P.S. “M@rt. кантакт-2013”

Восьмы раз у горадзе прайшоў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “M@rt. кантакт”, арганізатарамі якога традыцыйна выступілі Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне культуры аблвыканкама, а таксама Магілёўскі абласны драматычны тэатр.


Фармат і правіла гульні
Для гледачоў форум пачынаў сваю працу вечарам кожнага дня, калі на двух з трох пляцовак (Драматычны тэатр, Тэатр лялек і канцэртная зала “Магілёў”) паказваліся дзве ці тры пастаноўкі (сёлета гледачы ўбачылі калектывы з Беларусі, Арменіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі і Украіны). Прычым не паказы ішлі не паралельна, а паслядоўна, таму гледачы маглі ўбачыць усе імпрэзы. Раніцай наступнага дня ў тэатральным кавярні, размешчанай у будынку драматычнага тэатра, група тэатральных крытыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы у прысутнасці акцёраў і журналістаў “прафесійна” разбірала спектакль. Пры жаданні да дыскусій далучалася міжнароднае журы на чале з Валерыем, Анісенкам, дырэктарам-мастацкім кіраўніком Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. У другой палове дня у Гарадскім цэнтры культуры і адпачынку праводзіліся чыткі, у якіх былі занятыя акцёры Магілёўскага драматычнага тэатра. Сёлета такім чынам былі прэзентаваны п’есы “Ціхі шорах адыходзячых крокаў” Дзмітрыя Багаслаўскага, “Двое бедных румынаў, якія размаўляюць па-польску” Дароты Маслоўскай і “Вій” Наталлі Варажбіт. Таксама прайшоў «круглы стол» “Сучасная драматургія: погляд маладога рэжысёра”. Нарэшце, бліжэй да вечара пачыналіся новыя паказы. 14 спектакляў за 7 дзён… Паспрабуем разабрацца ва уражаннях.

Лепшае
Гран-пры форуму справядліва атрымаў “Гамлет” Магілёўскага тэатра лялек.


Сцэна са спектакля

Рэжысёр Ігар Казакоў ажыццявіў амаль немагчымае: удосталь паіранізаваў над класікай і яе ўспрымання гледачом (напрыклад, Гамлет апранаецца ў касцюм героя коміксаў пра амерыканскага супермэна), вытрымаў заяўлены жанр “трагіфарша” і адначасова захаваў глыбіню шэкспіраўскага тэксту. На думку крытыкаў, І. Казакоў паставіў спектакль-маніфест, у якім увасобіў ідэі свайго пакалення і вывеў на сцэну героя новага тыпу – інфантыла.

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі прывёз у Магілёў спектакль “Над прорваю ў жыце”.


Сцэна са спектакля

Рэжысёр Цімафей Ільеўскі вызначыў жанр пастаноўкі як “гісторыя сталення ў стылі рок-н-рол” і вытрымаў аўтарскую стылістыку на працягу ўсяго дзеяння. Спектаклю былі ўласцівы і дзве ключавыя характарыстыкі рок-н-рола: дакладны рытм і раскаванасць дзеяння. Высокаму ўзроўню спектакля таксама паспрыялі цудоўная рэжысёрская інсцэніроўка аповесці Сэлінджара, поўная адстутнасць маралізатарства, цудоўная ігра Анатоля Бараннікава (выканаўцы галоўнай ролі Холдэра), адзначанага дыпломам “Лепшы малады акцёр”, а таксама і арыгінальная сцэнаграфія Васіля Бурдзіна, якая ўяўляла канструкцыі з кардонных скрыняў.

Спектакль “Палёт над горадам” Армянскага дзяржаўнага тэатра лялек імя Аванэса Туманяна прынёс Нарынэ Грыгаран (рэжысёру і выканаўцы галоўнай ролі) дыплом “За арыгінальнасць сцэнічнай мовы”.


Сцэна са спектакля

Спектакль атрымаўся дастаткова кантрасным. Першая частка ўвасабляла паэтычны свет сляпой дзяўчыны, якая чакае аперацыі. Тут Н. Грыгаран выступіла наватарам і перадала ўспрыняцце гераіняй як навакольнага свету, так і доктара, у якога закаханая, праз уласную сцэнічную мову і арыгінальную тэхніку (яна ў прамым сэнсе ўзлятала над сцэнай). А вось у другой частцы адбылося сутыкненне мараў гераіні з побытам і рэальнасцю. Паэтычны свет аказаўся разбураным…

Пастаноўка “Пахаванне Кармэн” польскага тэатра “Бюро падарожжаў” зрабілася першай спробай паказу на форуме вулічнага тэатра: спектакль быў прэзентаваны ля магілёўскай ратушы.


Сцэна са спектакля

Cтвораны ў 1990-я гады падчас вайны на тэрыторыі былой Югаславіі, ён адлюстроўвае ўсе ўзброеныя канфлікты сучаснасці і іх наступствы. Парадокс, але надзвычай халоднае надвор’е і пранізлівы вецер толькі ўзмацнілі эфект. Складвалася ўражанне, што з’яўляешся сведкам сусветнага апакаліпсісу, дзе амаль аголеныя каты на хадулях б’юць сваіх ахвяр бізунамі, цывільныя асобы вымушаныя стаць салдатамі, а бежанцы ратуюцца ад баявых дзеянняў, а потым вяртаюцца да свайго разбуранага жытла… Мяркую, што эфектны, унутра нацэласны польскі спектакль паспряе таму, што на “M@rt. кантакт” будуць запрашацца іншыя вулічныя калектывы.

Пастаноўку “Шоўк”, якую ажыццявіў Аляксей Ляляўскі ў Беларускім тэатры лялек, давялося ўбачыць другі раз. У нечым на ўспрыманне паўплывала малая пляцоўка: у Мінску спектакль глядзеўся больш эфектна. Але пэўныя дробязі не адбіліся на агульнай высокай ацэнцы. Элементы спектакля знаходзяцца паміж сабой у поўнай гармоніі.


Сцэна са спектакля

А.Ляляўскі здолеў перадаць вытанчанасць, стыль і ўнутраны тэмпарытм культавага рамана Алесандра Барыка. Арыгінальнай падалася рэжысёрская інтэпрэтацыя твору. “Шоўк” атрымаўся не пра Японію і Францыю, і не пра падарожжы паміж гэтымі краінамі. А пра пачуцці галоўнага героя да сваёй жонкі, пра каханне, якое Эрве Жанкур шукаў па ўсім свеце, але знайшоў надзвычай позна. Наогул, пасля прагляду “Шоўку” можна казаць не пра здабыткі лялечнага ці драматычнага жанраў, а пра іх сінтэз.

“Залатая сярэдзіна”
Моцнае ўдзеянне на гледачоў аказалі спектаклі “залатой сярэдзіны”. Магчыма, яны не сталі прарывам, але пакінулі пасля сябе яркае ўражанне.

На адкрыцці форуму санкт-пецярбургскі Дзяржаўны драматычны тэатр “На Ліцейнам” паказаў “Рамэо і Джульету”. Галоўнай вартасцю спектакля, вырашанага праз гламурны ружовы колер, стала яго сугучча з атмасферай і тэмпам сучаснага жыцця. Прычым героі паўстаюць неўпэўненымі ў сабе, інфантыльнымі падлеткамі. Арыгінальная задума рэжысёра Галіна Жданава прынесла ёй дыплом “Лепшая рэжысёрская праца”. Але вытрымаць выбраны жанр трагіфарсу і заяўлены тэмпарытм атрымалася не цалкам.

Другім прадстаўніком Паўночнай Пальміры ў Магілёве зрабіўся Тэатр “Прытулак Камедыянта”, які прэзентаваў “Варшаўскую мелодыю”. Як вядома, дзеянне п’есы Л.Зорына адбываецца ў трох часавых пластах (1947, 1957, 1967). Таму ад маладых акцёраў патрабуецца пераканальнасць у перадачы аблічча і стану людзей у розным узросце. Найбольш натуральна дуэт галоўных герояў выглядаў у першых сцэнах, дзе фактычна іграў саміх сябе. А вось далей іх шляхі разышліся не толькі ў прамым, але і ў пераносным сэнсе. Кацярына Зорына, выканаўца ролі Гелены, змагла перадаць эвалюцыю сваёй гераіні, яе ператварэнне з маладой дзяўчыны ў вядомую спявачку. Гэта заслужана прынесла ёй дыплом “Лепшая маладая актрыса форуму”. А вось Павел Ганчароў, які ўвасобіў ролю Віктара, на жаль, застаўся ў 1947-м, што паўплывала на цэланаснасць ва ўспрыманні спектакля.

Малдаўскі Дзяржаўны маладзёжны драматычны тэатр “З вуліцы Руж” прадставіў гледачам культавую твор – “Эквус” Пітэра Шэфера, чый сюжэт заснаваны на гісторыі юнака Алана Стрэнга, які асляпіў шасцёра коней (“Эквус” быў прызнаны лепшай п’есай свету 1970-х гадоў). На жаль, рэжысёр Юрый Хармелін істотна адаптаваў твор для сцэнічнага прачытання. Напрыклад, істотна скарочана лінію псіхіятара Мартына Дайзерта. Але той не толькі імкнуўся разабрацца ў жыцці героя, але адначасова лячыў самога сябе. Знік фінальны маналог доктара, які сумняваўся, ці правільна робіць, што вяртае Алана ў грамадства. Там пануе спажыва, і хлопец можа стаць такім, як усе. Такія хады прыкметна спрасцілі “Эквус”. У выніку замест філасофскага спектакля аб праблемах моладзі і узаемаадносінах паміж індывідумам і грамадствам атрымалася крыху побытавая, асабістая гісторыя, якая не мела шырокіх абгульненняў. Зрэшты, знешне “Эквус” выглядаў дастаткова эфектна, а дуэт галоўных герояў пакінуў прыемнае ўражанне.

Гаспадары форуму, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, паказаў сваю апошнюю прэм’еру – спектакль “Блазан Балакіраў” Грыгорыя Горына. Праца рэжысёра Валянціны Ераньковай не стала яе безумоўным творчым поспехам. Але парадавалі шэраг годных акцёрскіх прац, напрыклад, Кацярына Ергулевіч (за ролю Кацярыны І была адзначана спецыяльным дыпломам журы “За лепшы дэбют”). Будзем спадзявацца, што на наступным “M@rt. кантакце” праца магіляўчан стане адкрыццём форуму. Тым больш, трупа надзвычай годна праявіла сябе падчас чытак.

Тэатральныя пытанні без адказаў
На кожным фестывалі існуюць спектаклі, якія, у параўнанні з іншымі, пакінулі больш спакойнае ўражанне. На сёлетнім “M@rt. кантакце” да такой катэгорыі можна аднесці некалькі пастановак. “9 месяцаў/ 40 тыдняў” маскоўскага Тэатра.doc і “Гранёнка” (Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава) мелі забаўляльны характар і не прэтэндавалі на глыбіню. “Жанчыны Гоі” санкт-пецярбургскага Тэатра пантамімы і пластыкі “Атэлье” і “Нос” вільнюскага Маладзёжнага тэатра “Арлекін” радавалі хутчэй сваёй знешняй эфектнасцю. А вось “Наш гарадок” Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя Т.Шаўчэнка (адзначаны спецыяльным дыпломам журы “За захаванне традыцый рэпертуарнага тэатра”) стаў, бадай, не лепшым спектаклем гэтага калектыву. Раней ён прыязджаў у Беларусь і, як сведчаць відавочцы, выглядаў больш годна.

***

Дырэкцыя “M@rt. кантакта”, якую традыцыйна ўзначальвае кіраўнік Магілёўскага абласнога тэатра Андрэй Новікаў, зрабіла немагчымае. Які год падчас правядзення форуму тэатральным цэнтрам Беларусі з’яўляецца Магілёў. Больш за тое, калі паспрабаваць скласці іерархію айчынных тэатральных фестываляў, дык, на маю думку, “M@rt. кантакт” змагаецца з “ТэАРТам” і “Белай вежай” за першае месца.

Магілёў укантакце.by// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 19 красавіка. — № 16. — С. 13.

Фота з сайтаў www.gorad.by, www.mogilev-region.gov.by, www.kimpress.by, www.b-g.by

P.S. На блогу выкладваю поўную версію артыкула. Газетны варыянт — з невялікімі скарачэннямі.