Як не трэба пісаць раман

Жнівеньскі нумар “Полымя” завяршыў публікацыю рамана Алеся Макоўскага “Развітальнае рэха”, распачатую ў ліпеньскім выпуску. Згодна з сюжэтам, галоўны герой Андрэй Ляшкевіч атрымае заданне напісаць уласную творчую біяграфію. Каб максімальна сканцэнтравацца, ён едзе ў вёску і там трапляе ў палон успамінаў…


На жаль, твору ўласцівыя адсутнасць выразнай кампазіцыі, стракатасць, эклектыка і імкненне аўтара падзяліцца з чытачамі ўсім, што ён памятаў і ведаў. А.Макоўскі ўключыў у раман безліч побытавых гісторый (пра аднавяскоўцаў, стукачоў, продаж ботаў у войску), некалькі гумарэсак (пра з’яўленне ў армейскай частыцы генерала і “няўдалы” фотаздымак, зроблены галоўным героем), гісторый з асабістага жыцця (чытач знаёміцца з Бэлай, а таксама са Святланай, якая ўрэшце рэшт стала жонкай героя), а таксама ўстаўныя апавяданні пра жыццё рабочых завода, напісаныя ў лепшых традыцыях сацыялістычнага рэалізму.

На жаль, у “Развітальным рэху” хапае публіцыстыкі (фрагменты пра беларускае тэлебачанне, калайдар, гарбачоўскую перабудову, бамбёжку Ірака, стан сучаснай журналістыкі). У асобных сцэнах вельмі расчароўвае празмерны натуралізм (героі высвятляюць, які стул у хлопчыка; ці лёгка сыходзяць у старой газы). Наогул, амаль усе героі “Развітальнага рэха” прадстаўлены на старонках назвычай пункцірна, ніводны з характараў, на жаль, не распрацаваны. Да таго ж іх біяграфіі звязаныя толькі з дзеючай асобай і ніяк не перасякаюцца паміж сабой.

Дзеля аб’ектыўнасці прызнаюся: часам у творы А.Макоўскага сустракаюцца годныя, па мастацку выпісаныя фрагменты. Напрыклад, па-свойму ўражваюць разважанні аўтара пра сучасную вёску або жыццёвая гісторыя калгасніцы, узнагароджанай ордэнам Леніна. Эпізод пра землякопа наогул нагадвае філасофскую прытчу. Але “Развітальнае рэха” не дазваляе адказаць на галоўнае пытанне: дзеля чаго галоўны герой і аўтар вырашылі падзяліцца згадкамі пра мінулае? Прычыны, чаму Андрэй Ляшкевіч сеў за пісьмовы стол, у “палымянскім” тэксце не тлумачацца. А вось А.Макоўскі хутчэй за ўсё вырашыў расказаць гісторыю ўласнага жыцця.

Пра аўтабіяграфічнасць “Развітальнага рэха” сведчыць падабенства паміж біяграфіямі галоўнага героя і пісьменніка; прыведзены ліст пісьменніка Паўла Місько, у якім той хваліць аповесць Андрэя Ляшкевіча; частковае супадзенне паміж прозвішчамі герояў рамана і рэальнымі творцамі (Міколам Фядзько – відаць, Фядзьковічам і Яўгенам Крупеняй – відаць, Крупенькам).

На жаль, усе названыя акалічнасці не дазваляюць казаць пра “Развітальнае рэха” як пра раман. Хутчэй, ён нагадвае кактэйль з асабістых успамінаў, публіцыстыкі, старых апавяданняў і аўтарскіх разважанняў пра жыццё, аб’яднаных у адным тэксце. Магчыма, яны будуць цікавыя блізкім, сябрам і знаёмым аўтара, але наўрад ці выклікаюць цікавасць у шырокай аўдыторыі.

Зрэшты, у жнівеньскім нумары можа знайсці і іншыя, больш удалыя творы. Чытач мае магчымасць пазнаёміцца з вершамі Міхася Пазнякова, Казіміра Камейшы, Валерыя Калінічэнкі і Браніслава Спрынчана (у перакладзе Міколы Шабовіча), апавяданнямі Юліі Зарэцкай і Анатоля Андрэева (твор апошняга пераствораны Міхасём Кенькам). Раздзел крытыкі і літаратуразнаўства прадстаўлены артыкуламі Валянціны Навіцкай (прысвечаны характарам інтэрпрэтацыі народнага эпасу У.Караткевічам і Я.Баршчэўскім), Серафіма Андраюка (рэцэнзія на “Маю бібліятэку”, апошні твор Янкі Сіпакова), Івана Саверчанкі (пра беларускую літаратуру эпохі Ранесансу). Праз фрагменты ўспамінаў Віктара Гардзея паўстае постаць вядомага журналіста і навукоўцы Барыса Стральцова.

“Полымя” друкуе фрагменты спадчыны гісторыка, археографа, этнографа і фалькларыста Івана Барычэўскага (уступны артыкул, пераклад з рускай мовы, каментарый і публікацыі Аляксандра Вашчанкі). Алесь Марціновіч знаёміць чытачоў з асобай Сымона Хурсіка, чыя творчасць была заўважана Максімам Гарэцкім. Леанід Яўменаў разважае над канцэптуальнымі асновамі плаітычнай філасофіі Аб’яднаных Нацый Еўропы. А Арцём Кавальчык выказвае свае ўражанні пра кнігу казак Ганада Чарказяна “Талісман”.

Доўгае рэха мінулага// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 4 кастрычніка. — № 39. — С. 5.