9 сакавіка споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння славутага айчыннага драматурга Францішка Аляхновіча. Прапаную невялікі матэрыял пра апошнія пастаноўкі яго твораў ў Мінску.
Францішак Аляхновіч
П’есы Францішка Аляхновіча, асабліва папулярныя ў першай палове ХХ стагоддзя, у 1990-я гады зноў з’явіліся на айчыннай сцэне і трывала замацаваліся ў рэпертуарах беларускіх тэатраў.
Чым жа тлумачыцца доўгі перапынак, а потым запозненае прызнанне? На першае пытанне адказаць дастаткова проста. Творчасць вязня ГУЛАГу па ідэалагічным прычынах была непрымальнай у савецкія часы. Зразумела, першая хваля пастановак на пачатку 1990-х была выклікана жаданнем тэатраў пазнаёміць публіку са спадчынай малавядомага ім творцы. Але цяпер зрабілася відавочным, што інтарэс да Аляхновіча трывалы і доўгатэрміновы. Па-першае, ён выкліканы тым, што да якаснай беларускай драматургіі, якая была б цікавая айчынным рэпертуарным тэатрам, можна аднесці невялікую колькасць твораў. Па-другое, буржуазныя і местачковыя рэаліі пачатку мінулага стагоддзя зноў вярнуліся ў наша жыццё, тады як шэраг твораў К.Крапівы і А.Макаёнка, насычаных “сацыялістычнай” атрыбутыка, звязаць з сённяшнім днём куды больш складана. Ф.Аляхновіч з’яўляецца аўтарам 17 п’ес. У Мінску зараз ідуць тры з іх.
П’еса “Адамавы жарты” была пастаўлена на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў ліпені 2010 года. Рэжысёр Святлана Навуменка ажыццявіла ўласную інсцэніроўку паводле твораў Аляхновіча (“Чорт і баба”, 1918) і Леапольда Родзевіча (“Збянтэжаны Саўка”). У цэнтры сюжэта – гісторыя сялян Саўкі і Марысі, якім імкнуцца нашкодзіць зайздрослівая Баба і Чорт. У выніку атрымаўся прыемны спектакль з элементамі народнай камедыі і рускага “лубка”. Ён не прэтэндуе на сур’ёзны мастацкі ўзровень, але карыстаецца поспехам у публікі.
Адзін з найбольш вядомых твораў Аляхновіча, “Пан міністар”, быў пастаўлены ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў сакавіку 2011 года. Згодна сюжэту, свінабой Філімон Пупкін вырашае стаць міністрам і дзеля гэтага бярэцца за вывучэнне беларускай мовы…
З аднаго боку, атрымалася грунтоўная пастаноўка, якая на выглядае дастаткова годна на агульным фоне сталічнага тэатральнага жыцця. З другога боку, спектакль быў заяўлены як фарс. Можна цалкам згадзіцца з крытыкам Таццянай Команавай, якая заўважыла імкненне рэжысёра Уладзіміра Савіцкі правёсці прамыя паралелі з купалаўскімі “Тутэйшымі” (дарэчы, абедзьве п’есы былі завершаны амаль адначасова, у 1922 годзе). На яе думку, пастаноўшчык “увесь час намагаецца быццам бы пераканаць нас, што на самой справе Аляхновіч у сваім творы закладаў нашмат больш глыбокія думкі. І гэткае жанравае сутыкненне, імкненне ўбачыць тонкую эзопаву мову там, дзе валадарыць зададзеная аўтарам лабавая сатыра, толькі запавольвае само сцэнічнае дзеянне”. Дарэчы, спектакль быў прадстаўлены на Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі. А акцёр Аляксандр Палазкоў, які выканаў ролю Філімона Пупкіна, перамог у намінацыі “Лепшая мужчынская роля”.
Трэці твор Аляхновіча, “Шчаслівы муж” (1921), пастаўлены ў чэрвені 2011 года ў РТБД, быў заяўлены як музычная камедыя. Аднак рэжысёр Мюр Фарыдовіч інтэрпрэтаваў яго як фарс. Галоўная гераіня, летуценная мяшчанка Магдалена, стомленая сваім малацікавым і прадказальным мужам Гаўдэнтам, вырашае закруціць раман з графам Мацальскім. Але нават не здагадваецца, хто хаваецца за гэтым тытулам…
Трапляючы на спектакль, пастаўлены ў жанры фарсу, неаднаразова заўважаў: выканаўцы або застаюцца ў рэчышчы псіхалагічнага тэатра, або балансуюць паміж крыўляннем і пошласцю. Стваральнікі і дзейныя асобы “Шчаслівага мужа” здолелі вытрымаць фарсавую лінію (асабліва гэтага датычыцца першай дзеі). Спектакль пакінуў прыстойнае ўражанне, а калі ўлічыць, што гэта дэбют пастаноўшчыка, прыемна здзівіў.
Згаданыя мінскія спектаклі паводле твораў Аляхновіча, пакідаюць спадзяванні на новыя адкрыцці і інтэрпрэтацыі твораў драматурга.
Паглядзім Аляхновіча?// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 15 сакавіка. — № 11. — С. 16.