарні ў Берасці і Нясвіжы. Сын Чорнага – Мікалай Радзівіл Сіротка – стаў зацятым каталіком, аднак пераняў ад бацькі цікавасць да кніг і працягнуў, ужо ў Вільні, яго друкарскую справу. Сіротка называў кнігі “сваёй любоўю”, а бібліятэку “адзіным аздабленнем”. У кнігазборы такіх розных бацькі і сына знайшлося месца і свецкім кнігам: па архітэктуры, гісторыі, матэматыцы, астралогіі і астраноміі, геаграфіі. Менавіта Радзівіл Сіротка стаў ініцыятарам і вылучыў грошы на складанне ў Нясвіжы першай мапы ВКЛ, якая была выдадзена ў 1603 годзе.
У тастаменце Сіротка ўстанавіў бібліятэчную ардынацыю: завяшчаў кнігі старэйшаму сыну і яго нашчадкам са строгім наказам “не расцярушыць”, “не рассеяць” каштоўны кнігазбор Нясвіжскага замка. Для цэласці бібліятэкі нават выкупіў частку ў свайго брата кардынала.
Не перашкаджай слугам!
Аднак дрэва Радзівілаў было разгалінаванае. Кнігазборы былі не толькі ў Нясвіжы ды Вільні, а таксама ў Біржай, Кедайняй, Клецку. Пра аднаго з Радзівілаў, Альбрыхта Станіслава, захаваліся сведчанні, што ён нават пры пільнай патрэбе ніколі не адрываў слугу, калі знаходзіў яго паглыбленым у чытанне.
Пра новыя зацікаўленні аматараў кнігі ў ВКЛ сведчыць кнігазбор віленскага кашталяна Януша Радзівіла. Збор захоўваўся ў Слуцку, які дастаўся яму ў пасаг пасля шлюбу з апошняй прадстаўніцай роду Алелькавічаў. Януш памёр у 41-гадовым веку, у 1620 годзе, а па сабе пакінуў “скрыню з кнігамі старымі пісанымі”, дзве вялікія шуфляды “з бібліятэкай” ды скрыню з “каштоўнасцямі”: крышталёвай фляжкай, двума келіхамі ды трыма кнігамі (адна з іх – кальвінская Бібліяй).
Каля 70 кніг ліцвінскага магната – гэта рэдкія ў ВКЛ творы па-іспанску і па-французску па ваеннай справе, гісторыі Францыі, там жа біяграфіі французскіх каралёў, а таксама творы па англійскім праве, медыцыне, гісторыі, логіцы, тэалогіі. Такі шырокі кругазор Януша быў выкліканы выхаваннем: ён рос у Біржаі – асноўным маёнтку яго бацькі, Крыштафа Радзівіла Перуна – і выхоўваўся ў кальвінскай традыцыі, пасля вучыўся ў нямецкіх пратэстанцкіх універсітэтах. Адначасова Януш быў любімым унукам Васіля-Канстанціна Астрожскага, асноўнага паборніка праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Атрымаўшы ад бацькі і дзеда пратэстанцка-праваслаўнае выхаванне, Януш, аднак, прыкіпеў сэрцам да каталіцкай Францыі. Гэта захапленне і адлюстравалася ў яго кнігазборы.
Шэршэ ля фам
Другой па велічыні магнацкай кніжніцай у ВКЛ лічыцца бібліятэка Сапегаў у Ружанах. Пачаў яе збіраць Леў Сапега. Відавочна, ён як рэдактар Статуту 1588 г. абапіраўся на працы Арыстоцеля, Цыцэрона, Вергілія, якія меліся ў яго кнігазборы. Усяго ружанская бібліятэка ў часы, калі ён з’яўляўся канцлерам, налічвала ля 3000 кніг. У адрозненне ад Радзівіла Сіроткі, Сапега меў больш практычнае стаўленне да свайго кнігазбору: падзяліў кнігі пароўну між дзецьмі.
Вялікія кнігазборы былі ў магнатаў, звязаных з выдавецкім рухам. Вядома і пра існаванне бібліятэкі Яна Абрамовіча, віленскага ваяводы, спонсара многіх выданняў, у тым ліку Катэхізіса Судровіўша 1598 г. Кнігазбор мелі Хадкевічы – фундатары Заблудаўскай друкарні. У XVI ст. паўсталі бібліятэкі Тышкевічаў: расцярушаныя між Лагойскам, Чырвоным Дваром (Каўнаскі павет), Свіслаччу і Біржай, яны налічвалі агулам некалькі тысяч тамоў.
Актыўнымі чытачамі, прычым не толькі раманаў, былі жанчыны. Іх чытання патрабавала актыўная грамадская дзейнасць. Так Эльжбэта з Шыдлоўца, жонка Мікалая Радзівіла Чорнага, вяла рэлігійныя дыспуты і мела павагу сярод тэолагаў, як і жонка віленскага войта Ратундуса. Займаліся фундаваннем адукацыі, манастыроў і збораў, мастацтва. А Кацярына Хадкевіч падарыла у 1575 годзе супрасльскаму манастыру тры кніжкі, Багдана Прэслаўка ахвяравала сваё рукапіснае Евангелле Жыровіцкаму манастыру. Паказальна, што менавіта жонкам магнатаў, а не толькі самім магнатам былі прысвечаны многія выдатныя творы.
Хто валодае інфармацыяй…
Некаторыя магнаты не мелі часу і мажлівасці шмат чытаць. Але пры жаданні маглі атрымліваць інфармацыю з кніг праз сваіх “бібліятэкараў” – літаратараў, выдаўцоў ці іншых інтэлектуалаў, якія мелі права карыстацца і працаваць для сваіх мэтаў у магнатавых кніжніцах. Так, дзейнасць Саламона Рысінскага, аўтара зборніка прыказак і прымавак, была цесна звязана з любчанскімі Радзівіламі. Захаваўся перапіс бібліятэкі, якой карыстаўся Рысінскі пры двары магнатаў. У ёй 822 тамы, 76 % якіх – свецкія выданні. Дарэчы, пятую частку бібліятэкі складала антычная літаратура.
Падручнікі, дапаможнікі па граматыцы, лаціне і грэцкай мове, матэматыцы сведчаць пра настаўніцкую дзейнасць Рысінскага. Шмат кніг відавочна звязаныя з падрыхтоўкай ім зборніка прыказак: “Прыказкі” Э. Ратэрдамскага, грэцкія прыказкі, зборнікі афарызмаў, загадак, прытчы Саламона. 80 кніг – трактаты на гістарычную тэму.
Удзячныя за матэрыяльную і маральную дапамогу, выдаўцы часта прысвячалі магнатам свае кнігі. Так, Ян Казаковіч, які пераклаў “Іўдзейскую вайну” Іосіфа Флавія дзякуючы спрыянню Крыштафа Зяновіча, пісаў апошняму: “Шматлікімі каштоўнымі кнігамі бібліятэка вашай міласці аздоблена, нямала людзей да яе штодзень прыязджае”. Відавочна, берасцейскаму ваяводу была прыемная такая ўвага да яго кніжніцы. Ён называў яе “самай вялікай каштоўнасцю” і, перадаваючы яе сыну, прасіў таго “не раскідваць яе, але, дасць бог, павялічыць і заўжды трымаць у адным месце Смаргоні пры каменнай царкве”.
Віно альбо кнігі?
Найбуйнейшай рэнесансавай хатняй бібліятэкай ВКЛ быў чатырохтысячны кнігазбор вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. На яго густ моцна паўплывала маці, італьянка Бона Сфорца. Жыгімонта выхоўвалі італьянцы, ён з дзяцінства ведаў італьянскую, латынь, польскую і нямецкую мовы (хоць дзве апошнія недастаткова добра).
Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст
Каб вызваліцца ад матчынай апекі, малады князь перанёс свой двор з Кракава ў Вільню, туды ж пераехала і бібліятэка (пазней яна размясцілася ў Тыкоціне, дзе было больш зацішна ды бяспечна). Безумоўна, кніжніца з’яўлялася скарбонкай ведаў для князя і яго атачэння. Але ў той жа час яе існаванне было данінай модзе і проста прэстыжна. Таму кожны адукаваны еўрапейскі манарх абавязкова павінен быў мець багаты кнігазбор. Да таго ж выдаткаў Жыгімонтава бібліятэка патрабавала параўнальна няшмат. Ввядома, што за адзін 1546 год двор Жыгімонта вытраціў на віно 3705 злотых. У той час як кніжак за 4 гады было закуплена на 2000 злотых.
Сваю бібліятэку Аўгуст пачаў мэтаскіравана збіраць ужо ў дарослым веку, у 27 гадоў. У збіранні памагалі 2 агенты – з Кракава і Вільні. Аснову кнігазбору склалі кнігі бацькоў – Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы, якая была вялікай аматаркай гісторыі. Сярод 4000 тамоў – кнігі на вельмі розныя тэмы. Тым не менш, можна ўбачыць пэўныя княскія захапленні. Так, маецца мноства антычных тэкстаў – грэцкіх і грэка-лацінскіх, шмат кніг па праве, медыцыне (з апошнімі дасягненнямі ў анатоміі, хірургіі, ветэрынарыі). Жыгімонт чытаў гістарычныя і геаграфічныя кнігі са звесткамі пра многія куткі свету, а таксама захапляўся астраноміяй (перыядычна віленскі майстра Рэтык рабіў на яго замову пэўныя астранамічныя прылады).
У бібліятэцы было мала кніг па астралогіі, папулярнай ва ўсе часы. Сам Жыгімонт вельмі іранічна выказваецца ў сваіх лістах пра гэту галіну ведаў і яе верагоднасць. У той жа час, ён шмат чытае па магіі ды алхіміі. Вядома, што ў канцы жыцця ён паспрабаваў выклікаць дух любай яму Барбары.
Хоць вялікі князь быў каталіком, у яго былі кнігі Кальвіна, Лютэра, іншыя пратэстанцкія кнігі, дасланыя самімі аўтарамі ці еўрапейскімі кіраўнікамі. Жыгімонт усё прымаў з удзячнасцю.
Лёсы кніжных збораў перапляталіся з лёсамі іх уласнікаў і аказваліся не менш цікавымі. Пасля згасання роду Гаштольдаў, маладому Жыгімонту Аўгусту дасталіся не толькі землі ды бібліятэка магнатаў, але і ўдава апошняга Гаштольда, Барбара Радзівіл, якая стала жонкай караля. Бяздзетнасць Жыгімонта вызначыла лёс чатырохтысячнага кнігазбору. Пасля яго смерці ў 1572 годзе кнігі адышлі толькі што заснаванай езуіцкай вучэльні ў Вільні – будучаму Віленскаму універсітэту.
Sprechen sie Deutsch?
Набор моў, на якіх чыталі вялікалітоўскія шляхціцы XVI стагоддзя, выразна дэманструе мульцілінгвістычнае становішча, што склалася ў дзяржаве. Тут размаўлялі на старабеларускай, літоўскай, польскай, лацінскай, яўрэйскай, татарскай, а чыталі яшчэ і па-царкоўнаславянску, нямецку, французску, чэшску, італьянску…
Падсудак наваградскага земскага суда Фёдар Еўлашоўскі, ўмеў карыстацца старабеларускай, польскай мовай і нават мог пісаць на ідышы: “А на пятым годзе жыцця пачаў я займацца навукай рускай, у тыя часы ў нашым краі не было яшчэ іншых навук. І таму застаўся я з рускаю і польскаю навукай, і па-жыдоўску напісаць умею”. Праўда, зазначае ён, напісанне гэта патрабуе ведання стараяўрэйскай ці хаця б нямецкай моў.
Мода на вывучэнне нямецкай мовы прыйшла ў ВКЛ у сярэдзіне ХVІ стагоддзя. Мікалай Радзівіл Сіротка пісаў сваім дзецям, што вучыліся за мяжой: “каб нямецкую мову пасля лацінскай як другую вывучылі”. Тое ж завяшчаў дзецям і Крыштаф Радзівіл: “Тыя дзве мовы (лацінская і нямецкая) – самае патрэбнае ўменне для ўсіх грамадзян нашых”. Выезды ў Германію на вучобу адбываліся з пачатку ХVІ ст.. Але Жыгімонт Стары забараніў шляхце навучацца ў шэрагу нямецкіх універсітэтаў, каб спыніць распаўсюд пратэстантызму ў ВКЛ. Выезд з краіны не мог адбыцца без пашпарту за подпісам караля. Забарона на выезд перастала дзейнічаць пры Жыгімонту Аўгусту, які сам цікавіўся рэфармацыйнымі ідэямі.
ХVІ стагоддзе цалкам змяніла стаўленне да кнігі і кнігазбору. Цягам жыцця трох пакаленняў, з цуда, недасяжнага носьбіта таемнай веды, кніга ператвараецца у рэчаіснасць – аб’ект спасціжэння, збірання і любові.
Скурко П. Кнігазборы Вялікага Княства// Літаратура і мастацтва. 2013. 8 лістапада. № 44. С. 8.