Прэм’ер, ідэолаг і кіраўнік дзяржавы здымаліся ў кіно

І адбылося гэта ў Беларусі!

У сярэдзіне 1920-х гадоў у Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы адбываліся здымкі першага беларускага мастацкага фільма “Лясная быль”. Рэжысёрам з’яўляўся рэжысёр Юрый Тарыч, яго асістэнтамі — будучыя зоркі савецкага кіно: Іван Пыр’еў і Уладзімір Корш-Саблін.

У аснову фільма была пакладзена аповесць Міхася Чарота “Грышка-свінапас”, у якой распавядалася пра падзеі партызанскай вайны на Беларусі ў гады Грамадзянскай вайны.

У якасці гістарычных кансультантаў у карціну запрасілі трох чалавек: Аляксандра Чарвякова, старшыню Цэнтральнага выканаўчага камітэта рэспублікі (афіцыйна, першую асобу ў Беларусі),


А. Чарвякоў

Іосіфа Адамовіча, старшыню Савета народных камісараў (урада)


І. Адамовіч

і Вільгельма Кнорына, былога кіраўніка Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (1920-1922), ідэолага станаўлення беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове


В. Кнорын

Партыйным кіраўнікам так спадабалася праца над фільмам, што яны ў якасці акцёраў згулялі ў “Лясной былі” ролі начальнікаў рэвалюцыйнага камітэта. Прычым саміх сябе! Згодна сюжэту, А. Чарвякоў размаўляў з беларускім партызанам, І. Адамовіч дыктаваў загад машыністцы, а В. Кнорын аддаваў распараджэнне па тэлефону.

Прэм’ера фільма адбылася 26 снежня 1926 года.

Цікава, што ў запрашэнні Кнорына быў яшчэ адзін падтэкст. Справа ў тым, што Вільгельм Георгіевіч з’яўляўся адным з кіраўніком савецкага кінематографа. Ён займаў пасаду намесніка старшыні Усерасійскага фотакінематаграфічнага акцыянернага таварыства “Савецкае кіно” Наркамата асветы РСФСР. Яно было ўтворана ў 1925 г. Калі Кнорын заняў сваю пасаду, нам невядома. У дакументах знайшоў адлюстраванне той факт, што 20 мая 1927 г. ён быў вызвалены ад сваёй пасады. Прычына не ўдакладнялася, але, відавочна, што тады ён пераехаў у Мінск і ў другі раз ўзначаліў БССР (дарэчы, гэта адзіны выпадак у беларускай савецкай гісторыі). Таму, мажліва, стваральнікі фільма хацелі паскорыць працэс выхаду карціны і пазбегнуць крытыкі «Савецкага кіно».

Паколькі «Лясная быль» неўзабаве выйшла на экраны, гэта ў іх атрымалася.

Прэм’ер, ідэолаг і кіраўнік дзяржавы здымаліся ў кіно: 2 комментария

Комментарии запрещены.