Чарнобыль. Палын. Перабудова

Ліпеньскі “Нёман” аказаўся багатым на змястоўныя публікацыі, што не дазваляе спыніць увагу толькі на адной з іх. Таму пагаворым пра тыя, якія найбольш зацікавілі.


Рэдакцыя распачала публікацыю рамана Леаніда Левановіча “Палыновы вецер”, які ў перакладзе Андрэя Цяўлоўскага атрымаў назву “Ветер с горечью полыни”. Беларускамоўная публікацыя прайшла паўз мяне, таму пераклад стаў першым знаёмствам з ёй. Прапанаваны фрагмент наўрад ці дае права даваць ацэнку ўсяму раману. Але пэўныя, прамежкавыя высновы ўжо можна выказаць.

Дзеянне “Палыновага ветру” адбываецца на мяжы 1980 – 1990-х гадоў. У творы адчуваецца відавочны кантраст паміж сцэнамі, скажам так, “народнымі” (дзеянне якіх адбываецца ў чарнобыльскай зоне) і “грамадскімі” (звязанымі з распадам СССР, жнівеньскім путчам і асобай Андрэя Сахуты, сакратара абкама па ідэалогіі). Першыя падаюцца ўнутра блізкімі аўтару. Таму немудрагелістыя радасці жыцця, звязаныя з гаспадарчымі справамі герояў, паходамі па грыбы і ягады, ды “бабіным летам” у іх асабістым жыцці паўстаюць натуральнымі. Л. Левановіч дастаткова пераканаўча перадае псіхалогію вясковых жыхароў, якія займаюцца выключна сваімі справамі і не асабліва зважаюць на
на палітычныя катаклізмы.

А вось “грамадскія” старонкі часам бянтэжаць. Напрыклад, Андрэй Сахута пасля правалу путча і забароны КПСС застаецца без працы, а праз пэўны час уладкоўваецца… на пасаду галоўнага ляснічага радыяцыйнага лясгаса. Такі ход у рамане тлумачыцца сюжэтам. Аўтару хочацца неяк вырашыць канфлікт паміж Сахутам і яго жонкай. Дый пераплесці яго лёс з сюжэтныя лініі іншых герояў, якія жывуць у зоне.

Але калі Л. Левановіч стварае раман пра часы, якія з’яўляліся лёсавызначальнымі для Беларусі, то заканамерна, каб яго героі были дастаткова тыповыми для сваёй эпохі. Інакш кажучы, партыйны сакратар мусіць увасабляць катэгорыю “сумленных апаратычыкаў”. Але ў рамане на першы план выходзіць як побытавыя матывы, так і, няхай не крыўдуе аўтар, крыху побытавае разуменне мінулага. Нават калі б выпадак з Сахутам меў месца, ён адлюстроўваў бы толькі, лічу, прыватную гісторыю. Бо ў рэальнасці партыйная эліта пасля распаду СССР імкнулася захавацьсвае пазіцыі свае сацыяльныя пазіцыі. Зрэшты, каб зрабіць канчатковыя высны, пачакаем завяршэння рамана.

Прыемныя ўражанні пакідаюць апавяданні Валерыя Гапеева “Аднойчы ў Пачутаве” сваім іранічным прачытаннем фальклору, пэўнай стылізацыяй пад быліны і цудоўным гумарам. Наогул апошнім часам мы назіраем спробы пісьменніка выйсці за межы выключна дзіцячай і падлеткавай літаратуры. “Нёманскія” апавяданні сведчаць пра перспектыўнасць такога павароту ў яго біяграфіі.

У блоку «“Сусветная літаратура” ў “Нёмане”» гэтым разам прадстаўлены ўкраінскія творцы. З цікавасцю чытаецца гутарка Алеся Бадака з пісьменніцай Галінай Тарасюк. Размова дазваляе скласці пэўнае ўяўленне пра літаратурную сітуацыю ва Украіне, якая, як ні дзіўна, часткова нагадвае беларускую. З тэкстаў найбольш рэкамендую вельмі тонкія і трапяткія апавяданні Уладзіміра Даніленкі “Вушы” і “Малюнак на замёрзлым акне”. Яны пераносяць чытача ў гарманічнае дзяцінства галоўных герояў, якое свядома ці выпадкова разбураецца ўмяшальніцтвам дарослага свету.

Нарэшце звярну ўвагу на рубрыку “Дакументы. Запіскі. Успаміны”, адну з самых цікавых у часопісе. Гэтым разам там прадстаўлены ўспаміны двух вядомых творцаў. Пісьменнік Алесь Жук (твор “Запоўнены таварышамі бераг”) падзяліўся згадкамі і разважаннямі пра Максіма Танка, Янку Брыля, Рыгора Семашкевіча, Яўгенію Янішчыц, Валянціна Блакіта і Міколу Улашчыка. А тэатральны крытык Таццяна Арлова (“Вар’ятам спадарожнічае ўдача”) распавяла пра эпізоды са свайго юнацтва, маладосці і сталых гадоў, што звязаныя з мінскім жыццём і ахопліваюць перыяд ад канца 1940-х і да сённяшняга дня. Спадзяюся, што абодва тэксты не стануць шэраговымі падзеямі і біяграфіі абодвух аўтараў, а пакрысе ператворацца ў вялікія кнігі ўспамінаў. Бо аўтарытэт А. Жука і Т. Арловай ды маштаб зробленага імі гарантуе цікавасць да акалічнасцяў іх жыцця.

Чарнобыль. Палын. Перабудова// Літаратура і мастацтва. 2013. 23 жніўня. № 23. С. 5.