Новая кніга пра Караткевіча

Постаць Анатоля Вераб’я добра вядомая прыхільнікам творчасці Уладзіміра Караткевіча. Вядомы навукоўца, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Анатоль Леанідавіч удзельнічаў у падрыхтоўцы Збора твораў пісьменніка ў 8 тамах, выдаў кнігі “Жывая повязь часоў. Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча”, “Абуджаная памяць. Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча” і “Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць”, а таксама шэраг артыкулаў па дадзенай праблематыцы


Фота з сайта філалагічнага факультэта БДУ

Сёлета ў рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і мастацтва” пабачыць свет зборнік “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы” , выхад якога прымеркаваны да 80-гадовага юбілею з дня нараджэння пісьменніка

– Ідэя стварэння кнігі нарадзілася ў 2005 годзе ў Оршы, дзе я ўдзельнічаў у ІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Значэнне творчасці У.С. Караткевіча ў кантэксце еўрапейскіх культур”. У праграме быў заяўлены ўдзел Ніны Молевай, якая выкладада ў творцы гісторыю мастацтва падчас яго навучання на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Існавалі спадзяванні, што яна пазнаёміць гасцей з новымі, раней невядомымі матэрыяламі пра Уладзіміра Сямёнавіча. Але трапіць у Оршу Молева не змагла.

Пасля вяртання ў Мінск патэлефанаваў Ніне Міхайлаўне ў Маскву. Высветлілася, што якраз у той час яна была на канферэнцыі ў Варшаве. Я пацікавіўся, ці не мае яна матэрыялаў пра Караткевіча. Молева паведаміла, што перадала частку свайго архіва ў Цэнтральны маскоўскі архіў – музей асабістых збораў, і дала дазвол на іх выкарыстанне. І вось ў лютым 2006 года накіраваўся ў Маскву. Асабіста сустрэцца з Нінай Міхайлаўнай не атрымалася. Але затое зрабіў ксеракопіі матэрыялаў.

Праз пэўны час патэлефанаваў Молевай, падзякаваў. Пасля нашай размовы яна згадзілася напісаць ўспаміны пра Вышэйшыя літаратурныя курсы (рукапіс датаваны ліпенем 2006 года). Матэрыялу набралася багата, таму ўзнікла задума аб’яднаць іх у адну кнігу. Але ўзніклі цяжкасці матэрыяльнага плану, таму давялося адкласці ідэю на пэўны час.

Між тым у пачатку 2009 года ў часопісе “Полымя” быў апублікаваны твор Алега Лойкі “Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі”. Таму калі звярнуўся ў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і мастацтва”, мне прапанавалі аб’яднаць гэтыя творы пад адной вокладкай. Я згадзіўся, больш за тое, выступіў у якасці рэдактара тэксту Алега Антонавіча, паколькі ў публікацыі прысутнічала шмат памылак, а таксама напісаў прадмову.

А ўжо на стадыі ўдакладнення фармату выдання загадчык аддзела Мікалай Мінзер паведаміў, што ў іх партфелі маецца рукапіс, які змяшчае вершы-прысвячэнні Уладзіміру Караткевічу беларускіх паэтаў ва ўкладанні Сяргея Панізніка. Так да першапачатковай задумы далучылася трэцяя частка.

У выніку атрымалася наступная структура выдання: першы раздзел складаецца з твора Алега Лойкі. Другі заснаваны на матэрыялах Ніны Молевай. Трэці складзены Сяргеем Панізнікам.

Прапаную пагаварыць пра кожны з іх, больш падрабязна…

— “Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі” — гэта твор, які быў напісаны Алегам Лойкам у 2008 годзе. Як вядома, пісьменнік з’яўляецца аўтарам двух раманаў-эсэ ў серыі ЖЗЛ – пра Янку Купалу і Францыска Скарыну. У канцы 1980-х гадоў у яго з’явілася ідэя аб трэцяй кнізе, прысвечанай Караткевічу. Рэдакцыя згадзілася, але папрасіла пачакаць завяршэння поўнага выхаду 8-томнага збору твораў. Апошні том выйшаў у 1991 годзе. А тут нечакана распаўся СССР, і ідэя была пахаваная.

Да сваёй ідэі Лойка звярнуўся толькі ў апошнія гады жыцця. У першым раздзеле свайго твора аўтар пісаў: “Сапраўды, мой творчы замах быў калісьці надзвычайны, наўрад ці што з яго я цяпер здзейсню”. Таму вельмі шкада, што моцна хворы Алег Лойка не ўсё змог здзейсніць з калісьці надзвычайнай задумы. Аднак і тое, што ён зрабіў, уражвае і захапляе. У “Паэме”, як і ў раманах-эсэ “Як агонь, як вада” і “Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае”, натуральна спалучыліся асабістае, лірычнае, паэтычнае і даследчыцкае, праблемна-аналітычнае. У творы Алег Лойка падсумаваў і канцэптульна выявіў уласны эстэтычны погляд на мастацкія набыткі Уладзіміра Караткевіча. Ён узвысіў і адкрыў, адметна, глыбока і непаўторна раскрыў постаць пісьменніка, сам яскрава раскрыўся. І ў гэтым каштоўнасць яго твора.

Якая структура другога раздзела, прысвечанага ўзаемаадносінам У. Караткевіча і Н. Молевай?

— Гэтая частка мае назву “Белая песня ў лугах залацістых” па назве першага радка з вядомага верша Уладзіміра Сямёнавіча “Дзіва на Нерлі”. У раздзел увайшлі паэтычныя творы У. Караткевіча на беларускай і рускай мовах, а таксама аўтапераклад верша “Дзіва на Нерлі, падрадковыя аўтапераклады на рускую мову такіх вядомых твораў як паэм “Плошча Маякоўскага”, “Грубае и ласкавае”, “Паэма пра засуш”, вершаў “Рэчка Папараць”, “І сонца…”, “Балада аб арганаўтах нябёс”, “Прарок Іеронім Босх”, “Трызненне Мужыцкага Брэйгеля”. Усе гэтыя творы ўзніклі ў 1959 годзе ў Маскве і адрасаваны Ніне Молевай.
Змешчаны некаторыя лісты пісьменніка да Ніны Міхайлаўны, большасць з якіх датаваныя 1959-1960 гадамі, а таксама надпісы Караткевіча на сваіх кнігах, падараваных сваёй выкладчыцы. Завяршае раздзел узгаданыя успаміны Н. Молевай пра Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве.

Што прапанаваў чытачам у трэцім раздзеле Сяргей Панізнік?
-Сяргей Сцяпанавіч ужо сорак гадоў збірае водгаласы пра Караткевіча ад пісьменнікаў-суачыннікаў і ад творцаў з іншых краін. Сярод прадстаўленых імёнаў – Мікола Аўрамчык, Рыгор Барадулін, Данута Бічэль, Генадзь Бураўкін, Сцяпан Гаўрусёў, Ларыса Геніюш, Сяргей Грахоўскі, Васіль Зуёнак, Зьніч, Алег Лойка, Максім Лужанін, Янка Сіпакоў і шэраг іншых таленавітых творцаў. Замежная літаратура прадстаўлена Андрысам Веянсам (пераклад з латышскай мовы), Вальдко Калінінам (пераклад з цыганскай мовы), Раманам Лубкіўскім і Уладзімірам Лучуком (пераклад з украінскай мовы), Якавам Хелемскім (пераклад з рускай мовы) і Ле Чонг Шамам (пераклад з в’етнамскай мовы).

Не сумняюся, што “Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы” выкліча значную цікавасць публікі.

– Больш за тое, на прыкладзе зборніка рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва” плануе выдаваць падобную серыю, прысвечаную жыццю і творчасці іншых пісьменнікаў. Сімвалічна, што пачынаецца яна менавіта з Караткевіча.

Гутарыў Дзяніс Марціновіч

Незнаёмы Караткевіч// Кніжны свет. 2010. 19 лістапада. Выпуск 23. С. 2.

Новая кніга пра Караткевіча: 2 комментария

Комментарии запрещены.