Сінема, сінема, сінема! Агляд студзеньскага «Нёмана»

Апошнім часам у “тоўстых” часопісах становіцца модным рабіць тэматычныя выпускі. Выпадкова, ці не, але ў цэнтры студзеньскага нумара “Нёмана” — Яго Вялікасць Кінематограф.

Крымінальны дэтэктыў Сяргея Трахімёнка “Уехать в Париж” можна назваць “кіно ў квадраце”. З аднаго боку, ён пазначаны як кінааповесць. З другога, галоўныя героі непасрэдна звязаныя з гэтым відам мастацтва. Алена, маці галоўнага героя Паўла, з’яўляецца былой актрысай. Вызваліць сына, скрадзенага за невыплачаныя пазыкі, ёй дапамагаюць сябры, якія калісьці працавалі на здымках каскадзёрамі.

Дзеянне кінасцэнарыя, як і ў іншых творах Трахімёнка, адбываецца ў халодным і жорсткім свеце, дзе пануюць крымінальныя структуры. Перамагчы іх могуць толькі прадстаўнікі праваахоўных органаў, вобразы якіх, зразумела, станоўчыя. Зрэшты, для развіцця інтрыгі ў іх асяроддзі абавязкова знаходзіцца здраднік… “Уехать в Париж” цалкам адпавядае творчай манеры С.Трахімёнка: імклівае разгортваванне сюжэта, стрыманы мужчынскі стыль, здольнасць пісьменніка трымаць чытацкую ўвагу. Для аб’ектыўнасці, гэтым разам вобразы не вызначаюцца вялікай псіхалагічнай глыбінёй. Зрэшты, жанр кінасцэнарыя гэтага не надта і патрабуе.

Аляксандр Брыт прапанаваў чытачам два апавяданні. З кіно звязаны другі твор, “Раскадроўка”. Галоўная гераіня Маргарыта з дзяцінства марыць здымацца ў кіно. Урэшце заканчвае мінскі Тэатральна-мастацкі інстытут, бярэ шлюб з маладым балгарскім акцёрам, трапляе з ім у Германію. Там яна працуе прыбіральшчыцай і афіцыянткай. Няўжо перад намі апавяданне на сацыяльную тэматыку, прысвечанае цяжкаму жыццю эмігрантаў? Але ніякіх бытавых падрабязнасцяў “нямецкага” жыцця ў творы няма. У адным з эпізодаў Маргарыта толькі канстатуе, што жыве пасля разводу бедна, таму вымушана перыядычна аблічваць кліентаў.

Асобныя штрыхі апавядання дазваляюць меркаваць, што А. Брыт зрабіў спробу абыграць некаторыя вобразы рамана “Майстар і Маргарыта”. Напрыклад, Бармэна клічуць Бегемотам, дзеянне адбываецца ў кафэ “Voland”, а джаз-бэнд іграе тэму з Гектара Берліоза (герой булгакаўскага твора мае тое ж прозвішча, што і кампазітар ХІХ стагоддзя). Але такія паралелі не заўсёды пераконваюць. Маргарыта сустракаецца з кінапрадусарам Ліхадзіеўскім (дагэтуль яны бачыліся толькі ў кавярні). Іх размова азмрочваецца той акалічнасцю, што гераіня аблічыла яго ў рэстаране. Але даведаўшыся, што Маргарыта марыць займацца кінарэжысурай, прадусар вырашае пазнаёміць яе не больш і не менш як з Кустурыцай. Акрамя таго, адразу ж высвятляецца, што героі блізкія духоўна і ўсё жыццё шукалі менавіта адно аднаго.

Магчыма, А. Брыт праводзіць яшчэ адну паралель з М. Булгакавым, калі Ліхадзіеўскі ўспрымаецца як Майстар? Але такая інтэрпрэтацыя выглядае крыху штучнай. Калі ўспрымаць такі ход як звычайнае развіццё асабістых узаемаадносін, дык ён ніяк не абгрунтаваны. Марай пра прафесію можна было б расчуліць паэт-рамантыка. Але рашэнне кінапрадусара, які распараджаецца вялікімі грашыма, больш нагадвае казачны “хэпі-энд”. Зрэшты, падзеі адбываюцца на Раство Хрыстова, таму цуды магчымыя.

На маю думку, адметнымі матэрыяламі разглядаемага “Нёмана” сталі публікацыі, прысвечаныя 70-годдзю з дня нараджэння выбітнага айчыннага рэжысёра Міхаіла Пташука. У нумары змешчаны ўспаміны Раісы Баравіковай “Неба Міхаіла Пташука”, а таксама маналогі вучняў рэжысёра Андрэя Голублева, Яўгена Сецько, Максіма Субоціна і Людмілы Дуброўскай. У свой час з цікавасцю чытаў споведзь Пташука “І плач, і слёзы”, а таксама ўспаміны яго калег і сяброў, што выйшлі пад адной вокладкай у серыі ЖЗЛБ. Вартасць “нёманскіх” публікацый у тым, што яны дадаюць новыя штрыхі да творчай асобы Пташука. А яшчэ нібы падштурхоўваюць зноў звярнуцца да яго кінематаграфічнай спадчыны.

“Синема, синема, синема, от тебя мы без ума” – спяваў Андрэй Міронаў у фільме “Чалавек з бульвара Капуцынаў”. У студзеньскім “Нёмане” кожны можа выбраць сярод “кінематаграфічных” публікацый тыя, якія адпавядаюць яго густу.

Сінема, сінема, сінема!// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 22 лютага. — № 8. — С. 5.