Баркулабаўскі летапіс: поўная версія

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з’яўляецца традыцыйным удзельнікам Дня беларускага пісьменства. Пра праекты галоўнай кніжніцы краіны, якія будуць рэалізаваныя сёлета, распавядае Алесь Суша, намеснік дырэктара НББ па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці.

Фрагмент летапісу

У працы Нацыянальнай бібліятэкі, звязанай са святам, можна вылучыць два кірункі. Першым з’яўляецца прэзентацыя 2-томнага выдання, прысвечанага Баркулабаўскаму летапісу, якая пройдзе сумесна з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Выбар гэтага помніка духоўнай культуры ў якасці аб’екта даследаванняў невыпадковы, бо менавіта летапіс з’яўляецца адным з галоўных брэндаў як Быхаўшчыны, так і сёлетняга свята пісьменства.

Некалькі гадоў таму супрацоўнікі маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музею перадалі ў НББ электронную копію рукапіснага спісу Баркулабаўскага летапісу, таму беларускія даследчыкі атрымалі магчымасць паўнавартасна вывучыць яе. І ў такой працы існавала сур’ёзная патрэба, бо Баркулабаўскі летапіс да нашага часу яшчэ вывучаны недастаткова. У друку сустракаюцца розныя, часам процілеглыя меркаванні адносна асобы аўтара і складальніка летапісу, яго назвы, часу і месца напісання, складу. Нягледзячы на сваю выключную значнасць для айчыннай культуры, тэкст летапісу яшчэ ніколі не друкаваўся ў поўным аб’ёме арыгінальнага рукапісу, у якім ён захоўваецца. Са 174 аркушаў (агульны памер помніка) было апублікавана менш як 40! Гэта прытым, што летапіс быў уключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры, а таму і ў шматлікія анталогіі і хрэстаматыі.

Паводле меркавання А. Сушы, Баркулабаўскім летапісам, ці дакладней Баркулабаўскім летапісным спісам, правільней было б называць не толькі заключны фрагмент гэтага рукапісу, у якім апісваецца пераважна лакальная гісторыя Усходняй Беларусі, але тэкст усяго рукапісу цалкам. Нельга лічыць яго зборнікам самастойных, штучна сабраных разам матэрыялаў, гэта адносна цэласны помнік, усе часткі якога звязаны між сабою і выбудоўваюцца ў агульную структуру.

У адпаведнасці з ёй Баркулабаўскі летапіс пачынаецца з духоўнага ўступу – царкоўна-малітоўнай часткі. Працягваецца звесткамі з біблейскай гісторыі як важнейшай і першай часткі агульначалавечай гісторыі (у разуменні таго часу). У далейшым у летапісе ідзе гаворка пра палітычную гісторыю ўласнага рэгіёну і сваёй дзяржавы (ВКЛ) ад легендарных часоў да сучаснасці. Урэшце ён завяршаецца больш падрабязнымі звесткамі мясцовага характару – звесткамі пра мястэчка Баркалабава і яго наваколле.

Па сутнасці, рукапіс уяўляе сабой звод хранікальных матэрыялаў пра падзеі ад найдаўнейшых часоў да 1634 года, сабраных з розных крыніц і перапісаных разам у другой палове XVII ст. Кожны з гэтых матэрыялаў адносна аўтаномны, большасць мае асобнае паходжанне. Але яны былі сабраны разам з адной канкрэтнай мэтай – упісаць гісторыю і тагачасны стан мястэчка Баркалабава і наваколля ў кантэкст ўсеагульнай гісторыі і гісторыі ўласнай дзяржавы.

Выданне, якое ажыццявіла Нацыянальная бібліятэка і Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі, складаецца з двух тамоў. Першы ўяўляе сабой факсіміле, другі – даследаванне і тэкст летапісу. Адаптацыю тэксту выканалі Ірына Будзько, Наталля Паляшчук, Ганна Федарэнка і Эльвіра Ярмоленка (аркушы 1–70), а таксама Валянціна Мароз і Анатоль Крыварот (аркушы 71–137). Публікацыя заключнай часткі летапіснага спісу (аркушы 137–174) была ажыццёўлена паводле ўзнаўлення Міколы Улашчыка у “Полном собрании русских летописей”. Агульную каардынацыю і падрыхтоўку навуковага даследавання, прысвечанага летапісу, ажыццяўляў Алесь Суша.

Другім кірункам удзелу НББ стане арганізацыя выстаўкі-прэзентацыі “Славутая зямля славутых продкаў”, прысвечанай знакамітым асобам і кніжным помнікам, звязаным з гісторыяй Быхава і Быхаўскага краю. У экспазіцыі будзе прадстаўлена тэматычная навуковая, навукова-папулярная і даведачная літаратура. Асобнае месца на выстаўцы зоймуць некалькі груп унікальных выданняў. Гэта кнігі даследчыкаў Баркулабаўскага летапісу Еўдакіма Раманава і Міколы Улашчыка з дароўнымі надпісамі. Каля дзясятка выданняў з кніжнага збору, які ў ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў належаў каталіцкаму манастыру канонікаў латэранскіх у Быхаве. А таксама кніга, у якой утрымліваецца падрабязнае апісанне Быхава сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Яе поўная назва – “Путевые записки русского художника И.Захарова, собранные во время путешествия по России, Турции, Греции, Италии и Германии” (Санкт-Пецярбург, 1854).

Баркулабаўскі летапіс: поўная версія// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 30 жніўня. — № 34. — С. 9.