Французы таксама плачуць: у РТБД паставілі “Тры Жызэлі”

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі паставілі “Тры Жызэлі”.


Перад прэм’ерай існавалі спадзяванні, што ў спектакля ёсць ўсе шансы стаць адной з візітных картак РТДБ і замацаваць поспех папярэдняй пастаноўкі (“Дажыць да прэм’еры”). Падстаў для гэтага хапала. У аснове “Трох Жызэлей” – п’еса Андрэя Курэйчыка, якая ў далёкім 2004 годзе стала адной з пераможцаў прэстыжнага міжнароднага драматычнага конкурса “Еўразія”, што ладзіцца ў Екацерынбургу. Зрэшты, пры жаданні ў аўтары, маладым пачынаючым драматургу, ужо тады можна было пазнаць цяперашняга ўпэўнена і паспяховага сцэнарыста (нездарма пазней на аснове п’есы будзе зняты фільм). Драматургічны матэрыял надзвычай кінематаграфічны. Дзеянне адбываецца ў трох часавых прасторах (у 1940-х гадах – у Францыі, 1957 і 1999 гадах – у Беларусі), якія чаргуюцца паміж сабой. Гэта забяспечвае твору дынамізм і не адпускае ўвагу гледача.

У аснове сюжэта – рэальная гісторыя францужанкі Жызэль Купэс. Ролі галоўнай гераіні (маладой – “вясенняй”, дарослай – “летняй” і сталай – “восеньскай”) ў спектакле РТБД выконваюць тры актрысы: адпаведна, Вераніка Буслаева, Людміла Сідаркевіч і Таццяна Мархель. Падчас Другой сусветнай вайны Жызэль знаёміцца ў партызанскім атрадзе, што базуецца ў Нармандыі, з беларускім хлопцам Сяргеем (Максім Брагінец). Пачуццё да яго прымушае дзяўчыну пакінуць радзіму і прыехаць разам з Сяргеем у яго вёску Карзуны…

Андрэй Курэйчык пазначыў жанр свайго твору як драма. І сапраўды: перад намі – трагічны лёс жанчыны, жыццё, каханне і шчасце якой былі растаптаныя бязлітаснай эпохай. Але рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, для якога спектакль стаў дэбютным на пасадзе мастацкага кіраўніка РТБД, зрабіў акцэнт на камічнай дамінанце, дасягнуўшы яго дастаткова простым сродкам – ужываннем “трасянкі”. Арыгінал п’есы з’яўляўся рускамоўным. А вось у спектакле на мове ўсходніх суседзяў размаўляе толькі Ханаў (Аляксандр Дабравольскі), прадстаўнік спецслужбаў. На чыстай беларускай – маленькая Віктуар, дачка гераіні, і “восеньская” Жызэль. Галоўная гераіня ў выкананні Людмілы Сідаркевіч гаворыць па-беларуску з цудоўным французскім акцэнтам. Усе астатнія – выключна на трасянцы. Хутчэй за ўсё, праз яе ужыванне А.Гарцуеў імкнуўся прадэманстраваць жахлівы кантраст паміж тонкай інтэлігентнай парыжанкай і дзіўным, незразумелым асяроддзем, у якое яна трапіла.


“Вясенняя” Жызэль (Вераніка Буслаева)

Але замест гэтага ігра выканаўцаў пераходзіць у прастору пародыі. Кіраўнік калгаса Іван Ільіч (Сяргей Шымко) імкнецца быць падобным на Леніна, а ў фінале, напэўна, наглядзеўшыся савецкіх мультфільмаў, апранаецца як паштальён Печкін. Ніна (Алена Баярава), суседка Жызэлі, у старасці імкнецца пераймаць новых рускіх бабак. Інга (Настасся Баброва), турэмная каханка Сяргея, заходзіць у камеру ў новых ботах і футры. Зразумела, шчаслівы рогат гледачоў не спыняецца ні на хвіліну. Бо цяжка параўнаць з чымсьці радасць неафіта, які бачыць на сцэне герояў, падобных на сяброў ці суседзяў.

Вельмі супярэчлівым атрымаўся вобраз Сяргея. У другой частцы (падзеі 1957 года) ён паказаны як чалавек, які злоўжывае алкаголем і не знайшоў сябе ў пасляваенным жыцці (гэта фінал яго узамаадносін з Жызэллю). Там яго “трасянка” можа быць апраўдана як адлюстраванне яго ўнутранага стану. Але, на жаль, ні выканаўца ролі М.Брагінец, ні рэжысёр А.Гарцуеў не знайшлі дадатковых штрыхоў, каб патлумачыць паводзіны Сяргея падчас вайны (яго вобраз таксама трактуецца камедыйна). Савецкі салдат, ён мусіць выклікаць у Жызэлі захапленне. Але і ў Францыі Сяргей паказаны як дурнаваты клоўн, які ўвесь час блазнуе і ні на хвіліну не застаецца сур’ёзным. Акрамя таго, пры інсцэніроўцы твора была скарочана істотная сцэна, падчас якой герой ратуе дзяўчыну ад настойлівых заляцанняў іншых салдат, фактычна выступае яе абаронцам і выратавальнікам. Менавіта гэты ўчынак можа кампенсаваць для Жызэлі адсутнасць у Сяргею парыжскага шарму і добрага густу. Цяжка паверыць, што дзяўчына, якая цяжка перажывала смерць Франсуа (Ілья Ясінскі), свайго першага кахання, вырашае рэзка змяніць уласнае жыццё і з’ехаць невядома куды з такім героем. Псіхалагічнае абгрунтаванне ў гэтым эпізодзе цалкам адсутнічае, а ён адзін з ключавых у пастаноўцы.


“Восеньская” Жызэль (Таццяна Мархель)

На жаль, вобраз “восеньскай” Жызэлі нельга аднесці да ліку значных творчых дасягненняў Таццяны Мархель. Зорка РТДБ, народная артыстка Беларусі, яна неаднаразова з бляскам увасабляла вобразы вясковых жанчын, паказвала іх мудрасць, душэўную спагаду і дабрыню. Такой паўстае і яе Жызэль. Але духу Францыі, ці хоць бы яго рэшткаў, у гераіні, на жаль, не адчуваецца. Як не бачна і сувязь паміж ёй і гераіняй Людмілы Сідаркевіч. Апошняя якраз ідэальна ўвасабляе парыжанку ў беларускіх вясковых рэаліях. Шарм і стыль, якія не схаваць нават грубымі ботамі і нягеглай сукенкай з вясковай крамы.

Паміж вобразамі двух Жызэлей бачыцца і яшчэ адна неадпаведнасць. Маючы 34 гады, пражыўшы больш за дзесяцігоддзе ў чужой краіне, “летняя” Жызэль усё яшчэ не разумее мовы карэнных жыхароў і размаўляе з акцэнтам. А ў сталасці раптоўна губляе яго і кажа толькі па-беларуску. Выключныя лінгвістычныя здольнасці! Але ў іх не верыш. Куды знік акцэнт? Хто мог навучыць Жызэль беларускай мове, калі вакол гучыць адна “трасянка”? Тая ж нестыкоўка і з вобразам Віктуар, дачкі Жызэлі. У дзяцінстве яна размаўляе па-беларуску без ніводнай памылкі (зноў-такі, хто мог яе навучыць?), а праз чытары дзесяцігоддзі ўжо добра “шпарыць” на трасянцы.

На жаль, у пастаноўцы хапае праяў неўважлівасці. Вось, напрыклад, сцэна ў парыжскай кватэры Купэс. Жызэль збіраецца ў партызанскі атрад. Бацькі да апошняга нічога не ведаюць. Калі яна аб’яўляе пра рашэнне, Жаклін, маці гераіні (Ганна Маслоўская), хуценька дастае вялікі чамадан, для прыліку корпаецца ў ім, а потым аддае Жызэлі. Атрымліваецца, або Жаклін жадала сысці ад мужа, або таемна чакала, пакуль Жызэль пакіне сям’ю. Навошта тады трымаць падрыхтаваны чамадан з рэчамі, неабходнымі для жанчыны?


“Летняя” Жызэль (Людміла Сідаркевіч — злева)

Іншая сітуацыя. У п’есе не было сказана ні слова пра рэпрэсіі, а супрацоўнік КДБ Ханаў сустракаўся з “летняй” гераіняй наконт яе магчымага выезду за мяжу. У пастаноўцы РТБД Ханаў з’яўляецца на вясковай вуліцы ў парадным мундзіры і нагадвае Сяргею, што той сядзеў у лагеры і пісаў даносы на іншых, каб выжыць. Такі эпізод бачыцца штучным, бо далей гэта лінія ніяк не развіваецца. Можа, тут праяўляецца імкненне Гарцуева да эпічнасці і суаднясення асабістага жыцця герояў з грамадскімі падзеямі, уласцівае яго апошнім купалаўскім спектаклям?

Але нават калі прыняць такі паварот сюжэта, узнікаюць новыя нестыкоўкі. “Летняя” Жызэль кажа ў 1957-м, што яны пятнаццаць гадоў былі разам. Але як суаднесці гэту дату з лагерным зняволеннем? Далей. Ханаў замест ўчастковага міліцыянера Васіля (які дзейнічае ў п’есе) прыходзіць прыходзіць арыштоўваць Сяргея і яго сябра Кольку, якія выносілі калгасную маёмасць. Але прадстаўнікі спецслужбаў не займаюцца такой дробнай справай! У п’есе прадстаўнік улады кажа пра машыну, якая стаіць за вуглом (каб дачка не бачыла). У спектаклі Сяргею паведамляюць, што дом акружаны. Галівуд, ды і толькі!

Але бясспрэчным пікам фантазій пастановачнай групы становіцца сцэна ў Францыі. У творы А.Курэйчыка Сяргея з гэтай краіны мусіць забраць карабель. Згодны, нават такі сюжэтны ход пашыты белымі ніткамі (хто будзе адпраўляць яго за невялікай колькасцю савецкіх салдат?). Але ў спектакле ідуць далей: за савецкімі салдатамі ў далёкую Нармандыю пасылаюць самалёт (!), які мусіць адразу адправіць былых палонных у штрафны батальён (!). Для разумення сітуацыі патлумачу: ляцець з СССР у Францыю праз Афрыку, Паўночы полюс ці Амерыку надта далёка. Але ж ад Фінляндыі да Балканаў знаходзіцца лінія фронту і баявых дзеянняў! Няўжо, каб забраць палонных салдат (а не генерала ці маршала), савецкі самалёт будзе ляцець над усім Трэцім рэйхам? І што, Сяргею адразу сказалі пра штрафныя батальёны? Выглядае як танная пародыя на амерыканскі фільм “Выратаваць радавога Райана”.

Прачытанне шэрагу эпізодаў атрымалася вельмі павярхоўным і спрошчаным. Традыцыйна перададзены ўзаемаадносіны “вясновай” Жызэлі і Франсуа. Цяжка знайсці адрозненні паміж Ханавым і шматлікімі адмоўнымі героямі, якіх раней увасабляў А.Дабравольскі на сцэне РТБД. Музыка Д. Фрыгі выконвае ілюстрацыйную функцыю (у лірычных сцэнах рамантычная, у драматычных – трагічная). У новым спектаклі, на маю думку, шмат празмернай эмацыйнасці і пафасу. Выклікае пытанні і фінал. Аптымістычны і радасны, ён прымушае думаць, што перад намі не драма, а добрая сямейная камедыя. Таму пасля прагляду лёс Жызэлі не выклікае вялікага шкадавання.

Падобны мастацкі вынік выклікае засмучэнне. “Тры Жызэлі” – першы спектакль Гарцуева на новай пасадзе. Няўжо так выглядае яго мастацкі маніфест? Далёка не ўсе апошнія па часе спектаклі рэжысёра, пастаўленыя ў Купалаўскім тэатры, успрымаліся як новае слова ў мастацтве. Але Гарцуеў заўсёды трымаў пэўную планку. Зразумела, кожны тэатр мае права на касавую пастаноўку. Але навошта дзеля гэтага гвалціць нядрэнную драму? Вазьміце Куні: ім не грэбуе нават Вахтангаўскі тэатр!

“Дажыць да прэм’еры”, папярэдняя пастаноўка РТБД, выклікала значны грамадскі рэзананс і, на маю думку, стала лепшым драматычным спектаклем, пастаўленым у Мінску ў 2012 годзе. Яна давала спадзяванне, што тэатр вылучыцца з асяроддзя астатніх сталічных калектываў і стане для іх эталонам. На жаль, “Тры Жызэлі” настойліва вяртаюць РТБД на ранейшы ўзровень. Бадай, толькі ад калектыву і кіраўніцтва залежыць, у якім накірунку яны будуць рухацца далей.

Французы таксама плачуць// Настаўніцкая газета. — 2013. — 24 студзеня. — № 8. — С. 24.

Фота з сайта тэатра www.rtbd.by