Каралеўства… на сметніку

У снежаньскім нумары “Маладосці” маю ўвагу прыцягнуў твор Міхася Зізюка “Кароль Капайла і яго атачэнне”.


Пачатак аповесці інтрыгуе: у жыцці бізнесмена Лявона Сухадольскага, уладальніка прыватнай фабрыкі па вырабе мэблі, пачынаецца чорная паласа. Фірма партнёраў банкруціцца. Лявон сварыцца с начальнікам падатковай інспекцыі, а дома застае жонку з каханкам. Ён вырашае знайсці ісціну ў віне, а неўзабаве знаёміцца ў бары з дзвюма маладымі дзяўчатамі. Але “інтэлектуальныя” размовы пра сэнс жыцця працягваюцца нядоўга: Лявон прачынаецца без грошай, карткі і дакументаў… на гарадскім сметніку, дзе вырашае застацца на пэўны час у кампаніі бадзяг.

Мяркую, аўтар аповесці меў як мінімум два шляхі. Або паглыбіцца ў сацыяльную тэматыку, правесці чытачоў па месцах, дзе жывуць прадстаўнікі сталічнага “дна”, раскрыць вобразы яго сталых жыхароў, патлумачыць, што ці хто (жыццё, сваякі, грамадства) прывялі іх да такога існавання. У такім выпадку здарэнне з Лявонам стала б толькі падставай для такога падарожжа. Або, наадварот, зрабіць ацэнт на асобе Сухадольскага, які мусіў пераасэнсаваць сваё ранейшае жыццё. Тады здарэнне стала б толькі штуршком для яго духоўных пошукаў, а мясцовыя бадзягі сваімі жыццёвымі гісторыямі, досведам і логікай паводзінаў маглі паўплываць на Лявона. На маю думку, аўтар паспрабаваў сумясціць абодва падыходы, але вынік атрымаўся супярэчлівым.

У аповесці Лявона знаходзіць Капайла, які кантралюе сметнік. Галоўны герой раптоўна вырашае: “А няхай будзе як будзе, няхай яна (жонка – Д. М.) пакруціцца там, паспрабуе, як гэты хлеб здабываецца. Ён жа знікне на нейкі час, проста знікне і ўсё, потым вырашыць, што з ёю зрабіць”. Парадокс, але прапанаваныя інтэр’еры цудоўна падыходзяць да такіх разважанняў. Бо М. Зізюк, на жаль, ніяк не перадае атмасферу месца, дзе разгортваюцца дзеянне. Адсутнічаюць хаця б нейкія дэталі, якія характарызуюць сметнік і маглі б выклікаць у чытача натуральнае пачуццё агіды. Аўтар мог смела напісаць, што дзеянне адбываецца на тэрыторыі завода ці закінутай вёскі: асаблівая розніцы не будзе.

Пісьменнік паслядоўна знаёміць чытачоў з жыццёвымі гісторыямі бадзяг. Хтосьці з іх трапіў на сметнік у выніку збегу абставін (Чапяла, Карась, Кныш), іншыя – ратуючыся ад суда (Капайла, Бугай, Фрыц, Сыч). Але біяграфіі большасці герояў застаюцца ў аповесці ўстаўнымі фрагментамі і амаль не ўплываюць на далейшае развіццё падзей. У кульмінацыі “Караля Капайлы” (эпізод, калі за знойдзенымі на сметніку грашыма прыйшлі спярша “аўтарытэты”, а потым па іх следзе амапаўцы) свой характар праяўляюць толькі Лявон і Капайла, а астатнія застаюцца ў ролі масоўкі.

На працягу аповесці Сухадольскі мае шанц паразважаць над сэнсам уласнага жыцця, але ніяк не выкарыстоўвае такую магчымасць. Усяго ў адным эпізодзе ён праяўляе незадаволенасць сваім ранейшым існаваннем і разважае: “Толькі як павярнуць сваё жыццё ў іншы бок, памятаючы, што ты ў адказе за лёс свайго дзіцяці”. У астатнім Сухадольскі ва ўсім слухаецца Капайлу і паводзіць сябе цішэй вады, ніжэй травы. Бадай, адзінае выключэнне – яго спроба заступіцца за Кныша і Чапялу ў эпізодах з грашыма. Але паколькі вобраз Лявона не раскрыты, мы не можам дакладна сказаць: такі ўчынак з’яўляецца для яго звыклым, або заходжанне на сметніку паўплывала на характар героя.

У выніку падзеі аповесці ніяк не змяняюць Лявона, які застаецца тым жа чалавекам, што быў і дагэтуль. Больш за тое, чытачы так і не атрымліваюць магчымасці зразумець, што за асоба хаваецца за маскай Сухадольскага – спярша паспяховага бізнесмэна, а потым старанага працаўніка. Аўтар можа парыраваць у адказ, што адсылае чытачоў у пачатку і фінале аповесці да біблейскіх сцэнаў (шлях Ісуса на Галгофу). Але сувязь паміж імі і лёсам Лявона падаецца мне крыху штучнай, а адзіная рэпліка героя, які патрабуе выратаваць Збаўцу — недастатковай для раскрыцця яго вобраза.

Аповесць “Кароль Капайла і яго атачэнне” пакідае ўражанне па-свойму цікавай рэчы, патэнцыял якой, на жаль, не быў цалкам рэалізаваны.

Каралеўства… на сметніку// Літаратура і мастацтва. — 2013. — № 4. — С. 5.