Еўрапейская асацыяцыя — у Мінску

Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала месцам правядзення 42-й Міжнароднай канферэнцыі ABDOS «На шляху да новага самапазнання — бібліятэкі як культурны і сацыяльны цэнтр».


Раман Матульскі (справа) вітае ўдзельнікаў канферэнцыі

Абрэвіятура ABDOS расшыфроўваецца як Асацыяцыя бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў па даследаванні Усходняй, Сярэдне-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Штогод з 1972-га арганізацыя, якая аб’ядноўвае найважнейшыя ўстановы ў нямецкамоўнай прасторы, ладзіць канферэнцыі ў розных кутках Еўропы. Каб стварыць для чытачоў уяўленне пра тэматыку яе працы, прывяду два прыклады. 35-я канферэнцыя адбылася ў 2006 годзе ў нямецкім горадзе Баутцэне. Яе назва — «Маленькія рачулкі ў вялікай рацэ — «малыя» мовы і літаратуры ды роля бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў у іх вывучэнні і даследаванні». А ў наступным 2007-м навукоўцы сабраліся ў Вене, каб падыскутаваць на тэму «Фактар стабільнасці для Паўднёва-Усходняй Еўропы ў эпоху інфарматызацыі». Апошнім часам паўстала традыцыя: сустрэчы па цотных гадах адбываюцца ў адным з населеных пунктаў Германіі, па няцотных — у адным з гарадоў Усходняй Еўропы. Сёлета ім быў абраны Мінск.

***

На адкрыцці канферэнцыі з прывітальным словам выступіў Раман Матульскі. Тэма яго даклада («Віртуальная рэканструкцыя помнікаў кніжнай культуры Беларусі») неаднаразова асвятлялася на «лімаўскіх» старонках. Гаворка на форуме ішла пра плённую дзейнасць Нацыянальнай бібліятэкі па набыцці рэдкіх і каштоўных выданняў (150 за мінулы год), атрыманні іх у часовае экспанаванне («Біблія» Скарыны), факсімільным выданні помнікаў літаратуры, стварэнні электронных энцыклапедый і г. д.

Але прамова Рамана Сцяпанавіча была арыентавана не толькі на суайчыннікаў, але і на замежнікаў, таму мела дадатковыя адценні і нюансы. Напрыклад, паводле слоў Матульскага, будынак НББ увахо­дзіць ва ўсе магчымыя ТОПы бібліятэк: як самых прыгожых, так і брыдкіх. Асаб­лівасць галоўнай кніжніцы краіны ў тым, што яна з’яўляецца як сучаснай бібліятэкай, так і інфармацыйным цэнтрам, дзе праходзяць афіцыйныя і дзелавыя сустрэчы. Гэта дазваляе НББ мець высокі статус у грамадстве.

Кажучы пра выклікі, якія ўзнікаюць перад усёй бібліятэчнай супольнасцю з надыходам інфармацыйнага грамадства, Р. Матульскі прывёў два прыклады. Будынак Свабоднага ўніверсітэта ў Берліне адкрыты ледзь не 24 гадзіны ў суткі і запоўнены чытачамі. У Сінгапуры за апошнія 10 гадоў наведванне бібліятэк павялічылася ў 3,5 разы. Атрымліваецца, што бібліятэка можа быць запатрабаванай у сучасным свеце. Але пры ўмове яе пераарыентацыі на сучасныя патрэбы.

***

Алена Раско з гановерскай Тэхнічнай інфармацыйнай бібліятэкі прадставіла ўдзельнікам сваю ўстанову, якая з’яўляецца адной з самых буйных у свеце кніжніц, дзе захоўваецца літаратура па тэхніцы, фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы і архітэктуры. Яе бюджэт у 2012 го­дзе склаў 27 мільёнаў еўра, прычым амаль два мільёны еўра зарабіла сама бібліятэка. Адна з платных паслуг — дастаўка дакументаў. Цікава, што 68% з іх замаўляюцца з Германіі, 27% — з іншых краін Еўропы, 5% — карыстальнікі з астатняга свету. З 1959 года ў бібліятэцы працуе аддзел Усходняй Еўропы, які папаўняецца адпаведнай літаратурай. У Беларусі немцы замаўляюць не толькі навуковыя выданні, а таксама зборнікі канферэнцый і часопісы. Цікавасць да апошніх невыпадковая. Дастаткова сказаць, што чытачы бібліятэкі маюць доступ да 27 тысяч часопісаў (прычым 14 тысяч з іх — у электронным выглядзе).

***

Людміла Гушчынская, загадчык сектара інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ, распавяла пра персанальныя віртуальныя праекты бібліятэкі. Яна нагадала, што спярша інфармацыя змяшчалася на здымных носьбітах: гаворка пра дыскі, прысвечаныя Францішку Багушэвічу, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Максіму Багдановічу. Іх структура была падобнай: тэксты, фрагменты фільмаў, створаных на іх аснове, аўтографы… Выхадам на новы ўзровень стаў віртуальны праект, прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу (выкладзены на партале НББ). Ён складаўся з наступных раздзелаў: уступны літаратуразнаўчы артыкул, летапіс жыцця і творчасці класікаў, іх крылатыя словы і афарызмы, песні на іх словы, ілюстрацыі да твораў і ўласна творы Купалы і Коласа, размешчаныя паводле рубрык (пра каханне, для дзяцей, пра вайну і інш.). А вось для праекта, прысвечанага Янку Маўру, была выбрана форма падарожжаў пісьменніка ў краіны і рэгіёны свету, адлюстраваныя ў яго творах. Гэта Папуа — Новая Гвінея, Вогненная Зямля, востраў Ява і Палессе.

***

Олаф Хаман, супрацоўнік Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі, распавёў пра гісторыю і сучасны стан сваёй установы. Заснаваная ў 1661 годзе як кніжніца курфюстаў (пазней каралей), цяпер яна налічвае 11 мільёнаў кніг і брашур і каля мільёна геаграфічных карт з усяго свету. О. Хаман вылучыў дзве асаблівасці нямецкіх бібліятэк. Па-першае, адказнасць за іх камплектаванне ўскладаецца на федэральныя землі. Па-другое, кніжніцы спецыялізуюцца на літаратуры розных напрамкаў. Напрыклад, Берлінская бібліятэка — на славістыцы, праве, усходазнаўстве. З 2005 года там ствараецца віртуальная галіновая бібліятэка-партал па славістыцы. Дарэчы, у берлінскіх фондах прадстаўлены і беларускія выданні. Праўда, сёлета набытак склаў усяго каля сямі дзясяткаў асобнікаў. Кнігі паступаюць па міжбібліятэчным абмене, пры дапамозе ўласных пошукаў, а таксама пры спрыянні пасольства Беларусі ў Германіі, якое аплочвае транспарціроўку. Дарэчы, у Берлінскай бібліятэцы ёсць цікавая паслуга: можна падпісацца на рассылку, і тады карыстальніку будзе прыходзіць спіс новых паступленняў.

***

Далей праца форуму адбывалася па некалькіх сесіях: «Развіццё беларускай тэматыкі ўнутры краіны і ў свеце», «Каталагізацыя», «Бібліятэкі і праца бібліятэкараў як выяўленнне гістарычнай ідэнтычнасці», «Кніга, бібліятэкі і гісторыя кніга­друкавання». Дарэчы, наступная 43-я канферэнцыя ABDOS пройдзе ў Гановеры. Мяркуючы па ўзроўні мінскага форуму, беларускія навукоўцы праз год змогуць годна прадставіць нашу краіну ў Германіі.

Літаратура і мастацтва. — 2013. — 6 верасня. — № 35. — С. 14.

P.S. Матэрыял выйдзе ў заўтрашнім нумары газеты, але ўжо даступны ў электронным выглядзе (арыгінал узяты тут).