Love story у «Маладосці»

У вераснёўскім нумары “Маладосці” маю ўвагу прыцягнула аповесць Вікторыі Федзьковіч “Яблыкі”. Паколькі твор з’яўляецца дастаткова тыповым для маладой беларускай літаратуры, яго аналіз дапаможа паказаць яе дасягненні і недахопы. Спярша колькі слоў пра сюжэт. Дзеянне аповесці пачынаецца ў сучасным Мінску. Журналістка Вера шчаслівая ў шлюбе з хірургам Германам. Адначасова яна платанічна захапляецца сваім шэфам Алегам Аркадзьевічам. Герману прапануюць кантракт у адной са швейцарскіх клінік…


Сярод безумоўных вартасцей твора – яго чытэльнасць. Знаёмства з “Яблыкамі” адбылося на адным дыханні за адзін вечар. Гісторыя нашых сучаснікаў прымушае суперажываць героям. Да таго ж, стыль і мова не расчароўваюць, прынамсі, для дэбютанткі ўзровень годны. Рэалістычна выпісаныя ўзаемаадносіны Веры і Германа. Вобраз апошняга можна назваць аўтарскай удачай: Вікторыя Федзьковіч тонка перадае эгаізм галоўнага героя, яго паглыбленасць у сябе і нават унутраны холад душы.

Творам шмат каго з пачаткоўцаў уласціва слабая кампазіцыя і адсутнасць жыццёвых падрабязнасцей. З боку рэдактара гэтыя недахопы выправіць немагчыма, бо для таго патрабуецца перапісаць твор. Што да першай праблемы, дык унутраная структура аповесці, выбраная аўтарам, у цэлым падаецца абгрунтаванай. Выключэнняў некалькі.

Адно з іх звязана з крыху абарванай лініяй Антона, сябра дзяцінства галоўнай гераіні. Такое ўражанне, што яго вобраз уведзены ў аповесць з дзвюма мэтамі: прымусіць Германа раўнаваць Веру (зноў-такі незразумела, навошта: далей такі “трохкутнік” не абыгрываецца) і даць ёй выгаварыцца пасля здрады мужу. Але пасля таго, як гераіня з’язджае ў Швейцарыю, Антон больш не з’яўляецца на старонках “Яблыкаў”. Што стала нагодай разарваць стасункі? Сварка? Аднак пра яе няма ні слова. Далёкія адлегласці, што падзялялі герояў? Але калі раней адносіны былі да такой ступені блізкія, што выклікалі рэўнасць у мужа, не маглі ж яны знікнуць у імгненне!

Адсутнасць падрабязнасцей, што з’яўляецца праявай усё больш хуткага тэмпу нашага жыцця, праілюструю таксама на прыкладзе “Яблыкаў”. У творы адсутнічаюць партрэтныя характарыстыкі ўсіх галоўных герояў (Веры, Германа, Алега Аркадзьевіча і немкі Гертруды, з якой дзяўчына пазнаёмілася ў Швейцарыі), таму ўяўвіць іх сабе складана. Вера разам з мужам жыве спярша ў Мінску, потым у Швейцарыі, але канкрэтыкі няма. Калі беларускія старонкі яшчэ насычаныя героямі і падзеямі, дык заходнееўрапейскае жыццё часам нагадвае бязважкую прастору. Можна памяняць гэтую краіну на Аўстрыю, розніцы не адчуеш.

Не зусім зразумела, ці працавала Вера на Захадзе, як праходзіла яе адаптацыя да новага жыцця. Не ўдакладняецца, ведала яна раней адну з моў, якія ўжываюцца ў краіне, ці вывучыла яе там. Між тым, падрабязнасці швейцарскага жыцця выклікалі б вялікую цікавасць у чытачоў. Дысбаланс, які прысутнічае паміж апісаннем жыцця ў абедзвюх краінах, не ідзе на карысць твору.

Ёсць пытанні і да фіналу. Цікава, як Гертруда знайшла нумар Алега Аркадзьевіча? Калі верыць аповесці, Вера нічога не казала ёй пра свае адносіны з былым шэфам. У “Яблыках” не згадваецца, што гераіня сумавала без колішняга галоўнага рэдактара, якога не бачыла шмат гадоў. Як жа Гертруда здагадалася набраць менавіта яго нумар? Куды больш верагодна, што ў рэальнасці яна мусіла патэлефанаваць не Алегу Аркадзьевічу, а Антону…

Калі падагуліць уражанні, аповесць адпавядае агульнай канцэпцыі часопіса і ў прыватнасці рубрыцы “Упершыню ў “Маладосці”. Хоць зразумела, што для асобных аўтараў публікацыя ў ёй хутчэй з’яўляецца авансам. Зрэшты, усе, нават самыя вялікія творцы, калісьці дэбютавалі ў літаратуры. Галоўнае, каб нават пасля крытыкі ў іх не знікала жаданне развівацца і пісаць далей.

Першы ўраджай// Літаратура і мастацтва. 2013. 25 кастрычніка. № 42. С. 5.