Лета з Тумінасам

Першы міжнародны тэатральны фестываль “VASARA-2013” праходзіць у літоўскім горадзе Друскінінкай. Разам з вядучымі тэатрамі Балтыі і краін СНД у ім прымаюць удзел Гродзенскі абласны тэатр лялек з “Пікавай дамай” і Незалежны тэатр “Ч” з пастаноўкай “Дзяды”.


Друкінінкай – наш і ваш
Размешчаны на беразе Нёмана, усяго ў 42 кіламетрах ад Гродна, Друскінінкай зрабіўся курортам даўно, яшчэ напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе, калі гродзенскі “нямы сейм” “згадзіўся” на другі падзел дзяржавы, асабісты доктар Станіслава Аўгуста Панятоўскага эксперыментальна пацвердзіў гаючыя ўласцівасці тамтэйшых мінеральных крыніц. У 1837-м Друскінінкай атрымаў статус горада і стаў месцам адпачынку: у ХІХ ст. для мясцовай эліты, у ХХ ст. – яшчэ і для масавых наведвальнікаў.

Цікава: восенню 1939 года, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, Друскінінкай адышоў да нашай рэспублікі, і толькі праз год быў перададзены Літве. Цяпер горад над Нёманам з’яўляецца прызнаным цэнтрам адпачынку, куды з ахвотай прыязджаюць як літоўцы, так і госці (асабліва з Германіі і Ізраіля). Але, па вялікім рахунку, Друскінінкай не можа пахваліцца надзвычай насычаным культурным жыццём. Таму ідэя правесці ў горадзе тэатральны фестываль была ўспрынята вельмі ўхвальна.


Друскінінкай

Форум атрымаў назву “Vasara”, што па-літоўску азначае лета. Прэзідэнтам фестывалю стаў мастацкі кіраўнік Вахтангаўскага тэатра Рымас Тумінас, які з’яўляецца адным з самых прызнаных рэжысёраў постсавецкай прасторы. Сярод членаў журы – знакаміты шэкспіразнаўца Аляксей Барташэвіч (старшыня) і народны артыст СССР Рэгімантас Адамайціс. Беларусь была прадстаўлена Людмілай Грамыка, галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва”.

Арганізатарамі выступілі два буйныя мясцовыя санаторыі: “Egle” і “SPA Vilnius SANA”. Менавіта на іх пляцоўках праходзілі паказы больш як 20 спектакляў (13 з іх з’яўляліся конкурснымі) з Літвы, Расіі, Беларусі, Арменіі і Малдовы. Напрыклад, Масква прадстаўлялі шэсць калектываў. Прычым у пастаноўцы тэатра Расійскай арміі ў галоўнай ролі выйшла Людміла Чурсіна, а тэатра на Малой Броннай – Яўгенія Сіманава. Галоўны крытэрый удзелу – высокі ўзровень пастановак, а таксама руская (ці беларуская – у выпадку нашых “Дзядоў”) мова, на якой мусілі ісці спектаклі. Спынюся на спектаклях двух надзвычай вядомых маскоўскіх калектываў: Школы драматычнага мастацтва і “Современника”.

Шчыгол, але без цуду
Творчыя пошукі Школы драматычнага мастацтва звязаны з імем легендарнага рэжысёра Анатоля Васільева. Ён заснаваў і ўзначаліў тэатр у 1987-м, а ў 2006-м быў вымушаны адтуль сысці. Цяпер узровень ШДМ вызначаюць яго вучні. Адзін з іх, Аляксандр Агароў, паставіў у 2007-м спектакль “Цуд са шчыглом”, асновай якога зрабілася аўтабіяграфічная паэма Арсенія Таркоўскага. У ёй распавядаецца пра маладога паэта, які здымае пакой у прыгарадным доме. Яго суседзі – сямейная пара, спевакі – сапрана і бас, прычым у апошняга закахана гаспадыня дома.


Сцэна са спектакля «Цуд са шчыглом».
Фота з сайта www.yuga.ru

Уражанні ад спектакля, што адкрыў конкурсную праграму фестывалю, атрымаліся неадназначныя. Калі акцэнтаваць станоўчыя уражанні, дык заўважу, што гледачы ўбачылі дастаткова стыльную пастаноўку, якая танальнасцю адпавядае агульнаму курортнаму настрою, што пануе ў Друскінінкай. Ігра акцёраў, спевы пад музыку Шуберта дапамагаюць стварыць і ўвасобіць паэтычную атмасферу, на якой грунтуецца паэма. Асобныя радкі А.Таркоўскага наогул пераўтварыліся ў тэатральныя эцюды: напрыклад, калі герой вяртаецца дадому падчас завеі.

Але можна ацэньваць “Шчыгла” і з больш спакойнай, стрыманай пазіцыі. У адным з нядаўніх інтэрв’ю беларускі рэжысёр Алег Жугжда заўважыў, што “задача рэжысёра паказаць не твор, а свае ўражанні ад яго”. Уражанняў ад паэмы ў спектакле ШДМ якраз не хапіла. Часам узнікала думка, што на сцэне адбываецца літаральнае, паслоўнае ілюстраванне сказаў Таркоўскага. Таму ў пэўны момант нават не здзіўляешся, калі пасля рэплікі пра дождж на героя з вышыні льецца вада. Але ўся глыбіня радкоў паэта (напрыклад, “Её душа по-птичьи пела // И в струнку вытянулось тело, // Когда на цыпочки привстав, // Она вселенной завладела, // И утвердила свой устав”) знікае і пераўтвараецца у знешні фон для акцёрскіх практыкаванняў (для аб’ектыўнасці, часам вельмі ўдалых).

Пэўнае расчараванне звязана і з тым, што стваральнікі спектакля назвалі “Шчыгла” працягам вопытаў Анатоля Васільева. І хоць “Цуд са шчыглом” нельга назваць няўдачай, у колішняй славе Школы драматычнага мастацтва ён цалкам не пераконвае.

Лесінг – праз фарс
Апошнім часам маскоўскі тэатр “Современник” па розных прычынах нячасты госць за межамі Расіі. За апошнія дзесяцігоддзі беларусы бачылі яго толькі ў 2009-м, калі ў Мінску адбыўся паказ пастаноўкі “Мёртвыя душы”. У Друскінінкай калектыў прывёз адну з апошніх прэм’ер, спектакль “Эмілія Галоці”, пастаноўку якога ажыццявіла Габрыэла Тумінайтэ, дачка Рымаса Тумінаса. У цэнтры аднайменнай п’есы нямецкага філосафа і драматурга Лесінга – гісторыя галоўнай гераіні, Эміліі, якая збіраецца ўзяць шлюб з графам Апіяні. Пра тое даведваецца прынц Ганзага, сам закаханы ў прыгажуню. Яго камергер Марынэлі прапаноўвае забіць канкурэнта і выкрасці дзяўчыну…


Сцэна са спектакля «Эмілія Галоці».
Фота з сайта weekend.ria.ru

Літаральнае прачытанне п’есы часоў асветніцтва (прычым трагедыі ў пяці дзеях) наўрад ці выкліла б цікавасць у аўдыторыі і больш бы нагадвала спектакль-музей. Таму Г. Тумінайтэ вырашыла распавесці гісторыю як фарс з элементамі пародыі. Напрыклад, прынц выглядае як герой глянцавых часопісаў, які ўвесь час іграе на публіку. Вельмі характэрнай для пастаноўкі з’яўляецца сцэна, калі ён доўга шукае месца, дзе лепш бы стаць у пафасную позу. Марынэлі парадзіруе класічны вобраз злачынца. А слугі ў чорных плашчах і шляпах, якія нападаюць на графа, нагадваюць мафію. Асаблівая ўдача – вобраз Эміліі. На працягу большай часткі дзеяння яна выглядае як чысты і ў нечым наіўны падлетак-тынэйджар. Але ў фінале надзвычай хутка сталее і становіцца дарослай.

Істотна, што выканаўцы, якія ўтвараюць моцны акцёрскі ансамбль, вытрымліваюць стыль і тэмпарытм, зададзены рэжысёрам. Таму “Эмілія Галоці” з’яўляецца дастаткова цэласным спектаклем. Бадай, адзінай лыжкай дзёгцю ў бочцы мёду з’яўляецца пытанне, ці не выглядаюць асобныя фрагменты пастаноўкі фарсам дзеля фарсу. Зрэшты, калі і так, мастацтва дзеля мастацтва таксама мае права на існаванне.

P.S. Аўтар выказвае ўдзячнасць літоўскаму тэатральнаму крытыку, выканаўчаму дырэктару фестываля Марыі Танана за запрашэнне і арганізацыю вандроўкі ў Друскінінкай.

Лета з Тумінасам// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 9 жніўня. — № 31. — С. 13.

P.P.S. Учора стала вядома, што Гран-пры фестывалю атрымала «Пікавая дама».