Памяць пра легенду

Напэўна, самы цяжкі для аўтара жанр газетнай журналістыкі, з якім менш за ўсё хочацца судакранацца — некралог. Дзякуй Богу, пісаў яго толькі аднойчы, у сакавіку гэтага года, калі прыйшла вестка пра смерць празаіка Кастуся Тарасава, аднаго з лепшых і, адначасова, аднаго з маіх любімых беларускіх гістарычных пісьменнікаў. Іронія лёсу: калі дамаўляўся пра публікацыю (папрасілі тэрмінова, у нумар), непакоіўся, бо не сумняваўся, што жадаючых сказаць слова на развітанне будзе процьма. А высветлілася, што іншых матэрыялаў не было наогул. Жывыя заўсёды патрэбныя больш, чым памерлыя. Мой матэрыял так і застаўся адзіным…

Памяць пра легенду

22 сакавіка 2010 года літаратурнай і чытацкай супольнасці стала вядома сумная навіна: на 70-ым годзе жыцця памёр вядомы беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў. З творчасцю гэтага чалавека ў мяне звязана багата светлых ўспамінаў дзяцінства і юнацтва.

…Кнігарня на вуліцы Бялінскага, куды заходжу з бабуляй. Яна бачыць на верхняй паліцы кнігу Тарасава “Памяць пра легенды” і набывае – мне ў падарунак. Летняя раніца дома, калі, ўладкаваўшыся на канапе, забываюся пра ўсе справы і ў чарговы раз перачытваю “Тры жыцці княгіні Рагнеды” ці “Пагоню на Грунвальд”…

Для мяне, сённяшняга, Тарасаў не проста адзін з любімых аўтараў юнацкіх часоў, не толькі адзін з самым лепшых настаўнікаў гісторыі. Ён чалавек, які адыграў вельмі значную і, магчыма, яшчэ не цалкам асэнсаваную ролю ў развіцці нашай літаратуры. Паспрабую яе акрэсліць і з сумам усведамляю, што гэтыя словы павінны былі прагучаць пры жыцці піьсменніка. У якасці адзінага апраўдання заўважу, што вялікае часам бачыцца толькі на адлегласці. Часам – толькі пры развітанні.

Беларуская гістарычная літаратура ў той час, калі ў яе прыйшоў Тарасаў, здавалася амаль некранутай і мала каму вядомай прасторай. За выключэннем У.Караткевіча, нямногія пісьменнікі звярталіся да гістарычнай спадчыны. Але нават Уладзімір Сямёнавіч не ўсё мог сабе дазволіць. Калі не лічыць “Каласоў пад сярпом тваім”, дзеянне якіх адбываецца ў ХІХ стагоддзе (у перыяд адсутнасці ў беларусаў сваёй дзяржаўнасці), ва ўсіх астатніх творах Караткевіч арыентаваўся на негістарычных, народжаных фантазіяй герояў. Рэальных палітычных асобаў (князёў, каралёў, буйных магнатаў ВКЛ ці Рэчы Паспалітай) у ягонай гістарычнай прозе амаль няма. Вядома, на ўсё былі свае прычыны, бо ў часы існавання Савецкага Саюза галоўным героем і літаратуры, і гісторыі лічыўся народ ці яго прадстаўнікі. А можа, гэта быў дакладны псіхалагічны разлік: спачатку пераканаць чытача, што багатая нацыянальная гісторыя ў беларусаў ёсць, а пра тое, што яна мае рэальных герояў, чытач мог здагадацца і сам…

Караткевіч падараваў беларусам нацыянальную ідэю. Тарасаў першы ўвёў у гістарычную літаратуру носьбітаў гэтай ідэі: у 1980 годзе выйшаў яго славуты раман “День рассеяния”, які потым быў выдадзены пад назвай “Пагоня на Грунвальд”. У ім гісторыя была паказана на шырокім фоне: ліцвіны і палякі, крыжакі і татары; бітвы і сямейнае жыццё; панарамнае апісанне Грунвальдскай бітвы. Але ці не самым галоўным быў ягоны падыход: Кастусь Тарасаў стаў першым, хто здагадаўся скарыстацца ў беларускіх умовах “залатым правілам” прыгодніцкай літаратуры – увёў у раман простага чалавека, які сваімі дзеяннямі ўплывае на ход гісторыі. Так, яго герой Андрэй Ільініч арыштоўвае князя Свідрыгайлу, удзельнічае ў вандроўцы Вітаўта да імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і спрыяе перамозе над крыжакамі.

Пры гэтым Тарасаў зрабіўся адным з нешматлікіх пісьменнікаў, які знайшоў у сваіх творах ідэальны баланс паміж прыгодніцкай і гістарычнай элементамі. Вітаўт, Ягайла, магістр Тэўтогскага ордэна выглядаюць у яго такімі ж натуральнымі героямі, як і простыя шляхцічы.

Нарэшце, пісьменнік стаў, па сутнасці, рухавіком цэлай плеяды талентаў, “срэбранага стагоддзя” нашай гістарычнай прозы, прадстаўнікі якога выйшлі на авансцэну гістарычнай прозы ў другой палове 1980-ых – першай палове 1990-ых гадоў. Менавіта тады з’явілася шэраг твораў, якія па часе ахоплівалі падзеі ад глыбокай старажытнасці (часоў Полацкага княства) да сучаснасці (падзеі пачатку ХХ стагоддзя, утварэнне беларускай дзяржаўнасці). Зрэшты, творчасць Леаніда Дайнекі, Вітаўта Чаропкі і іх таленавітых калег, якая атрымала велізарны грамадскі рэзананс, была ўжо працягам і развіццём гэтага накірунку.

Кастусь Тарасаў стаў здолеў пабудаваць мост і перакінуць яго ад залатога часу Караткевіча да прадаўжальнікаў яго справы. Кнігі пісьменніка – “Памяць пра легенды”, “Пагоня на Грунвальд”, “Тры жыцці княгіні Рагнеды”, “Апошняе каханне князя Міндоўга” – сталі адной з вяршыняў беларускай гістарычнай прозы. Таму асобе пісьменніка і яго творам наканавана памяць нашчадкаў і ўвага чытачоў.

«Літаратура і мастацтва». 2010. 26 сакавіка.