Адносна нядаўна ў Мінску прайшоў ІІІ форум бібліятэкараў Беларусі. На пасяджэнні мела месца вельмі рэдкая сітуацыя. Пасля аптымістычнага даклада намесніка Міністэрства культуры Васіля Чэрніка выступіў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, які адмоўна ацаніў рэформу бібліятэчнай сістэмы. Прапаную свой матэрыял з форуму. Там хапае дадзеных, якія больш адрасаваныя спецыялістам. Але крытыка можа зацікавіць і астатніх
Раман Матульскі.
Фота з сайта www.buk.by
***
Выбіраем стратэгію развіцця
Апошнім часам у нашай краіне рэгулярна адбываюцца Форумы бібліятэкараў Беларусі “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцяў і беларускай дзяржаўнасці”. Першы форум прайшоў у 2009 годзе, другі – у 2011-м. Сёлета адбыў трэці форум, у якім прынялі ўдзел каля 400 дэлегатаў. Арганізатарамі якога выступілі Міністэрства культуры РБ, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Колькі слоў пра праграму
Праца форума пачалася з урачыстага адкрыцця, якое адбылося ў памяшканні НББ. Прагучалі прывітанні ад намесніка Старшыні Савета Міністраў РБ Анатоля Тозіка, старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Генадзя Пальчыка і міністра культуры Барыса Святлова. Пасля пленарнага пасяджэння ў памяшканні НББ прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі (ББА), на якой новым старшынёй савета была абрана Алена Даўгаполава, першы намеснік дырэктара НББ па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі. На наступны дзень праца форума была працягнута ў пансіянаце “Рудня” Лагойскага раёна.
Гаворыць улада
Намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік адкрыў пасяджэнне сваім дакладам “Дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у вобласці бібліятэчнай справы”. Карціна, намаляваная Васілём Мечыслававічам, мела дастаткова аптмістычны характар. Цяпер у Беларусі налічваецца каля 9,2 тысячы бібліятэк, фонд якіх складае 200 млн. экземпляраў. Прычым у мінулым годзе выдаткі бібліятэк на пашырэнне фондаў упершыню за апошні час склалі больш за 15%. Акцэнт робіцца на творах з пераліку сацыянальна-значнай літаратуры, спіс якой узгадняецца з ўсімі зацікаўленымі бакамі.
Пэўныя праблемы дзяржава імкнецца вырашыць праз комплексную праграму “Культура Беларусі”, разлічаную на 2011-2015 гады. Плануецца яшчэ больш павялічыць фонды, працягнуць рамонт будынкаў і кампю’тарызацыю бібліятэк (зараз апошняя лічба складае ўсяго 58%). Паколькі ў краіне скарачаецца вясковае насельніцтва, дзяржава вымушана закрываць сельскія бібліятэкі (за апошнія дзесяць гадоў была закрыта кожная чацвёртая з іх). Але адначасова прадугледжаны комплекс мер па аптымізацыі сеткі бібліятэк. У прыватнасці, ствараюцца бібліятэкі-клубы. З кастрычніка 2011 года ажыццяўляецца эксперымент па стварэнню ў невялікіх населеных пунктах агульных бібліятэк на базе школьных.
Наталля Чуева, папярэдні старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі (ББА), падвяла вынікі працы арганізацыі за 2010-2013 гады. Быў адзначаны шэраг станоўчых з’яў у дзейнасці ББА. Гэта рэгулярны выхад прафесійных выданняў, удзел у распрацоўцы шэрагу заканадаўчых дакументаў (на жаль, не ўсе яны зацверджаны), актыўная дзейнасці асацыяцыі ў сферы аховы кніжных помнікаў (асабліва дзякуючы працы камітэта ББА на чале з Галінай Кірэевай), актыўнасць гомельскага гарадскога і барысаўскага раённага рэгіянальных аб’яднанняў і г.д.
Наталля Станіславаўна спынілася на пэўных недахопах. З 10 камітэтаў ББА фактычна працуюць толькі 8 (у мінусе камітэты па бібліятэчных кадрах і бесперапыннай адукацыі, а таксама па інфармацыйнай культуры). Дагэтуль не сфарміраваныя тэрытарыяльныя структуры асацыяцыі на ўзроўні абласцей. Акрамя таго, колькасць сяброў ББА прадстаўлена там дастаткова нераўнамерна. Калі прадстаўнікі Мінска складаюць 38% а Мінскай вобласці – 24% ад агульнай колькасці, дык Гродна і Гродзенская вобласць – усяго 0,8%. У ББА маецца сайт, але яго кантэнт пакуль нельга лічыць задавальняючым.
Куды ідуць айчынныя бібліятэкі?
Дырэктар НББ Раман Матульскі спыніўся на пытанні “Бібліятэка і цывілізацыйныя выклікі”. Ён адмоўна ацаніў палітыку па аптымізацыі бібліятэчнай сістэмы і нагадаў, што ў савецкія часы яе ўзровень традыцыйна вызначаўся колькаснымі паказчыкамі (сетка, аб’ём фонда і г.д.). Але раней у сістэму уваходзілі бібліятэкі пры хатах-чытальнях, а таксама калгасныя і прафсаюзныя кніжніцы. Бліжэй да распаду СССР, калі сышлі ў нябыт адміністрацыйныя метады кіравання, большасць з іх спыніла існаванне. Адбылося вяртання да агульнасусветных тэндэнцый: існавання звычайнай бібліятэкі. Таму колькасць беларускіх кніжніц ніколі не з’яўлялася празмерна вялікай. Цяперашнія працэсы аптымізацыі дырэктар НББ ацаніў як пераасэнсаванне савецкага досведу, бо новыя ўстановы падобныя на хаты-чытальні.
Таксама дакладчык заклікаў стратэгію далейшага развіцця бібліятэчнай сістэмы. У якасці аргументаў ён прывёў сітуацыю з НББ. Так, нягледзячы на штогадовае павелічэнне фінансавання, колькасць фондаў скарачаецца (за апошнія пяць гадоў – на 20%). У значнай ступені гэта звязана з павелічэннем кошту расійскіх кніг. Таму калі параўнаць сітуацыю за 2010 і 2012 гады, высветліцца, што затраты павялічыліся ў 2,5 разы, а колькасць набытых выданняў, наадварот, скарацілася ўдвая.
За апошнія тры гады на 18% зменшылася колькасць традыцыйных чытачоў. Назіраецца скарачэнне неабходнасці карыстальнікаў у ксеракопіях. Адначасова ўвесь час павялічваецца колькасць віртуальных карыстальнікаў. З 2010 года колькасць запытаў да службы электроннай дастаўкі дакументаў павялічылася ў 5 разоў. Цяпер яе паслугі можна аплочваць з дапамогай банкаўскіх картак. Гэта той сэрвіс, які чакаюць ад НББ карыстальнікі, што прыходзяць у бібліятэку за канкрэтнай інфармацыяй і імкнуцца, каб шлях да яе быў як мага карацейшы.
Але нават з дастаўкай такіх кніг існуюць пэўныя праблемы. Напрыклад, пошукавыя механізмы працуюць у дачыненні да манаграфій, але не ахопліваюць часопісаў. Даводзіцца, як рабілі яшчэ ў савецкія часы, замаўляць дванаццатыя нумары і выпісваць неабходныя артыкулы. На жаль, просты сэрвіс ўласцівы не ўсім бібліятэчным сайтам. Напрыканцы прамовы Раман Матульскі заклікаў калег вызначыцца, у якім накірунку рухацца далей бібліятэкарам.
Выбіраем стратэгію развіцця// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 14 чэрвеня. — № 23. — С. 14.