Ці варта шукаць бібліятэку Івана Грознага?

Пошукі легендарнай бібліятэкі Івана Грознага вядуцца з XVI стагоддзя. Ідуць архіўныя росшукі, раскопкі падзямелляў Масквы, створаны нават фонд пошукаў бібліятэкі. Але шматлікія куфры з кнігамі старажытных аўтараў усё не трапляюцца. Чаму?

Іван Грозны

Прапаную чытачам артыкул Паліны Бабінай, прысвечаны гэтай праблеме. Ён апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва». Друкуецца са згоды аўтара.

Сведчыць Максім Грэк
Пра наяўнасць багатага шматмоўнага кнігазбору ў расійскіх цароў сведчаць дзве крыніцы канца XVI стагоддзя. Гэта ананімнае “Сказанне пра Максіма Філосафа” на царкоўнаславянскай мове і “Лівонскі летапіс”, напісаны ў Рызе па-нямецку. Аднак ці варта так давяраць гэтым крыніцам?

“Сказанне пра Максіма Філосафа” было напісана ў канцы XVI ст. Максім быў манахам Ватапедскага манастыра на гары Афон. У 1515 годзе настаяцель па просьбе вялікага князя Васіля ІІІ адправіў яго ў Маскву. Ад Максіма Грэка (такі дадатак да імя атрымаў манах) патрабавалася дапамагчы ў перакладзе кніг з грэчаскай на царкоўнаславянскую мову. Хутка Максім трапіў у няміласць, бо пачаў крытыкаваць жыццё Масковіі. Ён выступаў супраць накаплення земляў манастырамі, прыгону ды супраць намеру Васіля ІІІ развесціся з жонкай. Манаха звінавацілі ў ерасі, шпіёнстве на карысць туркаў, псаванні богаслужбовых кніг і кінулі ў турму…

Памёр Максім Грэк у 1556 годзе ў Троіца-Сергіевым манастыры пад Масквой. А “Сказанне” – жыційны твор – было напісана праз паўстагоддзя пасля яго смерці. Там ёсць згадка пра царскую бібліятэку: нібыта Васіль ІІІ захацеў разабрацца з кнігамі, якія прывезла з Візантыі яго маці, Соф’я Палеалог. Ён завёў манаха ў кнігасховішча і паказаў “незлічонае мноства грэчаскіх кніг”. Парадокс у тым, што Максім Грэк, які пакінуў па сабе шмат твораў, ні ў адным з іх не згадвае бібліятэку маскоўскіх уладароў.

Іван Грозны. Рэканструкцыя, зробленая М. Герасімавым у 1963 годзе

Другое сведчанне пра антычную бібліятэку сустракаецца ў “Лівонскай хроніцы” рыжскага бурмістра Ніенштэта. Там прыводзіцца аповед пра пастара Іагана Вітэрмана, які трапіў у палон да маскоўцаў падчас Лівонскай вайны. Калі палоннага прывялі ў Маскву, Іван Грозны паказаў яму сваю бібліятэку. Цар казаў, што сто гадоў ніхто не бачыў кнігазбору, але з павагі да вучонасці пратэстанцкага пастара ён пакажа Вітэрману тыя кнігі. У бібліятэцы, кажа хроніка, былі кнігі на старажытнагрэчаскай, латыні, стараяўрэйскай мовах. Цар прапанаваў пастару скласці іх апісанне. Але Вітэрман, успомніўшы лёс Максіма Грэка, спужаўся, што на ўсё жыццё застанецца ў Маскве…

Як і “Сказанне…”, “Лівонская хроніка” – ненадзейная крыніца. Бо сам Вітэрман у сваіх творах не пакінуў звестак пра сустрэчу з Іванам Грозным. Дый ці была яна магчымай? Пратэстантаў у тагачаснай Маскоўскай дзяржаве называлі “ерэтыкамі”, “дзецьмі д’ябла”. Ці мог маскоўскі цар прапанаваць лютэраніну парадкаваць сваё найвялікшае багацце?

Легенды часоў Адраджэння
Болей бібліятэку не ўспамінае ніводзін аўтар тае эпохі – нават сам Іван Грозны. Ведаць пра яе існаванне мусілі б мітрапаліты і патрыярхі, але ў XVII стагоддзі патрыярх Нікан з ведама цара Аляксея Міхайлавіча пасылае чалавека ў Грэцыю, па творы старажытных аўтараў. Нашто, здавалася б, калі прасцей спусціцца ў падзямеллі ды ўзяць неабходнае?

Пра бібліятэку не ведаюць і ў суседнім Вялікім Княстве Літоўскім. Так, друкары Астрожскай Бібліі 1581 года шукаюць па ўсёй Еўропе у якасці ўзору грэчаскую Біблію, але ім нават на думку не спадае звярнуцца да маскавітаў.

Іван Грозны. З заходніх крыніц

Яшчэ адна заўвага: і “Сказанне пра Максіма Філосафа”, і “Лівонская хроніка” былі створаныя як мінімум праз сто гадоў пасля з’яўлення міфічнай бібліятэкі ў Масковіі (Соф’я Палеалог прыехала туды ў 1472-м). І ніякія крыніцы XV стагоддзя не згадваюць ні пра бібліятэку, ні пра яе перавоз па Еўропе. А візантыйская прынцэса Соф’я пасля нападу туркаў на Канстантынопаль жыла пры двары Папы ў Рыме, а потым пераязджала з аднаго еўрапейскага двара ў іншы. Нават калі пэўны кнігазбор пры ёй быў, наўрад ці магчыма было захаваць яго ў такіх умовах.

Як піша гісторык кнігі А. Гарфункель, верагодна, легенда пра багатую на антычныя кнігі бібліятэку маскоўскіх князёў узнікла ў Заходняй Еўропе ў пачатку XVI стагоддзя. У эпоху Адраджэння гуманісты звярнуліся да антычных аўтараў, іх творы пачалі шукаць і перавыдаваць. Што маглі, даставалі ў занятай туркамі Візантыі. Але адчуваліся яшчэ значныя прагалы ў ведах пра антычнасць. І тады на Захадзе стала пашырацца думка, што запоўніць прагалы могуць кнігі, якія ёсць у Маскоўскай дзяржаве – як у спадкаемцы візантыйскай культуры і ўсходнехрысціянскага, грэчаскага, абраду.

Упэўненасць у гэтым прыводзіла да казусаў. У 1600 годзе Рэч Паспалітая накіравала ў Маскву пасольства, у складзе якога быў Леў Сапега, а таксама пасланец Ватыкана Пётр Аркудый. Апошні вельмі зацікавіўся пахвальбой маскоўцаў, маўляў, у патрыярха ёсць шмат старых грэчаскіх кніг, ды папрасіў паказаць. Але яго чакала расчараванне: гэта аказаліся славянскія псалтыры, евангеллі, чэцці мінеі…


Іван Грозны. З заходніх крыніц

Заходнееўрапеец і маскоўцы проста не паразумеліся: адзін пад “грэчаскімі кнігамі” меў на ўвазе антычныя рукапісы грэчаскага паходжання, другія – праваслаўныя богаслужбовыя кнігі.

Бібліятэка – нацыянальны міф
Паступова легенда пра царскую бібліятэку стала часткай нацыянальнага міфа і ў самой Расійскай дзяржаве. Падмацавалі яго нямецкія даследчыкі ХІХ стагоддзя. Так, прафесар правазнаўства Дзерпцкага ўніверсітэта Вальтэр Фрыдрых Клосіус, які цікавіўся антычнасцю, у 1827 годзе натрапіў на артыкул, за пяць гадоў да гэтага надрукаваны ў “Працах дзерпцкага ўніверсітэта”. Аўтар, прафесар Хрыстафор фон Дабелаў, у сваёй нататцы казаў пра некалькі старажытных лацінскіх кніг, што належалі да бібліятэкі Івана Грознага. Дабелаў казаў, што вывучаючы матэрыялы па ліфляндскім праве з Пярнускага архіва, натрапіў на дзве пажоўклыя паперыны са спісам кніг бібліятэкі Івана Грознага. Са спісу Дабелаў нібыта выпісаў частку ды пераслаў паперу назад у архіў. Аднак расшукаць арыгінал там не ўдалося. Спіс утрымліваў многіх невядомых навуцы антычных аўтараў (Замалей, Геліятроп), а таксама творы, зусім не вядомыя навуцы (8 кніг “Historiarum” Цыцэрона). Большасць сучасных даследчыкаў схіляюцца да думкі, што спіс Дабелава – гістарычная містыфікацыя, характэрная з’ява для першай паловы ХІХ стагоддзя.

Яшчэ адзін нямецкі філолаг Эдуард Трэмер у 1890-м дапусціў, што бібліятэка можа быць схаваная ад людскіх вачэй недзе ў крамлёўскіх падзямеллях. У гэты час пры разборы архіва Сената была знойдзеная запіска 1724 года. У ёй панамар Конан Восіпаў прасіў дазволу пашукаць у падзямеллях тайнік, пра які яму перад смерцю распавёў дзяк Васіль Макар’еў. Той спускаўся ў лёхі і бачыў падземны пакой, застаўлены каванымі куфрамі. Восіпаў дазвол атрымаў, але раскопкі яго былі няўдалыя. На аснове гэтага дакумента гісторык, знаток Масквы І. Забелін выказаў здагадку, што менавіта ў гэтых куфрах і захоўвалася бібліятэка Грознага. Адразу пачаліся раскопкі. Многае было знойдзена, але толькі не царскія кнігі.


Парсуна Івана Грознага са збораў Нацыянальнага музея Даніі (Капенгаген). Канец ХVІ – пачатак ХVІІ ст.

У 1898 годзе выйшла грунтоўнае даследаванне знаўцы маскоўскіх архіваў С. Белакурава. Ён жостка раскрытыкаваў міф пра бібліятэку ў падзямеллях. На гэтым гісторыкі паставілі кропку.

Але аматары працягвалі пошукі. Адным з такіх зацятых быў археолаг і спелеолаг Ігнаці Сцялецкі. Усё сваё жыццё – і пры Мікалаю ІІ, і пры Сталіне – аж да самай сваёй смерці ў 1949-м ён імкнуўся даследаваць падзямеллі. Цікава, што менавіта ў часы СССР міфічная “бібліятэка маскоўскіх князёў” ці “бібліятэка Васіля Іванавіча і Івана Васільевіча”, як яе таксама называлі, стала звацца “бібліятэкай Івана Грознага”. Вобраз Грознага раскручваўся ў СССР, яго паказвалі сярэднявечным аналагам Сталіна. Калі б Сцялецкі ў 1930-я шукаў “бібліятэку цароў”, яго не зразумелі б. Аднак ён прасіў у Сталіна дазволу на раскопкі “бібліятэкі Івана Грознага” – і атрымаў. Хоць раскопкі былі безвыніковыя.

Большасць сучасных даследчыкаў не ўспрымаюць усур’ёз думку аб бібліятэцы Соф’і Палеалог, якую тая нібыта правезла праз усю Еўропу, каб схаваць у Маскве. Аднак нельга адмаўляць, што ў Івана Грознага, адукаванага чалавека, быў усё ж уласны кнігазбор. І яго рэканструкцыя можа многае сказаць пра ўласніка, паказаць расійскага цара ў якасці чытача XVI стагоддзя, выявіць чытацкія густы ды схільнасці той эпохі.

Сапраўдны кнігазбор Грознага
Рэканструкцыяй сапраўднай бібліятэкі цара займаўся пецярбургскі гісторык і архівіст М. Зарубін. Даследчык памёр ад голаду ў блакадным Ленінградзе ў 1942 годзе, і наступныя 40 гадоў яго праца захоўвалася ў рукапісе. Толькі ў 1982-м яна выйшла кнігай.

М. Зарубін з усіх магчымых крыніцаў выпісваў звесткі пра кнігі, якімі карыстаўся маскоўскі цар. Атрымаўся спіс са 154 назваў. Пазнейшыя даследчыкі дадалі ў спіс чамусьці адсутныя там сачыненні самога цара, творы, якія ўзгадваліся ў перапісцы Грознага.

Да хатняй бібліятэкі цар і яго падданыя маглі звяртацца пры падрыхтоўцы да рэлігійных дыспутаў, пры пошуках патрэбнай цытаты для “ответных речей” або для складання ці рэдагавання летапісаў. Можна бачыць, што аснову гэтай “дваровай” бібліятэкі складалі пераважна не старажытныя, а новыя рукапісныя і друкаваныя кнігі.

У складзе бібліятэкі былі традыцыйныя рэлігійныя кнігі – Бібліі, Апосталы, Евангеллі, Псалтыры, чэцці мінеі, а таксама – зельнікі, траўнікі, лацінскія, англійскія, польскія, грэчаскія ды сербскія кнігі, адбітая ў казанскіх паслоў кніга арабскага натураліста “Цуды прыроды”, “Пра іўдзейскую вайну” Іосіфа Флавія, трыодзі, татарскія кнігі, летапісы.

Былі кнігі і з Рэчы Паспалітай. Так, расійскія друкаваныя выданні да канца праўлення Грознага сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму замежным гасцям цар дарыў Астрожскую Біблію 1581 года, надрукаваную Іванам Фёдаравым за грошы магната Канстанціна Астрожскага на Валыні, у горадзе Астрог (цяпер раённы цэнтр Ровенскай вобласці, Украіна).

Па смерці цара бібліятэка засталася ў дзяржаўным скарбе. Частка яе пацярпела ў шматлікіх маскоўскіх пажарах, страцілася ў часе войнаў. Частка дайшла да нашых дзён, расцярушаная па розных кніжных зборах.

Менавіта гэтую – сапраўдную бібліятэку маскоўскіх князёў, пашыраную ў часы Івана IV, можна лічыць “бібліятэкай Грознага”. А легендарны антычны кнігазбор Соф’і Палеалог на 70 вазах варта аднесці да гістарычных міфаў і навуковых памылак.

Бабіна П. Кнігазборы Івана Грознага – міфічны і рэальны// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 28 снежня. — № 52. — С. 23.