P.S. Калядны оперны форум

Адной з галоўных музычных падзей мінулага года ў Беларусі стаў трэці Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, арганізаваны Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь.


Колькі слоў замест уверцюры
Ужо на першым форуме, што прайшоў у снежні 2010 года, арганізатары заклалі канцэпцыю, якой імкнуцца прытрымлівацца і надалей. Мінскі оперны фестываль складаецца з некалькіх блокаў. “Замежнага”, у межах якога калектывы з іншых краін прэзентуюць уласныя пастаноўкі. “Айчыннага”, калі апошнія прэм’еры нашага тэатра оперы і балета паказваюцца з удзелам запрошаных салістаў. Трэцяя частка – заключны гала-канцэрт. Сёлета дадалася і чацвёртая: Міжнародны конкурс спевакоў, выканаўцаў італьянскай оперы “Competizionedell’Opera”. У цэнтры нашай увагі – замежныя і айчынныя пастаноўкі форуму.

Любіш сваё? Зразумей і чужое!
Пастаноўкі у межах “замежнага” блока заўсёды з’яўляюцца “разынкамі” форуму. У 2010-м мінчане ўбачылі “Травіяту” Дж. Вердзі ў пастаноўцы Латвійскай нацыянальнай оперы і “Севільскі цырульнік” Расіні, версію маскоўскай “Новай оперы” імя Я. Колабава. У 2011-м – “Травіяту” маскоўскага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі.

Усе замежныя спектаклі, паказаныя на форуме, займелі высокую ацэнку і крытыкі, і гледчоў. Падстаў для яе некалькі. Перш за ўсё, тэатры оперы і балета з іншых краін дастаткова даўно не прыязджалі ў Мінск (а калі і завітвалі, дык прадстаўлялі харэаграфічныя пастаноўкі: салісты Марыінскага тэатра бралі ўдзел у “зборнай” “Кармэн-сюіце”, Вялікі тэатр Расіі паказаў “Лебядзінае возера” з уласнага рэпертуару). Форум – ці не адзіная магчымасць убачыць замежныя оперныя трупы ў Мінску. Паколькі ў рэспубліцы існуе адзін адпаведны тэатр (оперныя пастаноўкі Музычнага тэатра можна пералічыць на пальцах адной рукі), аматары гэтага віду мастацтва не маюць магчымасці параўноўваць паміж сабой працы розных рэжысёраў і бачыць новыя інтэрпрэтацыі класікі (напрыклад, каб пазнаёміцца з новай версіяй “Мадам Батэрфляй” трэба чакаць, пакуль з рэпертуару сыйдзе папярэдняя).

“Зігфрыд” – оперны арт-хаус?
Сёлета на форуме ў выкананні Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета быў паказаны “Зігфрыд” Р.Вагнера – другая частка тэтралогіі “Кола нібелунга” (рэжысёр Пламен Карталаў). Асоба кампазітара – культавая ў свеце музыкі. Калі не лічыць двух балетных версій “Трыстана і Ізольды”, у Мінску дагэтуль ставілі толькі яго “Лаэнгрын” (у далёкім 1977-м). Паказ “Зігфрыда” дазволіў патлумачыць як прычыну ранейшай няўвагі, так і спрагназаваць далейшае стаўленне публікі да Вагнера.


Сцэна са спектакля “Зігфрыд”

У свой час “Кола нібелунга” стала маніфестам кампазітара, у якім ён выклаў свае мастацкія прынцыпы. Перш за ўсё, гэта зварот да легендарных сюжэтаў. На савецкай і постсавецкай прасторы даўно ўсталявалася іншая рэпертуарная мадэль, якая прадугледжвае акцэнт на творах італьянскіх (Дж.Расіні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні) або французскіх (Ж.Бізэ, Ш.Гуно) кампазітараў.

Гледачы прызвычаіліся, што на сцэне паўстае рамантычная або рэалістычная карціна, у якой абавязкова прысутнічае гісторыяй кахання, а не міфалагічныя падзеі і змаганне за сусветную ўладу. Арыі заменены ў Вагнера драматычнымі маналогамі, дуэты – дыялогамі. Але яны патрабуюць надзвычай трывалых галасоў, якія ёсць у далёка не ва ўсіх трупах. У сафійскім спектаклі выканаўцы партый Зігфрыда (Кастадзін Андрэеў), Міме (Красімір Дзінеў) і Вотана (Мікалай Петраў) на працягу пяці гадзін амаль не сыходзяць са сцэны. Трываласці іх галасоў і артыстызму можна толькі падзівіцца! Наогул, выкананне опер Вагнера патрабуе існавання традыцыі як у калектывах, так сярод публікі.

У версіі Сафійскага тэатра “Зігфрыда” паўстае эпічным, але адначасова і досыць сучасным спектаклем. І ў тым выяўляецца актуальнасць Вагнера. Міфалагічны свет перададзены праз сцэнічны мінімалізм, які стварае эфект бязважкасці і прысутнасці герояў у касмічнай прасторы (мастак Мікалай Панаётаў). У аснове сцэнаграфіі “Зігфрыда” – кола. Сімвал сонца, жыцця, вечнасці. І адначасова, уласна кола нібелунга, што сімвалізуе ўладу над светам.

Паказ “Зігфрыд” можна ўспрымаць і як надзвычай актуальнае пашырэнне кругагляду публікі (як не сумна ўсведамляць, жывучы ў сталіцы еўрапейскай дзяржавы), так і рэпетыцыю перад доўгачаканай пастаноўкай Вагнера ў Мінску (у 2013-м у тэатры запланавана прэм’ера ягонай оперы “Лятучы галандзец”). Баюся выглядаць песімістам, але, на маю думку, у нас творы кампазітара яшчэ доўга будуць заставацца оперным арт-хаусам. І на змяненне такога статусу асаблівых шансаў няма.

Любіш чужое? Шануй і сваё!
Другі блок форума – апошнія айчынныя прэм’еры. У 2010-м гледачы бачылі “Набука” Дж.Вердзі і “Кармэн” Ж.Бізэ, у 2011-м – “Аіду” Вердзі, “Севільскі цырульнік” Дж.Расіні і “Снягурку” М. Рымскага-Корсакава.

Паказ такіх пастановак па-свойму лагічны. Ён дазваляе прывабіць операманаў-снобаў, якія спецыяльна прыйдуць паслухаць, каб вырашць спявак айчынны ці замежны лепей выконвае пэўную партыю? Зацікавіць шырокую публіку, якая спакушаецца статусам мерапрыемства (форум – шыкоўны маркетынгавы ход з боку тэатра). Паказаць уласныя пастаноўкі спецыялістам з іншых краін – практыкам (дырэктарам тэатраў, рэжысёрам, дырыжорам), а таксама крытыкам і музыказнаўцам. Магчыма, з часам які-небудзь з паказаных спектакляў зацікавіць гасцей і выправіцца на гастролі.

На мой погляд, менавіта апошні аспект з’яўляецца найбольш цікавым. Сапраўды, якое месца займае айчынная опера ў еўрапейская сістэме каадынат? Якія яе перспектывы існавання ў замежжы? Кожны з трох спектакляў пакінуў свае ўражанні.

Зроблена па-беларуску
Калядны форум адкрыла “Сівая легенда” Д.Смольскага (партыю Рамана гэтым разам выканаў Раман Муравіцкі запрошаны саліст Вялікага тэатра Расіі). Доўгачаканая нацыянальная прэм’ера і другая (пасля “Дзікага палявання караля Стаха”) беларускамоўная пастаноўка ў бягучым рэпертуары, яна заслужана вярнула на акадэмічную сцэну музыку Д.Смольскага – аднаго з патрыярхаў айчыннай музыкі. Эфектнае сцэнічнае вырашэнне шэрагу мізансцэн, актыўнае выкарыстанне камп’ютарнай графікі стварыла ўражвальнае відовішча і не пакінула абыякавымі публіку.


Сцэна са спектакля “Сівая легенда”

Але рэжысёрская работа М.Панджавідзэ пакінула пэўныя пытанні. У аснове спектакля – падзеі асабістыя (каханне нобіля Рамана да халопкі Ірыны) і грамадскія (паўстанне Рамана супраць улады і былога сябра Кізгайлы як яе ўвасаблення). У ідэале яны мусяць быць пераплеценыя. У аповесці У.Караткевіча адмова Кізгайлы і яго жонкі Любкі вызваліць Ірыну становіцца апошняй кропляй, пасля якой заканчваецца цярпенне людзей. Асабістая драма героя становіцца сімвалам змагання і барацьбы за справядлівасць.

Пастановачная група бачыць ключ оперы ў змаганні паміж змрочным “замкам” і светлым “храмам”. Але наколькі такое рашэнне псіхалагічна апраўданае? Сацыяльныя матывы ў оперы апушчаныя. Таму Раман выглядае не героем, а не зусім адэкватным, прамалінейшым чалавекам, які замест банальнага выкрадання Ірыны без падстаў распачынае ледзь не грамадзянскую вайну, зваду і руйнуе ўласны край. Таму яго пафасная арыя ў пачатку 2-й дзеі, дзе герой шкадуе пра звады паміж сябрамі, прымушае толькі ўсміхнуцца: а хто пачаў першы? Дарэчы, галоўны герой оперы так і не пакаяўся за свае ўчынкі. Дк ці варта параўноўваць пачуцці Рамана і Ірыны з узаемаадносінамі святых Пятра і Февроніі, шлюб якіх для хрысціян лічыцца ідэалам?

Дастаткова спрэчнымі падаліся і празмерна натуралістычныя сцэны. Напрыклад, у фінале спектакля Ірыне выколваюць вочы, а Раману адрубаць рукі. Але ж у “Аідзе” на сцэну не выходзяць рабочыя, каб замураваць Аіду і Радамеса! Складваецца ўражанне, што такія эпізоды разлічаныя на шырокую публіку. Наогул “Сівая легенда” ўразіла сваімі жарсці, але значнай мастацкай падзеяй яна мне не здалася.

Традыцыя і наватарства
Надзвычай цікавым падалося параўнання дзвюх іншых айчынных пастановак: “Яўгена Агнегіна” Чайкоўскага, галоўныя партыі ў якім выканалі салісты Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра, і “Князя Ігара” Барадзіна, які прайшоў з удзелам вядучых салістаў Вялікага тэатра Расіі. Прэм’еры абедзьвух пастановак адбыліся даўно (адпаведна, у 1986-м і 1996-м гадах). Сёлета тэатр ажыццявіў іх новыя сцэнічныя рэдакцыі.

Абодва пастаноўшчыкі знаходзіліся ў няроўных ўмовах. Рэжысёрскае рашэнне “Яўгена Анегіна” (версія Валерыя Шылава) з’яўлялася традыцыйным нават для свайго часу. Аляксандр Прахарэнка, для якога спектакль стаў дыпломным, ажыццяўляў не прэм’еру, а новую рэдакцыю. Прычым не свайго, а чужога спектакля. Таму не дзіўна, што ён з вялікай павагай паставіўся як да музычнага матэрыяла, так і да працы папярэдніка. У выніку “Анегін” не зазнаў кардынальных зменаў і застаўся на ранейшым узроўні. Чацвёрка выканаўцаў галоўных партый: Андрэй Бандарэнка (Анегін), Марыя Баянкіна (Таццяна), Юлія Матачкіна (Вольга), Дзмітрый Варапаеў (Ленскі) — прадэманстравала высокую вакальную культуру, але відавочна саступала айчынным салістам у псіхалагічнай пераканальнасці вобразаў.

Першую рэдакцыю “Ігара” ажыццяўляў Юрый Аляксандраў, запрошаны да супрацоўніцтва і сёлета. Больш за тое, яго спектакль першапачаткова задумвалася як наватарскае прачытанне класікі (насуперак традыцыйнаму ўслаўленню мужнасці Ігара падкрэслівалася бессэнсоўнасць пахода, які прывёў да чалавечых ахвяр і агульнаму аслабленню княства ў час агульнай дробнасці). У новай рэдакцыі рэжысёр узмацніў ідэю. Напрыклад, новае гучанне набылі “Палавецкія скокі”, харэаграфічная сцэна з 2-й дзеі. У папярэдняй версіі “Ігара” ў цэнтры ўвагі знаходзіліся полаўцы, сцэна з’яўлялася гімнам іх вандроўнаму і свабоднаму духу.


Фота са спектакля

Цяпер “Палавецкія скокі” пераўтвараюцца ў гімн хану і яго ўладзе (хор размешчаны франтальна побач з левым парталам і ўздоўж куліс, а Ігар і Канчак знаходзяцца насупраць). Перад князем паўстае непераможная ваенная машына, а глядач у чарговы раз пераконваецца ў бессэнсоўнасці паходу. Найбольш моцнае ўражанне сярод выканаўцаў пакінулі Міхаіл Казакоў (хан Канчак), а таксама двое айчынных салістаў: Ніна Шарубіна (Яраслаўна) і Андрэй Валенцій (Уладзімір Галіцкі).

Фінал? Не, паўза перад працягам!
Паказ “Зігфрыда” і “Князя Ігара” надзвычай высока ўзнялі планку сёлетняга форума. І адначасова засведчылі: у Беларусі пануе традыцыйная оперная эстэтыка, а спробы сучаснага прычытання класікі рэдкія. Запрашэнне да супрацоўніцтва рэжысёраў узроўню Ю.Аляксандрава трэба шчыра вітаць, калі б не адно “але”. Хацелася б, каб яны прыязджалі ў Мінск дзеля паўнавартасных прэм’ер, але не толькі новых рэдакцый.

Правядзеннем Каляднага форуму беларуская опера паступова ўцягваецца ў сусветнае фестывальнае жыццё. Шчыра спадзяючыся на працяг станоўчай дынамікі, не магу не выказаць прапановы: павялічыць колькасць замежных спектакляў; пашырыць беларускую праграму за кошт паказу опер, пастаўленых у іншых калектываў. На маю думку, апошнія пастаноўкі Г.Маторнай (“Паяцы” ў Музычным тэатры і “Юбілей” у Опернай студыі Акадэміі музыкі) дадалі б новыя фарбы самому форуму, бо рэжысёрскае прачытанне прарытур надзвычай нечаканае і сучаснае. Варта было б арганізаваць у Мінску балетны фестываль, аналагічны Каляднаму опернаму. Бо ўзровень апошняга прымушае з нецярпеннем чакаць наступнага снежня.

Прывід і рэальнасць оперы// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 28 снежня. — № 52. — С. 19.
Апублікавана з міні-скарачэннямі

Усе фотаздымкі з сайта Нацыянальнага тэатра оперы і балета www.belarusopera.by