Да чытача – ў тысячны раз

Лютаўскі нумар “Полымя” стаў для часопіса юбілейным. Каб дасягнуць вышыні ў тысячу нумароў, выданню спатрэбілася дзевоноста гадоў і два месяцы. Воляю лёсу і рэдакцыі ў юбілейным выпуску сабраліся творы сталых аўтараў выдання, якія неаднаразова выступалі на яго старонках.


Проза прадстаўлена двума імёнамі. Часопіс адкрывае апавяданне-быль Галіны Васілеўскай “Белыя парасончыкі з таполі”. Назва сімвалічная: у чэрвені 1944 года, перад самым вызваленнем, Мінска Мая, 10-гадовы вязень фашысцкага канцлагера ловіць таполевы пух для малодшай сястры і трапляе за агароджу лагера. Дзякуючы гэтаму застаецца жывой, а яе сям’я трапляе ў Трасцянец…. Твор атрымаўся надзвычай шчыры, пазбаўлены маралізатарства. Аўтар без пафасу піша пра сур’ёзныя, сапраўды трагічныя падзеі і прымушае рэальна суперажываць сваім героям.

Працягваецца публікацыя рамана Уладзіміра Гніламёдава “Ліхалецце” (пачатак друкаваўся ў 6 – 9 нумарах за мінулы год, а таксама ў папярэднім, студзеньскім выпуску). Дзеянне прапанаванага ўрыўка пачынаецца зімой 1942-1943 гадоў і прысвечана далейшым падзеям вайны. Аўтар застаецца верным традыцыям айчыннай ваеннай прозы 1960-1980-х гадоў і імкнецца арыентавацца на лепшыя здабыткі аўтараў таго перыяду. Таму аматары літаратуры ўбачаць пераемнасць паміж тыповымі вобразамі ваеннай літаратуры, якія распрацоўваліся іншымі аўтарамі: фашыстаў-акупантаў, мужных партызан (сярод якіх ёсць тыя, хто з разуменнем ставіцца да жыцця вясковых жыхароў, і тыя, хто забірае ў сялян апошняе) і бязлітасных эмісараў з Масквы.

Аматараў драматургіі чакае новая меладрама Георгія Марчука “Пісьмы салдату”. Галоўная думка аўтара схавана, на мой погляд, у эпіграфе, які, паводле версіі Г.Марчука, занатаваны ў запісках невядомага сяржанта: “Шмат хто праўдамі і няпраўдамі імкнецца пазбегнуць службы ў арміі, але пазней усе дзякуюць лёсу за гэтую школу жыцця”. Твор атрымаўся надзвычай патрыятычным і, адначасова, ў нечым ідэалістычным. Зрэшты, тут ёсць свая логіка: творца пачаў працу над п’есай 9 мая, а закончыў 3 ліпеня мінулага года.

Паэтычныя старонкі “Полымя” аддадзеныя двум прызнаным майстрам. Творчасць Міколы Маляўкі прысвечана традыцыйным тэмам: апяванню прыгажосці роднага краю (“Доля выпрабоўвае”, “Гронка бэзу”), жаночай прыгажосці (“У бродзе, за мостам старым”). Найбольш глыбокай падаецца філасофская лірыка: “Найлепей, аднак, // За думкай следам // Падняцца над векам, // Падняцца над светам – // І з гэтай магічнай арбіты // Разглядваць зямлі краявіды, // Жыццё ў прасторы і часе – // З мінулым і будучым у запасе”.

В.Шніп прапануе як новыя вершы, так і творы ў сваім любімым жанры балады (творы, прысвечаныя Паўлу Пруднікаву, Сяргею Грахоўскаму і Уладзіміру Конану). Найбольш уражвае “Балада Паўла Пруднікава”, паэта, вязня ГУЛАГа: “Да цябе да акна прылятае сініца, // І глядзіць у акно, і цябе не баіцца, // Бо яна з тых часоў, з Ленінградскіх “Крыжоў”, // Дзе твой шлях крыжавы пачынаўся і кроў // Пралілася твая на снягі, і драты, // І на той час пякельны, і час залаты…”.

Літаратура іншых народаў прадстаўлена вершамі сучаснага азербайджанскага паэта Чынгіза Аліаглы (у перакладзе Міколы Мятліцкага). Ягоную творчасць прадстаўляе артыкул Алеся Карлюкевіча “Учора і вечна”.

У літаратуразнаўчым раздзеле чытачы сустрэнуць артыкулы Крысціны Папко “«Доўг памяці» Уладзіміра Калесніка ў кантэксце беларускай літаратуры факта” і Аляксея Рагулі “«Плынь» (карціна нацыянальнага быцця ў раманах Леаніда Левановіча)”, а таксама заканчэнне працы Алеся Марціновіча “Брама, адчыненая ў вечнасць”, прысвечанай жыццю і творчасці Максіма Гарэцкага (пачатак у папярэднім нумары).

Завяршаюць юбілейны нумар інтэрв’ю Зіновія Прыгодзіча з дырыжорам Міхаілам Фінбергам; рэцэнзія Анатоля Маркушава “Як Статкевіч-Чабаганаў дапоўніў Аляксея Талстога”, прысвечаная кнізе Анатоля Статкевіча-Чабаганава “Я – сын Ваш. Казановічы герба “Гржымала”. Летапіс беларускай шляхты”; а таксама першы артыкул Сяргея Дзямідчыка “Зямля даўняя, зямля слаўная” з цыкла, прывечанага Ляхаўшчыне.

Да чытача – ў тысячны раз// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 29 сакавіка. — № 13. — С. 5.