Забытыя пісьменнікі. Барыс Мікуліч

Мінулы год стаў часам урачыстага святкавання юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка. Але ў “медаля” быў і адваротны бок: менш заўважанымі засталіся юбілеі іншых пісьменнікаў. Напрыклад, Барыса Мікуліча, які нарадзіўся 6 (19) жніўня 1912 года ў Бабруйску.


Барыс Мікуліч
Фота з сайта http://library.mogilev.by

Біяграфія гэтага творцы дастаткова характэрная для свайго часу. Сябра бабруйскай філіяла літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, які аддаў належнае месца ў сваіх творах паслярэвалюцыйнай рамантыцы і надзеям на хуткую перабудову грамадскага ладу, ён быў двойчы рэпрэсіраваны (у 1937-м і 1949-м). Памёр у 1954 годзе ў Краснаярскім раі, куды быў адпраўлены на вечнае пасяленне. Рэабілітаваны праз тры месяцы пасля смерці.

Галоўным творам Мікуліча справядліва лічыцца “Аповесць для сябе”. Фактычна, гэта дзённікавыя запісы, які ахопліваюць перыяд са жніўня 1946 па чэрвень 1948 года (у гэты час пісьменнік знаходзіўся на свабодзе паміж першым і другім арыштамі). Але адначасова “Аповесці…” уласцівы шматлікія экскурсы ў мінулае (напрыклад, узгадкі пра жыццё ў Бабруйску ў 1920-я гады, падрабязнасці мінскага літаратурнага жыцця ў 1930-я гады і г.д.). Запісы, упершыню апублікаваныя толькі ў часы перабудовы, сталі аднымі з першых “гулагаўскіх” твораў у беларускай літаратуры.

Дадатковыя штрыхі да біяграфіі Мікуліча можна даведацца дзякуючы лісту Тамары Яўгенаўны Сакаловай, унучатай пляменніцы пісьменніка, які яна напісала ў “ЛіМ”. Іх знаёмства адбылося ў 1947 годзе, калі Барыс Міхайлавіч папраўляў сваё здароўе ў вёсцы Цераховічы каля Лагойска, дзе жыў яго стрыечны брат Вікенцій Антонавіч Мікуліч (дзядуля лімаўскай адрасаткі). Тамара Яўгенаўна яшчэ была дашкольніцай, але добра запомніла той перыяд, падрабязна апісаны ў “Аповесці для сябе”.

Як адзначыла Тамара Сакалова, у Лагойску ў сярэдняй школе № 1 адкрыты музей, дзе настаўніца беларускай мовы Вера Саўрыцкая сабрала матэрыял пра Мікуліча і іншых айчынных творцаў. Акрамя таго, музей, арганізаваны мясцовым настаўнікам гісторыі Міхаілам Захарцавым, дзейнічае і ў пасёлку Машукоўка Краснаярскага краю, дзе жыў і памёр Мікуліч. На яго магіле жыхары ўстанавілі помнік. Міхаіл Георгіевіч знаходзіцца ў перапісцы з загадчыцай бабруйскай бібліятэкі № 4 Святланай Калютай і з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Да святкавання 100-гадовага юбілея пісьменніка бібліятэка № 4 была названа ў гонар Мікуліча. Перад гэтым С. Калюта на працягу пяці гадоў збірала матэрыялы пра пісьменніка, падключыўшы да пошукаў мясцовых краязнаўцаў. Яе ініцыятыва была падтрыманая аддзелам культуры Бабруйскага райвыканкама, які паспрыяў правядзенню ўрачыстага мерапрыемства з нагоды юбілея.


Барыс Мікуліч. Турэмныя фота
Фота з сайта http://www.t-styl.info

Акрамя таго, у мінулым годзе Цэнтральная бібліятэчная сістэма горада Бабруйска і мясцовая гарадская бібліятэка № 4 выдалі дзе брашуры. Першая, “Письма из сибирской ссылки” (складальнік С.Калюта), уключаюць лісты Барыса Мікуліча, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва і Бабруйскім краязнаўчым музее і дазваляюць скласці больш поўнае ўяўленне пра асобу пісьменніка. Выданне можна ўмоўна падзяліць на некалькі блокаў. Першы ўключае ліставанне Мікуліча са сваімі сёстрамі (дзвюма роднымі і стрыечнай). Другі – яго лісты да актрысы Таццяны Бандарчык, якая іграла на сцэне Віцебскага і Бабруйскага тэатраў. Трэці – перапіска з Міхасём Лыньковым. Іх дапаўняюць ліст да маршала Варашылава, тагачаснага старышні прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР, які быў напісана ўжо пасля смерці Сталіна (у ім пісьменнік патрабуе парагляду сваёй справы). На апошніх старонках кнігі прыводзяцца лісты жонкі Мікуліча да сястры пісьменніка, у якіх апісваюцца падрабязнасці яго смерці, і яе ўспаміны пра дзень пахавання.

Другая брашура, “Возвращение” уключае рускамоўныя вершы мясцовых паэтаў (Веры Бенядзіктавай, Аляксея Гарэліка, Веры Дудко, Леаніда Чабатарова, Іны Шчагловай і Браніславы Яскевіч), прысвечаныя Барысу Мікулічу.

Зразумела, такое паважлівае стаўленне жыхароў Бабруйска да творцы заслугоўвае вялікай пашаны. Але ў сваім лісце Тамара Сакалова выказвае абсалютна слушную думку: “праўда і справядлівасць мусяць перамагчы ў памерах усёй Беларусі, а не толькі ў асяроддзі землякоў”. Таму паўнавартаснае вяртанне імя Барыса Мікуліча яшчэ толькі пачынаецца.

Вяртанне Мікуліча// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 1 сакавіка. — № 9. — С. 15.