Ад “кнігазбораў” — да “Брэсцкай Бібліі”

Міжнародны “круглы стол”, прысвечаны ўнікальнаму помніку культуры ХVІ стагоддзя, прайшоў у горадзе над Бугам. Арганізатарамі выступілі Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага і Упраўленне культуры Брэцкага аблвыканкама.


Што абмяркоўвалі ў Брэсце?
Бадай, не будзе перабольшваннем сказаць, што на айчыннай бібліятэчнай прасторы брэсцкая кніжніца разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа з’яўляюцца самымі актыўнымі “гульцамі”. Але калі актыўнасць НББ і ЦНБ у пэўнай ступені абумоўлена іх статусам, дык дзейнасць брастаўчан можа і павінна з’яўляцца прыкладам для калег. Варта ўзгадаць пра кнігазнаўчыя канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследаванняў”. Яны праводзіліся бібліятэкай імя М. Горкага ў 2008 і 2012 гадах і пераўтварыліся ў прэстыжны міжнародны форум. Іх лагічным працягам стаў міжнародны “круглы стол”, поўная назва якога «“Брэсцкая Біблія” — унікальны помнік культуры ХVІ стагоддзя: да 450-годдзя выдання».

Як вядома, больш як чатыры стагоддзі таму ў Еўропе актыўна адбывалася Рэфармацыя — рух за рэформу каталіцкага касцёла. Першым з магнатаў ВКЛ, які падтрымаў яе і перайшоў у кальвінізм, стаў канцлер княства Мікалай Радзівіл Чорны. Для пашырэння ідэй Рэфармацыі ён заснаваў друкарню пры Берасцейскім зборы, дзе 4 верасня 1563 года за кошт Радзівіла і пры яго ідэйнай падтрымцы была выдадзена так званая Брэсцкая, або Радзвілаўская, Біблія (яе поўная назва гучала як «Бiблiя святая, гэта значыць Кнiга Старога i Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай i лацiнскай нанава на польскую мову са стараннасцю i дакладна перакладзеная»).

Біблія сапраўды ўключала ў сябе ўсе тэксты Старога і Новага заветаў і стала адным з першых поўных перакладаў у новы час з моў арыгінала. Знешне Біблія ўяўляла сабой вялiкi фалiянт у 738 старонак, апраўлены ў скураную вокладку з малюнкамi i графiчным афармленнем. Тэкст быў надрукаваны гатычным шрыфтам у дзве калонкi па 58 радкоў у кожнай. На палях амаль кожнай старонкі былі каментарыi да тэксту. Упершыню ў гiсторыi беларускага кнiгадрукавання меўся прадметны паказальнiк. Выданне «Бібліі» распачало новы этап у беларускім Рэнесансе.

На жаль, у Беларусі маецца толькі адна няпоўная Брэсцкая Біблія, якая захоўваецца ў ЦНБ iмя Якуба Коласа. А вось колькасць асобнікаў, якія засталіся ў свеце, спрэчная. Агульнапрызнанай лічыцца лічба каля 40 (яна і гучала на “круглым стале”). А ўжо ў Мінску давялося пачуць меркаванне даследчыка Георгія Галенчанкі. Спасылаючыся на літоўскіх калег, ён агучыў інфармацыю, што асобнікаў, як мінімум, удвая больш: каля 80. Чым не падстава для працягу дыскусіі?

Прывітанні… і правакацыі
Круглы стол пачаўся традыцыйнымі прывітаннямі ў адрас удзельнікаў ад імя высокіх дзяржаўных асоб. Удзельнікаў і гасцей павіталі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, генеральныя консулы Украіны і Расіі ў Брэсце — адпаведна Алег Мысык і Мікіта Маткоўскі, дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Бысюк. На пленарным і секцыйных пасяджэннях, якія адбываліся ў зале пасяджэнняў “Брэсцкай крэпасці”, выступілі каля двух дзясяткаў дакладчыкаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і Латвіі. Газетны фармат не дае магчымасць прадставіць думкі кожнага з іх. Таму спынюся толькі на тэматыцы асобных выступленняў.


Злева направа: Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык і загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу Мікалай Нікалаеў.

Леанід Цімашэнка, дэкан гістарычнага факультэта Драгобычскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Франко (Украіна), разважаў над культурнымі праблемамі ўзаемаўплыву паміж пратэстантамі і праваслаўнымі ў ВКЛ. Дакладней, паспрабаваў высветліць, у якой ступені пратэстанцкі канон адбіўся на выданні Брэсцкай Бібліі. У адрозненне ад праваслаўнага і каталіцкага канонаў, у пратэстанцкім на 7 кніг менш (бо яны трактуюцца як апакрыфічныя). Падчас выдання Бібліі гэты радыкалізм не праявіўся, таму берасцейскае выданне было папулярным сярод праваслаўных. Яно паўплывала на шэраг іншых ва Украіне. Даследчыкі ўпэўнены, што Іван Фёдараў трымаў у руках Брэсцкую Біблію.

Таксама Л. Цімашэнка выказаў дастаткова правакацыйную ідэю: калі “Біблія” маецца ў бібліятэках свету, дык ці варта лічыць яе рэдкім выданнем? Мы ж не ведаем яе накладу і накладу таго часу. Украінскаму прафесару ўдала апаніраваў намеснік дырэктара НББ Алесь Суша. Ён нагадаў, што ў Беларусі існуюць даўно ўсталяваныя крытэрыі. Калі ў краіне засталося менш як 10 асобнікаў, яны лічацца ўнікальнымі. Што датычыць катэгорыі “рэдкіх” выданняў, дык пры пэўных умовах кніга можа захоўвацца нават у 50 асобніках, але з’яўляцца рэдкай.

Навошта ордэн? Я згаджуся на медаль!
Загадчык кафедры фізікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Анатоль Гладышчук, які здаўна цікавіцца мінулым горада, паразважаў над пытаннем, у якім годзе Брэст упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах: 1017 ці 1019? Другая дата з’яўляецца афіцыйнай. Не ў апошнюю чаргу гэта звязана з традыцыяй святкавання юбілеяў, якая распачалася з 1969 года. Вытокі такой версіі — у запісе Лаўрэнцьеўскага летапісу, згодна з якім на горад хадзіў з паходам Яраслаў Мудры. Але раней не звярталася ўвагі, што у летапісе напісана не “Берасцью”, а “Бестою”, а гэта не адно і тое ж. У сваю чаргу першая дата ўзгадваецца ў Наўгародскім летапісе. Акадэмік Ліхачоў і іншыя лічылі, што яна памылковая. Тым больш, у пазнейшых летапісах было дапісана, што Яраслаў хадзіў на Кіеў. Спасылаючыся на іншых даследчыкаў, выступоўца давіў, што ў той час князь якраз там і знаходзіўся! Таму, на думку А. Гладышчука, больш правільна казаць пра 1017 год як час заснавання Брэста. А значыцца, святкаваць тысячагадовы юбілей можна на два гады раней.

Адной з “разынак” канферэнцыі стала прэзентацыя памятнага медаля, прысвечанага Брэсцкай Бібліі. З аднаго боку змешчана інфармацыя пра месца друкавання і юбілей Бібліі (“Друкавана ў Берасці. 1563 — 2013”). З другога — тэкст, што фундатарам з’яўляўся Мікалай Радзівіл Чорны. Уся інфармацыя напісана беларускай лацінкай, якая ўжывалася ў нашай мове нароўні з кірыліцай. Усяго было выраблена 50 медалёў, частка з якіх ужо падчас “круглага стала” знайшла сваіх гаспадароў. Прычым, уручаў падарункі мастак Мікола Кузьміч, які ажыццявіў узнаўленне крыжа Ефрасінні Полацкай. Медаль № 1 (кожны з іх мае нумарацыю) застаўся ў Брэсцкай абласной бібліятэцы, № 2 быў перададзены ў НББ, № 3 — у ЦНБ, медаль № 4 накіраваўся ў Расійскую нацыянальную бібліятэку, № 5 — у Маскоўскі дзяржаўны гістарычны музей і г. д.

Дыск і карта — у падарунак
Загадчык аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа Аляксандр Сцефановіч прэзентаваў электронны варыянт Брэсцкай Бібліі. Паводле яго, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусь не вярнулася каля 80% пісьмовых помнікаў. Паколькі доступ да каштоўнасцей, якія засталіся, абмежаваны вузкім колам даследчыкаў, ЦНБ вырашыла яго пашырыць.

Кацярына Шчарбакова, дацэнт кафедры грамадска-гуманітарных дысцыплін Маскоўскай школы эканомікі МДУ імя Ламаносава, распавяла пра з’яўленне Брэста ў еўрапейскай картаграфіі. Упершыню гэта адбылося ў 1507 годзе, калі ў Рыме была зроблена гравіраваная на медзі карта. Але хутчэй за ўсё, горад на Бугам трапіў туды “па знаёмстве”: карту дапамагаў ствараць адзін з ураджэнцаў Польшчы, які добра ведаў рэгіён. Бо ў наступную палову стагоддзя Брэст надоўга знік з карт і з’явіўся там толькі 1513 і 1520 гадах (прычым другая карта з’яўлялася рэмейкам папярэдняй). Але ў перыяд з 1563 па 1572 гады свет пабачыла карта галандскіх гравёраў Яна і Лукаса Дэтэкумаў “Новае апісанне паўночных рэгіёнаў”, якая ахоплівала тэрыторыі ад Скандынавіі да Заходняй Сібіры. Калі на папярэдніх выявах Брэст не адзначаўся, дык у “Новым апісанні” ён быў зафіксаваны і з таго часу не сыходзіў з карт. Калі ўлічваць, што большасць карт была выдадзена або ў пратэстанцкіх краінах, або ў гарадах, дзе панавала талерантнасць (напрыклад, Венецыі), існуе вялікая спакуса звязаць пашырэнне звестак пра горад над Бугам з выданнем Брэсцкай Бібліі. Зрэшты, далейшым вывучэннем праблемы змогуць заняцца мясцовыя даследчыкі, паколькі копія “Новага апісання” (як, дарэчы, і сігнальны асобнік дыска ЦНБ) была падаравана Брэсцкай абласной бібліятэцы.

Тэатр лялек і форт № 5
Адметнасцю брэсцкіх форумаў заўжды з’яўляецца багатая культурная праграма, якая дазваляе гасцям горада і рэгіёна пазнаёміцца з яго здабыткамі. Сёлета яна ўключала некалькі пунктаў.

Навукоўцы сталі гледачамі Брэсцкага тэатра лялек, дзе ўбачылі знакамітага “Халстамера” (рэжысёр Руслан Кудашоў). У 2011-м на XV Сусветным фестывалі тэатраў лялек у Празе пастаноўка заваявала гран-пры і была адзначана трыма дыпломамі: за лепшую рэжысуру, сцэнаграфію і музычнае афармленне.

Далей гасцей чакалі экскурсіі па мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”: па тэрыторыі крэпасці, непасрэдна па музею, а таксама на форт № 5. Асаблівае ўражанне пакінула апошняя вандроўка. Форт, які, дарэчы, размяшчаецца за 250 метраў ад дзяржаўнай мяжы, з’яўляецца адным з дзевяці такіх аб’ектаў, якія будаваліся на пэўнай адлегласці ад Брэсцкай крэпасці і мусілі прыкрываць яе ад нападу. Форт прыняў на сябе адзін з першых удараў немцаў. Характэрна, што пасля вайны з супрацоўнікамі музея звязаліся толькі два чалавека з ліку яго былых абаронцаў. Акрамя таго, агляд форта дазваляе ўявіць, як і дзе базіравалася расійская армія ў ХІХ стагоддзі. Спадзяюся, што з часам пры наяўнасці сродкаў у форце можна будзе адкрыць шыкоўную экспазіцыю.

Адносна асноўнага комплексу “Брэсцкай крэпасці” падзялюся двума назіраннямі. Перш за ўсё, вельмі прыемна, што супрацоўнікі не абмяжоўваюцца вывучэннем толькі падзей 1941 года. У экспазіцыі годна прадстаўлена як гісторыя ХІХ стагоддзя, так і перыяд знаходжання крэпасці пад уладай Польшчы. Асобныя стэнды прысвечаны абароне крэпасці ад немцаў у 1939 годзе. Такія “дробязі” сведчаць пра шырыню вывучэння праблемы і адсутнасць яе штучнай звужанасці. Што да агульнага ўражання, дык аўтар гэтых радкоў, як і шэраг аднагодкаў, упершыню наведаў крэпасць яшчэ ў школьныя гады. Але, па вялікім рахунку, асэнсаваць подзвіг Брэсцкай крэпасці і скласці цэласнае ўражанне пра мемарыял змог толькі цяпер.

***
Фармальна праца “круглага стала” завяршылася. Але плённая дзейнасць бібліятэкі імя Горкага не спыняецца. Перш за ўсё, запланаваны выпуск зборніка дакладаў. На пасяджэннях гаворка ішла пра неабходнасць правядзення як трэціх “Берайсцейскіх кнігазбораў”, так і “круглых сталоў”, прысвечаных значным падзеям у гісторыі горада (напрыклад, Брэсцкай уніі). Выступаючы на пленарным пасяджэнні, Алесь Суша прапанаваў выявіць захаваныя асобнікі “Брэсцкай Бібліі”, забяспечыць іх улік і поўнае апісанне на ўзроўні асобніка, стварыць зводную базу дадзеных усіх выданняў, атрымаць лічбавыя копіі “Брэсцкай Бібліі” з замежных збораў, факсімільна перавыдаць кнігу, папулярызаваць гісторыю Бібліі, яе стваральнікаў і друкароў. А таксама імкнуцца на набыцця поўнага асобніка для бібліятэк Беларусі. Таму будзем спадзявацца, што дзяржава і надалей будзе падтрымліваць ініцыятывы абласной бібліятэкі імя М. Горкага, якія спрыяюць вывучэнню мінулага Брэста і годна прастаўляюць горад над Бугам на еўрапейскай культурнай прасторы.

Ад “кнігазбораў” — да “Брэсцкай Бібліі”// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 5 ліпеня. — № 26. — С. 15.
Фота Мікалая Чаберкуса