Караткевіч і С.М.: гісторыя кахання

Асоба дзяўчыны з ініцыяламі С. М., якую кахаў Уладзімір Караткевіч падчас навучання ў Кіеўскім універсітэце, стала цэнтральнай у маіх даследаваннях, у тым ліку на старонках маёй кнігі «Донжуанскі спіс Караткевіча». Сітуацыю змяніў выхад першага тома новага збору твораў пісьменніка, падрыхтаваны руплівым даследчыкам Анатолем Вераб’ём. Дзякуючы яму чытач змог пазнаёміцца з больш чым паўсотняй раней невядомых тэкстаў класіка беларускай літаратуры. Яны дазволілі раскрыць некаторыя «белыя плямы» у біяграфіі дзяўчыны і больш поўна распавесці гісторыю яе ўзаемаадносін з Караткевічам. Прапанаваны чытачам артыкул фактычна з’яўляецца ў нечым працягам, а ў нечым новай рэдакцыяй адпаведнага раздзела кнігі.

Уладзімір Караткевіч

Знаёмства
Калі адбылося знаёмства Караткевіча з С. М.? На гэта пытанне нам дапаможа адказаць яго творчасць. У маленькай паэме «Ліста нямае» сцвярджаецца: «Пачалося раней, нават з першага курса, // Калі квецень майскія ранялі плады». Заўважу, што Уладзімір паступіў у ВНУ у 1949 годзе. Адпаведна, гаворка ідзе пра май 1950 года.

Як выглядала дзяўчына? Паводле паэмы, яна была брунеткай («у бліскучых чорных яе валасах»). У аповесці «У снягах драмае вясна» Алёнка, чыім прататыпам стала С. М., выглядае наступным чынам: з «пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй; з «агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага». Тое, што С. М. была «сінявокай», узгадваецца ў вершы «Недасланы ліст».

Пэўны час Караткевіч і С. М. былі толькі сябрамі.

Я і думаць не мог назваць яе другам,
Толькі песняй таемнай часам звінеў,
Але я зрабіў ёй аднойчы паслугу,
І яна палічыла другам мяне
.
(«Ліста нямае»)

«Она была моим хорошим другом», — сцвярджаў Караткевіч у лісце да свайго сябра Юрыя Гальперына (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. л. 4). Дзякуючы гэтаму, ён атрымаў магчымасць бываць у яе ў гасцях.

Хутчэй за ўсё, С. М. была нейкім чынам звязана з музыкай. На карысць гэтага сведчыць некалькі аргументаў. У «Снягах драмае вясна» Алёнка сур’ёзна займалася музыкай у кансерваторыі. Музычныя вобразы і асацыяцыі настойліва паўтараюцца ў вершах Караткевіча. Напрыклад, у «Зімняй элегіі»:

Але затое так яскрава бачу:
Пакой, Чайкоўскі хмуры на сцяне,
Раяль пра нешта дарагое плача
І прывіды каштанаў у акне
.

У той час дзяўчына і хлопец часта сустракаліся. Іх адносіны працягвалі заставацца сяброўскімі («о моем отношении к ней она не знала, в лучшем случае могла догадываться», — пісаў Караткевіч Гальперыну (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 8 адв.). На падарожжы і вандроўкі, як разам з сябрамі, так і ўдваіх, звяртаецца ўвага ў аповесці «У снягах драмае вясна». Зразумела, неабходна ўлічваць, што пэўныя эпізоды маглі стаць вынікам мастацкай фантазіі аўтара. У любым выпадку, адсылаю цікаўных чытачоў да твора.

Разрыў
Праілюструем сітуацыю, якая прывяла да разрыву ва ўзаемаадносінах, праз лісты Караткевіча да Ю. Гальперына. Паводле іх, прычын было некалькі. Па-першае, адмоўнае стаўленне да будучага пісьменніка маці дзяўчыны. «Мать у нее строгая была, хотела для единственной дочери самого лучшего, будь я аспирантом — и разговору бы не было бы». (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. л. 4).

У творы «Горкія напевы», што датуецца 1955-1956 гадамі, Караткевіч намаляваў карціну вельмі правільнай і нават мяшчанскай сям’і:

Ты жыла ў такім прыстойным доме,
Што ад «тону» млосна ўсім было.
Канарэйкі вывяліся з моды,
Але ўсё адно ў такіх дамах
«Стыль» пануе ўладна над «прыродай»,
А жывое выклікае жах.
Праўда ёсць і новых густаў слова:
Як бажок, як палкая любоў,
Над раялем хмурыцца Бетховен (…).
Граюць «Лунную» з адметным смакам,
Граюць так, што я, каб быў сабакам,
Пысу ўзвёў да люстры і завыў. (…).
Шкляначкі, імбрычкі — не адбіцца.
І варэннем сталі б частаваць.
Радзілі б з начальствам не сварыцца,
Не кахаць, не біцца, не палаць. (…).
Жывяце як крот які падземны,
Працы ўнікаеце і мар.
І сучаснасць вам не гул паэмы,
А сухі і нудны цыркуляр.

Другой прычынай, якая вынікала з першай, стала тая акалічнасць, што Караткевіч сапсаваў свае адносіны з начальствам і не меў вялікіх кар’ерных перспектываў. «А я обострил со всеми отношения, высек стихами многих начальников из университета. Я не жалею, но не стоили они такой моей жертвы». (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. л. 4). У паэме «Ліста нямае» Караткевіч прызнаваўся: «Юрысты, я вас не любіў ніколі, (…). // Яна памятае, як вершам вольным // Я жартам іх абсмяяў калісь». Далей ў паэме прыводзіцца сам жарт (магчыма, ён сапраўды меў месца). Напрыклад, у ім сустракаюцца наступныя радкі:

А ён табе: «дык па сто другой
Вас, значыцца, і запрыходуем».
І пойдзеш ты на турэмныя сходы,
Быццам ты не Валодзя зусім, а злодзей
.

Не цяжка ўявіць, якую рэакцыю маглі выклікаць такія радкі ў правільнай савецкай сям’і, ды яшчэ ў сталінскія часы.

Па-трэцяе, паміж Уладзімірам і С. М. адбылася сварка. У паэме «Ліста нямае» яна апісана наступным чынам:

Сябра быў у мяне, прыгожы, вясёлы, (…),
Трохі з’ездлівы, праўда, — французскай школы, (…)
У яго між зубоў варушылася джала,
Што зрабіла б гонар і сатане:
Быў паклёп, як хуткі ўдар кінжала,
Быў паклёп як атрута ў добрым віне.
Я даведаўся, быццам «э-э… нейкая пара…»,
Быццам «э-э» насіць табе ў сэрцы рубец».
О каханая, нельга сказаць і зараз,
Што за бруд яны шпурнулі ў цябе:
Мы б, вядома, і самі ва ўсім разабраліся,
Але гэтыя людзі з ходу ў галоп
І пра мяне бессаромна сказалі,
Быццам я навёў на цябе паклёп,
А пасля сказалі, што друг мой любы
Атрымаў на гэтым нейкі барыш.
І адзін аднаму мы набілі зубы,
І на нашай дружбе паставілі крыж.
А каханай, шчасцю майму і гору,
Ў сэрцы раптам адчуўшы жорсткасці лёд,
Я сказаў такое, што нават сорам,
І прыпомніць гэта праз некалькі год.

У лісце да Гальперына Караткевіч пісаў: «А тут ещё помог друг и догадался пустить между нами черную кошку. И была обидчивость, и была космическая, невероятная, страшная глупость. Почему не остался, почему не убедил, почему? Ждал все, вот явлюсь и брошу книгу» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. л. 4 адв.). А вось інфармацыя ў другім лісце: «Это была короткая история: кончилась тем, что нам насплетничали один на одного, было много неприятного, трагического. Ей было тем легче отвернуться от меня, что о моем отношении к ней она не знала, в лучшем случае могла догадываться» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 8 адв.).

У вершы «Юнацтва маё», што быў змешчаны ў кнізе «Быў. Ёсць. Буду», Караткевіч пісаў:

І развёў нас не леў і не востры кінжал,
Не вакзалаў далёкіх агні,
А гады пакут і няшчырых пахвал,
Даносаў і брыдкай хлусні.
І ведаў паклёп, як сэрца крануць,
І нас аддзяліў сцяной,
І паверыла ты, і змяніла вясну
На шаўкі, што знасіла даўно.

У аповесці «У снягах драмае вясна» супраць Уладзіслава Берасневіча (чыім прататыпам з’яўляецца Уладзімір Караткевіч) наладжваецца паказальны працэс з традыцыйнымі для таго часу абвінавачваннямі (дзеянне адбываецца ў 1952 годзе). У апавяданні «Ідылія ў духу Вато», дзеянне якога адбываецца ў 1951 годзе, гераіня праз гады прызнаецца герою: «Я даведалася, што яны ўзвялі на цябе паклёп, што гэта яны выжылі цябе з універсітэта. (…). Гэта была вялізная подласць: наклеіць на цябе, такога добрага да людзей, той паршывы ярлык. Але ж ты памятаеш, які быў час? І я адхіснулася ад цябе, паверыла».

У даследчыкаў пакуль адсутнічае інфармацыя пра такія падзеі. Не сустракаюцца яны і ў нешматлікіх успамінах кіеўскіх сяброў і знаёмых Караткевіча. Неабходна ўлічваць, што Уладзімір паспяхова закончыў універсітэт у 1954-м. Магчыма, менавіта ў 1952-м адбылася сварка. На карысць такой версіі сведчыць радок з маленькай паэмы «Ліста нямае»: «Пяць вялізных гадоў над зямлёю сплыло». Калі ўлічваць, што паэма была скончана ў 1957 годзе, разрыў мог сапраўды адбыцца ў 1952-м. Акрамя таго, якраз у 1952-м дзеянне аповесці «У снягах драмае вясна», у якой пачынаецца «ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года». Магчыма, Караткевіч вырашыў узмацніць канфлікт і дадаць да яго грамадзянскія праблемы. Зрэшты, гэтае пытанне яшчэ патрабуе свайго вырашэння.

Пасля ўніверсітэта
А ў 1954-м Караткевіч закончыў Кіеўскі ўніверсітэт і з’ехаў працаваць настаўнікам у вёску Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. А. Верабей адносіць да гэтэга года рускамоўны верш «Я молчу. Давным-давно забыл я…». У творы ёсць наступныя радкі:

Вон он поезд, в дымке исчезает…
От души твоей меня увёз. (…).
Расставанье будет не весёлым
Встреча вряд ли будет веселей…
Впереди ж пока родные сёла
И печаль великая полей.

Апошняя цытата хутчэй за ўсё сведчыць пра наведванне Уладзімірам Оршы пасля заканчэння вуза і перад ад’ездам у вёску. Увесь гэты час Караткевіч думае пра С. М. і піша дзеля яе. Верш «Матчына душа», які даў назву першай кнізе паэта, відаць, пачаў пісацца летамі 1954 года. Бо менавіта гэтым часам датуецца аўтограф на рускай мове «Ты теперь у теплого моря» с прысвячэннем «С. М.-к.» (датаваны 18 ліпеня 1954 года). Вядомы і больш позні беларускамоўны аўтограф пад назвай «Прадмова да песні» і з пазнакай «Прысвячаю С. М.», які А. Верабей датуе канцом верасня — снежнем 1955 года. Малады пісьменнік спадзяваўся скарыць сэрца дзяўчыны сваёй першай кнігай: «Почему не остался, почему не убедил, почему? Ждал всё, вот явлюсь и брошу книгу» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. л. 4 адв.).

Разважаючы пра гісторыі свайго кахання, Караткевіч пісаў 7 студзеня 1955 у лісце да Гальперына: «э да ладно, чего толковать» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Оп. 2. Д. 11. Л. 6 об.). Такая ацэнка прынцыповая, бо ў іншых лістах будучы пісьменнік быў шчыры з сябрам і дзяліўся з ім сваімі сардэчнымі справамі. Таму, хутчэй за ўсё, у той час Уладзімір яшчэ не меў ніякай пэўнай інфармацыі пра С. М.

У любым выпадку, паміж хлопцам і дзяўчынай каменным мурам стаялі былыя сваркі. У вершы «Иней» Караткевіч пісаў:

Я вдогонку песню посылаю,
Может, хоть она догонит нас.
Может, догоняя, поцелует
Губ тепло, ресницы, холод век,
Всю тебя, извечно дорогую,
Но потерянную мной на век.

Здавалася, усё скончана.

Новая сустрэча
Нечакана ва Уладзіміра і С. М. з’явіўся шанец усё пачаць спачатку. У паэме «Ліста нямае» Караткевіча пісаў:

Праляцелі гады, ад яе нечакана
Прыляцела пісьмо праз асенні туман,
І я адказаў, і заззяла світанне,
І чакаю,
Тры тыдні чакаю пісьма.

У вершы «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом», змешчаным ў зборніку «Матчына душа», лірычны герой радасна паведамляе слану, сімвалу кіеўскага жыцця, што «мне яна напісала ліст // У сэрцы зноўку парасткі даўніх надзей».

Зборнік быў выдадзены ў 1958 годзе. Відавочна, што ліст быў атрыманы за год ці два да таго. Чым не сувязь з узгаданымі падзеямі? Можа, яны і сталі эмацыйным штуршком для напісання апошніх, аптымістычных раздзелаў аповесці «У снягах драмае вясна»? Твор быў завершаны якраз у той час, у ноч на 28 мая 1957 года. Нагадаю, што, паводле сюжэта, галоўныя героі твора, Берасневіч і Алёнка, сустракаюцца праз гады. Яны разумеюць, што іх каханне не згасла, і дамаўляюцца сустрэцца зноў, каб, магчыма, не развітвацца ўжо ніколі.

Што адбывалася ў рэчаіснасці? У лісце, напісаным Ю. Гальперыну ў пачатку 1957 года (падрабязней пра дату гл. ніжэй), Караткевіча пісаў: «Недавно мы снова начали переписываться. Потом, при встрече я убедился, что она меня любит» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 8, 8 адв). Магчыма, узнаўленне перапіскі адбылося восенню, у верасні або ў кастрычніку 1956 года. Бо 10 лістападам 1956 года датаваны верш «Ліст дзяўчыны». Гаворка ідзе ад жаночага імя:

Восень.
Пустыя дачы. (…).
Я вінаватая, знаю.
Я выпраўлю ўсё сама.
Усе паехалі. Я чакаю,
А цябе ўсё няма і няма.
Як мне цяжка дадому вяртацца
Й кожны дзень на грошы краіць.
Ты мне праўду казаў, прызнацца,
Я чужая стала ў сям’і. (…).
Іншы,
Не той, што ўлетку,
Чакае цябе адказ.
Я веру,
На мокрых палетках
Шчасце чакае нас. (…).
Толькі не кінь мяне,
Любы,
Толькі ты берагі!

Працягнем цытаванне ліста да Гальперына: «Потом, при встрече я убедился, что она меня любит. А я, как дурень какой-то, не мог разобраться в своих чувствах к ней. То временами оживало на душе старое, потом вдруг приходило охлаждение, смешанное с чувством старой обиды. И это при самом теплом, самом дружеском отношении к ней как к человеку. К тому же примешивалось сознание, что я с низов лестницы, а она с верхов, что мне еще пробиваться и пробиваться к тому моменту, когда я смогу спокойно писать, не заниматься другой работой». (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 8,8 адв.).

І, нарэшце, самая прынцыповая цытата з ліста: «Была и ещё одна причина, вследствие которой я молчал: ужасно угнетенное состояние. Ты знаешь, гораздо легче получить отставку от девушки, чем дать её самому. Получить отставку в сравнении со вторым прямо радость, особенно для поэта. Из этого терзания душевного рождаются лучшие вещи. А вот когда наоборот получается, это до такой степени гадко, что страх один». І ніжэй: «Какое я имею моральное право сказать ей «да», если сам еще не знаю, «да» или «нет» и, скорее всего, «нет»? Скверно, брат, и гадко на душе, очень гадко, тем более что чувствую, могу испортить ей жизнь» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 8, 8 адв.).

Дакладнай даты, калі быў напісаны ліст, няма. На першы погляд, на ім пазначаны час: «люты 1957 года». Акрамя таго, у фондзе ён размешчаны пасля лістоў ад 5 і 23 лютага. Але, на маю думку, пры датаванні кімсьці была зроблена памылка. Магчыма, дату няправільна паставіў Ю. Гальперын ці яго сваякі. У выніку лісты трапілі ў БелДАМЛМ у такой паслядоўнасці.

Чаму я выказваю такую версію? Як сцвярджалася вышэй, ліставанне паміж С. М. і Караткевічам аднавілася восенню (у кастрычніку ці ў лістападзе) 1956 года. У лісце да Гальперына сцвярджаецца: «Недавно мы снова начали переписываться». Заўважу, з тых падзей прайшло дастаткова часу. Уладзімір рэгулярна паведамляў сябру пра падзеі з уласнага жыцця. Акрамя таго, ліст адлюстроўвае сітуацыю пачатку 1957 года, калі Караткевіч яшчэ знаходзіўся на раздарожжы. Менавіта таму дакумент можна датаваць студзенем 1957 года. У наступным месяцы адбылася падзея, пасля якой разважанні Уладзіміра сталі бессэнсоўнымі.

Расстанне
Нечакана Караткевіч даведаўся сапраўды шакуючую навіну. 5 лютага 1957 года ён пісаў Гальперыну: «И вот сегодня получаю письмо от ее подруги и там «узаконили свои взаимоотношения С. М. (это она) и Миша» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. л. 4 адв.). Зноў-такі, у папярэднім лісце Караткевіч разважае пра магчымасць адказаць «так» ці «не». Пасля шлюбу гэта ўжо неактуальна.

Наогул, сітуацыя з вяселлем не такая адназначная, як здавалася. У двух празаічных творах сцвярджаецца цалкам адваротнае. У апавяданні «Ідылія ў духу Вато»:
— Ты развялася?
— З кім?
— З Барысам.
— Каб развесціся, трэба спачатку выйсці замуж, — сказала яна
.
А ў аповесці «У снягах драмае вясна» мы прачытаем нешта падобнае:
— Справа ў тым, што ты недачуў… Я не замужам… І, напэўна, ніколі не буду.

Але пра факт шлюбу сцвярджаецца ў вершы «Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць…» (поўную цытату гл. ніжэй), у якім сустракаюцца наступныя радкі:

Але развеяў шчасце, нібы дым,
Лісток, напісаны рукой чужою:
Ты замужам,
ты знікла,
ты з чужым.

Хутчэй за ўсё, шлюб сапраўды меў месца. Што датычыцца празаічных твораў, магчымы два варыянты. Або запэўніванні С. М. у штучнасці ці несапраўднасці шлюбу, або імкненне творцы переканаць самога сябе ў свабодзе дзяўчыны.

Апошнія надзеі, якія маглі быць у пісьменніка, зніклі. «И всё же, я почему-то не верю», — напісаў ён Гальперыну 23 лютага (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 7). Да гэтага ліста быў прыкладзены верш «Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць…», напісаны 13 лютага і прысвечаны С. М.:

«Няўжо былі вы:
Пушча над азёрамі,
Асенні холад, здзірванелы шлях,
Два небы, дзве маленькіх карты зорных,
Што ззялі блізка ў дарагіх вачах.
Але развеяў шчасце, нібы дым,
Лісток, напісаны рукой чужою:
Ты замужам,
ты знікла,
ты з чужым»
.

Сітуацыя атрымалася вельмі двухсэнсоўнай. З аднаго боку, дзяўчына з восені ліставалася з Уладзімірам. Прычым можна меркаваць, што гаворка ішла пра магчымасць будучага шчасця. З другога боку, ліст з інфармацыяй пра вяселле. Цяжка сказаць, хто быў яго ініцыятарам. Хутчэй за ўсё, сама С. М., якой не ставала смеласці на прызнанне. Фраза «ты знікла» магла азначаць, што С. М. і Міша з’ехалі ў іншы горад. Тым больш, дзяўчына і Караткевіч наўрад ці афішыравалі свае адносіны, таму пра іх ліставанне ніхто не ведаў. А адрас Уладзіміра мог быць толькі ў дзяўчыны.

Доўгае рэха…
Што было рабіць Караткевічу? Недвухсэнсоўны адказ гучыць у вершы «Недасланы ліст»:

Што рабіць, як кахаеш замужнюю, —
Не адкажа і Саламон. (…).
Ён, напэўна, харошы хлопец,
Але хай нават дрэнны…
Ён твой.
Бык не ўкрадзе новай Еўропы,
Здохне лепей на лузе з травой.
І нямае ў маім законе
Слоў такіх, каб дазволіць маглі (…)
Заплаціць смяртная абразай
Самай лепшай з зямных кабет.

Узгадкі пра былое каханне пэўны час сустракаліся ў паэзіі Караткевіча. Напрыклад, 26 верасня 1957 года ў вершы «Каханне і камендант» ён элегічна ўзгадвае сваё мінулае:

У студэнты мяне запішыце,
Дайце тэрмін, дакуль дагуляць,
І каханую тую вярніце,
Ад якой не хацелася спаць.
І няхай хоць да самай смерці
Будзе рына мне на дазвол,
Каб вярнулі знову ў сэрца
І каханне старое, і боль.

Праз некалькі дзён, 29 верасня, Караткевіч піша адразу два вершы. Першы з іх, які мае назву «Песня», надзвычай цікавы. Гаворка ў ім, як і ў «Ліст дзяўчыны» вядзецца ад імя украінскай дзяўчыны («на Украіне хлопец чакае»), якая сумуе па беларускаму хлопцу («З ніў беларускіх // Хлопец бялявы»):

Колькі начэй
Вы ў садочку не спалі? Колькі вачэй
На Вас пазіралі?
Што гаварылі
Суседкі на вуха,
Што маці сварылася — хто яе слухаў?

Аднак мяркую, што Караткевіч хутчэй за ўсё напісаў верш для таго, каб пераканаць сябе:

Скажыце хлопцу
У далёкім краі,
Што я вінавата,
Што я чакаю».

Бо ў другім вершы ўсё, на жаль, зноў устае на свае месцы:

Я кахаю цябе, кахаю,
Як у тыя далёкія дні,
Калі ночы светлага мая
На зямлю насылалі сны.
Я кахаю цябе, кахаю,
Як у той развітальны час,
Калі дрэвы даждлівага мая
Злівай слёз праводзілі нас.

Мажліва, апошнія радкі ўказваюць на час апошняй сустрэчы паміж Караткевічам і С. М.

Магчыма, пра гэту гісторыю расказваецца ў вершы «Ураган», які, на думку А. Вераб’я, датуецца 1959 годам:

Хто нас з табой развёў з табой, мая каханка.
Прымусіў нашу песню адзвінець?. (…).
О, як тады мы горка пашкадуем,
Што горда йшлі на спрэчак злы падман,
Што воклічаў не чулі ў поўнач тую,
Як катаваў яліны ўраган.

У красавіку 1959 года быў надрукаваны верш Караткевіча «Было юнацтва», які, на маю думку, прысвечаны С. М.:

Я зноўку засумую
Па дарагой дзяўчыне,
Халоднай як лілея,
Што дрэмле на вадзе.
Блакітная і белая,
Жамчужная, ружовая,
Ўсю цеплыню хавае
У самай глыбіні.
Пакут маіх не бачыць,
Майго не чуе слова,
Каханне зневажае
І пра каханне сніць.
(…)
Далёкая, маўклівая,
Халодная і чыстая —
Зусім яна не думае
Што мне балюча жыць.

Нарэшце, апошнія спробы аднавіць былыя ўзаемаадносіны маглі адбыцца ў 1962 годзе. У маі гэтага года Караткевіч напісаў верш «Мёртвае рэчышча»:

Мне сказалі: мяне ты шукаеш,
Зноў шукаеш — пасля ўсяго, —
Плынь рачная, калісьці жывая,
Што пазбылася ложа свайго.
Усё дарэмна: пратокі-песні
Абмялелі пад рэзкай травой.
Я не Лазар, я не ўваскрэсну,
Нават голас пачуўшы твой.
Ні твой заклік, калісьці любы,
Ні пяшчотны дотык рукі,
Ні ад смагі пасохлыя губы
Не абудзяць вялікай ракі.

Як жа ацэньваў ролю С. М. у сваім лёсе сам пісьменнік? 23 лютага 1957 года Уладзімір пісаў Ю. Гальперыну: «Я всё же благословляю эту вздорную и, возможно, чужую мне по взглядам девочку. Что в нас было двоих такое, что редко светит друг другу в мужчине и женщине. Ну ты сам понимаешь, мог бы я на Марсе, она в ХIII веке. Нет, встретились; оказывается, встретиться это ещё не все» (БелДАМЛМ. Ф. 56. Воп. 2. Спр. 13. Л. 7).

Караткевіч усё жыццё памятаў С. М., думаў пра яе і звяртаўся да яе асобы ў сваёй творчасці. На старонках «Донжуанскага спісу…» вялася падрабязная гаворка пра канкрэтныя ўплывы дзяўчыны на тыя ці іншыя вобразы ў яго творчасці. Таму адсылаю цікаўнага чытача да сваёй кнігі.

Дазволю сабе толькі адно дапаўненне. Бадай, усе жанчыны, якімі захапляўся Уладзімір Сямёнавіч, па-свойму паўплывалі на яго лёс. Але менавіта С. М. і Ніна Молева найбольш змянілі пісьменніка. У выніку іх уплыву стаў іншым чалавекам. Інакш кажучы, без іх Караткевіч ніколі б не стаў Караткевічам.

Караткевіч і С.М.: гісторыя кахання// Полымя. — 2012. — № 12. — С. 143-151.