У лістападаўскім нумары “Полымя” ўвагу прыцягнула заканчэнне “Маёй бібліятэкі” Янкі Сіпакова, што мае падзагаловак “Кніга пра кнігі”.
Янка Сіпакоў.
Фота Кастуся Дробава з сайта www.tut.by
Паэт, перакладчык, тонкі лірык і арыгінальны празаік-эсэіст, аўтар такіх этапных кніг як “Веча славянскіх балад” і “Усе мы з хат”, ён справядліва прэтэндуе на статус айчыннага класіка (канчатковы прысуд, зразумела, зробіць толькі час).
“За ўсё жыццё я не сабраў сабе аніякіх скарбаў. (…). І ўсё ж адна вельмі вялікая каштоўнасць, найдаражэйшы мой скарб, у мяне ёсць. Я кажу пра маю хатнюю бібліятэку”, – прызнаваўся Я. Сіпакоў. Яшчэ не ведаючы, што твор стане для яго апошнім, аўтар пісаў ва ўступным слове: “Час збіраць камяні, і час думаць пра тое, як яны, камяні, будуць жыць без цябе і што, урэшце, рабіць з імі, сабранымі”. Тады творца хутчэй за ўсё меў на ўвазе ўласнае рашэнне: яшчэ пры жыцці перадаць уласны кнігазбор у аршанскую бібліятэку. У сакавіку мінулага года ён адышоў у іншы свет.
Першая частка (паліца) яго твору друкавалася ў 1-3 нумарах “Маладосці” за 2011 год, таму была завершана, адрэдагавана і падрыхтавана да друку яшчэ пры жыцці аўтара. Другая “паліца” сёлета з’явілася ў 2-3, 5-6 і 10-11 нумарах “Полымя”, прычым яе рукапіс абрываецца. Таму яго падрыхтоўку і публікацыю ажыццявіў сын аўтара Сяргей.
На думку Янкі Сіпакова, бібліятэка – гэта “сабраны разам увесь розум чалавецтва за ўсе часы і народы з таго часу, як патухлая зорка Зямля зрабіла жывою”. Але перад намі не нататкі бібліяфіла, адрасаваныя вузкай аўдыторыі. Маштаб “Маёй бібліятэкі” куды больш шырокі. На першы погляд, яе можна ўспрымаць як накіды да будучых успамінаў або да кнігі пра літаратурную творчасць, дзе дзейнічаюць Пімен Панчанка, жонка Купалы Уладзіслава Францаўна… Аўтар багата цытуе ўрыўкі з улюбёных твораў і разважае пра лёсы іх аўтараў, дэманстручы сваю дасведчаннасць і эрудыцыю. Прычым часткі ўдала аб’яднаныя паміж сабой агульнай тэматыкай, таму выглядаюць як цэласныя фрагменты.
Напрыклад, раздзел, у цэнтры якога знаходзіцца асоба С. Ясеніна, уключае развагі пра творчасць апошняга, ацэнка “Раман без хлусні” А. Марыенгофа, узгадка пра творы ясенінскага сябра, паэта Р. Іўнева, цытаты з успамінаў А. Дункан. А ў іншым фрагменце аўтар звяртаецца да творчасці Э. Хэмінгуэя, разважае пра прытчу “Стары і мора” і ўспаміны “Свята, якое заўжды з табою”, прыводзіць прыклады стаўлення творцы да твораў рускай літаратуры, каментуе фотаздымкі з кнігі пра Хэмінгуэя, што выйшла ў серыі ЖЗЛ.
Але “Мая бібліятэка” можа ўспрымаецца і як погляд на ХХ стагоддзе з вышыні часу. “Гэта і сапраўды быў век кнігі, – піша Я. Сіпакоў. – Кніга ў нашым родным ХХ стагоддзі, здаецца была ці не самай галоўнай каштоўнасцю. (…). Мы ўпіваліся кнігаю! (…). Кніга была нашым жыццём”. Аўтар (магчыма, у асобных фрагментах міжволі) стварае не толькі гімн кнізе, але і мінулай эпосе, якой была уласціва любоў да чытання і павага да творцаў. Адначасова “Маёй бібліятэцы” уласціва светлага элегія з адценнем суму. Пісьменнік цудоўна ўсведамляе, што ранейшая цікавасць да літаратуры наўрад ці вернецца.
Прыведзеная характарыстыка найбольш уласцівая першай “паліцы”. А вось другая, што мае падзагаловак “Аўтографы”, пакідае крыху іншае ўражанне. Відавочны характар яе незавершанасці і няпоўнай адрэдагаванасці: выпіскі, асабліва ў апошнім фрагменце, маюць дастаткова вялікі памер і яўна дамінуюць над аўтарскім тэкстам, а вялікая колькасць фактаграфіі часам шкодзіць успрыманню. Фактычна, мы маем справу з аўтарскім чарнавіком. Які б атрымаўся канчатковы варыянт, мы ўжо, на жаль, ніколі не даведаемся. Каштоўнасць другой “паліцы” у іншым: яе параўнанне з першай часткай сведчыць пра працу пісьменніка над тэкстам. А яшчэ дазваляе ўбачыць мастацкі вынік абодвух раздзелаў.
Наогул, “Мая бібліятэка” стала лебядзінай песняй Янкі Сіпакова і дазволіла яшчэ раз усвядоміць узровень, якога ён дасягнуў у сваіх лепшых творах.
Лебядзіная песня// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 21 снежня. — № 51. — С. 7.
P.S. Першую частку «Маёй бібліятэкі» можна прачытаць у першым, другім і трэцім нумарах часопіса «Маладосць» за мінулы год.