Як чытаюць людзі з праблемамі зроку?

Людзі са здаровымі вачыма не бачаць у чытанні ніякіх праблем. Галоўнае – знайсці для яго час. А вось для асоб, што маюць праблемы са зрокам, сітуацыя няпростая. Якім чынам знаёміцца з кнігамі? Дзе знайсці патрэбныя выданні? Адказы на гэтыя і шэраг іншых пытанняў можна знайсці ў Спецыяльнай гарадской бібліятэцы для сляпых. Пра дзейнасць адзінай такой установы ў сталіцы расказвае бібліятэкар Ірына Савуткіна.


Слова «premiere» (першы), выбітае шрыфтам Брайля на парэнчах муніцыпальнага архіва ў французскім горадзе Марсэль

– У 1988 годзе было створана “Беларускае таварыства інвалідаў”, а ў якасці аднаго з падраздзяленняў – бібліятэка. У 2004-м яе ўключылі ў Цэнтралізаваную сістэму дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска ў якасці філіяла.

У фондзе прадстаўлены як выданні для наведвальнікаў, што абслугоўваюцца ў нас па месцы жыхарства, так і прадукцыя, разлічная на чытачоў, што маюць праблемы са зрокам. Усяго ў нас каля 32 тысячы друкаваных і аўдыёдакументаў. Кнігавыдача за першыя дзесяць месяцаў гэтага года – крыху больш за 37 тысяч (у тым ліку для дзяцей 1,1 тысяч). Што датычыцца чытачоў, за гэты ж перыяд да нас завіталі 2020 чалавек, у тым ліку 720 звычайных наведвальнікаў, 1215 людзей, якія маюць праблему са зрокам, і 85 дзяцей.

Пагаворым больш падрабязна пра дзве апошнія катэгорыі чытачоў.

– Іх можна падзяліць на некалькі груп. Перш за ўсё, гэта жыхары сталіцы, якія прыходзяць да нас самі. Другая група – “надомнікі”. Гэта мінчукі, якія па стану здароўя не могуць завітаць да нас. Існуюць спецыяльныя дні, калі бібліятэкары прыязджаюць да іх асабіста.

Трэцяя група – “завочны абанемент”. У ідэале у кожным абласным цэнтры мусіць працаваць установа, адпаведная нашай. Ведаю пра дзейнасць спецыяльных бібліятэк-філіялаў для інвалідаў па зроку, што існуюць у бібліятэчных сістэмах Брэста і Гродна. А вось у Віцебску такой установы няма, таму даводзіцца адпраўляць кнігі поштай (дарэчы, перасылка бясплатная). Згадзіцеся, гэта не так зручна і хутка. Зразумела, улічваем як пажаданні чытачоў, так і іх густы. Напрыклад, у глядзім у картках, літаратуру ў якіх жанраў яны заказвалі раней, і імкнемся падбіраць ім нешта падобнае.

Таксама абслугоўваем чытачоў з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку (актыўна супрацоўнічаем з настаўнікамі і супрацоўнікамі бібліятэкі гэтага калектыву); у пункце выдачы, які знаходзіцца на прадпрыемстве “Светлапрыбор” “БелЦІЗ”; на сходах першасна-тэрытарыяльных арганізацый інвалідаў па зроку.

Якія магчымасці для знаёмства з кнігай маюць людзі з праблемамі па зроку?

– Фактычна, існуе два варыянта: аўдыёкніга і рэльефна-кропкавы шрыфт Брайля. Апошні, што склаўся раней, прыдумаў француз, які стаў сляпым у трохгадовым узросце. Для перадачы літар выкарыстоўваюцца шэсць кропак, размешчаных у два слупка. Спярша тэкст чытаецца справа налева, а потым, калі старонка перагортваецца, злева направа. Але з шрыфтам Брайля ёсць пэўныя цяжкасці. Калі дзеці маюць праблемы са зрокам пры нараджэнні, або такі дыягназ ставіцца ў дзяцінстве, іх вучаць карыстацца шрыфтам ў школе. А вось сталыя людзі, у якіх пагаршаецца зрок, маюць праблемы. Ім цяжка навучыцца чытаць дзякуючы такой сістэме. Акрамя таго, іх адчувальнасць пальцаў не такая, як у маладосці.

Раней адпаведная літаратура ішла да нас з Санкт-Пецярбурга. Цяпер яе выпускаюць у Мінску. Зразумела, такія кнігі – дарагія, таму дзяржава яшчэ не выйшла на савецкі ўзровень па памеру іх друкавання. Нашыя чытачы больш цікавяцца мастацкай літаратурай (у тым ліку, беларускамоўнай), якая пераважае ў фондзе. Нядаўна да нас трапілі раман “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча і камедыю “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы. Найбольш мы атрымліваем падручнікі і кнігі ў дапамогу школьнай праграме. Наогул, запас кніг, якія выдадзеныя раней, яшчэ ёсць. Але ў шэрагу галінах не існуе вялікага выбару. Напрыклад, адзін з нашых наведвальнікаў цікавіцца спортам, а асабліва – шахматамі і шашкамі, хтосьці – кулінарыяй, іншы – медыцынай. А мы маем па гэтых тэмах усяго толькі лічаныя асобнікі.

Такім чынам, адзіная альтэрнатыва выданням з шрыфтам Брайля – аўдыёкніга…

– Іх выпускам займаецца айчыннае прадпрыемства “Гугатэкс”, заснаванае яшчэ ў 1964 годзе. За год яны правяраюць і вырабляюць больш за 4 тысяч касет. У выбары кніг “Гукатэкс” арыентуецца на нашыя пажаданні, а таксама адсочвае найбольш запатрабаваныя навінкі. Напрыклад, нядаўна да нас прыйшоў папяровы варыянт кнігі Паўла Санаева “Похороните меня под плинтусом”, дык калегі адразу папрасілі часова не выдаваць яе наведвальнікам, а перадаць ім. Кнігі агучваюць прафесійныя дыктары і артысты айчынных тэатраў – Таццяна Ненарокамава, Валянцін Аксянцюк, Таццяна Папова, Віктар Манаеў і іншыя. Зразумела, успрыманне чалавечага голаса – вельмі індывідуальная з’ява. Часам да нас прыходзяць людзі, якім даспадобы пэўны жанр (напрыклад, гістарычны раман), але не падабаецца выканаўца.

Дарэчы, у свой час у памяшканні бібліятэкі мелася чатыры месцы для карыстальнікаў, праз якія пры дапамозе сінтэзатара гаворкі можна было слухаць агучваемый тэкст. Быў інтэрнет з адаптаванымі праграмамі для людзей, якія дрэнна бачаць. На жаль, па тэхнічным прычынам яны часова не працуюць. А ў дадзены момант іх вельмі не хапае нашым наведвальнікам для працы.

Не сумняюся, чытачам будзе асабліва цікава даведацца пра наяўнасць беларускамоўных аўдыёкніг.

– На жаль, іх не так шмат, як хацелася б. З твораў нашых сучаснікаў – “Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі” Уладзіміра Бутрамеева, “Невядомы” Уладзіміра Ліпскага (твор прысвечаны народавольцу Ігнату Грынявіцкаму), “Літоўскі воўк” Алеся Наварыча і некалькі іншых кніг. З выданняў адносна нядаўнага часу ёсць “Укус змяі” Уладзіслава Рубанава (аўтар памёр у 1994-м – Д. М.) і даследаванні Міколы Ермаловіча (сышоў у іншы свет у 2000-м – Д. М.). Але ўсё ж такі адчуваецца недахоп такіх выданняў.

Як бы Вы ахарактарызавалі ролю бібліятэкі знутры, працуючы ў самой сістэме?

– Каб цалкам адчуць стан чалавека, што мае праблемы са зрокам, трэба кантактаваць з ім. Шэраг нашых чытачоў не могуць без дапамогі выйсці за дзверы кватэры. Часам мы атрымліваем ад іх лісты. Напрыклад, адна жанчына пісала мне, што толькі гарманічныя вершы Фета дапамаглі ёй выстаяць. Другая расказала пра сітуацыю, калі ёй даводзілася сціраць пры выключанай гарачай вадзе і дзеля гэтага падаграваць яе невялікімі порцыямі. Уявіце, як гэта цяжка сляпому! На адну сцірку ў яе часам сыходзіла 6 гадзін! Дык вось у чаканні, пакуль закіпіць вада, яна чытала Акуджаву і Ахмадуліну, Бродскага і Севяраніна, Быкава і Васільева. Шэраг нашых чытачоў замкнёныя ў чатырох сценах. Таму часам толькі выданне з шрыфтам Брайля ці аўдыёкніга з’яўляецца для іх паратункам. А мы – пасрэднікамі паміж хворым чалавекам і кнігай.

P.S. Калі вярстаўся матэрыял, стала вядома пра здарэнне, якое, на жаль, здарылася не ўпершыню. У памяшканні бібліятэкі, дзе знаходзілася адна з супрацоўніц, зайшоў… наведвальнік неадэкватным стане. Паколькі ва ўстанове адсутнічае сістэма выкліку міліцыі, давялося звярнуцца па дапамогу ахоўнікаў суседняга пасольства. Спадзяёмся, што тыя, хто дапамагаюць хворым і безабаронным людзям, самі не застануцца без абароны.

Шрыфт, які дапамагае бачыць// Літаратура і мастацтва. — 2012. — 30 лістапада. — № 48. — С. 21.