Якуб Колас і Вільгельм Кнорын: узаемаадносіны пісьменніка і палітыка

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас… Якім ён нам ўяўляецца? Упэўнены, для большасці, гэта мудры, разважлівы, стары чалавек, чый помнік так натуральна глядзіцца на аднайменнай плошчы.


Якуб Колас

Між тым Колас быў чалавекам свайго часу і эпохі, часта быў вымушаны прыстасоўвацца да рэалій тагачаснага жыцця. У артыкуле, які я змяшчаю ніжэй, пойдзе гаворка пра складаныя, часам вельмі цяжкія ўзаемаадносіны пісьменніка з уладай у асобе аднаго з кіраўнікоў Беларусі Вільгельма Кнорына. Для зручнасці чытання не стаў дадаваць спасылкі і спіс выкарыстанай літаратуры. Той, хто хацікавіцца тэкстам, зможа знайсці зборнік у бібліятэцы.

ЯКУБ КОЛАС І ВІЛЬГЕЛЬМ КНОРЫН
Вывучэнне пытанняў пра ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Беларусі і кіраўнікамі мясцовай камуністычнай партыі (фактычна, першымі асобамі ў рэспубліцы) ўяўляе безумоўную цікавасць як сведчанне ўплыву ўлады і канкрэтных асобаў на творцаў. Разам з тым, зварот да перыяду 1920-30-х гг. непазбежна прыводзіць да складанасцяў: у адрозненні ад пасляваеннага часу, калі першыя сакратары, дарэчы, беларусы па нацыянальнасці, надоўга затрымліваліся на кіруючых пасадах (максімальны тэрмін – 15 гадоў належыць П.Машэраву) , у даваеннай БССР усё было інакш.

Кіраўнікі Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (далей КП(б)Б) амаль усе былі прадстаўнікамі некарэннай нацыянальнасці, якія накіроўваліся ў рэспубліку на непрацяглы тэрмін. У пераважнай большасці яны былі для Беларусі людзьмі чужымі, не ведалі яе мінулага, а дасягненні сучаснасці разглядалі толькі з пункту гледжання агульнасавецкіх класавых інтарэсаў. Паколькі сярэднія і ніжэйшыя кадры партыі былі нацыянальнымі (у выпадку БССР – беларускімі), першыя сакратары стваралі полюс сілы, які ураўнаважваў нацыянальна настроеных дзеячоў (у выпадку БССР – А.Чарвякова). Група апошніх прыхільна ставілася да дзейнасці нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, усяляк падтрымлівала яе. Пазіцыя партыйных кіраўнікоў не была паслядоўнай, што тлумачыліся як курсам партыі, так і суб’ектыўным стаўленнем. З улікам вышэйадзначаных фактараў і неабходна разглядаць узаемаадносіны паміж прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Беларусі і кіраўнікамі мясцовай камуністычнай партыі, у дадзеным выпадку паміж Якубам Коласам і Вільгельмам Кнорыным, першым сакратаром КП(б)Б ў 1920-1922 і 1927-1928 гг.


Вільгельм Кнорын

Да 1921 года Я.Колас і В.Кнорын, відаць, асабіста не сустракаліся. Кнорын, латыш па нацыянальнасці, упершыню трапіў у Беларусь толькі ў 1914 годзе, калі быў прызваны ў дзеючую армію. А Колас у 1915 годзе разам з сям’ёй эвакуіраваўся са сваёй Радзімы, на якую вярнуўся толькі ў 1921 годзе пры дапамозе Наркамата асветы, Цэнтральнага ывыканаўчага камітэта (далей ЦВК) і ўрада БССР. Вядома, што ў маі 1921 года ЦВК і Савет народных камісараў (СНК) БССР звярнуліся да ўраду РСФСР з хадайніцтвам аб аказанні Беларусі практычнай дапамогі ў развіцці навукі, пасля чаго была прынята пастанова, на падставе якой работнікі культуры і навукі, ураджэнцы Беларусі, па іх згодзе накіроўваліся на працу ў БССР. Якая роля Кнорына ў гэтай ініцыятыве? Гісторыкам М.Кузняцовым была выказана думка, што хадайніцтва адбылося “пры ўдзеле і садзейнічанні” Кнорына. Сапраўды, зварот ЦВК і СНК БССР, якія тады ўзначальваў А.Чарвякоў, не мог адбыцца без фармальнай згоды кіраўніка мясцовай кампартыі. Іншая справа, якое было асабістае стаўленне Кнорына да такой прапановы?

Каб адказаць на гэта пытанне, неабходна нагадаць пра пэўнае падабенства ў жыццёвых шляхах камуніста Беларусі № 1 у той час і класіка беларускай літаратуры. Абодва ў свой час закончылі настаўніцкія семінарыі (Я.Колас – Нясвіжскую ў 1902 г., В.Кнорын – праз 8 гадоў семінарыю ў горадзе Валміера ў 1910 г.; ён і нарадзіўся на 8 гадоў пазней за Коласа: у 1890 г.). Ва ўмовах адсутнасці ў Беларусі і амаль поўнай адсутнасці ў Латвіі вышэйшых навучальных устаноў (у Рызе у 1896 г. быў адкрыты Рыжскі тэхнічны інстытут, які па сваёй спецыяльнасці не падыходзіў Кнорыну) настаўніцкія семінарыі станавіліся адзінай магчымасцю для здольных юнакоў атрымаць пэўную адукацыю, балазе, у гэтых установах вывучаліся закон Божы, царкоўна-славянская мова, руская мова, арыфметыка, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і фізіка, чыстапісанне і маляванне, педагогіка, гімнастыка, спевы.

Для абодвух час навучання ў семінарыях стаў магчымасцю звязаць своё лёс з літаратурай: нездарма ў 1927 годзе Я.Колас у лісце да Л.Клейнбарта ў пераліку фактараў, якія сфарміравалі яго як будучага пісьменніка, адзначаў вялікую ролю выкладчыка Ф.Кудрынскага. Кнорын жа пазнаёміўся ў семінарыі з творамі Я.Райніса, якога потым называў сваім духоўным настаўнікам.

Якуб Колас і Вільгельм Кнорын пасля семінарыі настаўнічалі. Зрэшты, праца Кнорына па спецыяльнасці была непрацяглай і перарвалася ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны. Абодва, хоць і ў розныя часы, выкладалі ў БДУ (Колас ў 1923-1926 гг., Кнорын у 1921-1922 і 1927-1928 гг.).

Акрамя таго, у латышскі перыяд сваёй дзейнасці (да 1914 года) Кнорын напісаў каля пяцідзесяці літаратурна-крытычных артыкулаў, якія былі прысвечаныя творам як латышскіх (Аспазіі, Плудона, Райніса, Скальбе, Упіта, Швабе і інш.), так і замежных, у тым ліку і рускіх пісьменнікаў (Г.Манна, Франса, Салагуба, Шмялёва і інш.). Няварта занадта пераацэньваць іх значнасць. Але выкладзенае дае падставу думаць, што кіраўнік КП(б)Б несумненна разбіраўся ў літаратуры.
Можна нагадаць і той факт, што ў 1919 годзе па прапанове В.Кнорына са Смаленска ў Мінск пераехаў на сталую працу ў газету “Звязда” Максім Гарэцкі, бо тады, паводле ягоных слоў, “мела разьвінуцца шырокая, культурная, беларуская праца”.

Таму калі Кнорын і не ведаў Коласа асабіста, масштаб яго творчасці ён павінен быў усведамляць, а значыць, аднесціся станоўча да прапаноў сваіх паплечнікаў наконт вяртання на Радзіму культурных і навуковых дзеячоў.

У маі 1922 г. Вільгельма Кнорына перавялі на працу ў Маскву, адкуль ён вярнуўся ў Беларусь роўна праз пяць гадоў, у маі 1927 г. і быў на пасадзе першага сакратара да кастрычніка 1928 г.. Гэта найбольш цікавы і змястоўны этап у дачыненнях Коласа і Кнорына.

Гэты час быў адзначаны актывізацыяй беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, дзе ў 1925-1926 гг. як самастойная палітычная арганізацыя аформілася Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая стаяла на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. З мэтай пашырэння савецкага ўплыву ў асяроддзі беларускай эміграцыі Грамада атрымлівала некаторую фінансавую дапамогу з БССР. У пачатку 1927 г. БСРГ была разгромлена польскай паліцыяй, а потым забаронена.

Арганізаваная кампанія пратэсту разгарнулася ў БССР яшчэ да вяртання з Масквы Кнорына. Але калі пры яго папярэдніку, А.Крыніцкім, санкцыянаваныя зверху пратэсты мелі месца ў друку, на сходах у гарадах і вёсках, дык пры Кнорыне было вырашана падцягнуць “цяжкую артылерыю” – эліту беларускага грамадства. 15 сакавіка 1928 г. па яго просьбе на пасяджэнне Палітбюро была вынесена просьба аб санкцыянаванні арганізацыі “Камітэта навуковых работнікаў і пісьменнікаў па абароне сялянска-работніцкай Грамады”. Члены ўсемагутнага арэапага згадзіліся з прапановай пра ўтварэнне арганізацыі і зацвердзілі праграму працы камітэта на бліжэйшы перыяд, сярод якой былі наступныя: “Выпуск зварота да працоўных усяго свету і культурных дзеячоў” і “Зварот да секцыі навуковых работнікаў СССР і да асобных вучоных з заклікам далучыцца да пратэсту”. Пра тое, якое значэнне надавалася арганізацыі камітэта, сведчыць той факт, што выпіскі з прынятай пастановы былі дасланы Кнорыну, наркому замежных спраў СССР Г.Чычэрыну і старшыні АДПУ СССР В.Мянжынскаму.

Трэба меркаваць, што ўдзел у камітэце Якуба Коласа быў запланаваны адразу. Наўрад ці ён належаў да тых “асобных вучоных”, да якіх неабходна было звярнуцца з заклікам далучыцца да пратэсту. Камітэт па абароне Грамады ўзначаліў Янка Купала, а Якуб Колас быў членам камітэта. Ад імя Камітэта якраз і былі надрукаваныя звароты “Да працоўных і культурных дзеячоў усяго свету”, запланаваны Палітбюро, і “Да навуковых і культурных дзеячоў і працоўных усяго свету”. Прычым, у абодвух зваротах прозвішча Я.Коласа ідзе адразу ж пасля Я.Купалы, што яскрава сведчыць пра тую істотную ролю, якая адводзілася яму ў дзейнасці камітэта.

Да праяў уплыву дзяржавы на творчасць Коласа можна аднесці і верш “Грамадаўцам”, напісаны 24 красавіка 1928 г, бо ён адносіцца хутчэй не да значных мастацкіх дасягненняў аўтара, а да праяў публіцыстыкі ў яго творчасці. На наступны дзень верш апублікавала газета “Звязда”. Да верша ёсць і прысвячэнне: “Да працэсу над «Грамадой»”. 23 мая Колас выступіў з прамовай на мітынгу пратэсту, прысвечаным грамадаўцам.

Несумненна, кампанія па абароне Грамады была патрэбная, хоць і закончылася пасля асуджэння членаў партыі ў Польшчы. Але паколькі арганізоўвалася В.Кнорыным і яго паплечнікамі па шаблону, дык ацэнкі яе дзейнасці з боку прадстаўнікоў беларускай грамадскасці былі не заўсёды станоўчыя. Так, Г.Гарэцкі, у 1928 годзе дырэктар Беларускага навукова- даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР, у 1930 г. сцвярджаў, што выказваў сваё “незадавальненне дзейнасцю Камітэта, яго пасіўнасцю, неразгортваннем шырокай кампаніі абароны і г.д. – бо абарона грамады ў масавай кампаніі спрыяла б, паводле маіх поглядаў, прапагандзе ў масах беларускай нацыянальнай культуры”.

1928 г. быў адзначаны і іншымі фактамі ўзаемаадносінаў Я.Коласа з партыйнай элітай. 29 мая праз Мінск праехаў Максім Горкі, які накіроўваўся з паездкай ў Маскву. На вакзале Горкага “спаткала каля 3.000 чалавек. Сярод спаткаўшых тт. Кнорын, Баліцкі і Якуб Колас, якія ўвайшлі ў вагон пісьменніка і гутарылі з ім”. А 6 кастрычніка, за чатыры дні да ад’езду В.Кнорына ў Маскву, “Звязда” паведаміла пра выхад 1-га і 2-га тамоў “Выбраных твораў” У.Леніна на беларускай мове (усяго планавалася выдаць 12 тамоў). Пераклад быў здзейснены пад рэдакцыяй В.Кнорына, У.Ігнатоўскага, А.Сянкевіча і В.Сэрбенты, а стыльрэдакцыю зрабіла камісія, куды уваходзіў і Я.Колас.

Усе адзначаныя вышэй абставіны спрыялі высокай ацэнцы з боку В.Кнорына творчасці Я.Коласа ў сваёй працы “Аб рашаючых “дробязях” у вялікім пытанні (Да пытання аб палітыцы беларусізацыі)” (1928). Гэтая праца пачала друкавацца ў газеце “Савецкая Беларусь” 30 сакавіка 1928 года, а 19 красавіка чытачы ўбачылі на газетных палосах наступныя радкі: “Сучасная беларуская літаратура пачалася з Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія прадстаўляюць першае, найбольш гучнае, найбольш народнае, найбольш дэмакратычнае слова беларускіх народных мас, з’яўленне якіх азначае выхад на гістарычную арэну буйнейшай творчай сілы – беларускага сялянства”. У выказванні партыйнага кіраўніка каштоўным было тое, што тут адсутнічала супрацьпастаўленне сялянска і пралетарскага кірункаў у літаратуры. Кнорын не быў бы, аднак, Кнорыным, калі б не трактаваў творчасць Я.Коласа з марксісцкіх пазіцый, цалкам адмаўляючы пераемнасць у культурным развіцці Беларусі: “Для марксіста з’яўляецца смешным шукаць папярэднікаў для Цішкі Гартнага, Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Сімяоне Полацкім, Кліменце Смаляцічы і Кірыле Тураўскім”.

Неабходна ўлічваць, што Кнорын выступаў не проста ў ролі самастойнага крытыка і даследчыка, але як партыйны і дзяржаўны дзеяч прастаўляў і афіцыйную пазіцыю партыі. Несумненна, яго крытычныя рэплікі актыўна выкарыстоўваліся яго паплечнікамі па партыі. Так, другі сакратар КП(б)Б І.Васілевіч у артыкуле “Аб нацыянал-дэмакратызме ў культурным будаўніцтве”, змешчаным у газеце “Звязда” 7 снежня 1928 г. ужо пасля ад’езду Кнорына ў Маскву, цалкам паўтарыў тэзісы свайго былога начальніка пра ролю Сімяона Полацкага, Клімента Смаляціча і Кірылы Тураўскага. Але трэба ўсведамляць, што менш дасведчаныя ў тэарэтычных пытаннях падначаленыя Кнорына ўспрымалі на веру і бралі на практычнае выкарыстанне не толькі яго крытычныя выказванні, але і ўхвалу асобных дзеячоў і іх творчую дзейнасць. Таму можна сцвярджаць, што на пэўны тэрмін артыкул “Аб рашаючых дробязях…” стаў для класіка беларускай літаратуры своеасаблівай ахоўнай граматай. А калі ўлічыць, што Кнорын да 1937 г. займаў даволі высокае становішча ў агульнасавецкай іерархіі (працаваў у Камінтэрне, займаўся напісаннем падручнікаў па гісторыі партыі, у тым ліку, сумнавядомага “Кароткага курса гісторыі ВКП(б)”), дык кіраўнікі Беларусі ў 1930-ыя гг. пэўны час павінны былі арыентавацца на яго думку і задавольвацца публікацый ад імя Якуба Коласа пакаянных лістоў. Што датычыцца ліста-даноса П.Панамарэнка да І.Сталіна, у якім ён прыводзіць кампраметуючыя звесткі пра Я.Купалу і Я.Коласа, дык гэты дакумент адносіцца да 1938 года, калі В.Кнорын ужо ні на што ўплываць не мог…

Ці можна казаць, што камуністычнае кіраўніцтва ў асобе В.Кнорына выкарыстоўвала аўтарытэт Якуба Коласа і іншых дзеячоў беларускай інтэлігенцыі ў сваіх мэтах? У пэўнай ступені, так яно і было. Але трэба мець на ўвазе, што, па аўтарытэтнаму сцвярджэнню сына пісьменніка Д.Міцкевіча, “у цэлым Колас не фальшывіў, калі прымаў першыя, асабліва ў культурным плане, крокі савецкай улады на Беларусі”. Разам з тым, працягвалася гэта ўнутраная згода да 1928-1929 гг., да пачатку масавай калектывізацыі, якую Колас, як выхадзец з сялянства і абаронца інтарэсаў беларускага народа, прыняць не мог.

Невялікія па часе перыяды кіравання першых сакратароў КП(б)Б, у дадзеным выпадку В.Кнорына, даюць паставы разглядаць хутчэй асобныя праявы яго дзейнасці ў адносінах да прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, у дадзеным выпадку, Я.Коласа, а не эвалюцыю яго поглядаў. Выкладзеныя тут звесткі несумненна пашыраць нашы ўяўленні пра той складаны час, у які давялося жыць і працаваць Якубу Коласу, і пра тыя няпростыя стасункі народнага паэта з прадстаўнікамі дзяржаўных структур.

Дзяніс Марціновіч Якуб Колас і Вільгельм Кнорын// Зборнік “Каласавіны”: “Творчая спадчына Якуба Коласа ў парадыгме грамадска-інтэлектуальнага асяроддзя пісьменніка” (Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, 30 кастрычніка 2007 г., Мінск). Мн., 2008. С. 74-80.

Якуб Колас і Вільгельм Кнорын: узаемаадносіны пісьменніка і палітыка: 5 комментариев

  1. Отлично!!! Вместо книги на ночь.

  2. Спасибо вам за сайт, очень полезный ресурс, мне ВСЁ-ВСЁ-ВСЁ здесь очень нравится…

  3. Спасибо!
    Да, в честь него. Кстати, переименование произошло в 1967 году, а до этого улица Кнорина называлась Кавалерийской:)

  4. Спасибо!
    Кстати, tut.by как раз свои блоги и раскручивает. Уже три поста появлялись на стартовой странице.

Комментарии запрещены.