Ад Быкава – да “COSMOpoLITan-exPRESS”

Рэдакцыя часопіса “Маладосць” прытрымліваецца тактыкі, скіраванай на паступовае змяненне фармата выдання і пашырэнне яго аўдыторыі. Таму ў чэрвеньскім нумары сустракаюцца як публікацыі ў традыцыйным фармаце, так і тыя, што прадстаўлены ў новых рубрыках.


Пэўныя праблемы, уласцівыя празаікам-пачаткоўцам, красамоўна бачныя на прыкладзе аповесці Яўгеніі Руль “Па той бок шыбы”. Цудоўна, што аўтар адмовілася ад тэм, якія найчасцей сустракаюцца прозе маладых аўтараў (кшталту, апісання першага спаткання, нешчаслівай гісторыі першага кахання і г.д.). Галоўная дзейная асоба, Ева, трапляе з дэпрэсіяй у псіханеўралагічны дыспансер. Здавалася б, гераіня з’яўляецца цяжкахворай: дзяўчына пералічвае доктару ўласныя дзесяць дыягназаў. Але на шчасце для аўтара, аповесць напісана цалкам здаровым чалавекам, які, на жаль, не змог ўвасобіцца ў хворую дзяўчыну і перадаць яе самаадчуванне, пераходы ад надзеі да адчаю і наадварот (адзінае выключэнне – калі аўтар апісвае пагаршэнне настрою ў Евы пасля Новага года). Таму загадчыца аддзялення Наталля Сяргееўна абсалютна мае рацыю, калі кажа: “Ева, у каго, а ў вас дэпрэсіі не было і цяпер дакладна быць не можа. Вы ж самая вясёлая ў нашым аддзяленні”. У выніку дні, праведзеныя ў дыспансеры, паўстае на старонках аповесці дастаткова мілым баўленнем часу.

Выклікае добрую ўсмешку і сцэна, калі Ева ўпершыню знаходзіць узаемаразуменне з бацькамі. Тыя забіраюць дзяўчыну з дыяспансера і разам наведваюць мастацкі музей. Бадай, можна заплюшчыць вочы на пэўны ідэалізм сітуацыі (бацька Евы, якога зацікавіў жывапіс, выказвае “свае меркаванні наконт стылю мастака і выкарыстаных фарбаў”), калі не ўлічваць, што падзеі адбываюцца… 1 студзеня. А як жа агульны выходны? Наогул, празаічныя здольнасці ў Я. Руль, безумоўна, маюцца. Але ці рэалізуе яна свой талент, залежыць толькі ад яе.

Адным з лепшых матэрыялаў нумара, безумоўна, з’яўляецца эсэ Ціхана Чарнякевіча “Васіль Быкаў. Адзінота і свабода”. Як прызнаваўся сам аўтар, у крытыцы ён паступова дрэйфуе да навукі, а ў навуцы “прыкладае ўсе намаганні, каб выбрацца з цянётаў бягучкі-крытыкі”. Але, на радасць шырокай аўдыторыі, дрэйф не завёў аўтара ў глыбокі акадэмізм. Твор Ц. Чарнякевіча можа назваць адным з надзвычай удалых прыкладаў “залатой сярэдзіны”, калі фундаментальныя тэзісы і глыбокія навуковыя развагі пададзены ў даступнай для чытача форме. А найлепшыя цытаты літаральна просяцца ў нататнік:

“Адрознасць і тая навізна, якую праявіў Быкаў у адмаўленні эпічнай карціны ў мастацкай прозе. З тым разлікам, вядома, каб менавіта праз асобнага чалавека, адзінкавую з’яву, індывідуальнасць паказаць іншы бок эпічнасці – бяздонны калодзеж чалавечай душы і яе лёсу на шахматнай дошцы гістарычнага часу.

Спалучанасць з гісторыяй кожнага асобнага чалавека ў часе вайны (не істотна – франтавой, партызанскай, альбо ўнутранага спаборніцтва “чорных варанкоў”) давала той жа эпічны эфект, якога марна хацелі дасягнуць стваральнікі дылогій, трылогій, тэтралогій і пенаталогій”.

Аксана Бязлепкіна і Уладзімір Капцаў прапанавалі чытачам артыкул “Фабрыка пісьменнікаў”, прысвечаны кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ і спецыяльнасці “Літаратурная работа (творчасць)”. Лёгкі, няпафасны аповед акрэслівае маштаб даследаванняў, ажыццёўленых супрацоўнікамі кафедры. Наогул, знаёмства з тэкстам выклікае лёгкую зайздрасць і шкадаванне, што сам не меў да кафедры і спецыяльнасці дачынення.

Акрамя таго, “Маладосць” прэзентавала новы праект “COSMOpoLITan-exPRESS”, у якім Наташа Басалай ажыццяўляе літаратурную вандроўку па Парыжу. Гэтым разам чытачы даведваюцца, у якіх мясцінах жылі славутыя мушкецёры з рамана Аляксандра Дзюма. Але ў часопісе змешчана толькі частка падарожжа. Тады як за астатнімі падрабязнасцямі вандроўкі, ды яшчэ аздобленай ілюстрацыямі, рэдакцыя прапануе звяртацца на электроннай версіі. Цудоўны маркетынгавы ход! Тым больш, што сайт “Маладосці” істотна змяніўся і, калі параўноўваць з іншымі дзяржаўнымі літаратурных часопісамі, выглядае ў сеціве найлепшым чынам.

Ад Быкава – да “COSMOpoLITan-exPRESS”// Літаратура і мастацтва. 2013. 26 ліпеня. № 29. С. 5.